Таманг (саманазва: तामाङ, літаральна «вершнікі», або «меднікі») — гімалайскі народ, які насяляе Непал, Сікім і Заходняя Бенгалію. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 1 985 000 чалавек[1].

Таманг
(तामाङ)
Агульная колькасць 1985000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Непал — 1706000
 Індыя — 269000
Мова таманг
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы таму, шэрпы, бхотыя, тхакалі

Гісторыя правіць

Археалагічныя раскопкі 1980-х гг. на тэрыторыі паўночнага Непала, населенага пераважна таманг, паказалі, што людзі жылі тут ужо каля 30 тысяч гадоў таму. Параўнанне знойдзеных прылад працы паказала, што яны падобныя на прылады, якімі ў той час карысталіся на тэрыторыі Манголіі. Адсюль узнікла гіпотэза, што першанасельнікі паўднёвых схілаў Гімалаеў мігрыравалі з цэнтральнай Азіі. У нашы дні на гэтай падставе некаторыя культурныя і палітычныя дзеячы Непала напрасткі атаясняюць таманг з нашчадкамі манголаў.

На самой справе, таманг — сіна-тыбецкі народ, які перасяліўся з поўначы да пачатку сярэднявечча. У пісьмовых помніках яны зафіксаваны ў XIII ст. Таманг здаўна з’яўляліся пасрэднікамі ў гандлі паміж Тыбетам і Непалам. Яны стварылі некалькі дзяржаўных утварэнняў, заваяваных у другой палове XVIII ст. горкхамі. Іх землі былі размеркаваны паміж непальскімі ваеннымі і чыноўнікамі. У 1854 г. яны былі прыраўнаны індуісцкім каралеўскім дваром да ніжэйшых каст шудраў. Ім забаранялася служыць у арміі, затое таманг былі прымушаны выконваць абавязкі чорнарабочых, хатніх служак, насільшчыкаў, прастытутак і г. д. Гэта прывяло да значнага дэкласавання асабліва той часткі народа, што прымусова або добраахвотна перасялялася ў даліну Катманду або ў суседнія рэгіёны Індыі. Да 1932 г. было забаронена ўжываць назву таманг. У другой палове XX ст. вылучыліся прафесійныя рабочыя, сярод якіх панавалі леварадыкальныя настроі.

У нашы дні адбываецца паступовая эмансіпацыя таманг, звязаная з дэмакратызацыяй Непала і стварэннем аўтаноміі ў Дарджылінгу.

Асаблівасці культуры правіць

У канцы XVIIIXIX стст. таманг фактычна былі пазбаўлены правоў на зямлю. Тым не меней, іх значная частка займаецца сельскай гаспадаркай у якасці арандатараў, парабкаў і пастухоў. Вырошчваюць для самазабеспячэння грэчку, кукурузу, бульбу, розную гародніну. Багата ўжываюць у ежу мяса, у тым ліку ялавічыну. У раёнах, дзе развіваюцца альпінізм і турызм, таманг звычайна займаюць ніжэйшую прыступку ў сферы абслугоўвання. У гарадах працуюць рабочымі, прыбіральшчыкамі, хатнімі служкамі, але таксама далучаюцца да крымінальных груповак.

Асноўны традыцыйны тып паселішча — вёска з колькасцю жыхароў не болей за 250. Будуюць чатырохкутныя доўгія хаціны з каменю і гліны, умацаваныя драўлянымі бярвеннямі, часам з некалькімі паверхамі. Дахі крыюць драўлянай дахоўкай. Гарадскія таманг селяцца каля прамысловых прадпрыемстваў або на ўскраінах.

Падзяляюцца на мноства родавых аб’яднанняў тар, якія паходзяць ад адзінага продка па мужчынскай лініі. Шлюб знутры родаў і паліандрыя забаронены. Сустракаюцца як малыя нуклеарныя, так і вялікія пашыраныя сем'і. Таманг маюць багаты фальклор, у тым ліку міфы, гістарычныя паданні, прафесійныя і рэлігійныя песні.

Мова правіць

Мова таманг фарміруе асобную галіну сіна-тыбецкай групы моў. Да 1991 г. адукацыя на ёй адсутнічала. Тым не меней, таманг маюць сваю літаратуру, пераважна рэлігійную. У мінулым карысталіся пісьмом на аснове тыбецкага. У нашы дні шырока ўжываецца дэванагары.

Рэлігія правіць

Таманг захавалі старажытныя формы культу продкаў і анімізму, у тым ліку лекавую магію, астралогію, ахвярапрынашэнні жывёл шматлікім мясцовым багам і духам. Большасць вернікаў прытрымліваецца тыбецкай формы будызму. Ламы адыгрываюць значную ролю ў жыцці абшчын.

Зноскі

Спасылкі правіць