Адкрыць галоўнае меню
Усходняя Ява
індан.: Jawa Timur
Coat of arms of East Java.svg
Дэвіз: Jer Basuki Mawa Béya (Поспех патрабуе ахвярнасці)
East Java in Indonesia.svg
Сталіца Сурабая
Губернатар
Плошча 47 799.75 км²
Насельніцтва 39 293 000 (2017)
Народы яванцы (80 %), мадурцы (18 %), кітайцы (2 %)
Рэлігія Іслам (96.36 %), хрысціянства (2.4 %)
Мовы інданезійская мова, мадурская мова, яванская мова
Часавы пояс UTC+7
Сайт Афіцыйная старонка


Усходняя Ява (індан.: Jawa Timur) — інданезійская правінцыя, якая месціцца на ўсходзе вострава Ява, востраве Мадура і шэрагу іншых суседніх астравоў. Плошча - 47 799,75 км². Насельніцтва (2017 г.) - 39 293 000 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Сурабая.

Змест

ГісторыяПравіць

У выніку кансэнсуса паміж каланіяльнымі галандскімі ўладамі і прыхільнікамі абвешчанай у 1945 г. незалежнай Інданезіі было вырашана, што дзяржава будзе развівацца як федэрацыя. У гэтай сувязі ў 1948 г. былі сфарміраваны штаты Усходняя Ява і Мадура. Аднак у 1950 г. перавагу атрымалі прыхільнікі ўнітарнай інданезійскай рэспублікі. 25 лютага 1950 г. штат Усходняя Ява абвясціў аб сваёй ліквідацыі як асобнага дзяржаўнага фарміравання і далучэнні да адзінай дзяржавы. 7 сакавіка 1950 г. тое ж самае зрабіў штат Мадура. На іх месцы ўзнікла правінцыя Усходняя Ява з цэнтрам у горадзе Сурабая.

ГеаграфіяПравіць

Правінцыя Усходняя Ява ўключае усход вострава Ява, востраў Мадура, шэраг драбнейшых астравоў Бавеян, Кангеан, Масалембу і інш. Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. На тэрыторыі Усходняй Явы месцяцца актыўныя вулканы Брома (2329 м) і Семеру (3676 м).

Клімат правінцыі вызначаны блізкасцю да экватара і ўздзеяннем сезонных мусонаў. Ён больш засушлівы, чым заходняя частка Явы. На востраве Мадура пераважае расліннасць саваннага тыпу. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае каля 1900 мм у год, але большасць з іх выпадаюць на сезон мусонаў (каля 100 дзён). Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +19°C да +34°C. Тэмпературны рэжым залежыць ад вышыні паверхні. Так, у горных раёнах Семеру тэмпература можа апускацца да -4°C.

Асаблівасці культурыПравіць

Тэрыторыя правінцыі Усходняя Ява — старажытнае месца рассялення людзей. Тут знойдзены рэшткі пітэкантрапаў. Відавочна, людзі сучаснага тыпу з'явіліся ў познім палеаліце. Узгадкі пра дзяржаўныя фарміраванні датуюцца 760 г. н. э. Большасць сучасных жыхароў — яванцы. На востраве Мадура жывуць мадурцы. Яванская і мадурская мовы выкарыстоўваюцца на рэгіянальным узроўні на роўні з інданезійскай, якая мае афіцыйны статус. Сярод нацыянальных меньшасцяў вылучаюцца тэнгеры, бавеянцы, кангеанцы. Усе яны — аўстранезійцы. У буйных гарадах таксама сустракаюцца прадстаўнікі кітайскай абшчыны.

Найбольш распаўсюджаная рэлігіяіслам (96,36 %). Другая па ліку рэлігійная група — хрысціяне. Тэнгеры і частка яванцаў спавядаюць індуізм. Сінкрэтызм характэрны для абанган.

На тэрыторыі правінцыі працуе каля 14 універсітэтаў і іншых устаноў вышэйшай адукацыі.

ЭканомікаПравіць

Усходняя Ява з'яўляецца адным з найбольш развітых эканамічных рэгіёнаў Інданезіі. Прамысловасць прадстаўлена такімі галінамі, як здабываючая, лёгкая, харчовая, фармакалагічная, хімічная. На тэрыторыі правінцыі здабываюць прыродны газ, нафту, вугаль, серу і інш. Важныя прадукты прамысловай вытворчасці: пластмасы, гума, цыгарэты, вопратка, харчовы алей і г. д.

Сельская гаспадарка — традыцыйная галіна. Дзякуючы кліматычным асаблівасцям і ўрадлівым глебам ва Усходняй Яве вырошчваюць самыя разнастайныя харчовыя і тэхнічныя культуры: рыс, гародніну, садавіну, бавоўну, тунг, алейныя пальмы. У горных раёнах і на востраве Мадура развіта жывёлагадоўля, пераважна трымаюць кароў. Да сельскай гаспадаркі адносяць рыбалоўства. У 2016 г. здабыта 407 649 т. рыбы.

Сурабая, адміністрацыйны цэнтр правінцыі, — важны транспартны і фінансавы цэнтр Інданезіі.

ГалерэяПравіць

СпасылкіПравіць