Пярэселка (жылы раён)
Пярэселка – жылы раён у Ленінскім раёне Гродна. Размешчаны ў заходняй частцы горада на месцы вёскі Пярэселка. Абмежаваны вуліцамі Вясенняя, Болдзіна, Максіма Горкага, Каліноўскага, Серафімовіча, Новая, Нёманская, бульварам Ленінскага камсамола (БЛК). Падзяляецца на мікрараёны «Пярэселка-3», «Пярэселка-4» і частку з прыватнай забудовай. Ні «Пярэселкі-1», ні «Пярэселкі-2» няма[1]. Магчыма, такія назвы планаваліся для мікрараёнаў каля будучага працягу праспекта Будаўнікоў.
Пярэселка | |
---|---|
53°41′09″ пн. ш. 23°48′54″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Адміністрацыйны раён горада | Ленінскі раён |
Год уключэння ў межы горада | 1957 |
Плошча | 2,08 км² |
Тэлефонныя коды | 8-0152 |
Мяжуе з раёнам Фарты, стадыёнам «Нёман», тэрыторыяй СДЮШАР па футболе СУ ГФК «Нёман», зялёнай зонай на вуліцы Рыбацкая.
Уздоўж вуліцы Падпярэселка працякае рака Падпярэселка (іншая назва – Літоўскі ручай[2]) – прыток Нёмана. Частка ўздоўж вуліцы Горкага і даліны ракі адметная перападамі рэльефа.
Забудова
правіць«Пярэселка-3» і «Пярэселка-4» забудаваныя савецкімі панэльнымі шматпавярховікамі. Частку шматпавярховікаў займаюць інтэрнаты ГрДМУ і іншых навучальных устаноў і прадпрыемстваў. «Пярэселка-3» забудоўвалася ў другой пал. 1970-х – пач. 1980-х гадоў, аўтары – архітэктар Васіль Бажко, Уладзімір Праабражэнскі і іншыя, ГАП Клепікаў. Мікрараён раздзелены ўнутранай алеяй. Вуліца Болдзіна забудаваная 5–9-павярховымі дамамі так званай чэшскай планіроўкі. Праект «Пярэселкі-4» у 1967 годзе стварала архітэктарка Людміла Вільчко.
Некаторыя 9-павярховыя дамы на тарцах упрыгожаны маштабнымі пано: алімпійскім Мішкам (схавана за слоем ацяпляльніка і дакладна адноўлена), надпісам-рэкламай «Госстрах». Дзіцячы сад № 62 упрыгожаны мазаічным пано.
Перыметр вуліцы Горкага забудаваны групамі 5–12-павярховых жылых дамоў з убудаванымі і прыбудаванымі двухпавярховымі прадпрыемствамі абслугоўвання і гандлю (архітэктары В. Давыдзёнак, М. Жучко, В. Клепікаў, I. Мазнічка, М. Чуйко). Чатыры высоткі збудаваныя ў 2010−2012 гадах на Каліноўскага. Астатнюю частку раёна складае прыватная забудова былой вёскі Пярэселка, прарэзаная сеткай дробных вуліц і завулкаў.
На вуліцы Камунальная знаходяцца будынкі былога мясакамбіната, спадкаемцы гарадской рэзні пачатку ХХ ст.[3] Самы стары будынак – вялікі склад 1912 года пабудовы, большасць будынкаў – савецкага часу. У 1970-х мясакамбінат пераехаў, і былая прамзона не выкарыстоўваецца па прызначэнні. У 2023 годзе тэрыторыю прадалі пад забудову таўнхаусамі.[4]
Назва і гісторыя
правіцьНазва раёна паходзіць ад назвы былой вёскі Пярэселка, якая размяшчалася ад сучаснага БЛК да вуліцы Каліноўскага і Літоўскага ручая. Назва вёскі паводле адной з версій паходзіць ад слова «перасяляцца»: быццам калісьці пан перасяліў туды частку жыхароў вёскі Пышкі, якая раней была па абодва бакі Нёмана.[5]
У вёсцы Пярэселка было больш за 50 дамоў. Афіцыйна была ўключана ў рысу горада ў 1957 годзе.
У 1970-я дамы вёскі сталі зносіць на карысць гарадской забудове. На канец 1980-х застаўся толькі адзін дом на аднайменнай вуліцы Пярэселка.[6] Могілкі былой вёскі знаходзяцца ва ўрочышчы Пышкі, у глыбіні лесу. Былыя вясковыя жыхары стараюцца іх даглядаць.[7]
Паводле «народнага раянавання» Гродна ў 1960–1980-я гады, раён складаўся з Падпярэселкі (рова ад Нёмана да вуліцы Каліноўскага і ўздоўж вуліцы Горкага) і вёскі Пярэселка. Падпярэселка была забудавана пераважна ў 1940–1950-х гадах, хаця хапала і даваеннай забудовы. Было шмат моладзі, таму да пачатку 1980-х гадоў раён меў славу аднаго з найбольш небяспечных.[8]
Асноўныя вуліцы
правіць- бульвар Ленінскага камсамола (БЛК);
- Максіма Горкага;
- Вясенняя;
- Болдзіна;
- Каліноўскага;
- праспект Будаўнікоў;
- Паўлава;
- Падпярэселка;
- Серафімовіча;
- Камунальная.
Інфраструктура
правіцьМедыцына
правіць- Гарадская стаматалагічная паліклініка №1;
- Дзіцячая стаматалагічная паліклініка.
Навучальныя ўстановы
правіць- Каледж бытавога абслугоўвання;
- Гродзенская спецыяльная школа-інтэрнат № 2;
- пачатковая школа № 1;
- гімназія № 2;
- СШ № 23;
- СШ № 16. Пры школе знаходзіцца мінералагічны музей «Карат»;
- дзіцячыя сады №№ 60, 85;
- яслі-сады №№ 34, 45, 56, 62, 67.
Гандаль і паслугі
правіцьНа БЛК знаходзіцца мінірынак «Фарты». Побач, на БЛК, 44, размешчаны будынак з былым ЗАГСам Ленінскага раёна (закрыты ў 2023 годзе)[9], прадуктовай крамай «Санта», установамі гандлю і абслугоўвання насельніцтва.
На Горкага, 72 размешчаны Дом навукі і тэхнікі (1982 год, архітэктары В. Бажко, У. Праабражэнскі).
На рагу Горкага і Каліноўскага стаіць 8-павярховая гасцініца «Беларусь» (1968 год, архітэктар Л. Вільчко) з рэстаранам. З 2018 года закрыта на мадэрнізацыю.[10]
Цікавыя факты
правіцьПраспект Будаўнікоў – самы кароткі праспект Гродна, усяго 420 м. Існавалі планы на яго працяг у бок вуліцы Вясенняй і Новага моста. Ён мусіў стаць часткай «Паўночна-Заходняга» кола вакол Гродна. Таму Новы мост спачатку назвалі «Мост Будаўнікоў». Але кола так і не сфармавался, назва моста не прыжылася.[11]
Падчас запланаванага будаўніцтва новага мікрараёна «Залаты» (першапачаткова «Вясенні»), праспект Будаўнікоў усё ж плануюць працягнуць і злучыць з Новым мостам.
Новы мікрараён шматпавярховых дамоў (ад 4 да 19 паверхаў) на тэрыторыі сучаснай Пярэселкі плануюць збудаваць у межах вуліц Вясенняя, Каліноўскага, Санфіравай, Паркавая ў планіровачным раёне «Пярэселка». Яго агульная плошча складзе 47,45 га. Прыватныя дамы ў гэтай частцы знясуць. Мікрараён плануецца паводле прынцыпу «двароў без машын», з паркоўкамі за іх перыметрам. Першапачатковы план забудовы з’явіўся вясной 2021 года, пасля карэктаваўся.[12]
Каля дома па Санфіровіча, 4 захаваўся жалезны крыж, пастаўлены замест драўлянага крыжа на раздарожжы ў былой вёсцы Пярэселка. Мясцовыя жыхары збіраліся каля яго на маёвыя набажэнствы ў гонар Маці Божай.[6]
На доме № 27 па праспекце Будаўнікоў вісіць мемарыяльная шыльда ў гонар гісторыка, археолага Міхася Ткачова, які там жыў.[1]
На праспекце Будаўнікоў здымалі частку фільма «Белыя Росы».[13]
Зноскі
правіць- ↑ а б Вандроўка па раёне зніклай вёскі, ад якой застаўся адзін дом (руск.). Зелёный портал. Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Віртуальны шпацыр па Гродне: Літоўскі ручай . Hrodna.life (25 красавіка 2020). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Забытая прамысловая спадчына Гродна: рэзня на Камунальнай . Hrodna.life (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Бывший мясокомбинат в центре Гродно наконец продали. Там построят таунхаусы (руск.) . Hrodna.life - русская версия (28 жніўня 2023). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Успаміны гродзенцаў: жыхар Пярэселкі - пра гісторыю вёскі, акупацыю і яўрэяў, якія дапамаглі з працай . Hrodna.life (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ а б Апошнія маёвыя. Гродзенка з Пярэселкі пра традыцыю, што сыходзіць разам з вёскай (руск.) . Hrodna.life - русская версия (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ "Мы ўвайшлі ў горад са сваімі традыцыямі". Жыхар Пярэселкі правёў экскурсію па сваім раёне . Hrodna.life (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ У Гродне стварылі карту "народнага" раянавання горада . Hrodna.life (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ ЗАГС на БЛК закрыюць, а маладажонаў пачнуць распісваць у Доме Тызенгаўза . Hrodna.life (24 жніўня 2023). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Гасцініцу "Беларусь" зноў паабяцалі хутка адкрыць. Што будзе з рэстаранам? . Hrodna.life (15 снежня 2022). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Драўляны вайсковы масток, штучная выспа і мотакрос: гісторыя Новага моста, які ўзяліся рамантаваць упершыню за паўстагоддзя (руск.) . Hrodna.life - русская версия (14 лютага 2024). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Якім будзе новы мікрараён Вясенні на 6 тыс. жыхароў: лічбы, рэндэры, планы . Hrodna.life (29 верасня 2022). Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ На месте съемок фильма "Белые Росы" установили фигуры героев известной кинокартины (руск.) . www.belta.by (27 мая 2018). Праверана 14 лютага 2024.