Сядзіба Незабытоўскіх (Вялікая Сваротва)

Сядзіба Незабытоўскіх — колішні палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна.

Славутасць
Сядзіба Незабытоўскіх
Палац Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве на малюнку Напалеона Орды
Палац Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве на малюнку Напалеона Орды
53°22′21″ пн. ш. 25°46′46″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль ампір
Заснавальнік Якуб Незабытоўскі[d]
Дата пабудовы XIX ст.
Дата скасавання XX стагоддзе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Паводле асобных крыніц, сядзіба ў XVIII ст. належала Юдзіцкім, старадаўняму беларускаму роду, які яшчэ ў другой палове XVI ст. атрымаў ад караля Жыгімонта ІІ Аўгуста вялікія надзелы зямлі ў Менскім ваяводстве і асеў там назаўжды.

У 1765 г. Антон Юдзіцкі, сын Міхаіла, кашталяна менскага, які не меў уласных нашчадкаў, запісаў Сваротву Барбары, адной са сваіх сясцёр, якая была замужам за Казімірам Тызенгаўзам. Але другая сястра Антона, Марыяна, жонка Крыстафора Пузыны, выказала нязгоду, і ў выніку разладу маёнтак быў распрададзены.

 
Сядзіба на аэрафотаздымку часоў Першай сусветнай вайны

У пачатку XIX ст. уладальнікам Сваротвы стаў род Незабытоўскіх, спачатку сын Якуб, жанаты з Францішкай Кунцэвіч, затым іх сын Стафан, маршалак гродзенскі. Ад Стафана двор адыходзіць да яго дачкі Марыі, замужняй за графам Родрыкам Патоцкім, якая запісала сядзібу свайму ўнуку Уладзіславу. Уладзіслаў Патоцкі быў апошнім уладальнікам Сваротвы да 1939 г.

 
Згарэлы палац у пачатку XX стагоддзя

У свой час Якуб Незабытоўскі ўзвёў у Сваротве вельмі прыгожую рэзідэнцыю. У 1917 г. палац быў спалены і з таго часу не змог адбудавацца.

Архітэктура

правіць

Палацава-паркавы ансамбль уключаў палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, парк з элементамі рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі, аранжарэю, альтанкі, каналы, масткі і інш.

Цэнтральная частка ансамбля — двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны палац, выкананы ў стылі ампір. Будынак быў накрыты вальмавым дахам, над якім узвышаўся прамавугольны ў плане бельведэр (пляцоўка зверху будынка для агляду наваколля). Сцены першага паверха былі аздоблены рустам, цэнтральную частку галоўнага фасада вылучаў неглыбокі рызаліт з параднай лесвіцай і парталам увахода, завершаным плоскім сандрыкам. Паводле акварэлі Напалеона Орды, справа ад палаца размяшчаўся мураваны двухпавярховы прамавугольны ў плане флігель пад вальмавым дахам.

 
Рэшткі лядоўні

Паміж палацам, флігелем і аранжарэяй месціўся адкрыты вялікі газон. З астатніх трох бакоў усе будынкі рэзідэнцыі ахінаў вялікі пейзажны парк, рэшткі якога захаваліся да сённяшняга часу.

Захавалася двухузроўневая галубятня, размешчаная ў паўночнай частцы комплексу, падмуркі і сцены палаца, падмуркі і сцены гаспадарчых пабудоў. У паўночна-заходняй частцы парку каля падмурка капліцы знаходзіцца пахаванне нямецкіх салдатаў 1915 года.

У сядзібу з боку Малой Сваротвы вядзе доўгая алея з дуба чарэшчатага.

Плошча парку — 7 га. Вышыня над узроўнем мора — 190—200 м з паніжэннем з поўначы на поўдзень, да рэчышча ракі Сваротвы. Парк складаецца з некалькіх элементаў. Тэрасу з паўднёва-ўсходняга і паўднёвага боку, звернутага да ракі, атачае паласа насаджэнняў бэзу, у якую ўключана некалькі дрэў, у тым ліку лістоўніца еўрапейская. Паміж тэрасай і ракой у наш час знаходзіцца разнатраўны луг, які, паводле меркавання А. Т. Федарука, раней з’яўляўся кветнікам.

З заходняй часткі да тэрасы прылягае валападобнае ўзвышэнне з падмуркам будовы з бутавага каменя. Меркавана на ўзвышэнні знаходзіўся назіральны пункт. Зыходзячы з акварэлі Н. Орды і фотаздымкаў, узнікае спрэчная сітуацыя наконт размяшчэння ці прызначэння асобных пабудоў у складзе сядзібы. Неабходна адзначыць, што гістарычная змена сядзібных пабудоў не ўплывала на кампазіцыю парку.

Біяразнастайнасць

правіць

У парку зафіксавана 132 віды раслін, з іх 93 віды травяністых раслін і 39 відаў дрэў і кустоў. Па разнастайнасці відаў сярод вывучаных экасістэм займае другое месца ў раёне. Сярод травяністых раслін па колькасці відаў дамінуе сямейства складанакветных — 20 відаў. Пераважнымі дрэвавымі пародамі ў лясным масіве з’яўляюцца клён платанападобны і граб. Падлесак прадстаўлены дзікарослымі відамі: ляшчынай звычайнай, брызглінай звычайнай і бародаўчатай, бузіной чорнай і чырвонай, бружмелем лясным, калінай звычайнай і снежнаягаднікам прырэчным[1].

У парку зафіксаваны 227 відаў жывёл, з іх 186 відаў беспазваночных і 41 від пазваночных. Па разнастайнасці відаў жывёл сярод вывучаных экасістэм сядзіб раёна займае пятае месца. З беспазваночных па колькасці відаў дамінуюць насякомыя — 169 відаў. Найбольш шматлікімі сярод іх з’яўляюцца цвердакрылыя і паўцвердакрылыя (108 і 24 віды адпаведна). Лідыруе па колькасці відаў сярод жукоў сямейства Стафілініды (Staphylinidae) — 26 відаў. Пазваночныя ў экасістэме парку прадстаўлены галоўным чынам птушкамі — 29 відаў, з якіх на гнездаванні адзначаны 16 відаў. Земнаводных зафіксавана 4 віды і па адным відзе паўзуноў і сысуноў. Уяўляе цікавасць знаходжанне ў парку палявога конiка (Anthus campestris), унесенага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[1].

Зноскі

  1. а б Старинные парки Барановичского района: резерваты биоразнообразия и объекты экотуризма [Текст] : монография / С. К. Рындевич, А. Г. Рындевич, В. Н. Зуев. — Барановичи : РИО БарГУ, 2008. — 239[5] с. — 120 экз. — ISBN 978-985-498-101-7.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць