Замкавая царква (Мінск)

рэшткі царквы XI ст. у Мінску
(Пасля перасылкі з Мінскі храм)

Царква на дзядзінцы Менска — адна з найраннейшых культавых пабудоў на тэрыторыі Беларусі. Рэшткі храма ў Мінску размешчаны ў раёне плошчы 8 Сакавіка, за 22 м ад усходняй сцяны Дома фізкультуры Добраахвотнага спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы»[1]. У царквы няма аналагаў у старажытна-рускім манументальным дойлідстве, ёсць рысы раманскай архітэктуры.

Славутасць
Царква на Менскім дзядзінцы
Рэканструкцыя выгляду царквы на дзедзінцы ў Мінску. Генадзь Лаўрэцкі
Рэканструкцыя выгляду царквы на дзедзінцы ў Мінску. Генадзь Лаўрэцкі
53°54′26″ пн. ш. 27°33′11″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата пабудовы XII стагоддзе
Матэрыял Вапнавыя растворы[d] і камень[d]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рэшткі бажніцы знойдзены ў 1949 годзе падчас раскопак Васілём Тарасенкам ва ўсходняй частцы Мінскага замчышча, на правым беразе Свіслачы. Пытанне часу будаўніцтва застаецца дыскусійным. Паводле версіі Эдуарда Загарульскага, храм пачалі будаваць паміж 1069 і 1073 гадамі[1][2]. Паводле версіі Леаніда Аляксеева і Георгія Штыхава — у пачатку XII ст. Будаўніцтва пачалі пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца, магчыма, у тым ліку і ранейшую драўляную царкву. На думку Загарульскага і Аляксеева, бажніцу па невядомых прычынах не дабудавалі[2], бо раскопкі не выявілі слядоў разбурэння і вызначана, што ў XII—XIII ст. на месцы храма фунцыянаваў некропаль, а на пачатку XIII ст. зверху пакладзена драўляная маставая.[3]

Загарульскі адзначыў будаўніча-тэхнічныя асаблівасці храма — кладка з бутавага каменя і выкарыстанне вапняковых пліт, даследчык падкрэсліваў, што менскі храм не мае аналогій сярод культавых манументальных пабудоў Старажытнай Русі. Таксама Загарульскі выказаў думку, што дойліды былі знаёмы з архітэктурай заходнеславянскіх земляў і, магчыма, былі запрошаны ў Менск з Польшчы[3].

Цяпер рэшткі храма знаходзіцца на глыбіні 0,5—2,1 м ад дзённай паверхні[1]. У 1967 годзе за 30 м ад сапраўдных рэштак на дзённай паверхні пабудаваны іх муляж[2].

Гісторыя правіць

Гісторыя даследаванняў правіць

 
Памятны знак на месцы царквы.
 
Муляж рэштак царквы.
 
Схема Менскага дзядзінца і месцы археалагічных раскопаў. Белым контурам пазначаны абрыс царквы.
 
План царквы паводле даных раскопак.

Рэшткі храма выяўлены ў 1949 годзе Васілём Тарасенкам. Наступныя раскопкі ў 1950 і 1951 гадах, па сутнасці, былі прысвечаны даследаванню храма, але не даведзены да канца — не адкрыты і не прасочаны ў глыбіню падмуркі, не выяўлены падмуркавыя равы, не зроблены адмысловыя разрэзы, не прааналізавана стратыграфічная сувязь будынка з вакольнымі культурнымі напластаваннямі. За ўсе гады складзены толькі адзін профіль, якія паказвае рэшткі храма — заходняя сценка раскопу 1950 года. Асноўная ўвага ў профілі нададзена фіксацыі культурных напластаванняў вышэй храма, а не стратыграфічнаму вывучэнню будынка, чым, мабыць, тлумачыцца адсутнасць у чарцяжы многіх важных дэталяў. Так, не прасочана глыбіня, на якую ўпушчаны ў мацярык падмуркі сцен і слупоў, незразумелым і сумніўным здаецца перададзены ў чарцяжы характар культурных напластаванняў на поўнач ад храма, не адзначаны сляды падмуркавых равоў або катлавана, не прасочаны могільныя ямы ад пахаванняў ўнутры храма.[4]

Апісанне пабудовы, якое дае Тарасенка, стратыграфічна мала што тлумачыць. Тое, што падмурак быў упушчаны ў мацярык на глыбіню да 1,4 м, не пацвярджаюць разрэзы і моцна адрозніваецца ад замераў, зробленых Эдуардам Загарульскім у 1961 годзе на паўднёвай сцяне. Тарасенка апублікаваў тры планы храма, усе яны адрозніваюцца адзін ад другога, маюць разыходжанне ў памерах і ні адзін з іх не фіксуе пабудовы цалкам з контурамі падмурку на ўсім працягу сцен, што стала прычынай некаторых памылковых рэканструкцый плана і несправядлівых абвінавачванняў да дойлідаў і будаўнікоў[5].

Не вывучаны належным чынам і не ацэнены, помнік прастаяў на адкрытым паветры 10 гадоў і быў засыпаны[6]. У пачатку 1970-х гадоў помнік вывучаў Загарульскі, у 1976 годзе паўторнае даследаванне правёў Георгій Штыхаў[2], часткова ў 2009 годзе Аляксандр Мядзведзеў.[7]

Спробу вывучыць менскі храм, вызначыць ідэйна-мастацкія задачы, якія стаялі перад дойлідамі і заказчыкамі, зрабіў Леанід Аляксееў (ён называе яго храмам Прасвятой Багародзіцы). Разглядаючы бажніцу ў параўнанні з іншымі помнікамі Русі і найперш з манументальнымі будынкамі Полацкай зямлі, Аляксееў вылучыў арыгінальныя тэхнічныя і ідэйна-мастацкія рысы менскага храма.[5]

Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі і Дзяржаўным музеі Беларусі[2].

Датаванне правіць

Васіль Тарасенка адзначаў, што храм — адно з найраннейшых збудаванняў Мінскага замчышча. Пад яго будаўнічымі рэшткамі ёсць невялікі культурны пласт — 0,12 метры, датаваны Тарасенкам XI ст. Свае высновы пра храналогію храма даследчык зрабіў на падставе апрыёрнага ўяўлення, што «найбольш імаверным будаўніком мінскага храма з’яўляецца князь Глеб», які распачаў будаўніцтва «з мэтай падняць значэнне Менскага княства». Праз тое, што Глеб княжыў у Менску да 1119 года, храм атрымаў дату — пачатак XII ст.[8]

Эдуард Загарульскі звяртае ўвагу, што з часу ўзнікнення Менска і да пачатку будаўніцтва храма сфармавалася ўсяго толькі каля 20 см культурных напластаванняў, перакрытых на вялікай прасторы слядамі будаўніцтва, выкідамі з катлавана або падмуркавых равоў і рэшткамі будаўнічых матэрыялаў. Гарызонт, на якім пачалося будаўніцтва, у наступны час быў перакрыты амаль 5-мятровымі культурнымі напластаваннямі. Толькі культурны пласт XII—XIII стст. меў таўшчыню ад 2 да 3,5 м. І зыходзячы з неабвержных стратыграфічных даных, на думку Загарульскага, будаўніцтва менскага храма можна датаваць часам не пазней за 1071—1085 гады.[9]

Асноўныя аргументы даследчыкаў, якія адносяць час пабудовы храма да XII ст., зводзяцца да наступнага: 1) мінскі храм мае невялікія памеры, якія характерны для культавых пабудоў XII ст.; 2) яго простая чатырохслупавая канструкцыя не характэрна для XI ст.; 3) квадратная ў сячэнні форма слупоў, якую мае мінскі храм, распаўсюджваецца ў старажытнарускіх помніках сярэдзіны і нават 2-й паловы XII ст.[10]

 
Рэканструкцыя плана Юр’евай бажніцы ў Астры. XI ст.

Між тым, Загарульскі адзначае, што не толькі мінскі храм, але і шэраг іншых помнікаў другой паловы XI ст. дэманструюць тэндэнцыю да спрашчэння плана і памяншэння аб’ёмаў культавых будынкаў: храм у сядзібе Мастацкага інстытута ў Кіеве, саборы Зарубскага манастыра[ru], чатыры малыя храмы ў Пераяслаўлі, Асцёрская бажніца[ru] ў вёсцы Старагарадку. Хоць гэтыя пабудовы яшчэ ў большай ступені выяўляюць блізкасць да культавых збудаванняў XII ст., аднак даследчыкі гэтых помнікаў вызначаюць іх дату не на падставе гэтых фактаў, а па характары муру, тыповага для XI ст.[10]

Адзначаючы раманскія рысы мінскага храма (муроўка з бутавага камяню на вапнавым растворы, квадратныя ў сячэнні слупы) і адсутнасць уплыву полацкай архітэктурнай школы, Загарульскі выказвае меркаванне, што будаўніцтва храма праводзілася тады, калі Менск не належаў полацкім князям. Гэта мог быць час, калі пасля паражэння полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў 1069 годзе ў Менск, магчыма, быў пасаджаны Яраполк — сын кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. На карысць гэтага сведчыць тое, што пад 1073 годзе летапіс згадвае пра магчымую дамову Ізяслава з Усяславам, і тое, што сын Усяслава — Глеб быў жанаты з дачкой Яраполка — Анастасіяй. Мяркуецца, што гэты кампраміс мог быць замацаваны перадачай Менска ва ўладанне Глебу. Такім чынам, Менск мог знаходзіцца ва ўладанні Яраполка Ізяславіча у 1069—1073 гадах, калі ён быў вымушаны ўцякаць з бацькам і братам Святаполкам у Польшчу. Вядома, што маці Яраполка — Гертруда, дачка польскага караля Мешкі ІІ, родная сястра караля Казіміра. Сувязь Ізяслава з польскім дваром была цесная, а дачыненні прыязныя. Гэтым можа тлумачыць прычыну запрашэння польскіх майстроў да будаўніцтва храма ў горадзе, які атрымаў Яраполк. Калі на самой справе было так, то пачатак будаўніцтва храма можа быць датавана паміж 1069 і 1073 годам, што, як заўважае Э. М. Загарульскі, не супярэчыць стратыграфічным даным.[3]

Леанід Аляксееў паспрабаваў прапанаваць некалькі іншае стратыграфічнае месца мінскага храма ў тоўшчы культурных напластаванняў, прыпадняўшы гарызонт будаўніцтва прыблізна на 40 см: «Чатырохслупныя храмы з’яўляюцца на Русі з сярэдзіны XII ст., відавочна, у сувязі з узнікненнем будаўніцтва гарадоў і неверагодна, каб маленькі Менск у сваёй архітэктуры абагнаў на 50-60 гадоў астатнія гарады Русі». Даследчык адзначае, што квадратныя ў плане слупы, відавочна, з’яўляюцца на Русі не раней 2-й паловы XII ст. Аднак, ён усё ж прыходзіць да высновы, што будаўніцтва храма варта звязваць менавіта з менскім князем Глебам і адносіць яго да першых двух дзесяцігоддзяў XII ст.[8]. Ён трымлаецца думкі, што ў XI ст. не было яшчэ полацкіх дойлідаў і пагатоў іх традыцый: «Адзіны храм XI ст. — Сафійскі — быў узведзены візантыйскімі дойлідамі», і заўважае, што князь Глеб быў цесна звязаны з Кіевам, у 1108 годзе адбудаваў ў Пячорскім манастыры трапезную, яго ўдава аддала гэтаму манастыру па завяшчанні «все и до повоя». На думку Аляксеева, цалкам імаверна, што Глеб Усяславіч быў звязаны з Кіевам і раней, у пачатку XII ст., калі кіеўскім дойлідствам захапляліся і іншыя Усяславічы, выпісваючы адтуль майстроў. Як падавалася Аляксееву, «ізгойны Глеб» выклікаў архітэктара з Захаду і паказаў яму на храм у сядзібе Мастацкага інстытута як на ўзор, чатырохслупная частка якога задавальняла яго па памерах. Плінфа не была звыклай для заходняга дойліда і ён выкарыстоўваў камень.[11]

Зыходзячы з тыпу пабудовы, XII ст. датуе менскі храм і Георгій Штыхаў, не адмаўляючы, зрэшты, даты, прапанаванай Аляксеевым.[8]

Лёс пабудовы правіць

Эдуард Загарульскі адзначае, што раскопкамі не выяўлена слядоў разбурэння храма[12]. Невядома чаму, але будаўніцтва храма далей ніжніх частак сцен не пайшло — няма ні слаёў развалу, ні рэштак іншых матэрыялаў будаўніцтва (акрамя «тварыла» для гашэння вапны), а камяні вакол — без слядоў раствора[11]. Магчыма, майстры не разлічылі свае магчымасці, адбіліся цяжкасці з незвычайным для гэтых месцаў будаўнічым матэрыялам, можа быць, перашкодзіла складаная палітычныя абставіны тых гадоў, адзначаныя бясконцымі міжусобіцамі[13].

Імаверна, царкву спадзяваліся з часам скончыць. Да сярэдзіны XII ст. узведзеную частку не разбіралі і не засыпалі. Затым у ёй быў некропаль. У 1-й палове XIII ст., відавочна, страціўшы надзею дабудаваць царкву, пачатак яе сцен перакрылі вулічным насцілам[14], які пазней перамошчавалі чатыры разы[11].

Можна меркаваць, што старажытная царква была ў іншым месцы дзядзінца. Пісьмовыя крыніцы, пачынаючы з XVI стагоддзя, згадваюць саборную царкву Мінскага замка, называюць яе таксама праваслаўнай Замкавай царквой.[15]

Некропаль правіць

 
Пахаванне 1-й паловы XIII ст.

Паводле Аляксеева, хаваць у храме пачалі яшчэ да заканчэння будаўніцтва, што не можа здзіўляць, бо вядома, напрыклад, пахаванне чарнігаўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў недабудаваным ім Спаскім саборы[ru], калі сцены былі выведзены да вышыні «на кони стояще рукою досящи»[11].

Выяўлена 21 пахаванне XIII ст. у дамавінах скрыневага тыпу з вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Труны былі прамавугольнай формы, некаторыя вечкі і бакавыя сценкі абгорнуты бяростай. Нябожчыкі пахаваны па славянскім звычаі галавой на захад са скрыжаванымі на грудзях рукамі, без рэчаў. Захаваліся рэшткі шарсцянога адзення і скуранога мяккага абутку (чаравікі, вышытыя ніткамі). Каля аднаго дзіцячага пахавання знойдзены залаты бранзалет вагой 75,5 грам, відаць, пакладзены як ахвярапрынашэнне або схаваны як скарб[1].

Архітэктура правіць

 
Рэшткі храма

Паводле плана — кампактны чатырохслуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з трыма паўавальнымі апсідамі[2]. Па будаўніча-тэхнічных асаблівасцях не мае дакладных аналогій сярод культавых манументальных пабудоў Старажытнай Русі[16]. Нават у незавершаным выглядзе ён дэманструе арыгінальную будаўнічую тэхніку, прадуманую арганізацыю будаўнічых прац. Дойлід імкнуўся стварыць невялікую, строгую культавую пабудову, якая адпавядала характару паселішча. Царква павінна была стаць упрыгожаннем і асновай планіроўкі гэтага раёна. Не выключана, што менскі храм адзін з найраннейшых узораў малой культавай пабудовы.[8]

На паўночны ўсход ад царквы выяўленыя яма для прыгатавання вапны плошчай 25 м² і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі, калі вялося будаўніцтва[2].

Ад храма захаваліся падмуркі сцен і слупоў і ніжнія часткі саміх сцен. Падмурак быў апушчаны ў мацерыковы пясок на глыбіню каля 0,8 м. Шырыня яго пад паўднёвай і паўночнай сценамі — 2,1 м. Выкладзены ён акуратна з бутавага камяню на вапнавым растворы роўнымі гарызантальнымі шэрагамі. Дзе-нідзе на сценках падмурка як з вонкавага, так і з унутранага боку заўважны адбіткі дашчанай апалубкі.[17] Супраць слупоў на, унутраных баках паўночнай і паўднёвай сцен вызначаюцца прастакутныя лапаткі. На сценах каля паўднёва-заходняга вугла ўнутры царквы захаваліся ўчасткі, абліцаваныя цэглападобнымі вапнавымі блокамі.[18]

Прапорцыі плана храма простыя і строгія. Па вонкавых абмерах асноўны аб’ём храма без апсід ўяўляе сабой правільны квадрат 12х12 м[2]. Алтарная апсіда выступае за межы квадрата на 4,2 м, складаючы, такім чынам, 1/4 частку агульнай даўжыні. Шырыня апсіды 6,5 м. Па баках выступ яе згладжваюць дзве бакавыя паўдугі ахвярніка і дыяканніка. Па цэнтральнай восі ўнутры сабор меў даўжыню 12,8 м (звонку — 16,3 м[2], таўшчыня сцен 1,5 м[2]), шырыню 8,4 м. Адлегласць ад заходняй сцяны да рэшт дугі апсіды амаль такое ж — 8,5 м. Шырыня цэнтральнага нефа 3,5 м, паўночнага і паўднёвага — 1,2 м. Адлегласць ад слупоў да заходняй сцяны і канцоў дугі апсіды аднолькавыя — 1,4 м. Такім чынам, адной з характэрных рысаў мінскага храма з’яўляецца выключная геаметрычная выразнасць плана.[19]

Эдуард Загарульскі адзначае арыгінальныя рысы мінскага храма, якія адрозніваюць яго ад іншай старажытнарускай архітэктуры XI—XIII стст.: будаўнікі мінскай царквы абралі ў якасці будаўнічага матэрыялу дэфіцытны для гэтага рэгіёна бутавы камень, цалкам адмовіўшыся ад добра засвоенай на Русі тэхнікі цаглянага муру. Гэтак жа нязвыклым ў практыцы старажытнарускага дойлідства было і выкарыстанне вапняковых пліт, яшчэ больш дэфіцытных, чым бутавы камень.[20]

На думку ж Леаніда Аляксеева, арганізацыя ўнутранай прасторы выкрывала не вельмі дасведчанага майстра (або майстра, які будуе ў гэтай манеры ўпершыню) -- цэнтральны падкупальны квадрат ссунуты на поўдзень, паўднёвы неф, як гэта бачна па абмерах, атрымаўся вузейшы за паўночны[11].

Асаблівасці канструкцыі правіць

Падмурак правіць

Фундамент зроблены з дзвюх сценак, складзеных з бутавага каменю, прастора паміж якімі запоўнена неапрацаванымі камянямі на вапнавым растворы. Усе падмуркі ўрэзаныя ў пясчаны грунт (глыбіня месцамі больш за 1 м). Паўторным даследаваннем Георгія Штыхава ў 1976 годзе выяўлены сляды апалубкі з тонкіх дошак забітых вертыкальна ўздоўж рова падмурка[2].

Памеры бакоў падкупальнага квадрата каля 3,3 м, падмуркі слупоў, якія яго ўтвараюць, у плане Г-падобныя, складзены з невялялікіх камянёў, паміж імі стужкавыя фундаменты.[2]

Праз слабую стратыграфічную вывучанасць збудавання застаецца пакуль незразумелым, ці закладаўся падмурак у спецыяльных равах, як гэта было прынята ў будаўнічай практыцы таго часу, ці пад усю пабудову папярэдне выкопвалі катлаван. На падставе тых профіляў, якія маюцца, дакладнага адказу па гэтае пытанне даць нельга. У асноўным профілі, складзеным у 1950 годзе, у сярэдзіне пабудовы і на ўзроўні верхніх частак падмурка і слупоў паказаны мацярык. У профілі невялікай стратыграфічнай сценкі, закладзенай у 1957 годзе на поўдзень ад храма, добра бачны перакапаныя пласт з вертыкальнай сценкай, якая знаходзіцца за 1,3 м ад падмурка, але сказаць упэўнена, што гэта сляды катлавана, нельга, бо ў гэтым перакопе выяўленыя рэшткі драўлянай труны і яна магла ўтварыцца пры капанні магілы. На карысць версіі будаўніцтва ў папярэдне выкапаным катлаване сведчыць і тое, што на значнай плошчы за межамі храма меўся магутны пласт пяску, які перакрываў раннія культурныя напластаванні. Ён мог быць выкідам з катлавана. Дбайная паслойная кладка падмурка з выкарыстаннем апалубкі таксама можа ўскосна сведчыць, што будаўнічыя работы вяліся на паверхні, вызваленай ад грунта.[21]

Каля падножжа дуг апсідаў ёсць па пары скразных адтулін пад масіўныя бэлькі, магчыма, алтарнай перагародкі. Для гэтага неабходна было спачатку выбраць грунт. Таму пачатковы перыяд будаўніцтва храма можна было б уявіць наступным чынам. Спачатку было выбрана месца ў цэнтры ўсходняй часткі крэпасці, затым праведзена папярэдняя разметка. Вырыты катлаван на глыбіню прыблізна 0,8-1,0 м, у катлаване праведзена дакладная разметка плана пабудовы, складзены і выведзены да ўзроўню старажытнай паверхні падмурак і цэнтральны квадрат. Затым ўнутранае прастора была засыпана мацерыквым пяском. Перад гэтым папярэдне былі выкладзены драўляныя бэлькі на дне дыяканніка, ахвярніка і алтара(?).[22]

Між тым, змацаванне камянёў вапнавым растворам, зарэгістраванае толькі па кутах цэнтральнага подкупольнага квадрата, можа супярэчыць уяюленню аб апісанай тэхналогіі пачатковага цыклу будаўніцтва. Вуглы павінны былі стаць падмуркам слупоў. Прастора паміж імі ўяўляла, відавочна, простую забутоўка камянём, якую звычайна рабілі ў равах. Зрэшты, гэта магчыма зрабіць і з дапамогай апалубкі, а таксама ўжо пасля запаўнення грунтам катлавана.[22]

Сцены правіць

Унутры храма на яго паўднёвай і часткова заходняй сценках захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак (памеры 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см), вырабленых з наздраватага даламіту і пакладзеных гарызантальна з перавязкай швоў.

Матэрыялам сцен быў таксама бутавы камень, такой самай заставалася і тэхніка кладкі. Аднак камень для сцен падбіраўся больш старанна. Плоскі бок яго, звычайна, быў звернуты вонкі, складаючы плоскасці сцен. Таўшчыня сцен апсіды адпавядала шырыні падмурка і заўважыць мяжу паміж падмуркам і сцяной немагчыма. Паўночная, заходняя і паўднёвая сцены былі вужэйшыя за падмурак. Найлепей вывучаць тэхніку кладкі сцен на прыкладзе паўднёвай сцяны царквы, дзе колькасць аперацый была большай, чым на іншых участках пабудовы.[22]

З боку фасада сцяна ўкладвалася роўна з падмуркам. Відаць, што тэхналогія будаўнічых работ, чарговасць працоўных аперацый былі добра прадуманыя. Пасля завершэння кладкі падмурка быў выкладзены першы пласт камянёў сцяны — свайго роду цокаль — шырынёй 1,8-1,85 м. Ён быў на 0,3 м вужэйшы за падмурак, у выніку чаго знутры стварыўся падмуркавы выступ. Выкладзены на выступе крайні рад складаўся з адмыслова падабраных больш буйных камянёў з падцясанай паверхняй, якія ўтвараюць ніжнюю частку плоскасці сцяны.[23]

Наступныя слаі камянёў выкладваліся з одступам на 0,25 м ад краю ніжняга пласта з боку ўнутранай плоскасці сцяны, што адпавядала шырыні абліцовачных пліт, з тым каб абліцаваная пліткамі сцяна знаходзілася ў адной плоскасці з ніжнім радам падцясаных камянёў. Кожны пласт камянёў заліваўся зверху роўным пластом вапнавага раствора, які запаўняў не толькі прастору паміж камянямі, але і ўтвараў плоскую паверхню кожнага выкладзенага рада.[24]

Абліцоўку пліткамі пачалі рабіць пасля вываду сцяны на вышыню прыблізна 1 м. Як абліцовачны матэрыял ўжываўся цясаны вапняк[24] — наздраваты даламіт, якому надавалася цэглападобная форма[2]. Памеры плітак нестандартныя. Больш ці менш былі вытрыманы шырыня (у сярэднім 20 см) і таўшчыня (каля 10 см), даўжыня ж была рознай — ад 15 да 45 см і больш. Часта даюцца асноўныя тыпалагічныя памеры плітак — 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см[2]. Абліцаваць паспелі толькі частку паўднёвай і заходняй сцен[24], месцамі да 5-6 радоў[2].[24]

Унутры будынка паўночная і паўднёвая сцены чляніліся вузкімі лапаткамі[2] па дзве з кожнага боку. Іх непрапарцыйна невялікія памеры ў параўнанні з магутнымі сценамі і слупамі дазваляюць бачыць у іх толькі толькі дэкаратыўны элемент. Выкананыя, як і сцены, з вапняковых пліт, яны павінны былі падкрэсліць ўрачыстую суровасць інтэр’еру.[19]

Пабудова на ўнутраных сценах лапатак рабілася амаль адначасова з абліцоўкай ці пасля яе. Захавалася ніжняя частка цалкам выкладзенай лапаткі на паўднёвай сцяне насупраць паўднёва-заходняга слупа. Лапаткі былі вузкія і кароткія і складзены з двух абліцовачных плітак. Такім чынам, выступалі яны над плоскасцю сцяны на шырыню плітак, г.зн. на 20 см, шырыня лапаткі каля 70 см. Цікава, што ў тым месцы, дзе павінна была прайсці лапатка, паміж пліткамі абліцоўкі пакідалі вертыкальны жолаб, верагодна, для лепшага змацавання з пліткамі лапаткі. Унізе лапаткі былі схаваныя на падмуркавыя выступе.[19]

Вонкавыя сцены не мелі ні абліцоўкі, ні тынкоўкі, ні плоскіх лапатак, якія б дзялілі фасады па вертыкалі. Ніякіх намёкаў на іх не было выяўлена падчас раскопак. Цалкам верагодна, што яны і не былі закладзены ў праекце. Мяркуецца, што мінскі храм павінен быў мець плоскія фасады, адзіным упрыгожваннем якіх былі б роўныя шэрагі самога каменнага мура. Арганічнае адзінства тэхнічных і дэкаратыўна-мастацкіх асаблівасцяў было характэрнай рысай сярэднявечнай архітэктуры, як старажытнарускай, так і заходнееўрапейскай.[25]

Слупы меркавалася узвесці пазней. Ва ўсякім выпадку пры тым стане, у якім былі адкрыты рэшткі менскага храма, пабудова слупоў абмежавалася толькі кладкай пад іх падмурка. Памеры, форма плана, а таксама своеасаблівасць тэхнікі каменнага мура вызначалі канструкцыю і асаблівасць крыжова-купальнага перакрыцця, якое павінна было быць збудавана на чатырох апорных слупах. Гэта ў сваю чаргу заахвоціла дойліда адмовіцца ад звыклых для таго часу крыжападобных ў сячэнні слупоў, зрабіць іх больш масіўнымі, надаўшы ім у сячэнні форму квадрата, у якім для павелічэння аб’ёму інтэр’еру быў выбраны адзін кут. Такімі іх ва ўсякім выпадку можна ўяўляць на падставе падмуркаў.[25]

Апсіды правіць

Царква мела тры апсіды, у гэтым сэнсе трымалася традыцыі храмаў XI ст., займаючы прамежкавае месца паміж трохапсіднымі будынкамі XI ст. і аднапасіднымі малымі храмамі XII ст. Для чатырохслупных храмаў, якія былі распаўсюджаны на Русі з XII ст., была характэрна адна апсіда. Ахвярнік і дыяканнік часта ўладкоўваліся ў тоўшчы ўсходняй сцяны, для чаго яна рабілася таўсцей за іншыя. У менскім храме таўшчыня сцен ўсіх трох апсід аднолькавая, а ў параўнанні з іншымі трыма сценамі была нават танчэй, бо не мела абліцоўкі.[26]

У цэнтральнай апсідзе зафіксаваны квадратны ў плане вянок з бярвён і абчасаная каменная пліта ад алтара. Упоперак малых бакавых апсід былі пакладзеныя бярвёны, якія злучалі падмуркамі.[2]

Аналогіі ў архітэктуры правіць

Эдуард Загарульскі адзначае такія арыгінальныя рысы мінскага храма, якіх наогул не ведае старажытнаруская архітэктура XI—XIII стст. Гэта — бутавая кладка сцен, унутраная абліцоўка цэглападобнымі вапняковымі пліткамі і інш. Мінскі храм і не капіруе ні адну з вядомых культавых пабудоў Русі.[10]

На думку Загарульскага, ёсць падставы выказаць здагадку, што будаўнік мінскага храма быў знаёмы з архітэктурай заходнеславянскіх земляў, у прыватнасці з раманскай архітэктурай Польшчы. Добра вядома, што рускія майстры выкарыстоўвалі не толькі старажытныя традыцыі і ўласны вопыт каменнага будаўніцтва, але і нярэдка звярталіся да архітэктуры суседзяў. Нават у XII ст. былі выпадкі пераносу на рускую глебу візантыйскіх архітэктурных формаў (Міражскі манастыр у Пскове і Кліментаўская царква ў Старой Ладазе).[27]

Ужо з канца X ст. тыповым будаўнічым матэрыялам у Польшчы быў бутавы камень на вапнавым растворы. З гэтага ж часу ў польскіх храмавых пабудовах вядомыя квадратныя ў сячэнні слупы. Такія слупы з каменя былі ў Пазнаньскім саборы, адноўленым пасля 1050 года. У раманскай школе Польшчы, да думку Загарульскага, можна бачыць найбольш імаверныя вытокі сваеасаблівасці мінскага храма.[27]

На думку Аляксеева, хто б ні будаваў храм, у якой бы тэхніцы ні працаваў, ён ставіў праваслаўны храм і павінен быў кіравацца рускімі ўзорамі. Сярод усіх старажытнарускіх храмаў, па словах даследчыка, ёсць адзіны храм, пабудаваны таксама ў канцы XI ст., чатырохслупная частка якога (без нартэкса) ва ўсіх дэталях і нават абсалютных памерах цалкам супадае з менскай царквой. Гэта кіеўскі храм, раскапаны Міхаілам Каргерам у сядзібе Мастацкага інстытута ў 1947 годзе. Чатырохслупная частка кіеўскага храма складае квадрат з бокам 12 м, а даўжыня гэтай часткі з апсідай — таксама 16 м. Хоць гэта помнік зусім іншы — ён выкладзены з плінфы на цамянцы, з шасцю слупамі, але, па словах Аляксеева, поўнае супадзенне прапорцый і памераў яго чатырохслупнай часткі з мінскім храмам выпадковым быць не можа[11].

Крыніцы правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць