Каложскі дабравест

фэстываль праваслаўных песьняспеваў у Гродне

«Кало́жскі дабраве́ст» — міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў, які штолюты ладзіцца ў Гродне з 2002 года.

«Каложскі дабравест»
Жанр духоўная песня
Гады правядзення з 2002-га
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Мова песень беларуская і іншыя
Тэматыка песня
Лэйбл Гродзенская епархія
Склад
удзельнікаў
Хор Храма ўсіх святых (Мінск)
pokrovgrodno.org/be/festival

Суарганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенская епархія і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт пры адначасным дафінансаванні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыццё і закрыццё прымае Гродзенскі абласны драматычны тэатр[1]. Папярэдне ў студзені праводзіцца адборачнае праслухоўванне хароў Гродзенскай епархіі. Конкурснае праслухоўванне з удзелам замежных хароў прымае сабор Пакрова Багародзіцы[2].

Лік удзельнікаў абмяжоўвалі 45 харамі. Працягласць выступу мела складаць да 20 хвілін для дарослых і да 15 хвілін для дзіцячых хароў. Песняспевы мелі ўключаць: 1) духоўныя творы беларускіх кампазітараў; 2) творы Аляксандра Архангельскага, Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага і Паўла Часнакова (рамантычны перыяд); 3) партэсныя спевы Дзмітрыя Бартнянскага, Максіма Беразоўскага і Сцяпана Дзегцярова (харавая класіка); 4) хатнія спевы; 5) распеў не ў гарманізацыі — балгарскі, грэчаскі, знакавы, кіеўскі або хатні[3].

Намінацыі правіць

На 2021 год на «Каложскім дабравесце» прысуджалі ўзнагароды ў 8 намінацыях:

  • царкоўныя хары епархіі і раённых цэнтраў (ад 9 чалавек);
  • царкоўныя ансамблі епархіі (да 8 чалавек);
  • царкоўныя хары (ад 12 чалавек) і ансамблі (да 12 чалавек) абласных гарадоў;
  • хары святароў і духоўных школ;
  • свецкія прафесійныя гурты;
  • свецкія аматарскія гурты;
  • дзіцячыя царкоўныя гурты;
  • дзіцячыя свецкія гурты[4].

Журы правіць

На 2021 год міжнароднае журы «Каложскага дабравесту» з 10 асоб ад пачатку ўзначальваў клірык сабору Пакрова Багародзіцы Андрэй Бандарэнка. У склад журы ўваходзіў старшыня аргкамітэта фестывалю Анатоль Ненартовіч, які ўзначальваў царкву Сабору ўсіх беларускіх святых, а таксама музыказнаўцы і святары з 6 краін Еўропы: Латвіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Францыі[5].

Гісторыя правіць

У 2002 годзе ў Гродне прайшоў 1-ы фестываль «Каложскi дабравест», прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У лютым 2008 года 7-ы абласны фестываль праваслаўных песняспеваў, які ў той год атрымаў назву «Каложскі дабравест», сабраў 39 царкоўных і свецкіх хароў з 6 краін Еўропы — Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Сербіі. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі 4-х краін. Нязменным старшынёй журы быў святар і кампазітар Андрэй Бандарэнка. Пасля дня Божага Нараджэння цягам калядных святаў журы адбірала ўдзельнікаў фестывалю сярод усіх царкоўнапрыходскіх хароў Гродзенскай вобласці. Свецкія хоры дасылалі заяўкі на ўдзел самі. У межах «Каложскага дабравесту» ладзілі навуковую канферэнцыю з удзелам спецыялістаў Мікалай Шыманскага з Мінска і Мікалая Дзянісава з Масквы. Працягласць фестывалю павялічылі да 4-х дзён за кошт урачыстага адкрыцця з гала-канцэртам. Пастаяннымі членамі журы былі начальнікі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка і кіраўнік Гайнаўскага фестывалю на Падляшшы пратаярэй Міхаіл Нігярэвіч. Членам аргкамітэта фестывалю быў начальнік аддзела ў справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў. З Літвы прыехаў хор Клайпедскага дабрачыння «Іверская свечка» пры Свята-Мікалаеўскай царкве ў Цельшах. З Сербіі — хор Дзбюрдава. У рамках фестывалю ў Гарадской выставачнай зале Гродна правялі фотавыставу «Праваслаўны храмы Гродзеншчыны». Гала-канцэрт закрыцця прайшоў з аншлагам. Спаборніцтва праходзіла ў намінацыях сярод хароў святароў і духоўных школ, царкоўных ансамбляў Гродзенскай епархіі, дзіцячых царкоўных калектываў, а таксама свецкіх аматарскіх асобна для дарослых і дзіцяча-юнацкіх. Пераможцаў узнагароджвалі тэлевізарамі, магнітафонамі і прагравальнікамі лічбавых відэадыскаў. Галоўную ўзнагароду атрымаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага, які выканаў творы беларускіх кампазітараў Аляксея Туранкова, Мікалая Шчаглова, Андрэй Бандарэнкі і Мікалая Бутомы[6].

8—21 лютага 2009 года на 8-ы фестываль «Каложскі дабравест» завіталі звыш 40 хароў з суседніх Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Ад Беларусі выступілі хор тэалагічнага факультэта БДУ, прыходскія хоры епархій Беларусі і хоры з Брэста, Оршы і Гомлю. У склад журы ўвайшлі іерэй Андрэй Бандарэнка, народны артыст Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага харавога фестывалю ў Эстоніі Валерый Пятроў, сакратар Саюза кампазітараў Украіны Іван Тараненка і расійскі кампазітар Мікалай Дзянісаў. Заключны гала-канцэрт у зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра прайшоў з аншлагам. Узнагароды атрымалі хоры з Гродна, Калініграда і Луцка (Валынская вобласць)[7].

10—13 лютага 2010 года ў 9-м фестывалі «Каложскі дабравест» удзельнічалі 39 хароў з Беларусі і суседніх Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Упершыню завіталі жаночы ансамбль манастыра святога Герарда ў Ерэване (Арменія) і хор «Бранка» сабора ў Нішы (Сербія). На канцэртах фестывалю выступілі Дзяржаўны камерны хор Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча і хор святароў Гродзенскай епархіі пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі[8]. Галоўную ўзнагароду атрымаў хор манастыра святога Герарда пад кіраўніцтвам Мгера Наваяна[9].

16—19 лютага 2011 года адбыўся 10-ы фестываль «Каложскі дабравест», які адкрываў Міхась Дрынеўскі[10]. У 2011 годзе фестываль атрымаў званне міжнароднага ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У лютым 2012 года 11-ы фестываль сабраў 45 хароў з 8 краін Еўропы — Беларусі, Грэцыі (упершыню), Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны. Узнагароды прысудзілі ў 3-х ступенях па 9 намінацыях. Галоўную ўзнагароду атрымаў дзіцячы хор «Натхненне» музычна-харавой школы № 106 у Маскве (Расія), якім кіравала Вольга Скварцова[11]. Пераможцаў уганаравалі бронзавай статуэткай у выглядзе сімвала фестывалю, выкананай скульптарам Уладзімірам Панцялеевым. Спадарожна праводзіліся вечары паэзіі, выставы і кіналекторыі[12]. Фестываль «Каложскі дабравест» фінансавалі Гродзенскі аблвыканкам і Гродзенская епархія[13].

27 лютага — 2 сакавіка 2013 года прайшоў 12-ы «Каложскі дабравест». Папярэдне ў студзені падчас калядных святаў зладзілі адбор сярод прыходскіх хароў Гродзенскай епархіі. З-за мяжу да ўдзелу запрасілі хары з 7 краін Еўропы — Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Францыі. Агулам у фестывалі ўдзельнічала 45 хароў. Пераважна выконваліся творы беларускіх аўтараў і мясцовых напеваў, а таксама знакавы, шляхавы, хатні, кіеўскі, балгарскі і грэчаскі распеў, як і штодзённы песняспеў. Спадарожна праводзіліся: выстаўка з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторый, мастацкія выставы ў Гродзенскай выставачнай залі і музеі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, а таксама фотавыстава «Праваслаўны свет». 28 лютага ладзілі канцэрт студэнцкага хору Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі (Расія), а 1 сакавіка — Архірэйскага хору сабору Аляксандра Неўскага ў Парыжы (Францыя) і хору спеўных стараверскіх прыходаў Сібіры[14].

19—22 лютага 2014 года адбыўся 13-ы «Каложскi дабравест»[15]. У фестывалі прынялі ўдзел 37 хароў з 6 краін[16]. Адкрыццё і закрыццё правялі ў Гродзенскім абласным драмтэатры, а спаборнае праслухоўванне — у саборы Пакрова Багародзіцы. 20—21 лютага ў Гродзенскім музычным каледжы і Новым замку ладзілі канцэрты хароў з Арменіі, Расіі і Украіны. У спаборніцтве ўдзелічалі 4 хары з Расіі, 3 з Польшчы, 2 з Украіны і па 1 з Арменіі і Румыніі[17]. На адкрыцці выступіў студэнцкі хор Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам Станіслава Калініна. Ладзіліся фотавыстава «Нашыя храмы» фотаклуба «Гродна», асабістая фотавыстава Уладзіміра Лябецкага «Праваслаўная Сербія вачыма беларусаў» і выстаўка абразоў Міколы Цудатворцы ў Гродзенскім музеі рэлігіі. У закрыцці ўзяў удзел беларускі экзарх Павел[18]. Таксама ладзілі кінапаказы фільмаў «Вялікі пост» і «Ікона». У межах фестывалю прадставілі кнігу Ларысы Густавай «Царкоўны спевы. Беларуская спеўная культура праваслаўнай традыцыі»[19]. Сярод іншага выступілі мужчынскі хор стараабрадніцкага сабора Пакрова Багародзіцы ў Маскве і жаночы хор «Аватамк» царквы Рыгора Асветніка Эміядзінскага манастыра (Арменія)[20]. Галоўную ўзнагароду атрымаў студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі (Рэспубліка Татарстан, Расія).

11—14 лютага 2015 года «Каложскі дабравест» сабраў 20 хароў з Беларусі і яшчэ 20 з 6 іншых краін Еўропы — Літвы, Малдовы (упершыню, свецкі і царкоўны), Польшчы, Расіі, Румыніі і Украіны. Сярод іншых запрасілі студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і хор «За веру і айчыну» інжынерных войскаў Расіі. 8—12 студзеня праводзілі адборачнае праслухоўванне хароў Гродзенскай епархіі ў Свіслачы, Росі (Ваўкавыскі раён), Мастах і Азёрах (Гродзенскі раён). Спадарожна ў Каложскай царкве Барыса і Глеба праходзіла выстаўка сучасных абразоў з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Таксама прадставілі альбом Алёны Шацько «Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі». У склад журы ўвайшлі выкладнікі і святары Беларусі, Расіі, Румыніі і Францыі. Пераможцаў вызначалі ў 8 намінацыях[21].

25—27 лютага 2016 года на 15-ы «Каложскі дабравест» завіталі 35 хароў з Арменіі, Беларусі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана (упершыню) і Францыі. З Ташкента прыехаў хор сабора Успення Багародзіцы[22]. 6—11 лютага 2017 года на 16-м фестывалі выступіла 38 хароў з 7 краін[23] — Арменіі, Беларусі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны[24]. Спадарожна ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці прайшла выстаўка графікі, керамікі і жывапісу «Прыгажосць Боскага свету», якую ладзіў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Прамень» Кастрычніцкага раёна Гродна[25]. Галоўную ўзнагароду атрымаў Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі з Масквы пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Анегіна. Таксама лаўрэатамі сталі 9 хароў Гродзенскай вобласці[26]. У Сеціве спевы хароў паглядзела звыш 5000 чалавек[27].

7—10 лютага 2018 года на 17-ы «Каложскі дабравест» завіталі 35 хароў з 8 краін — Беларусі, Македоніі (упершыню), Польшчы, Расіі, Румыніі, Узбекістана, Украіны і Чарнагорыі (упершыню). Сярод іншага выступіла 10 дзіцячых хароў[28]. 20—23 лютага 2019 года ў 18-м фестывалі ўзялі ўдзел звыш 40 хароў з 8 краін — Беларусі, Латвіі (упершыню), Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны[29]. На адкрыцці выступіла Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы[30]. Перамогу на спаборніцтве здабыў Усіхсвяцкі хор Храма ўсіх святых у Мінску[31].

19—22 лютага 2020 года 19-ы фестываль сабраў 37 хароў з 11 краін, у тым ліку ўпершыню з Нідэрландаў, Фінляндыі і Эстоніі. У папярэднім адборы ўзялі ўдзел звыш 800 хароў[32]. Кіраўніцай фестывалю выступіла Наталля Гаплінчык[33]. Сярод іншага ў межах фестывалю святар Павел Каспяровіч прадставіў зборнік беларускай паэзіі «Каложскі дабравест» пад рэдакцыяй Анатоля Брусевіча. Зборнік уключыў вершы 9 паэтак і паэтаў, у тым ліку такіх як Данута Бічэль, Юрка Голуб, Андрэй Мельнікаў, Ала Нікіпорчык, Рычард Белячыц, Аліна Паўлоўская і манах Ян Бембель пад псеўданімам Зніч[34].

Галоўная ўзнагарода правіць

Год Хор Краіна
2020 19
2019 18 Хор Храма ўсіх святых (Мінск)   Беларусь
2018 17
2017 16 Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі (Масква)   Расія
2016 15
2015 14
2014 13 Студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі (Татарстан)   Расія
2013 12
2012 11 «Натхненне» музычна-харавой школы № 106 (Масква)   Расія
2011 10
2010 9 Хор манастыра святога Герарда (Ерэван)   Арменія
2009 8
2008 7 Народны хор імя Цітовіча   Беларусь
2007 6
2006 5
2005 4
2004 3
2003 2
2002 1

Зноскі

  1. "У Гародні — апошні дзень XIV фестывалю «Каложскі дабравест»". Радыё «Рацыя». люты 2015. Праверана 6 студзеня 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архівавана 9 лістапада 2021.
  2. Якуб Сушчынскі (люты 2020). "«Каложскі дабравест» адбудзецца ў Гародні". Радыё «Рацыя». Праверана 6 студзеня 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архівавана 9 лістапада 2021.
  3. "Палажэнне аб міжнародным фестывалі «Каложскі дабравест»" [руская]. Гродзенская епархія. 17 чэрвеня 2019. Праверана 6 студзеня 2021. Архівавана 9 лістапада 2021.
  4. "Гісторыя фестывалю «Каложскі дабравест»" [руская]. Гродзенская епархія. 2021. Праверана 6 студзеня 2021. Архівавана 9 лістапада 2021.
  5. "Міжнароднае журы фестывалю «Каложскі дабравест»" [руская]. Гродзенская епархія. 6 верасня 2019. Праверана 6 студзеня 2021. Архівавана 9 лістапада 2021.
  6. Надзея Бунцэвіч. «Каложскi дабравест»: курс на Усход і на Захад // Культура : газета. — 15 сакавіка 2008. — № 11 (829).
  7. Аляксандра Дубравіна. Склікае Каложа // Культура. — 28 лютага 2009. — № 9 (877).
  8. Песню пяе Каложа // Культура. — 13 лютага 2010. — № 7 (927).
  9. "Хор манастыра Герарда атрымаў Гран-пры на фестывалі духоўнай музыкі ў Беларусі" [руская]. Вікінавіны. 19 лютага 2010. Праверана 5 студзеня 2021.
  10. Надзея Бунцэвіч. Метрыка для песні // Культура. — 12 лютага 2011. — № 7 (979).
  11. Дар’я Чаркес. «Натхненне» на «Дабравесце» // Культура. — 10 сакавіка 2012. — № 10 (1033).
  12. Алена Стасюкевіч (27 лютага 2012). "Уладальнікам Гран-пры «Каложскага дабравеста» стаў дзіцячы хор з Масквы". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 6 студзеня 2021.
  13. Яўген Рагін. У грыбы на бібліёбусе // Культура. — 12 студзеня 2013. — № 2 (1076).
  14. Алена Стасюкевіч (13 лютага 2013). "Фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест» збярэ ў Гродне калектывы з 8 краін". БелТА. Праверана 6 студзеня 2021.
  15. Коратка // Звязда : газета. — 13 снежня 2013. — № 235 (27600). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  16. "Сёння стартуе міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест»". Белтэлерадыёкампанія. 19 лютага 2014. Праверана 6 студзеня 2021.
  17. "У XIII Міжнародным фестывальывалі праваслаўных песняспеваў прымуць удзел калектывы з шасці краін". Газета «Звязда». 6 лютага 2014. Праверана 6 студзеня 2021.
  18. Аляксандр Саенка (20 лютага 2014). "У Гродне ўрачыста адкрыўся XIII Міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі звон»". БелаПАН. Праверана 6 студзеня 2021.
  19. Барыс Пракопчык. Песняспевы «Каложскага дабравеста» // Звязда. — 18 лютага 2014. — № 30 (27640). — С. 5.
  20. "На «Каложскім дабравесце» выступілі хоры стараабраднікаў і Армянскай царквы". Газета «Новы час». 23 лютага 2014. Праверана 6 студзеня 2021.
  21. Тацяна Вішнеўская (6 студзеня 2015). "Фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест» адбудзецца 11-14 лютага ў Гродне". БелТА. Праверана 6 студзеня 2021.
  22. Тэлеканал «Беларусь 1» (25 лютага 2016). "У Гродне адкрыўся міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 6 студзеня 2021.
  23. Таццяна Вішнеўская (9 лютага 2017). "Фестываль «Каложскі дабравест» праходзіць у Гродне". БелТА. Праверана 6 студзеня 2021.
  24. Тэлеканал «Беларусь 1» (11 лютага 2017). "Дайджэст навін рэгіёнаў". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 6 студзеня 2021.
  25. Яўген Рагін. Пра краязнаўчы факультатыў, маладзёжную сталіцу і «Святкі.by» // Культура. — 4 лютага 2017. — № 5 (1288).
  26. Мікалай Шаўчэнка. Пра «Скарбніцу Падняпроўя», ДК на колах і нішчымны пірог // Культура. — 18 лютага 2017. — № 5 (1290).
  27. Якуб Сушчынскі (люты 2017). "«Каложскі дабравест – 2017»". Радыё «Рацыя». Праверана 6 студзеня 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архівавана 9 лістапада 2021.
  28. "«Каложскі дабравест» сабраў у Гродне калектывы з 8 краін". БелТА. 9 лютага 2018. Праверана 6 студзеня 2021.
  29. Яўген Рагін. Нам, царам, бяз юшкі аніяк // Культура. — 16 лютага 2019. — № 7 (1394).
  30. Леанід Шчаглоў (20 лютага 2018). "XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі дабравест» адкрыўся ў Гродне". БелТА. Праверана 6 студзеня 2021.
  31. Вікторыя Захарава. Усе хары ў госці да нас // Ігуменскі тракт. — 4 лютага 2020. — № 2 (245).
  32. Ала Бялькевіч. «Каложскі дабравест»: музыка па-за часам // Культура. — 25 студзеня 2020. — № 4 (1443).
  33. "Фестываль «Каложскі дабравест» у Гродне будзе рэкордным па колькасці краін-удзельніц". БелТА. 14 лютага 2018. Праверана 6 студзеня 2021.
  34. Якуб Сушчынскі (люты 2020). "Новы зборнік беларускай паэзіі «Каложскі дабравест»". Радыё «Рацыя». Праверана 6 студзеня 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архівавана 9 лістапада 2021.

Спасылкі правіць