Палонка (Баранавіцкі раён)
Пало́нка[2] (трансліт.: Palonka, руск.: Полонка) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Палонка. Адміністрацыйны цэнтр Палонкаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Баранавічаў, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Палонка (лінія Баранавічы — Ваўкавыск); на аўтамабільнай дарозе Новая Мыш — Слонім. Насельніцтва 786 жыхароў, 305 гаспадарак (2005).
Вёска
Палонка
| ||||||||||||||||||||||||
Назва
правіцьЯк паказвае мовазнаўца Ігар Капылоў, назва вёскі Палонка паходзіць ад геаграфічнага тэрміна. У сучаснай беларускай мове палонкай называецца незамерзлы або расталы ўчастак ледзяной паверхні ракі або возера. На паўночным усходзе і ўсходзе Беларусі палонкай называюць частку возера, дзе выходзяць падземныя воды, на Цэнтральным і Заходнім Палессі мясцовыя жыхары ўжываюць слова палонь для абазначэння чыстага, адкрытага месца без лесу і хмызняку, свабоднага для пашы або касьбы. Паказальна, што слова палоня сустракаецца ў большасці славянскіх моў. Аднакаранёвыя назвы Паланечка, Паланіца, Паланная, Палонск вядомы на тэрыторыі іншых раёнаў Беларусі. Аднайменныя назвы населеных пунктаў і мікрааб’ектаў шырока распаўсюджаны і за яе межамі[3].
Географ Вадзім Жучкевіч дапускаў сувязь назвы Палонка з паняццем палон і выказваў гіпотэзу, што так маглі называцца паселішчы палонных татараў у XVI стагоддзі.
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьПершы пісьмовы ўспамін пра Палонку як сяло, уладанне Сапегаў датуецца 1506 годам, калі ў ваколіцах сяла войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманамі Міхаілам Глінскім і Станіславам Кішкам разграмілі татар. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства.
У Трынаццацігадовую вайну 1654—1667 гадоў каля Палонкі 28 чэрвеня 1660 адбылася бітва паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага і расійскімі войскамі чале з ваяводамі Змеявым, Нашчокіным, Трубяцкім, Хаванскім, Шчарбатавым. Войска Расіі налічвала 46 тыс., аб’яднаныя сілы Рэчы Паспалітай — каля 15 тысяч воінаў. Сапега і Чарнецкі атрымалі бліскучую перамогу над расійскімі ваяводамі: князь Шчарбатаў быў забіты, а Хаванскі цяжка паранены. У выніку ваенных дзеянняў сяло Палонка было разбурана, а насельніцтва вызвалена ад падаткаў тэрмінам на адзін год. У 1680 у мястэчку заснавалі дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). У другой палове XVIII ст. сяляне напісалі скаргу свайму пану Сапегу на жорсткі прыгнёт з боку эканома.
Пад уладай Расійскай імперыі
правіцьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Палонка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Навамышскай воласці Навагрудскага павета. У 1-й пал. 1880-х у мястэчку было каля 20 двароў, царква, царкоўна-прыходская школа, 2 яўрэйскія школы. У пач. XX ст. — 56 двароў, земская народнае вучылішча.
У 1886 годзе дзейнічалі 2 яўрэйскія школы, царкоўна-прыходскія школа і папячыцельства. Праваслаўны прыход налічваў каля 1,4 тыс. вернікаў.
Найноўшы час
правіцьЗ 1900 года працавала народнае вучылішча, у якім у 1889—1900 навучальным годзе займалася 96 дзяцей (з іх 8 дзяўчынак, настаўніца К. Завусцінская). Летам 1906 года настаўнікі Літоўскі, Буляк, Кужалевіч вялі сярод сялян агітацыю, распаўсюджвалі лістоўкі і пракламацыі, якія заклікалі іх да барацьбы з царызмам і памешчыкамі. У пачатку XX ст. пабудавана драўляная царква.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Палонка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Навамышскай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.
З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Навамышскім раёне Баранавіцкай вобласці. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Перад вайной у вёсцы жыло 346 чалавек у 74 дварах[4]. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 7 верасня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія ў 1941 годзе загубілі 14 жыхароў. У ліпені 1944 года гітлераўцамі было спалена 33 дамоў, забіта 172 чалавекі[4]. На франтах вайны загінула 11 вяскоўцаў.
Да Палонкі ў пасляваенныя гады далучаны суседні хутар Прушынава. З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці, з 8 красавіка 1957 года ў Баранавіцкім раёне.
Інфраструктура
правіцьПрацуюць выканкам сельсавета, сядзіба саўгаса, рамонтна-механічныя с.-г. майстэрні, ветэрынарны ўчастак, Дом быту, клуб, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлеф. станцыя, лясніцтва, 4 магазіны.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе:
- 1830 — 98 муж., з іх шляхты 3, духоўнага саслоўя 4, мяшчан-іўдзеяў 55, мяшчан-хрысціян і сялян 33, жабракоў 2[5]
- 1886 — 20 двароў, 200 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- 1909 — 56 двароў, каля 500 жыхароў.
- 1921 — 55 дамоў 440 жыхароў.
- 1959 — 408 жыхароў.
- 1970 — 622 жыхары.
- 1998 — 155 двароў 782 жыхары,
- XXI стагоддзе:
- 2005 — 786 жыхароў, 305 гаспадарак.
Славутасці
правіць- Касцёл Маці Божай Шкаплернай
- Царква Святой Параскевы Пятніцы (1880-я)
- Могілкі яўрэйскія
- Брацкая магіла савецкіх воінаў.
- Магіла ахвяр фашызму.
- На будынку сельсавета ў 1983 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая ўшаноўвае памяць былога старшыні П. Г. Шчарбакова, загінуўшага ад рук бандытаў.
Страчаная спадчына
правіцьЗноскі
- ↑ а б https://web.archive.org/web/20210814164616/https://map.nca.by/
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ zviazda.by
- ↑ а б Полонка (руск.)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- Połonka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. — S. 726.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палонка (Баранавіцкі раён)
- Палонка на Radzima.org
- Фатаграфіі на «Глобусе Беларусі»
- Палонка, Руда-Яварская, Капці(недаступная спасылка) \\ Газета «Звязда»