Адкрыць галоўнае меню
Карта Ігуменскага павета Мінскай губерні (фрагмент карты Мінскай губерні), 1864 г.
Герб паўстанцаў: Польшча, ВКЛ і Украіна

Паўстанне 1863 года ў Ігуменскім павеце — вайсковыя дзеянні нацыянальна-рэвалюцыйных паўстанцкіх аддзелаў супраць расійскага панавання у Ігуменскім павеце. На той час ягоная тэрыторыя займала землі сучасных Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Бярэзінскага, Уздзенскага, часткі Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці.

Змест

Асноўныя падзеіПравіць

Самым моцным і баяздольным атрадам Мінскай губерні лічыўся Ігуменскі, які ўзначальваў Станіслаў Ляскоўскі (псеўданім Собэк). Ядро яго сфарміравалася яшчэ 17 красавіка 1863 годзе ў Багушэвiчах — маёнтку Свентаржэцкага. Адным з першых ў Багушэвічы прыбыў адстаўны штабс-ротмістр Гектар Карказовіч. У сельскім праўленні Свентаржэцкі сарваў са сцяны царскі партрэт, зачытаў «друкаваны маніфест, аб’явіў, каб не плаціць ніякіх падаткаў i не даваць рэкрута і што зямлю ён дорыць сялянам». Усе ж кнігі і паперы ў канцылярыі паўстанцы знішчылі. Адсюль паўстанцы адправіліся ў Ляды, злучыўшыся з Ляскоўскім, які па дарозе ў атрад, ледзь не трапіў у бяду, бо быў арыштаваны выпадкова сустрэтымі царскімі афіцэрамі, і давялося яго вызваляць. У Лядах Ляскоўскі аб’явіў сябе камандзірам. 3 паўстанцамі застаўся і камісар Свентаржэцкі, таму Ігуменскі атрад часта называлі таксама «партыяй Свентаржэцкага».

Шэрагі паўстанцаў хутка папаўняліся. У аколіцы Французская Грэбля на Пухавіччыне прымкнула група з Ігумена (каля 35 чалавек). Некалькі груп далучылася ў Суціне: з Мінска — пад кіраўніцтвам Ю. Сушчэвіча, у асноўным гімназісты, выйшлі 19 красавіка на зборны пункт у Лошыцы; са Слуцка вёў людзей настаўнік Л. Дамброўскі.[1]

Са шляхты Суціна ў атрад паўстанцаў пайшлі: Казімір Захарэвіч, 25 гадоў, Франц Корзюк, 25 гадоў, Антон Гарэцкі, 32 гады, Гіляры Татур, 19 гадоў (у іншым месцы Захарый), Франц Акаловіч, 17 гадоў, Іван Матус (Матусевіч ?)74.[2]

Атрад складаў з 150 чалавек, быў падзелены на групы — шосткі, па 6 чалавек, і плутоны — 5 шостак. Штаб складалі: Ляскоўскі — галоўны ваенны начальнік, Свентаржэцкі — ваенны камандзір, Мельхіёр Ваньковіч — касір, Альгерд Гансецкі — загадчык правіянту і Баляслаў Акуліч. Зрабілі ўмацаванні, што дазволіла доўгі час стрымліваць націск царскіх войскаў.[3]

Камандзір казацкай сотні 26 красавіка даносіў начальству

«…З гэтага боку Суціна я знайшоў мост раскіданым, і з бярвёнаў і маставой насцілкі складзена нешта накшталт рэданта, а на самым беразе рэчкі насыпаны вал, каб абстрэльваць вугал рэ­данта і ўвесь даволі глыбокі брод; наогул цяжка даступная балотная мясцовасць размяшчэннем маставых прыкрыццяў да таго ўмацавалася, што ўзяць яе адной пяхотай без значнай страты было немагчыма».

Менш паспяховай для паўстанцаў ста­ла сутычка пад Лядамі 29 красавіка, дзе карнікам удалося захапіць абоз iнсургентаў.[1]

У маі выступленні мяцежнікаў у Мінскай губерні дасягнулі найбольшага размаху. Царскія войскі паўсюдна праследавалі атрады паўстанцаў, якія накіроўваліся ў Ігуменскія лясы. Сярод іх быў штабс-капітан Мельхіёр Чыжык з сарака мяцежнікамі, якія засталіся з 200 чалавек пасля сутычкі з вайскоўцамі. Яму ўсё ж удалося выйсці з гэтай групай паплечнікаў у Ігуменскія лясы і праз некаторы час далучыцца да паўстанцаў на чале з Ляскоўскім.[4]

9 мая 1863 года адбыўся жорсткі бой за некалькі вёрст ад вёскі Юравічы. У рапарце камандзіра царскіх войскаў адзначана, што адшукаць паўстанцаў было надзвычай цяжка, бо Ляскоўскі «ўвёў у шайцы (так у дакументах называліся паўстанцы) парадак і дысцыпліну, строга караючы парушальнікаў, прывучыў паўстанцаў здымацца з пазіцыі за некалькі хвілін; займаючы ж для начлегаў заўсёды самыя непраходныя лясы, ён захоўвае найвялікшыя перасцярогі».

Рапарт камандуючага царскімі войскамі ў Ігуменскім павеце падпалкоўніка Чурскага непасрэдна пра бой у Юравічах, які трэба лічыць адной з галоўных аперацый 1863 года на Мiншчыне

«Камандуючы атрадам з 3 рот Вялікалуцкага палка і 50 казакоў маёр Грыгореў 10-га чысла гэтага мая данёс, што 9-га чысла а 3-яй гадзіне апоўдні ён дагнаў за 5 вёрст ад вёскі Юравічы шайку Свентаржэцкага, дзе мяцежнікі зрабілі завалы з тоўстых ссечаных дрэў, з-за якіх пры нападзе на iх біліся на смерць, кожны завал трэба было браць прыступам. Жорсткі бой працягваўся 2 гадзіны, пасля якога мя­цежнікі (іх, паводле меркавання маёра Грыгорева, было да 400 чалавек) кінуліся бегчы у розныя бакі. Атрад гнаўся за імі больш за 2 вярсты. Надыход вечара прымусіў спыніць праследаванне.

У гэтым дзеле забіта мяцежнікаў у саміх завалах 19, узята ў палон раненых 5, аб колькасці забітых і параненых пры праследаванні яшчэ невядома; з нашага боку забіты Вялікалуцкага палка падпаручнік Іваноў, ніжніх чыноў 9, цяжка па­раненых 23, з іх памерла 3, лёгка паране­ных 9, з іх 5 паступіла ўжо ва фронт, кантужаных 2, цяжка паранены казак 1 (памёр), кантужаны 1.

10-га чысла прывезена а 8-ай гадзіне вечара ніжніх чыноў 23; з іх 1 памер.

11-га чысла з’явіліся да мяне трое па­раненых інсургентаў з партыі Свентаржэцкага, што разам з ім уцяклі, і потым, бо не маглі за ім ісці, адпушчаны Ляскоўскім, якія паказваюць, што ў партыі іх у часе бою было 120 чалавек. Пасля ж спынення бою іх сабралася 30 чалавек, начавалі вёрстах у трох ад месца бітвы і назаўтра накіраваліся на Раванічы…».

Гэты дакумент сведчыць пра мужнасць і баявое майстэрства паўстан­цаў Ляскоўскага, пра даволі вялікія стра­ты царскіх войскаў, і дае падставу лічыць, што не шмат інсургентаў удзельнічала ў баі. Забітыя паўстанцы і салдаты былі пахаваны ў Юравічах.[1]

Пасля Юравіцкай бітвы Б. Свентаржэцкі перадаў камандаванне С. Ляскоўскаму і з’ехаў за мяжу.[5]

23 мая 1863 года больш як 40 паўстанцаў уварваліся ў Багушэвічы і павесілі на перакладзіне варот уласнага дома мясцовага свяшчэнніка Данілу Канапасевіча. Называецца некалькі прычын гэтага жорсткага ўчынку. Адна з іх — за тое, што «парваў адозву рэвалюцыйнага камітэта, у якой была абяцана сялянам зямля, калі яны далучацца да мяцяжу». Перад гэтым ён знайшоў на сваім стале запіску мяцежнікаў такога зместу: «Отец Конапасевич! Твои укоры слишком жестоки, и потому будь уверен, что ты останешься жить только тогда, когда ни одного из нас не останется в живых».

Ёсць і такія звесткі: «Повешен повстанцами за агитацию крестьян помогать войскам в поимке повстанцев и жестокое обращение с пленными повстанцами».

Працуючы над раманам «Каласы пад сярпом тваім», Уладзімір Караткевіч адшукаў у архівах наступнае: «…У 20 вёрстах ад Ігумена, ля вёскі Юравічы, … былі захоплены палонныя. Пачалася расправа. Адзін з параненых паўстанцаў прасіў піць, і тады поп Канапасевіч, грунтуючыся, відаць, на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску. Пазней гэтага папа паўстанцы павесілі на перакладзіне ўласных варот, чым далі афіцыйнай прэсе падставу крычаць аб злачынствах.»[4]

Пра перамяшчэнні паўстанцаў сведчыць рапарт ігуменскага павятовага спраўніка ад 25 мая 1863 года

«Сегодня, т.е. 25 мая, получен мною рапарт Якшицкага тысячскага следующего содержания: 24 числа мая месяца шайка мятежников в три часа по полудню в одной версте от д. Якшицы перешли большую дорогу и направились на казённую д. Каменичи, о чем донёс Вашему Превосходительству, послал лист присовокупив, что об этом мною сообщено и Вашему начальнику, подполковнику Бурскаму.

Уездный исправник майор (Костров)»

Поспехі атрада Ляскоўскага прыцягвалі ў яго шэрагі новых валанцёраў. У канцы мая свежую групу, сфарміраваную ў Мінску, прывёў Ваньковіч-Леліва. Па некаторых звестках, праз некалькі дзён той жа ўвішны Леліва з’явіўся ў атрад з новымі людзьмі з горада.

Сітуацыя ў Мінскай губерні, у першую чаргу на Ігуменшчыне, хвалявала галоўнага душыцеля паўстання генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва, які з Вільні кіраваў усімі аперацыямі. У другой палове мая ён прызначае ў Мінск часовым ваенным губернатарам з вялікімі паўнамоцтвамі генерала Забалоцкага. Аб звярынай лютасці апошняга пісаў у свой час А. І. Герцэн. Камандаваць войскамі ў Ігуменскім павеце замест падпалкоўніка Чурскага даручылі вопытнаму генералу Русінаву.

У канцы мая атрад Ляскоўскага з 200 паўстанцаў знаходзіўся ў Ба­гушэўскай і суседніх пушчах, пераходзячы часам за Бярэзіну ў Барысаўскі павет. Улады сцягнулі сюды  12 стралковых рот, пад каманду гене­рала Русінава, амаль усе войскі, што былі ў Мінскай губерні. Кола замкнулася ў Багушэўскай пушчы. Як успамінае сучаснік, вырвацца з акружэння дапамог селянін, якога ўзялі ў якасці правадніка. Падзяліўшыся на некалькі дроб­ных груп, паўстанцы удала выйшлі з-пад удару царскіх салдат.

Журнал баявых дзеянняў з 27 мая да 18 чэрвеня

«9-га а 6-ай гадзіне раніцы пачаўся канцэнтрычны рух у пушчу, дзесяццю ротамі, з Раванічаў, Дубаўручча, Юравічаў, Мiкулічаў. На працягу 14 гадзін няспыннай і стамляльнай хады абшукана большая частка лесу. Шмат было слядоў, сустракаліся пакінутыя бівакі, трапляліся нават незатушаныя вогнішчы з яснымі прыкметамі нядаўняга знаходжання мяцежнікаў, але шайкі не адкрыта».

Частка паўстанцаў на чале з Ляскоўскім пры выхадзе з акружэння наткнулася на атрад царскіх салдат пад камандай падпалкоўніка Жукава. 13 чэрвеня адбыўся бой у гу­стым лесе каля фальварка Лочын. Страты паўстанцаў склалі: 4 забітыя, 1 паранены і 18 палонных. Пасля бою затрымана яшчэ 10 інсургентаў, у тым ліку Гектар Карказовіч.[1]

Паводле Прадпісання мінскага ваеннага губернатара Забалоцкага, каля 40  палонных «из шайки Свенторжецкого и Коркозевича» 22 чэрвеня 1863 года павінны быць прыведзены з Ігумена ў Мінск для расследавання і прыняцця адпаведных мер.

Паводле гістарычных сведчанняў, уладам тады здавалася, што ўсё скончана.[4]

Журнал баявых дзеянняў па Мінскай гу­берні з 18 чэрвеня да 1 ліпеня адзначалася

«Няспынныя рухі атрадаў, зробленыя ў першай палове чэрвеня, мелі вышкам калі не канчатковае знішчэнне, то поўнае рассе­янне шаек Свентаржэцкага, Карказовіча (узятага пасля бою 13 чэрвеня ў палон) і Ляскоўскага… Некаторыя з мяцежнікаў праз адну адсутнасць ежы ўжо дабравольна аддаліся войскам і сялянам для прадстаўлення іх мясцоваму начальству. Так зрабіў адзін з прадвадзіцеляў Гектар Кар­казовіч…

Ды і сам Баляслаў Свентаржэцкі, як відаць з апошніх вельмі верагодных паказанняў аднаго селяніна, што размаўляў з ім, даведзены да такога становішча, пры якім думка аб самагубстве не раз мусіла западаць яму ў галаву. Што ж да Ляскоў­скага, то ён нібы знік з выбранай ім для сваёй злачыннай дзейнасці арэны».

Адносна Свентаржэцкага царскі дакумент не памыляўся: ён такі не вытрымаў цяжкасцей партызанскай вайны і адразу пасля апісаных падзей уцёк за мяжу. Але ва ўсім астатнім спадзяванні ўлад былі марныя. Заставаліся яшчэ Ляскоўскі, Трусаў, некалькі дзесяткаў загартаваных у баях і паходах байцоў. Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і 23 ліпеня, паблізу вёскі Валадута, людзі Ляскоўскага захапілі ў палон царскага генерала Грунта — начальніка 3-яй рэзервовай дывізіі. Ён быў адпушчаны пад слова гонару, што не стане ваяваць з інсургентамі.[1]

15 верасня 1863 г. ваенны начальнік Ігуменскага павета генерал-маёр Русінаў даносіць мінскаму ваеннаму губернатару пра аколіцы і вёскі Ігуменскага павета, што прымалі ўдзел у паўстанні. Першы населены пункт у гэтым спісе — аколіца Суцін. «Чрез околицу Суцин неоднократно проходили мятежницкие шайки в апреле и мае месяцах, и при таковых переходах пользовались продовольствием от местных жителей. Из Сутина гораздо более, чем из других околиц, присоединилось шляхты к шайкам». Ігуменскі ваенны начальнік прапануе выселіць 7 сем’яў з Суціна ў Сібір.[6]

7 кастрычніка 1863 года Мураўёў незадаволена пісаў губернатару Забалоцкаму

«Бачачы з рапарту вашага правасхадзіцельства ад 3 кастрычніка за № 2192, што мяцежнікі яшчэ знаходзяць прыстанак у некаторых паветах Мінскай губерні, а асабліва ў Ігуменскім, прашу зрабіць строгую заўвагу генералу Русінаву і прадпісаць яму абавязкова знішчыць гэтыя шайкі, прычым, ці не знойдзеце патрэбным прызначыць іншага ваеннага начальніка Ігуменскага павета на месца генерала Русінава. Прашу ваша правасхадзіцельства прыняць рашучыя захады, каб спыніць мяцежнікам усе сродкі харчавання і ўжываць сельскую варту для канчатковага ачышчэння паветаў ад гэтых валацуг».[4]

На пачатку лістапада 1863 года магілёўскі губернатар Беклямішаў атрымаў звесткі, што атрад Ляскоўскага хаваецца ў лясах за 30 вёрст ад межаў Магілёўскай губерні. 12 лістапада ён заклапочана пісаў Мураўёву, што

«існаванне гэтай шайкі… тым небяспечней, што пры пэўных акалічнасцях яна можа паслужыць ядром для больш значнай банды і выклікаць новыя беспарадкі на мяжы Магілёўскай губерні, чаму спрыяе і мясцовасць, пакрытая лясамі і балотамі» [7]

Па загаду Мураўёва супраць паўстанцаў зноў накіраваліся войскі з боку Мінска і Магілёва. У няспынных баях сілы паўстанцаў паступова слабелі. Як сведчаць паказанні штабс-капітана Мельхіёра Чыжыка, які пакінуў атрад Ляскоўскага і Трусава ў канцы кастрычніка 1863 года, у ім заставалася ўсяго 75 байцоў.

Бачачы бязвыхаднасць далейшай барацьбы, Станіслаў Ляскоўскі ў снежні 1863 года распусціў Ігуменскі паўстанскі атрад.

5 мая 1864 г. ваенны начальнік Ігуменскага павета генерал-маёр Русінаў даносіць у рапарце мінскаму генерал-губернатару што патрабуе значна большага пакарання для Суціна: выселіць усе 42 шляхецкія сям’і (адна, 43-я сям’я, можа быць пакінута на месцы, бо перайшла ў праваслаўе) і 17 сем’яў суцінскіх яўрэяў. Бо яўрэі суцінскія «сильно подозреваются в способствовании мятежникам, как в доставлении продовольствия, так и в передаче разных сведений, к чему по врождённому им корыстолюбию отказать не могут».  «Все они находятся между собой в тесном родстве и дружбе. Жители оной околицы показали крайнее упорство в зловредных действиях против правительства, до этого времени я удерживался от выселения оной только вследствии обширности околицы Суцін. В ней 43 двора с 284 душами обоего пола. Теперь же я убеждён, что выселить всю сутинскую шляхту тем более необходимо, что следить за Суціном нет возможности, так как околица расположена на острове, окруженном глубокими болотами, прекращающими сообщение не только с окрестными местностями, но и между отдельными домами самой околицы».[6]

Асобныя паўстанцы трымаліся ў мінскіх лясах, напрыклад, Васіль Канапацкі, які распачынаў паўстанне разам з Антонам Трусавым 19 красавіка 1863 года, здаўся ўладам толькі ў кастрычніку 1866 года.[4]

Вынікі і наступствыПравіць

Пасля падаўлення паўстання з яго ўдзельнікамі жорстка расправіліся. Тых, хто здаўся ўладам, саслалі ў Сібір. Сярод іх — усіх жыхароў вёскі Валадута, а таксама сялян, дробную шляхту іншых вёсак і ваколіц Ігуменшчыны. Паводле афіцыйных дакументаў, часовы ваенны губернатар Мінскай губерні прадпісваў начальніку Ігуменскага павета неадкладна выслаць з Суціна ў Томскую губерню «22 двора менее благонадёжных… Имущество переселяемых продать, кроме домов и сельских снарядов, которые поступят тем, которые будут поселены на их местах… Об остальных же донести, если признано будет вредным оставить их на настоящем месте жительства».

Баляслаў Свентаржэцкі, не вытрымаўшы цяжкасцей мяцежнай вайны, уцёк за мяжу. Жыў у Францыі. Пэўны час быў у кіруючых органах польскай эміграцыі. Скончыў ваенную акадэмію, прымаў удзел у франка-прускай вайне 1870—1871 гадоў. У 1888 годзе ў Вільні скончыў жыццё самагубствам.

Па спецыяльнаму загаду Мураўёва маёнтак Свентаржэцкіх у Багушэвічах быў спалены, а месца, дзе ён знаходзіўся, зруйнавана. Паводле звестак, на якія спасылаецца краязнаўца Андрэй Цісецкі, камандзір Ігуменскага атрада мяцежнікаў Станіслаў Ляскоўскі пасля таго, як у снежні 1863 года распусціў сваіх паплечнікаў, некаторы час жыў у зямлянцы непадалёку Ігумена. Сюды яму раз на тыдзень прыносілі ежу. Затым праз Пецярбург па падробленаму пашпарту выехаў за мяжу. Жыў у Францыі і Бельгіі.

Уцёкшыя за мяжу паўстанцы, у тым ліку Станіслаў Ляскоўскі, Антон Трусаў і іншыя, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Баніфацый Крупскі, уладальнік паселішча Мар’іна Горка, расійскія ўлады канфіскавалі яго маёмасць, а самога выслалі ў Сібір. За верную службу «царю и отечеству» Мар'іну Горку перадалі царскаму чыноўніку Макаву.

Антон Трусаў жыў у Парыжы і Жэневе, супрацоўнічаў у рускім часопісе «Народное дело», з’яўляўся адным з заснавальнікаў рускай секцыі першага Інтэрнацыяналу. Яго ведалі К.Маркс і А.Герцэн. Ад анархісцкай арганізацыі да рускай секцыі Інтэрнацыяналу — такая эвалюцыя палітычнага погляду Трусава за мяжой. Цяжка хворы, ён 19 мая 1884 года вярнуўся ў Мінск і жыў пад наглядам паліцыі. Мяркуюць, што памёр у 1886 годзе.

Былога доктара з Ігумена, а ў 1863 годзе паўстанцкага грамадзянскага начальніка Ігуменскага павету Францішка Навіцкага саслалі на катаргу.

Мельхіёр Чыжык, займеўшы падроблены пашпарт, збіраўся выехаць за мяжу. Накіраваўшыся ў Пецярбург, ён завітаў у Ельню да сябра і там заявіў аб сабе мясцовай паліцыі. Ваенны суд прыгаварыў Чыжыка да пакарання смерцю, але палявы аўдытарыят замяніў гэты прысуд катаргай у рудніках на 20 гадоў. Адбываў ён пакаранне ў Забайкальскай вобласці ў турме, дзе ўтрымліваліся ад 398 да 567 сасланых ўдзельнікаў паўстання. За Чыжыкам паследавала і яго нарачоная панна Гедройц, дзе на далёкай поўначы яны пабраліся шлюбам.

Пісьменнік Уладзіслав Вейсенгоф з Русаковіч, бацька вядомага жывапісца Генрыка Вейсенгофа быў сасланы ў Сібір. Маці Генрыха, з дзецьмі з'ехала ўслед за мужам у ссылку.

За ўдзел ў паўстанні 1863 года уладальніка маёнтка Блонь, царскія ўлады канфіскавалі і перадалі яго ва ўладанне чыноўніку Бонч-Асмалоўскаму, сапраўднаму стацкаму саветніку, члену Губернскай Прысутнасці па сялянскіх справах.

Шляхце за ўдзел у паўстанні забаранялася збірацца разам па некалькі чалавек, нават на сямейныя святы. [8]

КасцёлПравіць

 
Царква Святога Ільі, былы Дукорскі касцёл

Былі звольнены са службы чыноўнікі-католікі. На іх месца прывезлі з Расіі служачых, якім аддалі канфіскаваныя маёнткі.

Асобы рымска-каталіцкага святарства, сасланыя ў адміністрацыйным парадку, як правіла, накіроўваліся ў Заходнюю Сібір. У параўнанні са свецкімі іх каралі больш сурова. У прыватнасці, маглі прысуджаць да катаргі за малазначныя ўчынкі — чытанне маніфестаў, пракламацый і адозваў, захаванне патрыятычнай літаратуры.

Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі Дукорскі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.

Справа айца Даніл КанапасевічПравіць

У сярэдзіне чэрвеня 1863 г. былі пайманы ўдзелінікі  смяротнага пакарання айца Даніла Канапасевіча: шляхцічы Альбін Цяльшэўскі, Уладзіслаў Баратынскі, Баляслаў Акуліч, а таксама Якаў Саковіч і Аляксандр Падалецкі. Іх судзіў ваенна-палявы суд 119-га Каломенскага пяхотнага палка. Цяльшэўскі на судзе сцвярждаў, што вымушаны быў прыняць удзел у забойстве пад пагрозай смерці з боку Ляскоўскага, што прыехаў у вёску, калі Канапасевіч ужо быў пайманы, хаця сам прывёў «паляўнічых» да яго хаты, а таксама заявіў, што адной з галоўных прычын забойства было тое, што айцец Даніл быццам бы жорстка абыйшоўся з нейкім «раненым Рудзінскім». Пры гэтым ніякіях падрабязнасцей у чым менавіта гэта выражалася, ён не ўказаў. Іншыя арыштаваныя не падзцвердзілі словы Цяльшэўскага.

Цяльшэўскага, Акуліча, Саковіч, Падалецкага суд прыгаварыў да растрэлу, Баратынскага — да 20 гадоў катаргі. Цяльшэўскаму, Саковічу і Падалецкаму растрэл быў заменены павешаннем. Яны былі павешаны публічна ў Багушэвічах на двары былого маёнска Свянтаржэцкага.[9]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748, [1] с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  2. НГАБ, ф.295, воп.1, спр.1522, арк.17
  3. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. — М., 1965. — С. 428.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 http://www.cherven.by/?p=37542
  5. http://talka.info/?page_id=260
  6. 6,0 6,1 (НГАБ, ф.295, воп.1, спр.1522) 
  7. Кісялёў, Г. В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне / Г. В. Кісялёў. — Мн., 1990.
  8. http://www.cherven.by/?p=37661
  9.  НИАБ Ф. 296. Оп. 1. Д. 56. Л. 6-6 об.

ЛітаратураПравіць

  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748, [1] с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
  • Кісялёў, Г. В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне / Г. В. Кісялёў. — Мн., 1990.

СпасылкіПравіць