Казімір Ян Сапега
Казімір Ян Павел Сапега (1637 або 1642 — 13 сакавіка 1720, Горадня) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1659—1661) і падстолі вялікі літоўскі (1661—1663), падскарбі дворны літоўскі (1663—1670), гетман польны (1681—1683) і вялікі літоўскі (1683—1703, 1705—1708), ваявода полацкі (1670—1681), староста жамойцкі (1681—1682) і віленскі (1682—1703 і з 1705). У 1700 атрымаў ад аўстрыйскага імператара Леапольда I княжацкі тытул[1].
Казімір Ян Павел Сапега | ||
![]() | ||
К. Я. Сапега. Невядомы мастак, XVIII ст. | ||
Герб «Ліс» | ||
| ||
---|---|---|
1682 — 1703, 1705 — 1720 | ||
Папярэднік: | Міхал Казімір Пац | |
Пераемнік: | Людвік Канстанцін Пацей | |
| ||
1682 — 1703 | ||
Папярэднік: | Міхал Казімір Пац | |
Пераемнік: | Міхал Сервацы Вішнявецкі | |
Дзейнасць: | дыпламат | |
Нараджэнне: | 1637 або 1642 | |
Смерць: | 13 сакавіка 1720 | |
Пахаванне: | ||
Род: | Сапегі | |
Бацька: | Павел Ян Сапега | |
Маці: | Ганна Барбара з Копацяў | |
Жонка: | Крысціна Барбара з Глябовічаў Тэрэза з Корвін-Гасеўскіх Антаніна Сівілья з Вальдштайн-Арнау | |
Дзеці: | ад 1-га шлюбу: Юрый Станіслаў, Міхал Францішак, Аляксандр Павел, Кацярына Схаластыка | |
Валодаў Друяй, Сапежынам, Іказню, Асвеяй, Старым і Новым Быхавам, Лейпунамі, Ільёй, Заслаўем, Дуброўнай, Іўем, Ружанамі, Воўчынам. Староста берасцейскі[2] (1665—1670).
БіяграфіяПравіць
З чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў герба «Ліс», сын Паўла Яна і Ганны Барбары з Копацяў. Меў братоў Францішка Стэфана, Бенедыкта Паўла і Лявона Базыля.
Вучыўся ва ўніверсітэтах Граца і Лёвена. Абіраўся паслом на соймы 1664—1665 (з Берасцейскага павета), 2 соймы 1666 (з Берасцейкага і Ваўкавыскага паветаў), канвакацыйны 1668 і элекцыйны 1669 (з Віленскага павета), каранацыйны 1669 (з Троцкага павета), 2 соймы 1670 (з Ваўкавыскага павета). Быў маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1686, 1689 і 1708.
Падтрымліваў караля і вялікага князя Міхала Вішнявецкага, узначаліў апазіцыю да Пацаў. Удзельнічаў у выправах супраць туркаў 1673 (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам, якое дзейнічала ў Славакіі), 1689, 1691, 1694 (нанёс паражэнне каля Днястра)[3].
З 1684 у апазіцыі да Яна Сабескага. Склікаў на 24 студзеня 1685 генеральны соймік Вялікага Княства Літоўскага ў Слоніме, які выказаў пратэст супраць адкрыцця сойму ў Варшаве замест чарговага ў Гродна. На яго прапанову паслы Вялікага Княства з'ехаліся ў Гродна[1].
У 1693—1696 знаходзіўся ў канфлікце з біскупам віленскім Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім датычна пытання пастою літоўскага войска ў касцёльных маёнтках, які 18 красавіка 1694 адлучыў Казіміра Яна Сапегу ад Касцёла.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) стаў на бок шведаў. 18 лістапада 1700 атрымаў паражэнне ў бітве пад Алькенікамі ад літоўскай шляхты, якой камандаваў Міхал Сервацы Вішнявецкі. У 1708 перадаў камандаванне свайму брату Яну Сапегу. На пераломе 1709—1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, які пакінуў яго на пасадзе ваяводы віленскага. Браў удзел у Варшаўскай вальнай радзе (1710). Пасля ўтварэннія 23 сакавіка 1716 генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні далучыўся да яе, але не прынёс прысягі.
Тройчы браў шлюб:
- Крысціна Барбара з Глябовічаў (1667), з якой меў дзяцей: Юрыя Станіслава, Міхала Францішка, Аляксандра Паўла, Кацярыну Схаластыку
- Тэрэза з Корвін-Гасеўскіх (1702 або 1703)
- Антаніна Сівілья з Вальдштайн-Арнау (да 1711)
Памёр 13 сакавіка 1720 у Гродна. Пахавалі князя ў Бярозе-Картузскай.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт Казіміра Яна Сапегі (пач. XVIII ст.), які знаходзіцца ў Музеі-палацы ў Вілянаве (Польшча). Іншыя партрэты змяшчаюцца ў Коданскай галерэі Сапегаў (1709; пазіцыя 70, шэраг IX), Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве (1-я чвэрць XVIII ст.), Грыпсгольме (Швецыя) і Цельшаі (Літва).
ГалерэяПравіць
- Іканаграфія Казіміра Яна Сапегі
Невядомы мастак, каля 1700
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Зміцер Віцько. Сапега Казімір Ян Павел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. С. 393.
- ↑ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 548.
- ↑ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001.
ЛітаратураПравіць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Казімір Ян Сапега