Цывілізацыя майя[1], або ма́я[2] — цывілізацыя Цэнтральнай Амерыкі, створаная народам мая, вядомая дзякуючы сваёй пісьменнасці, мастацтву, архітэктуры і матэматычнай і астранамічнай сістэмам. Пачала фарміравацца ў дакласічную эру (2500 да н.э. — 250 н.э.), большасць яе гарадоў дасягнула піка свайго развіцця ў класічны перыяд (250 н.э. — 900 н.э.). Працягвала сваё існаванне да прыбыцця канкістадораў.

Тэрыторыя, якую займала цывілізацыя мая. Чырвоным выдзелена мяжа культуры мая, чорным — тэрыторыя Месаамерыканскай цывілізацыі

Мая будавалі каменныя гарады, многія з якіх былі пакінуты задоўга да прыходу еўрапейцаў, іншыя былі заселены і пасля. Каляндар, распрацаваны мая, выкарыстоўвалі і іншыя народы Цэнтральнай Амерыкі. Ужывалася іерагліфічныя сістэма пісьма, часткова расшыфраваная. Захаваліся шматлікія надпісы на помніках. Стварылі эфектыўную сістэму земляробства, мелі глыбокія веды ў астраноміі.

Нашчадкамі старажытных мая з'яўляюцца не толькі сучасныя народы мая, якія захавалі мову продкаў, але і частка іспанамоўнага насельніцтва паўднёвых штатаў Мексікі, Гватэмалы, Гандураса. Некаторыя гарады мая ўключаны ЮНЕСКА ў спіс аб'ектаў Сусветнага спадчыны: Паленке, Чычэн-Іца, Ушмаль у Мексіцы, Тыкаль і Кірыгуа ў Гватэмале, Капан ў Гандурасе, Хоя-дэ-Серэн у Сальвадоры — невялікая вёска мая, якая была пахавана пад вулканічным попелам і цяпер раскапана.

Тэрыторыя

правіць

У цяперашні час (2011 год) тэрыторыя, на якой адбывалася развіццё цывілізацыі мая ўваходзіць у склад дзяржаў: Мексіка (штаты Ч'япас, Кампечэ, Юкатан, Кінтана-Роа), Гватэмала, Беліз, Сальвадор, Гандурас (заходняя частка).

Знойдзена каля 1000 гарадзішчаў культуры мая (на пачатак 80-х гадоў XX стагоддзя), але не ўсе з іх раскапаны або даследаваны археолагамі, а таксама 3000 пасёлкаў.

Гісторыя

правіць

Гісторыя Маянскай цывілізацыі падзяляецца на тры асноўныя перыяды: дакласічны (перадкласічны), класічны і посткласічны (паслякласічны)[3]. Ім папярэднічаў т.зв. архаічны перыяд, на працягу якога паявіліся першыя пастаянныя паселішчы і развілася ранняя сельская гаспадарка[4]. Сучасныя вучоныя разглядаюць гэту перыядызацыю хутчэй як адносна адвольнае дзяленне храналогіі мая, чым паказальнік культурнага развіцця і заняпаду[5]. Часавыя граніцы перыядаў у розных аўтараў могуць вызначацца з розніцай у стагоддзе[6].

Храналогія Мая[7]
Перыяд Дзяленне Прыкладныя
даты
Архаічны 8000—2000 гг. да н.э.[8]
Дакласічны Ранні дакласічны 2000—1000 гг. да н.э.
Сярэдні дакласічны Ранні сярэдні дакласічны 1000—600 гг. да н.э.
Позні сярэдні дакласічны 600—350 гг. да н.э.
Позні дакласічны Ранні позні дакласічны 350—1 гг. да н.э.
Позні позні дакласічны 1 г. да н.э. — 159 г. н.э.
Завяршальны дакласічны 159—250 гг.
Класічны Ранні класічны 250—550 гг.
Позні класічны 550—830 гг.
Завяршальны класічны 830—950 гг.
Паслякласічны Ранні паслякласічны 950—1200 гг.
Позні паслякласічны 1200—1539 гг.
Перыяд кантакту (каланіяльны перыяд) 1511—1697 гг.[9]

Дакласічны перыяд (каля 2000 г. да н.э. — 250 г. н.э.)

правіць
Камінальхую, у нагор'ях, і Эль-Мірадор, у нізінах, абодва былі важнымі гарадамі ў Позні дакласічны перыяд.

Сваю першую цывілізацыю мая стварылі ў Дакласічны перыяд[10]. Вучоныя працягваюць абмяркоўваць, калі ж пачалася гэтая эра цывілізацыі Мая. Прысутнасць мая ў Куэйё[ru] (сучасны Беліз) была датавана каля 2600 г. да н.э. вугляродным метадам[11]. Паселішчы былі заснаваны каля 1800 г. да н.э. ў вобласці Сакануска (ісп.: Soconusco) на ціхаакіянскім узбярэжжы, і ўжо тады мая вырошчвалі асноўныя культуры кукурузы, бабоў, гарбузоў і перцу чылі[12]. Для гэтага перыяду былі характэрнымі аселыя абшчыны і ўвядзенне ва ўжытак керамікі і абпаленых гліняных фігурак[13].

У Сярэдні дакласічны перыяд малыя вёскі пачалі расці, утвараючы гарады[14]. Накбэ ў гватэмальскім дэпартаменце Петэн — самы ранні надзейна засведчаны горад у маянскіх нізінах[15], дзе вялікія збудаванні былі датаваныя каля 750 г. да н.э.[14] К Сярэдняму дакласічнаму перыяду паўночныя нізіны Юкатана былі ў значнай ступені заселены[16]. Прыблізна к 400 г. да н.э. раннія маянскія правіцелі ўзводзілі стэлы[17]. Паўнацэннае пісьмо было ва ўжытку ў Петэне ўжо к 3 ст. да н.э.[18] У Позні дакласічны перыяд вырас велізарны горад Эль-Мірадор, пакрыўшы прыблізна 16 км² [19]. Хоць і не настолькі вялікі, Тыкаль ужо быў значным горадам недзе к 350 г. да н.э.[20]

У нагор'ях, як галоўны цэнтр Позняга дакласічнага перыяду, паявіўся Камінальхую[21]. Такалік-Абах і Чакала[en] былі два самыя важныя гарады ціхаакіянскай прыбярэжнай раўніны[22]; на поўначы Юкатана вырас і стаў важным горадам Камчэн[en][23]. Познедакласічны культурны росквіт змяніўся заняпадам у 1 ст. н.э., і многія вялікія гарады Мая тае эпохі былі закінуты; прычына гэтага заняпаду невядома[24].

Класічны перыяд (каля 250—900 гг. н.э.)

правіць
 
Стэла D з Кірыгуа, на якой прадстаўлены цар Как-Ціліў-Чан-Ёпат[25]

Класічны перыяд вызначаюць пераважна як перыяд, на працягу якога нізінныя мая ўзводзілі манументы з датамі маянскага календара на аснове доўгага ліку[26]. Гэты перыяд адметны найбольшым росквітам маштабнай архітэктуры і горадабудаўніцтва, стварэннем манументальных надпісаў і ярка выяўленным значным інтэлектуальным і мастацкім ростам, асабліва ў паўднёвых нізінных абласцях[26]. Агульную палітычную карціну Мая класічнага перыяду можна параўнаць з Рэнесанснаю Італіяй ці Класічнаю Грэцыяй, з іх шматлікімі гарадамі-дзяржавамі, уцягнутымі ў складаную сетку саюзаў і саперніцтваў[27]. Найбольшыя гарады мелі насельніцтва ад 50 000 да 120 000 чалавек і былі звязаны з сеткаю другарадных мястэчак[28].

У Ранні класічны перыяд гарады па ўсім Маянскім рэгіёне былі пад уплывам Тэатыўакана, вялікай метраполіі ў аддаленай Даліне Мехіка[29]. У 378 г. н.э. Тэатыўакан рашуча ўмяшаўся ў справы Тыкаля і іншых суседніх гарадоў, зверг іх правіцеляў і ўстанавіў там новую дынастыю, якую падтрымліваў[30]. Гэтым умяшальніцтвам кіраваў Сіях К'ак' («Народжаны з агню»), які прыбыў у Тыкаль у пачатку 378 года. Цар Тыкаля, Чак-Ток-Ічак I, памёр у той жа дзень, што наводзіць на думку аб гвалтоўным перавароце[31]. Годам пазней Сіях К'ак' наглядаў уступленне на пасаду новага цара, Яш-Нун-Айіна I[32]. Устанаўленне новай дынастыі прывяло к перыяду палітычнага дамінавання, калі Тыкаль стаў наймагутнейшым горадам у цэнтральных нізінах[32].

Моцным сапернікам Тыкаля быў Калакмуль, іншы магутны горад Петэнскага басейна[33]. Абодва, і Тыкаль, і Калакмуль, развілі вялізныя сістэмы з саюзнікаў і васалаў; меншыя гарады, якія ўвайшлі ў адну з гэтых сетак, атрымлівалі прэстыж са свайго саюзу з вярхоўным горадам і падтрымлівалі мірныя адносіны з іншымі членамі той жа сеткі[34]. Тыкаль і Калакмуль уцягнуліся ў лавіраванне іх саюзніцкіх сетак адна проці другой. У розныя моманты на працягу Класічнага перыяду тая ці іншая з гэтых сіл здабывала стратэгічную перамогу над сваім сапернікам, што праяўлялася ў адпаведных перыядах росквіту і заняпаду[35].

 
Калакмуль быў адным з найважнейшых гарадоў Класічнага перыяду.

У 629 годзе Балах-Чан-Кавіль, сын тыкальскага цара Кініч-Муван-Холя II, быў пасланы заснаваць новы горад у Дос-Піласе, відавочна як аванпост для пашырэння моцы Тыкаля па-за межамі дасяжнасці Калакмуля[36]. Наступныя два дзесяцігоддзі ён верна ваяваў на баку свайго брата і сюзерэна ў Тыкалі. У 648 годзе калакмульскі цар Юкном-Чэн II паланіў Балах-Чан-Кавіля, а затым аднавіў яго на троне Дос-Піласа, але ўжо як свайго васала[37] Пасля гэтага апошні служыў Калакмулю як верны саюзнік[38].

На паўднёвым усходзе найважнейшым горадам быў Капан[33]. Яго дынастыя Класічнага перыяду была заснавана ў 426 годзе правіцелем Кініч-Яш-Кук-Мо[en]. Новы цар меў цесныя сувязі з цэнтральным Петэнам і Тэатыўаканам[39]. Капан дасягнуў вышыні культурнага і мастацкага развіцця пры цару Уашаклахун-Убах-Кавілю[en], які правіў з 695 па 738 год[40]. Яго кіраванне закончылася катастрафічна, калі ён быў узяты ў палон яго ж васалам, кірыгуаскім царом Как-Ціліў-Чан-Ёпатам[41]. Палонны ўладар Капана быў прыведзены ў Кірыгуа і абезгалоўлены ў час публічнага рытуалу[42]. Імаверна, к гэтаму перавароту прылажыў руку Калакмуль, каб аслабіць магутнага саюзніка Тыкаля[43]. Паленке і Яшчылан былі наймагутнейшымі гарадамі ў вобласці Усумасінты[33]. У нагор'ях к 300 году Камінальхую ў Гватэмальскай даліне ўжо быў вялікім горадам[44]. На поўначы Маянскай прасторы самаю важнай сталіцай была Каба[45].

Заняпад цывілізацыі Мая

правіць
 
Чычэн-Іца была найважнейшым горадам у паўночным рэгіёне Мая.

На працягу 9 ст. н.э. цэнтральныя вобласці Мая перажывалі значны палітычны заняпад, адзначаны запусценнем гарадоў, перапыненнем дынастый і зрушэннем актыўнасці на поўнач[29]. Не існуе агульнапрынятых тэорый, якія тлумачылі б гэты ўпадак, але імаверна, што ён быў выкліканы спалучэннем некалькіх прычын, уключаючы мясцовыя міжусобныя войны, перанаселенасць (якая пацягнула за сабою моцную дэградацыю асяроддзя) і засуху[46]. У гэты перыяд, вядомы як Завяршальны класічны, павысілася актыўнасць паўночных гарадоў: Чычэн-Іцы і Ушмаля[29]. Галоўныя гарады на паўночным Юкатане былі населенымі яшчэ доўга пасля таго, як гарады паўднёвых нізін перасталі ўзводзіць манументы[47].

Сацыяльная арганізацыя Класічнай Мая была заснавана найперш на рытуальным аўтарытэце (вяршэнстве) правіцеля, а не на цэнтралізаваным кантролі гандлю і размеркавання харчавання. Такая мадэль праўлення была слаба прыстасавана для адказу на змены, таму што дзеянні правіцеля згодна з традыцыяй абмяжоўваліся такімі напрамкамі дзейнасці як будаўніцтва, рытуалы і вайна. Гэта толькі паспрыяла абвастрэнню сістэмных праблем[48]. К 9—10 стст. гэта прывяло да распаду ўсяе сістэмы праўлення. На паўночным Юкатане аднаасобнае праўленне было заменена на кіруючы савет, сфарміраваны з прадстаўнікоў знатных родаў. У паўднёвым Юкатане і цэнтральным Петэне царствы хіліліся да заняпаду; у заходнім Петэне і некаторых іншых абласцях змены былі катастрафічнымі і прывялі да быстрага апусцення гарадоў[49]. За пару пакаленняў вялікія часткі цэнтральнай Маянскай вобласці амаль абязлюдзелі[50]. Як сталіцы, так і другарадныя паселішчы апусцелі за 50—100 гадоў[28]. Адзін за адным, гарады перасталі высякаць датаваныя манументы; апошняя дата паводле Доўгага ліку была напісана ў Таніне[en] ў 909 годзе. Стэлы больш не ўзводзіліся, а ў закінутых царскіх палацах пасяліліся выпадковыя жыхары. Месаамерыканскія гандлёвыя шляхі зрушыліся і пайшлі ў абход Петэна[51].

Паслякласічны перыяд (каля 950—1539 гг. н.э.)

правіць
 
Сакулеу[en] быў сталіцай посткласічнага царства Мам[en] на Гватэмальскім нагор'і.[52]

У Паслякласічны перыяд, хоць і значна зменшаная, прысутнасць Мая заставалася прыкметнай і пасля запусцення галоўных гарадоў Класічнага перыяду; насельніцтва асабліва было сканцэнтравана каля пастаянных крыніц вады[53]. У адрозненне ад папярэдніх цыклаў скарачэння вобласці Мая, закінутыя землі не былі скора заселены ў Посткласічны перыяд[28]. Актыўнасць перамясцілася ў паўночныя нізіны і Маянскія нагор'і; гэта магло быць звязана з перамяшчэннем насельніцтва з паўднёвых нізін, бо многія паслякласічныя групы мая мелі міфы, звязаныя з міграцыяй[54]. Чычэн-Іца і яе пуукскія[en] суседзі моцна заняпалі ў 11 ст., і гэта можа адлюстроўваць заключную падзею заняпаду класічнай цывілізацыі Мая. Пасля ўпадку Чычэн-Іцы, Маянская вобласць засталася без дамінантнай сілы, пакуль у 12 ст. не ўзвысіўся горад Маяпан. На ўзбярэжжы Карыбскага мора і Мексіканскага заліва ўзніклі новыя гарады, былі праложаны новыя гандлёвыя шляхі[55].

Паслякласічны перыяд быў адзначаны зменамі адносна папярэдняга Класічнага[56]. Некалі вялікі горад Камінальхую ў Гватэмальскай даліне быў закінуты пасля амаль дзвюх тысяч гадоў бесперапыннай населенасці[57]. На нагор'ях і суседнім ціхаакіянскім узбярэжжы доўга населеныя гарады на неабароненых месцах былі перанесены, відавочна, з-за пашырэння ваенных канфліктаў[en]. Гарады сталі займаць больш зручныя для абароны вяршыні ўзгоркаў, акружаных глыбокімі ярамі і лагчынамі, з умацаваныя сценамі і рвамі, якія часам дапаўнялі прыродную абарону, якую давала мясцовасць[57]. Адным з найбольш важных гарадоў у Гватэмальскім нагор'і ў гэты час быў Гумарках[en], сталіца ваяўнічага царства Кічэ[en][56]. Кіраўніцтва маянскіх дзяржаў, ад Юкатана да Гватэмальскіх нагор'яў, часта было арганізавана як сумеснае праўленне савета. Аднак на практыцы адзін з членаў савета мог дзейнічаць як вярхоўны правіцель, тады як іншыя члены служылі яму дарадчыкамі[58].

 
Маяпан быў важным посткласічным горадам на поўначы Юкатана.

Маяпан быў закінуты каля 1448 года, пасля перыяду палітычнай, сацыяльнай і прыроднай бязладнасці, што ў многіх адносінах было водгукам упадку Класічнага перыяду ў паўднёвых абласцях Мая[en]. За апусценнем горада на Юкатанскім паўвостраве настаў перыяд працяглых войн, хвароб і прыродных бедстваў, які завяршыўся незадоўга да прыходу іспанцаў у 1511 годзе[59]. Нават без дамінантнай рэгіянальнай сталіцы, раннія іспанскія даследчыкі паведамлялі пра багатыя прыбярэжныя гарады і квітнеючыя рынкі[55]. На працягу Позняга паслякласічнага перыяду Юкатан быў падзелены на рад незалежных абласцей, якія мелі агульную культуру, але адрозніваліся па ўнутраным грамадска-палітычным ладзе[60]. Напярэдадні іспанскага заваявання на Гватэмальскім нагор'і панавала некалькі магутных маянскіх дзяржаў[61]. Кічэ[en] стварылі невялікую імперыю, якая пакрывала вялікую частку заходніх Гватэмальскіх нагор'яў і суседнюю ціхаакіянскую прыбярэжную раўніну. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі перад іспанскім уварваннем дзяржаву Кічэ паступова разбурала Какчыкельскае[en] царства[62].

Сутыкненне з іспанцамі і канкіста (1511—1697 гг.)

правіць
 
Узяцце іспанцамі горада Ішымчэ[en], вядомага як Гватэмаллан на мове наўатль. Рысунак з Lienzo de Tlaxcala[en].

У 1511 годзе ў Карыбскім басейне пацярпела крушэнне іспанская каравела, недзе з дзясятак выжыўшых высадзіліся на ўзбярэжжы Юкатана. Яны былі схоплены адным маянскім уладаром, і большасць з іх была прынесена ў ахвяру, хаця двум удалося ўцячы. З 1517 па 1519 год берагі Юкатана даследавалі тры асобныя іспанскія экспедыцыі, якія мелі рад ваенных сутыкненняў з маянскімі плямёнамі[63]. Пасля падзення ў 1521 годзе Тэначтытлана, ацтэкскай сталіцы, пад націскам іспанцаў, Эрнан Картэс паслаў у Гватэмалу Педра дэ Альварада з войскам: 180 конных воінаў, 300 пехацінцаў, 4 гарматы і некалькі тысяч саюзных воінаў з цэнтральнай Мексікі[64]; яны прыбылі ў Сакануска (ісп.: Soconusco) у 1523 годзе[65]. Сталіца Кічэ, Гумарках, пала перад Альварада ў 1524 годзе[66]. Скора пасля таго іспанцы былі запрошаны як саюзнікі ў Ішымчэ[en], сталіцу дзяржавы какчыкельскіх мая[en][67]. Добрыя адносіны доўга не пратрывалі, з-за празмерных іспанскіх патрабаванняў золата ў якасці даніны, і праз некалькі месяцаў горад быў пакінуты жыхарамі[68]. Пасля гэтага ў 1525 годзе паў Сакулеу[en], сталіца мамскіх мая[en][69]. У 1527 годзе Франсіска дэ Мантэха і яго сын, Франсіска дэ Мантэха малодшы, распачалі доўгую серыю паходаў супраць дзяржаў Юкатана і канчаткова завяршылі заваяванне паўночнай часткі паўвострава ў 1546 годзе[70]. Пасля гэтага незалежнымі засталіся толькі маянскія царствы Петэнскага басейна[71]. У 1697 годзе Марцін дэ Урсуа ўзяў штурмам сталіцу мая іца[en]Таясаль[en], апошні незалежны маянскі горад[72].

Мая пасля канкісты

правіць

Іспанскае заваяванне знесла ў нябыт большую частку вызначальных адметнасцей цывілізацыі Мая. Аднак, мноства маянскіх вёсак засталося ўбаку ад іспанскай каланіяльнай улады і ў асноўным працягвала жыць ранейшым укладам. Маянская абшчына і сям'я прадтрымлівалі свой традыцыйны быт[73]. Аснову месаамерыканскага харчавання, як і раней, складалі кукуруза і бабы, хаця прадукцыйнасць земляробства вырасла дзякуючы выкарыстанню жалезных прылад. Працягвалі існаваць традыцыйныя рамёствы, такія як ткацтва, кераміка і пляценне. Абшчынныя рынкі і гандаль мясцовымі таварамі заставаліся без змен яшчэ доўга пасля заваявання. Іншым разам каланіяльная адміністрацыя заахвочвала традыцыныя заняткі, каб атрымліваць даніну керамікай ці баваўнянымі тканінамі, хоць самі вырабы звычайна вырабляліся па еўрапейскіх стандартах. Вераванні і мова мая аказаліся ўстойлівымі да змен, нягледзячы на рашучыя намаганні каталіцкіх місіянераў[74]. 260-дзённы рытуальны каляндар цалкін[en] і цяпер застаецца ва ўжытку ў сучасных абшчынах мая ў нагор'ях Гватэмалы і Ч'япаса[75], а мільёны носьбітаў маянскіх моў насяляюць землі, на якіх стварылі сваю цывілізацыю іх продкі[76].

Гарады мая

правіць

Існуюць сотні гарадзішчаў мая, распаўсюджаных па пяці краінах: Белізе, Сальвадоры, Гватэмале, Гандурасе і Мексіцы[77]. Асабліва выдатную архітэктуру і скульптурнае ўбранства маюць шэсць гарадоў: Чычэн-Іца, Паленке, Ушмаль і Яшчылан у Мексіцы, Тыкаль у Гватэмале і Капан у Гандурасе. Іншыя важныя, але цяжкадаступныя гарады ўключаюць Калакмуль і Эль-Мірадор. Галоўнымі гарадамі ў рэгіёне Пуук, пасля Ушмаля, з'яўляюцца Кабах[ru], Лабна[ru] і Сайіль[ru]. На ўсходзе Юкатана размяшчаюцца Каба і невялікае мястэчка Тулум[ru][78]. Гарадзішчы ў стылі Рыа-Бека на паўвостраве ўключаюць Бекан[ru], Чыканну[ru] Кахунліч[ru] і Шпухіль[ru]. У Ч’япасе, акрамя Паленке і Яшчылана, найбольш вартыя ўвагі Банампак[ru] і Таніна[ru]. На Гватэмальскім нагор'і знаходзяцца Ішымчэ[en], Камінальхую, Мішка-В'еха[en] і Гумарках[ru] (таксама вядомы як Утатлан)[79]. У паўночных Петэнскіх нізінах Гватэмалы існуе мноства гарадзішчаў, але дабрацца да большасці з іх, за выключэннем Тыкаля, цяжка. Сярод гарадзішчаў Петэна Дос-Пілас[ru], Сейбаль[ru] і Уашактун[80]. Важныя гарадзішчы Беліза ўключаюць Алтун-Ха, Караколь[ru] і Шунантуніч[ru][81].

Не менш за 60 тыс. розных будынкаў цывілізацыі мая, схаваных у джунглях, выявілі навукоўцы на поўначы Гватэмалы ў дэпартаменце Петэн. Па словах археолагаў, якія прымалі ўдзел у пошуках, гаворка ідзе пра дзясяткі гарадоў з "вялікімі плошчамі і пірамідамі", узвядзенне якіх павінна было займаць многія гады. "Гэта тэрасы і месцы вырошчвання сельскагаспадарчых культур з арашальнымі каналамі, рэзервуары для збору вады, умацаваныя паселішчы і шырокія дарогі, зробленыя мая, у няўяўным раней маштабе", - адзначыў Франсіска Эстрада-Белі, адзін з аўтараў даследавання. Згодна з папярэднімі ацэнкамі спецыялістаў, на гэтай тэрыторыі маглі пражываць каля 10 млн чалавек[82].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. Беларуска-рускі слоўнік. У 3 т. (Больш за 110.000 слоў). Пад рэд. А.Лукашанца; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012. — 4-е выд., перапрац. і дап. ISBN 978-985-11-0613-0
  2. Паводле правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года спалучэнне -йа- пасля галосных і ў пачатку слова на пісьме перадаецца праз -я-. Таксама адзначаецца, што гукавое спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання на пачатку слова, пасля галоснага ў сярэдзіне слова і пасля галоснага на канцы слова перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх.
  3. Estrada-Belli 2011, pp. 1, 3.
  4. Sharer and Traxler 2006, p. 98. Estrada-Belli 2011, p. 38.
  5. Estrada-Belli 2011, p. 1.
  6. Demarest 2004, p. 17.
  7. Estrada-Belli 2011, p. 3.
  8. Sharer and Traxler 2006, p. 98.
  9. Masson 2012, p. 18238. Pugh and Cecil 2012, p. 315.
  10. Estrada-Belli 2011, p. 28.
  11. Hammond et al. 1976, pp. 579—581.
  12. Drew 1999, p.6.
  13. Coe 1999, p. 47.
  14. а б Olmedo Vera 1997, p.26.
  15. Sharer and Traxler 2006, p.214.
  16. Sharer and Traxler 2006, p. 276.
  17. Sharer and Traxler 2006, pp. 182, 197.
  18. Saturno, Stuart and Beltrán 2006, pp. 1281—1283.
  19. Olmedo Vera 1997, p.28.
  20. Martin and Grube 2000, pp. 25-26.
  21. Love 2007, pp. 293, 297. Popenoe de Hatch and Schieber de Lavarreda 2001, p. 991.
  22. Sharer and Traxler 2006, p. 236.
  23. Sharer and Traxler 2006, p. 275.
  24. Martin and Grube 2000, p. 8.
  25. Schele and Mathews 1999, pp. 179, 182—183.
  26. а б Coe 1999, p. 81.
  27. Martin and Grube 2000, p. 21.
  28. а б в Masson 2012, p. 18237.
  29. а б в Martin and Grube 2000, p.9.
  30. Demarest 2004, p. 218. Estrada-Belli 2011, pp. 123—126.
  31. Sharer and Traxler 2006, p. 322. Martin and Grube 2000, p. 29.
  32. а б Sharer and Traxler 2006, p. 324.
  33. а б в Olmedo Vera 1997, p.36.
  34. Foster 2002, p. 133.
  35. Demarest 2004, pp. 224—226.
  36. Sharer and Traxler 2006, pp. 383, 387.
  37. Salisbury, Koumenalis & Barbara Moffett 2002. Martin & Grube 2000, p. 108. Sharer & Traxler 2006, p.387.
  38. Martin and Grube 2000, pp. 54-55.
  39. Martin and Grube 2000, pp 192—193. Sharer and Traxler 2006, p. 342.
  40. Martin and Grube 2000, pp. 200, 203.
  41. Martin and Grube 2000, pp. 203, 205.
  42. Miller 1999, pp. 134—135. Looper 2003, p. 76.
  43. Looper 1999, pp. 81, 271.
  44. Demarest 2004, p. 75.
  45. Sharer and Traxler 2006, p. 554.
  46. Coe 1999, pp. 151—155.
  47. Becker 2004, p.134.
  48. Demarest 2004, p. 246.
  49. Demarest 2004, p. 248.
  50. Martin and Grube 2000, p. 226.
  51. Foster 2002, p. 60.
  52. Sharer 2000, p. 490.
  53. Sharer and Traxler 2006, pp. 613, 616.
  54. Foias 2014, p. 15.
  55. а б Masson 2012, p. 18238.
  56. а б Arroyo 2001, p.38.
  57. а б Sharer and Traxler 2006, p.618.
  58. Foias 2014, pp. 100—102.
  59. Kukulcan's Realm: Urban Life at Ancient Mayapán, Marilyn Masson & Carlos Peraza Lope, University Press of Colorado 2014, chapter 8: Militarism, Misery and Collapse ISBN 978-1-60732-319-8
  60. Andrews 1984, p. 589.
  61. Sharer and Traxler 2006, p. 717.
  62. Restall and Asselbergs 2007, p. 5.
  63. Sharer and Traxler 2006, pp. 759—760.
  64. Sharer and Traxler 2006, p. 763. Lovell 2005, p. 58. Matthew 2012, pp. 78-79.
  65. Sharer and Traxler 2006, p. 763.
  66. Sharer and Traxler 2006, pp. 764—765. Recinos 1986, pp. 68, 74.
  67. Schele and Mathews 1999, p.297. Guillemín 1965, p.9.
  68. Schele and Mathews 1999, p.298.
  69. Recinos 1986, p.110. del Águila Flores 2007, p.38.
  70. Sharer and Traxler 2006, pp. 766—772.
  71. Sharer and Traxler 2006, pp. 772—773.
  72. Jones 1998, p. xix.
  73. Sharer and Traxler 2006, p. 9.
  74. Sharer and Traxler 2006, p. 10.
  75. Zorich 2012, p. 29. Thompson 1932, p. 449.
  76. Sharer and Traxler 2006, p. 11.
  77. Coe 1999, p. 243.
  78. Coe 1999, p. 244.
  79. Coe 1999, p. 245.
  80. Coe 1999, pp. 245—246.
  81. Coe 1999, p. 246.
  82. tass.ru, zviazda.by

Літаратура

правіць
  • Майя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 524-525. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (Т. 9).

Спасылкі

правіць