Зміевы валы — народная назва старажытных (меркавана са II ст. да н.э. па VII ст. н.э.) абарончых валаў па берагах прытокаў Дняпра на поўдзень ад Кіева. Іх рэшткі захаваліся і сёння па рэках Віць, Красная, Стугна, Трубеж, Сула, Рось і інш. Валы па часе стварэння адпавядаюць Зарубінецкай, Чарняхоўскай і Пянькоўскай археалагічным культурам.

Назва «Зміеў вал» паходзіць з народных легенд пра старажытнарускіх волатаў, якія ўціхамірылі і запрэглі Змея (алегорыя вобраза грозных качэўнікаў, зла і гвалту) у гіганцкі плуг, якім прааралі роў-разору, якая пазначыла межы краіны. Паводле іншай версіі, Зміевы валы названы па сваёй характэрнай змеепадобнай канфігурацыі размяшчэння на мясцовасці. Падобныя збудаванні вядомыя таксама на Паднястроўі пад назвай «Траянавых валаў».

Тэорыі ўзнікнення

правіць

Скіфская тэорыя

правіць

У II ст. да н.э. у Паўночным Прычарнамор'і з'яўляюцца сармацкія плямёны; для абароны ад іх скіфы-земляробы будуюць абарончыя збудаванні, у тым ліку Зміевы, Траянавы і Перакопскі вал.

Славянская тэорыя

правіць

Падобная да скіфскай тэорыі, але ў якасці будаўнікоў называюцца праславяне. Разнастайнасць тэорый засноўваецца на адсутнасці пэўных звестак пра культурную і этнічную прыналежнасць Зарубінецкай і Чарняхоўскай археалагічных культур. У Герадота яшчэ ў 5 стагоддзі да н.э. сустракаецца згадка, што народ на поўначы адгарадзіўся ад скіфаў сценамі.

Гоцкая тэорыя

правіць
 
Гоцкі правадыр выклікае гунаў на бой (палатно П. М. Арба, 1886)

Паводле гоцкай тэорыі, Зміевы і Траянавы валы былі пабудаваны паўночначарнаморскім каралеўствам готаў (якое асацыявалася з Чарняхоўскай культурай) для абароны ад качэўнікаў гунаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нацысцкая Германія выкарыстоўвала гэту тэорыю для абгрунтавання тэрытарыяльных прэтэнзій на Украіну і Крым. Афіцыйнай савецкай гісторыяй пасля вайны існаванне гоцкай дзяржавы ў Паўночным Прычарнамор'і адмаўлялася, у тым ліку па палітычных прычынах, прызнаваўся толькі факт міграцыі гоцкіх плямёнаў праз гэтыя тэрыторыі.

Казка пра Мікіту Кажамяку і Змея Гарыныча

правіць

Мікіта Кажамяка — герой народнай казкі, запісанай у некалькіх варыянтах у розных абласцях Расіі, Украіны і Беларусі на сюжэт змеяборства. Кажамяка (або Кірыл, Ілья Швец) да забіцця змея і вызвалення царэўны, як доказ волатаўскай сілы раздзірае некалькі складзеных разам бычыных скур. У найбольш поўных варыянтах (беларускім і ўкраінскім) дачка кіеўскага князя, выкрадзеная змеем, даведваецца, што ён баіцца аднаго Мікіты Кажамякі; просіць бацьку адшукаць волата, якога пасланцы князя застаюць за працай; ён ад нечаканасці раздзірае 12 скур. Спачатку адмаўляецца, але, крануты просьбамі і плачам дзяцей, прысланых князем, абмотваецца пянькой, абшмароўваецца смалой і пасля бою са змеем вызваляе князёўну. У памяць аб перамозе ўрочышча ў цэнтры Кіева з тых часоў клічацца Кажамякамі.

У паўночнарускім пераказе іншы канец. Змей, пераможаны Мікітам Кажамякам, моліць яго змілвацца і прапануе падзяліць з ім зямлю пароўну. Мікіта скаваў саху ў 300 пудаў, запрог у яе змея і правёў разору ад Кіева да мора; затым, дзелячы мора, ён забіў змея і ўтапіў яго труп, з тых часоў тая разора называецца Зміевымі валамі.

Апісанне

правіць

Умацаванне ўяўляла сабой штучна створаныя земляныя валы, якія дапаўняліся равамі. Асобныя іх участкі складаліся з некалькіх умацаваных ліній, якія разам уяўлялі значныя па маштабах будаўніцтва і працягласці збудаванні. Агульная працягласць валаў складала каля 1 тыс. км. Ствараліся яны, як правіла, уступам у бок стэпу, фронтам на поўдзень і паўднёвы ўсход і ўтваралі адзіную сістэму супрацьконных загарод, якія дасягалі 10—12 м у вышыню пры шырыні ля падножжа ў 20 м. Часта валы ўзмацняліся на верхніх пляцоўках драўляным частаколам (часам сценамі) з байніцамі і вартаўнічымі вышкамі. Працягласць асобных валаў складала ад 1 да 150 км. Для трываласці ў валы закладваліся драўляныя канструкцыі. Ля падножжаў валаў, звернутых у бок ворага, выкопваліся равы.

Выяўлена каля дзясятка розных канструкцый «зміевых валаў», у залежнасці ад характарыстак грунта, рэльефу і гідраграфіі мясцовасці. Асобныя ўчасткі валаў складаліся з некалькіх ліній умацаваных валаў і равоў з эшаланаваннем на глыбіню звыш 200 км. Ззаду валаў у шматлікіх месцах знойдзены прыкметы гарадзішчаў і ўмацаванняў, якія служылі для размяшчэння вайсковых фарміраванняў. На кірунках верагоднага руху праціўніка каля валаў выстаўляліся вартаўнікі, якія ў выпадку небяспекі распальвалі дымлівыя вогнішчы, якія з'яўляліся сігналам для збору падмацавання для адлюстравання нападу ворага.

Першыя пісьмовыя ўспаміны

правіць

Некалькі разоў валы Сярэдняга Падняпроўя згаданы летапісам: пад 1093 г. — два валы на поўдзень ад нізоўяў Стугны за Траполем (сучасная в. Трыполле), пад 1095 і 1149 гг. — абодва Пераяслаўскія валы, пад 1151 г. — вал на поўдзень ад сярэдняга цячэння Стугны на поўдзень ад Васілева (сучасны г. Васількаў). Пры гэтым летапіс не дае прамога адказу на пытанне аб значэнні валаў як штучных збудаванняў. Яны згадваюцца пры апісанні ваенных дзеянняў як супраць полаўцаў, так і паміж старажытнарускімі князямі, але без вызначэння іх пэўнай ролі ў гэтых дзеяннях. У летапісе пад 1223 г. гаворыцца пра з'яўленне ў паўднёварускіх стэпах орд Чынгісхана, якія прайшлі праз палавецкія ўладанні і, паводле аднаго з летапісных спісаў, «придоша близ Руси, идеже зовется вал Половечьский».

У лісце да германскага імператара Генрыха II Бруна паведамляў, што Уладзімір Святаславіч з дружынай два дні суправаджаў яго ў шляху да печанегаў да мяжы сваёй дзяржавы, якую ён акружыў (circumklausit) ад вандроўнага (качавога) ворага (vagum hostem) вельмі магутнай і вельмі доўгай (firmissima et longissima) «агароджай» (sepe). У літаратуры няма адзінага меркавання наконт значэння ўжытага Брунанам лацінскага тэрміна «sepe». Яго перакладаюць і як «пасекі, завалы», і як «частакол», і як «загарадзь», і як «плот, драўляная агароджа».

Класіфікацыя валаў

правіць
  • Зміевы валы Валыні — абагульняючая назва велізарнай колькасці невялікіх па памерах і даўжыні валаў, якія знаходзяцца ў чатырохвугольніку Львоў-Луцк-Роўна-Цярнопаль.
  • Зміевы валы Падолля — назва суцэльнага вала, які цягнецца ад сярэдняга цячэння ракі Буг да раёнаў цэнтральнай Чаркашчыны і невялікай колькасці меншых валаў гэтага ж раёна.
  • Зміевы валы Кіеўшчыны — найбольшая ва Украіне сістэма ўмацаванняў на правым беразе Дняпра, якая складаецца з валаў рознай вышыні і даўжыні. Ёй належыць першае месца ва Украіне паводле агульнай працягласці.
  • Зміевы валы Пераяслава — двухвалавая сістэма ўмацаванняў непадалёк ад цяперашняга горада Пераяслаў Кіеўскай вобласці.
  • Зміевы валы Пасулля — назва шырокага вала, што цягнецца ўздоўж правага берагу ракі Сула ад яе вусця да сярэдняга цячэння і яго адгалінаванняў, якія даходзяць амаль да горада Сумы.
  • Зміевы валы Палтаўшчыны — два перарывістыя валы, якія размешчаны на правых берагах рэк Ворскла і Харол.
  • Зміевы валы Харкаўшчыны — усяго два магутныя рэдуты даўжынёй 20 і 25 кіламетраў каля Харкава і Зміёва адпаведна.
  • Крымскія валы — трохрадавая сістэма ўмацаванняў паміж Азоўскім і Чорным морам на Керчанскім паўвостраве[1]. Яшчэ ў сярэдзіне першага тысячагоддзя да нашай эры Герадот пісаў, што для абароны ад скіфаў мясцовае насельніцтва выкапала шырокі роў і пабудавала вал ад Таўрыйскіх гор да Меатыйскага мора — меркавана, гэта Ак-Манайскі вал (ад Сіваша да адгор'яў Крымскіх гор). Іншы вал пабудаваны, магчыма, або кімерыйцамі, або грэкамі з Баспорскага царства. Цяпер гэта найбольш захаваны вал Керчанскага паўвострава (даўжынёй 40-42 км) ад Казантыпскага заліва на поўначы да Узунларскага і Каяшскага азёр на поўдні называецца Кімерыйскім валам (ён жа Узунларскі ці Акасаў вал[2]). На ўсходзе размешчаны Чакракскі вал і кароткія Тырытакскія валы (каля горада Керч).

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
  1. Старажытныя збудаванні ўсходняга Крыма Архівавана 4 сакавіка 2016.
  2. Акасаў вал Архівавана 4 сакавіка 2016.