Кангрэс беларусаў Амерыкі

Кангрэс беларусаў Амерыкі — прадстаўнічая арганізацыя беларусаў Амерыкі, прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады. Меркавалася, што кангрэс будзе склікацца раз на 3 гады. У надзвычайных абставінах павінен быў склікацца Надзвычайны кангрэс (але гэтае права не выкарыстоўвалася). Паміж кангрэсамі, усю грамадскую працу мусіў весці Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, які быў абвешчаны выканаўчым органам кангрэсаў.

Асноўнай мэтай абвяшчалася «абарона інтарэсаў Амерыкі і Беларусі». Арганізацыя павінна была дзейнічаць ва ўсіх ЗША «шляхам супрацоўніцтва з урадам ЗША і іншымі ўрадавымі дзейнікамі, з прадстаўніцтвам беларускага народу й праводзіць адпаведную дзейнасьць сярод амэрыканцаў беларускага паходжаньня»[1].

I Кангрэс правіць

Прайшоў 11 лютага 1951 у Саўт-Рыверы. У кангрэсе прымалі ўдзел прадстаўнікі ад Злучанага беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэта, Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады (Чыкага), Аб’яднання беларуска-амерыканскай моладзі, Аб’яднання беларускіх жанчын, Аб’яднання праваслаўных беларусаў, Цэнтральнага прадстаўніцтва беларускай эміграцыі[2]. Старшыня — а. Мікалай Лапіцкі. Віцэ-старшынёй быў абраны Язэп Ляшчынскі, сакратаром — Лёнгіна Брылеўская. У прэзідыум увайшлі Леў Высоцкі, Ігар Шчорс, Алег Махнюк, Лявон Шурак.

Кангрэс прыняў тэлеграму да кіраўніка НАТА і віцэ-прэзідэнта ЗША Д. Эйзенхаўэра:

  Першы Беларуска-Амэрыканскі Кангрэс у ЗША, які адбыўся ў Саўт-Рывэры, N. J., дня 11 лютага 1951 г. вітае Вас на новым адказным становішчы і жадае як найлепшых посьпехаў у Вашай дзейнасьці.

Мы, беларусы ў Амэрыцы, дэкляруем поўную салідарнасьць з Вамі і поўную падтрымку ў змаганьні вольнага сьвету з камуністычным імпэрыялізмам.

Беларускі народ — першая ахвяра савецкага імпэрыялізму, больш 30 гадоў знаходзіцца ў няроўнай барацьбе з расейска-бальшавіцкім агрэсарам і побач іншых народаў зьяўляецца натуральным саюзьнікам дэмакратыяў.

 

[3]

Кангрэс прыняў і выслаў вітальную тэлеграму прэзідэнту ЗША Г. Трумэну, у якой выказвалася поўная падтрымка захадам амерыканскага ўраду ў справе вайны ў Карэі.

  Беларуска-амэрыканскі кангрэс ад імя амэрыканцаў беларускага паходжаньня й новае беларускае іміграцыі з ЗША з задавальненьнем вітае апошнія мерапрыемствы ачольванага Вамі Ўраду ЗША, накіраваныя супроць расейска-камуністычнае агрэсіі, выражае словы ўдзячнасьці за праводжаньне іх у жыцьцё ды выказвае сваю поўную гатоўнасьць да іх рэалізацыі ўключна аж да збройнага змаганьня за рэпрэзентаваныя Вамі і Амэрыканскім Народам ідэалы: Волі і Свабоды  

[4]

II Кангрэс правіць

Рашэнне аб правядзенні Кангрэса было прынята на нарадзе беларускага актыву 19 мая 1957. Кангрэс прайшоў 30 чэрвеня 1957 у Саўт-Рыверы, у Залі Шакаў. На форум дэлегаваліся прадстаўнікі Галоўнай управы Злучанага беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэта і яе 4 аддзелаў, беларускага аддзела Амерыканскіх прыхільнікаў Антыбальшавіцкага блока народаў, Саюза беларуска-амерыканскай моладзі, Аб’яднання беларуска-амерыканскіх студэнтаў, Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, Беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэта ў Кліўлендзе, Беларускага страхавога аддзела, Беларускага царкоўнага камітэта. Асабістыя запрашэнні атрымалі 29 асоб.

На Кангрэсе прысутнічалі разам 56 чал.[5] Старшыня — Іван Касяк. У прэзідыум увайшлі Бернард Букатка, Лёнгіна Брылеўская (сакратар), Аляксей Шудзейка (старшыня мандатнай камісіі).

З прывітальным словам да дэлегатаў звярнуўся Ю. Сабалеўскі, І. Ермачэнка, які падзяліўся ўспамінамі пра Раду БНР у 1918—1920. Падчас Кангрэса І. Касяк падаў свой праект новага статуту БККА. Аднак ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Таксама ўдзельнікі Кангрэса прагаласавалі супраць прапановы Б. Букаткі аб змене амерыканскай назвы БККА — «Whiteruthenian» на «Byelorussian».

Кангрэс прыняў новы статут і абраў новага старшыню БККА, шматлікія спрэчкі па розных пытаннях засведчылі наяўныя супярэчнасці і розніцу поглядаў у самім лагеры прыхільнікаў БЦР.

III Кангрэс правіць

Прайшоў 23 кастрычніка 1960, на якім удзельнічала 38 чал. На Кангрэсе прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі заявіў, што старэйшае пакаленне мусіць пакінуць актыўнае грамадскае жыццё, «каб даць дарогу маладым».[6]

IV Кангрэс правіць

Прайшоў 31 жніўня 1963. Удзельнічала 33 чал. На Кангрэсе была ўхвалена праграма далейшага супрацоўніцтва з Беларуска-амерыканскім задзіночаннем (БАЗА). Прынялі прапанову аб сумесным з БАЗА ўдзеле ў Міжнароднай выставе ў Нью-Ёрку і нават стварылі адмысловы камітэт, куды ўвайшлі прадстаўнікі БАЗА і БККА[7].

У працы Кангрэса ўдзельнічалі Аркадзь і Яўген Сацэвічы (ад Амерыканска-беларускага культурна-дапамаговага аб’яднання), Янка Шымчык (ад Беларускага вызвольнага фронта ў Кліўлендзе)[8].

V Кангрэс правіць

Прайшоў 31 жніўня.

VI Кангрэс правіць

Прайшоў 29 лістапада 1969. Прымала ўдзел 34 чал. На Кангрэсе ў склад БККА былі прыняты Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Ёрку і парафія Св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Хіле. Дэлегатамі ад гэтых арганізацый былі Кастусь Мерляк, Васіль Шчэцька, Васіль Юрцэвіч, Сяргей Рагалевіч, Святаслаў Коўш, Ян Казлякоўскі, Васіль Хахаркевіч, Пётр Саўчыц, Леанід Ляўковіч, Пётр Мельяновіч.[9]

VII Кангрэс правіць

Прайшоў 2 снежня 1972. Прымала ўдзел 34 чал.

VIII Кангрэс правіць

Прайшоў 2 мая і 20 чэрвеня 1976. Прымала ўдзел 34 чал.

IX Кангрэс правіць

Прайшоў 7 красавіка 1979. Прымала ўдзел 40 чал., аднак непасрэдна прымала ўдзел толькі 20 чал.[10], якія мелі дэпутацкія паўнамоцтвы ад іншых дэлегатаў, якія па розных абставінах не прынялі ўдзел у Кангрэсе: Антон Даніловіч быў адначасова дэлегатам ад парафіі Беларускай праваслаўнай царквы ў Саўт-Рыверы, Беларускага культурна-мастацкага і навуковага таварыства, часопіса «Беларуская думка». Віталь Цярпіцкі — Беларускага кангрэсавага камітэта ў Амерыцы, клуба Бларускага грамадскага цэнтра ў Саўт-Рыверы, парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы. Святаслаў Коўш — ад парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай, БККА і Злучанага беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэта. Жорж Навумчык — Саюза беларуска-амерыканскай моладзі, клуба Беларускага грамадскага цэнтра, футбольнага клуба «Нёман», БККА[11].

X Кангрэс правіць

Прайшоў 15 кастрычніка 1982. На ім не прынялі нейкіх важных рашэнняў, толькі традыцыйныя рэзалюцыі:

  1. Пажаданьне ўвядзеньня ў праграму радыё «Голас Амэрыкі» беларускай мовы — выслаць сакратару Дзяржаўнага дэпартаменту ў Вашынгтоне і іншым дзейнікам.

2. Пажаданьне ўвядзеньня ў беларускую праграму радыё «Свабода» беларускіх нацыянальна-вызвольных і дзяржаўных спраў — выслаць сакратару Дзяржаўнага дэпартаменту, дырэкцыі радыё «Свабода» і іншым дзейнікам.

3. Высьвятляючы сутнасьці расейска-савецкага юбілею 60-годзьдзя СССР, адзначанага ў гэтым годзе — выслаць місіям дзяржаў Аб'еднаных Нацый.

 

[12]

XI Кангрэс правіць

Прайшоў 2 чэрвеня 1990 у Саўт-Рыверы. Прысутнічала 20—25 чал.[13] Старшыня — Кастусь Мерляк, сакратары М. Сенька і В. Шчэцька. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю пра сучасны момант і задачы БККА на будучыню. Быў абраны новы старшыня БККА Р. Завістовіч.

Зноскі

  1. Першы Панамэрыканскі Беларускі Кангрэс у ЗША // Беларуская трыбуна. — 1951. — № 2 (5). — 25 сакавіка. — С. 3—4.
  2. Першы беларускі кангрэс у ЗША // Беларуская трыбуна. — 1951. — № . — 25 лютага. — С.
  3. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [Б. в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С. 82. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 16). Са спасылкай на: Беларуская трыбуна. — 1951. — № 1 (4). — 25 лютага.
  4. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Прэзыдэнту Гары Трумэну // Беларуская трыбуна. — 1951. — № 1 (4). — 25 сакавіка.
  5. Эмануіл Ясюк, Нікандар Мядзейка, Барыс Шчорс, Расціслаў Завістовіч, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Уладзімір Пеляса, Віталь Цярпіцкі, Барыс Плескачэўскі, Іван Ермачэнка, Юры Сабалеўскі, Вячаслаў Селях-Качанскі, Аркадзь Арэхва, Яўхім Кіпель, Анатоль Шурак, Віктар Літаровіч
  6. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Пратакол III Кангрэсу Бел. Амэрыкі, каторы адбыўся дня 23 кастрычніка 1960 г. у Саўт-Рывэры ў залі Шакаў, 25 УЦайтхэд Авэ а 13:00 пасьля паўдня. З архіву Івана Касяка.
  7. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Пратакол 4-га Кангрэсу Беларусаў Амэрыкі, які адбыўся 31 жнівеня 1963 г.у Саўт-Рывэры. З архіву Івана Касяка
  8. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 177.
  9. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Пратакол Шостага Кангрэсу Беларусоў Амэрыкі. 29 лістапада 1969 г., які адбыўся ў Саўт-Рыверы, Нью-Джэрзі. З архіву Івана Касяка
  10. Анатоль Плескачэўскі (дэлегат ад Амерыканскіх прыхільнікаў Антыбальшавіцкага блоку народаў і БККА), Б. Плескачэўскі (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай і БККА), Антон Даніловіч (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай), Мікалай Сіцько, Аляксандр Дарафейчук (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай і БККА), Аўген Занкавіч (ад БККА), Міхась Бахар, Святаслаў Коўш (ад БККА), Язэп Марахоўскі (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай і БККА), Н. Мядзейка (ад парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай), Грыгоры Арцюшэнка, Язэп Марахоўскі, Іван (ад парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай) і Жорж Навумчыкі, І. Касяк (ад БККА), Міхась Сенька (ад БККА; ён дадаткова меў 2 галасы: Уладзіміра і Лёнгіны Брылеўскіх), Аляксандр Банкет (ад БККА), Вітаўт Кіпель, Аркадзь Евец (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай), І. Шчорс (ад парафіі Св. Еўфраснні Полацкай).
  11. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Рэестар дэлегатаў, удзельнікаў Дзевятага Кангрэсу Беларусаў Амэрыкі, 7 красавіка 1979 г. Саўт-Рывэр, Н. Дж. З архіву Івана Касяка
  12. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 83. Са спасылкай на: Рэзалюцыя 10-га Кангрэсу Беларусаў Амэрыкі з дя 16 кастрычніка 1982 г. у Саўт-Рывэры, Н. Дж. З архіву Івана Касяка
  13. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)… — С. 221. Са спасылкай на: ацэнку В. Кіпеля, бо пратаколаў Кангрэса няма ні ў архівах БЦР, ні ў архівах І. Касяка, ні ў архівах Р. Завістовіча

Літаратура правіць

  • Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [Б. в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 16).
  • Ляднёва А. Кангрэс беларусаў Амерыкі // БелЭн у 18 т. Т. 7. — Мн., 1998.