Талька (вёска)
Та́лька[2] (трансліт.: Taĺka, руск.: Талька) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Тальцы. Уваходзіць у склад Блужскага сельсавета. Месціцца за 19 км на паўднёвы ўсход ад Мар’інай Горкі, 73 км ад Мінска, на рацэ Талька.
Вёска
Талька
| ||||||||||||||||||||||||
Гісторыя правіць
Ранняя гісторыя правіць
На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі месціцца курганны могільнік (мясцовыя назвы — Турэцкія магілы, Французскія магілы).
Упершыню Талька ўпамінаецца 1833 годзе ў сувязі з ліквідацыяй уладамі Расійскай імперыі францішкаскага кляштара місіянераў у Смілавічах. Было загадана прадаць маёмасць кляштара, а на торг, сярод іншых, прыехаў купец-яўрэй з Талькі Ёсель Ёселевіч[3].
Пасля адкрыцця ў 1873 годзе руху на ўчастку Вілейка — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі вёска пачала развівацца і расці ў сувязі з адкрыццём чыгуначнай станцыі.
У 1885 годзе ў Амельнянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года былі чыгуначная станцыя на 4 двары, у пасёлку 15 двароў, была крама. Паводле перапісу 1917 года апрача чыгуначнай станцыі і пасёлка была лясная старожка.
Найноўшы час правіць
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Амельнянскай воласці накіроўвалі звароты ў Народны сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[4]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1921 годзе пабудаваны паравы млын, адкрыта школа 1-й ступені, працавала цыркулярка, кравецкая майстэрня. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Талькаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У 1933 годзе былі млын, вытворчая арцель па рамонце і шыцці адзення і абутку «Аб’яднаная праца».
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. З 20 па 22 верасня 1941 года ў лесе каля Талькі нацысцкай адміністрацыяй было расстраляна мірнае яўрэйскае насельніцтва Талькі. У ваколіцах вёскі дзейнічала антыфашысцкае падполле. У кастрычніку 1942 года савецкія партызаны брыгад «Полымя» і імя І. В. Сталіна ўзарвалі тут чыгуначны мост цераз раку Талька, рух на чыгунцы быў спынены на 10 сутак.
Да 30 кастрычніка 2009 года вёска ўваходзіла ў склад і была цэнтрам Талькаўскага сельсавета[5].
Насельніцтва правіць
- 1897 год — 15 двароў, 69 жыхароў; чыгуначная станцыя, 4 двары, 40 жыхароў
- 1908 год — 717 жыхароў; чыгуначная станцыя, 7 двароў, 61 жыхар
- 1917 год — 66 двароў, 326 жыхароў; чыгуначная станцыя, 7 двароў; лясная старожка, 6 жыхароў
- 1960 год — 921 жыхар
- 2002 год — 443 жыхары, 213 двароў
- 2007 год — 403 жыхары
- 2010 год — 345 жыхароў
- 2012 год — 345 жыхароў
Рэлігія правіць
У вёсцы ёсць Свята-Пакроўская царква, якая месціцца ў будынку былой крамы.
Сімвалы правіць
У якасці неафіцыйнага геральдычнага знака Талькі выкарыстоўваецца герб, прыдуманы ў 2004 годзе вучнямі Талькаўскай сярэдняй школы падчас падрыхтоўкі да свята «Наш край». Апісанне: у белым полі «нямецкага» шчыта пасярэдзіне намалявана чорная падкова[6].
Культура і грамадства правіць
Каля Талькі праводзіцца штогадовы беларускі музычны фестываль «Талькаўскі фэст».
- Талькаўская сельская бібліятэка. У 1917 годзе у прыватным доме была адкрыта хата-чытальня. Перад вайной хату-чытальню змяніла больш багатая бібліятэка, для якой было пабудавана адбыловае памяшканне. У Другую сусветную вайну знішчаны ўсе кнігі, захаваліся толькі тыя, што засталіся на руках у чытачоў. З іх і пачаў фарміравацца кніжны фонд бібліятэкі. 8 сакавіка 1949 года быў падпісаны загад № 4 аддзела культуры Пухавіцкага раённага Савета «Аб адкрыцці Талькаўскай хаты-чытальні».
- Дзейнічае палац культуры
Сацыяльная сфера правіць
Ахова здароўя правіць
- Бальніца (1950)
- Дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясная казка» (1971). Першая назва «Гайдаравец»[7].
Адукацыя правіць
- Талькаўская базавая школа (закрыта ў 2016 годзе)
Эканоміка правіць
- У вёсцы месціцца талькаўскае лясніцтва
- Аграсядзіба «Талькаўскія сцежкі» [8].
- Аддзяленне пошты
Чыгунка правіць
Праз тэрыторыю вёскі праходзіць Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі Мінск — Гомель. Знаходзіцца станцыя Талька
Славутасці правіць
- Курганны могільнік, на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі
- Мемарыяльная дошка ў памяць пра Якуба Коласа
- Помнік загінулым савецкім салатам і партызанам Другой сусветнай вайны
- Магіла сяржанта Емяльянава і партызана з Чэхіі Вільяма Гамулы (1924—1944)
- Чыгуначная казарма пачатку XX стагоддзя
- Мемарыяльны знак на месцы, дзе 22 верасня 1941 года расстралялі 280 жыхароў вёскі. Ініцыятарам мемарыяла выступіў генерал Ілья Прус, сваякі якога таксама ў ліку забітых
- Дом, у якім жыў Якуб Колас. Менавіта ў гэтым доме Якуб Колас напісаў «Міхасёвы прыгоды» і «Дрыгву». Згадваў Тальку і аднайменную рэчку у сваіх творах[9]
Страчаная спадчына правіць
- Сінагога
Вядомыя асобы правіць
- Міхаіл Рыгоравіч Булынка (1913—?) — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт.
- Таццяна Аляксандраўна Ждановіч (1918—1998) — медык, заслужаны ўрач БССР (1960).
- Мікалай Паўлавіч Крандо (1904—1989) — савецкі вайсковец, генерал-лейтэнант (1960).
- Іван Леапольдавіч Лысакоўскі (1921—2021) — савецкі вайсковец, супрацоўнік МДБ і КДБ, намеснік старшыні КДБ БССР (1966—1979).
- Іван Іванавіч Паўловіч (1930—2001) — чыгуначнік, Герой Сацыялістычнай Працы (1974).
- Іван Браніслававіч Шаціла (1910—1977) — беларускі акцёр тэатра і кіно, Народны артыст БССР.
Зноскі
- ↑ http://foto-planeta.com/np/76276/talka.html
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Першая згадка пра Тальку, паходжанне назвы . talka.info. Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2018.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- ↑ Рашэнне Мінскага абласнога савета дэпутатаў ад 30.10.2009 № 219 «Аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Мінскай вобласці» Архівавана 11 лістапада 2013. (руск.)
- ↑ Гербы. puchavickirajon.info
- ↑ Лесная сказка
- ↑ http://talka.info/?page_id=91 Архівавана 26 ліпеня 2018.
- ↑ https://globus.tut.by/talka/index.htm
Літаратура правіць
- Талька // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 187—187. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухав. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Талька (вёска)
- Школьны краязнаўчы сайт Архівавана 14 мая 2011.