Васіль Ві́тка, сапр. Цімох Васілевіч Крысько (16 мая 1911, в. Еўлічы, Слуцкі раён, Мінская вобласць — 5 ліпеня 1996) — беларускі літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, драматург, педагог; класік беларускай дзіцячай літаратуры. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970)[1].

Васіль Вітка
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Цімафей Васілевіч Крысько
Дата нараджэння 16 мая 1911(1911-05-16)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 ліпеня 1996(1996-07-05) (85 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, публіцыст, пісьменнік, перакладчык, паэт, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыстыка
Жанр дзіцячая літаратура
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «Знак Пашаны»

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Быў старэйшым дзіцем у сям’і, акрамя яго было яшчэ двое братоў і дзве сястры[2].

Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929—1930), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930—1933), «Ударнік» (Жлобін, 1933—1935)[1]. Пасля пераехаў у Мінск, з 1935 года працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена».

У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай яўрэйкай Вольгай (Эльке) Рыгораўнай Лерман[2]. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам. Вольга была трэцяй па ўзросце з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Яе малодшая сястра Геня выйшла замуж за паэта Рыгору Суніцу, брата Міхася Лынькова[3]. У 1937 годзе ў Цімоха і Вольгі нарадзіўся сын Вісарыён, названы бацькам у гонар рускага пісьменніка Вісарыёна Бялінскага[2].

У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм». На працу не бралі, дапамог Рыгор Лынькоў, які ўзяў на сваё імя часовую работу і перадаў яе Крысько. Гаспадыня прыватнага дамка на вуліцы Розы Люксембург, якая здавала сям’і пакойчык, спалохалася і пагнала іх з кватэры. Тады Міхась Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб яго пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасці ў Пухавічах. У гэты час Цімох Крысько захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам. Праз дзевяць месяцаў быў адноўлены на працы[4]. Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1937—1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938—1939)[1].

У лістападзе 1939 года яго прызваны ў армію. Служыў у Чырвоным Урочышчы пад Мінскам[4]. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР[1]. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны пераехалі ў Гомель, дзе Крысько пайшоў у ваенкамат, каб стаць добраахвотнікам, але яго не ўзялі з прычыны кепскага зроку і адразу накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Размінуўся з жонкай і сустрэўся з ёй толькі пад канец вайны. Вольга пешкі з двума маленькімі дзецьмі на руках дайшла з Гомеля ў Оршу, а потым дабралася да Смаленска, дзе здолела сесці на цягнік. Так сям’я апынулася ў эвакуацыі ў Кургане[4].

Цімох працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».

 
Семінар творчых работнікаў БССР возеры Нарач. Злева направа: Уладзімір Юрэвіч, Васіль Вітка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Ніл Гілевіч, Пётр Машэраў, Анатоль Багатыроў. 1972

З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 — намеснікам, з 1951 — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-74 — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-87 — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943.

Жыў у Доме пісьменнікаў па вул. Карла Маркса, 36[2].

Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года пра змену дзяржаўнай сімволікі, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам, Васіль Вітка напісаў на гэтую падзею верш, пісьменніка адразу перасталі друкаваць, пасля смерці на могілках раптам не было месца для пахавання, беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не здолелі таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме[2]. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска (Паўночныя-1, 96а/5/28)[5].

Творчасць

правіць

Друкавацца пачаў у 1928 годзе[1].

Паэзія

правіць

Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах[1].

Драматургія і публіцыстка

правіць

Аўтар п’ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952)[1].

Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы, пісаў артыкулы пра К. Чорнага, М. Лынькова, М. Танка, Я. Брыля, В. Сухамлінскага і іншых. У 1977 выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 — кнігу «Урокі», у 1988 — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў[1].

Пераклады

правіць

На беларускую мову пераклаў паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы  (руск.)» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), асобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, Я. Райніса, М. Ціханава, М. Рыльскага, М. Бажана, М. Стэльмаха, а таксама творы іншых рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў[1].

На латышскую мову творы В. Віткі перакладаў Імантс Ласманіс, на украінскую Марыя Пазнанская, Юрый Назаранка  (укр.) и Любоў Забашта  (укр.), на англійскую Уолтэр Мэй і Сяргей Сасінскі, на сербскую Вера Кусіцкі і Пётр Антановіч, на славацкую Гелена Крыжанова-Брындзова  (укр.), на эстонскую Муя Вээтам, на балгарскую Найдзен Вылчаў, на чэшскую Здэнка Берграва  (укр.), на французскую Сцяпан Батура, на нямецкую Уладзімір Чапега, на польскую Барыс Ошэраў і Аляксандр Барскі, на літоўскую Анзельмас Матуціс  (літ.) і Альбінас Жукаўскас, на нідэрландскую Р. дэ Врыес, на узбекскую Пулат Мумінаў  (узб.).

Сям’я

правіць

Унучка — Юлія Чарняўская (культуролаг і літаратар)[6].

Узнагароды

правіць
 
Дзіцячая бібліятэка імя Васіля Віткі ў Мінску

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка»[1]. У 1978 узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978)[1] з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — «Знак Пашаны» і медалямі.

10 кастрычніка 1991 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны

Зноскі

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к Витка Василь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 115. — 737 с.
  2. а б в г д Выбоістыя шляхі Юліі Чарняўскай
  3. Аповяд Таццяны Буднік
  4. а б в Жыў на свеце дзед Васіль
  5. Брэская — Гарэцкі – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 26 ліпеня 2024.
  6. Круги на воде. К столетию Василя Витки Архівавана 19 верасня 2015.

Літаратура

правіць
  • Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. — Мн., 1976.
  • Гілевіч Н. Талент удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. — Мн., 1978.
  • Беларуская дзіцячая літаратура. 2-е выд. — Мн., 1980.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994. ISBN 5-340-00709-X
  • Грахоўскі С. З разведчыкаў шчасця (Успаміны. Публіцыстыка). 1986. Гл. на www.grahouski.org.
  • Каліта І. Сімволіка малой радзімы ў літаратурнай спадчыне Васіля Віткі. In: Малая радзіма ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. — Мінск: Беларуская навука, 2022, 219 с., c. 122-147. ISBN 978-985-08-2858-3.
  • Лынькоў М. Шукальнік запаветнага слова, «Маладосць», 1961, № 5;
  • Пісьменнікі Савецкай Беларусі. Кароткі біябібліяграфічны даведнік.— Мн., 1970.

Спасылкі

правіць