Гістарычнае таварыства

Гістарычнае таварыства — добраахвотныя агульнанацыянальныя і мясцовыя аб'яднанні гісторыкаў-прафесіяналаў, краязнаўцаў, аматараў. Даследуюць нацыянальную і мясцовую гісторыю, збіраюць і публікуюць дакументальныя крыніцы, вядуць падрыхтоўку і выданне навуковых прац (у т.л. па пытаннях метадалогіі і крыніцазнаўства), папулярызуюць гістарычныя веды. Нацыянальныя таварыствы з'яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі ў адносінах да мясцовых, яны могуць быць прадстаўлены ў розных міжнацыянальных і міжнародных арганізацыях гісторыкаў. У розных краінах дзейнічаюць гістарычныя асацыяцыі і камісіі, нацыянальныя камітэты гісторыкаў і іншыя згуртаванні, па сваіх мэтах і задачах блізкія да гістарычнага таварыства. Нацыянальныя таварыствы, асацыяцыі, камітэты гісторыкаў з 1926 г. аб'ядноўваюцца ў Міжнародны камітэт гістарычных навук. Фармальна гістарычнае таварыства пазапартыйная грамадская прафесійная арганізацыя, але рознымі шляхамі звязана з дзяржаўнымі ўстановамі і партыямі.

Гісторыя

правіць

Найбольш раняе гістарычнае таварыства баландыстаў (езуіцкае) узнікла ў 1630 г. у Антверпене (Іспанскія Нідэрланды). У Расійскай імперыі першае Таварыства для гістарычных даследаванняў заснавана ў 1759 г. у Архангельску. Супрацоўнічалі з расійскімі гістарычнымі таварыствамі толькі асобныя беларускія даследчыкі, ускладаючы надзеі на матэрыяльную і маральную падтрымку. Усяго ў Расійскай імперыі да 1917 г. у розныя часы існавала больш за 120 гістарычных таварыств. У 1791 г. было заснавана першае амерыканскае Масачусецкае гістарычнае таварыства, якое дзейнічае да сённяшняга дня.

Да 1861 г. асноўным кірункам гістарычных таварыств была археалогія і «аматарства старажытнасцямі». Першапачаткова дзейнасць гістарычных таварыств рэгламентавалася дзяржаўнымі ўладамі, існавалі ў асноўным на членскія ўзносы, ахвяраванні аматараў і субсідыі мясцовых улад, а таксама на дзяржаўныя сродкі. У гістарычных таварыствах супрацоўнічалі прафесійныя гісторыкі, краязнаўцы, прадстаўнікі духавенства, настаўнікі, аматары і інш.

Таварыствы на тэрыторыі Беларусі

правіць

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць

На Беларусі нефармальнае аб’яднанне гісторыкаў узнікла ў 1803 г. пры Віленскім універсітэце. Паведамлялася пра знаходкі старадрукаў, манускрыптаў, пра помнікі археалогіі і інш. Сярод удзельнікаў гісторыкі І. С. Анацэвіч, М. К. Баброўскі, І. М. Даніловіч. 3 1880-х гадоў да 1826 г. у Санкт-Пецярбургу існаваў Румянцаўскі гурток, члены якога зрабілі значны ўклад у працу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі. Закрыццё Віленскага універсітэта ў 1832 г. адмоўна адбілася на фарміраванні творчай інтэлігенцыі, яшчэ раней разагнаны таварыствы філаматаў і філарэтаў, якія таксама рабілі спробы вывучэння гісторыі роднага краю. Афіцыйная навука Расійскай імперыі вяла палітыку на канцэнтрацыю творчых сіл у Санкт-Пецярбургу і Маскве, на вываз туды нацыянальных каштоўнасцей. Гэтым займаліся Імператарскае Рускае археалагічнае таварыства (1846 г.), Імператарскае Рускае гістарычнае таварыства (1866 г.) і інш., дзейнасць якіх рэгламентавалася дзяржаўнай уладай. Беларускія гісторыкі супрацоўнічалі з гэтымі тарыствамі: друкаваліся ў навуковых выданнях, выступалі на канферэнцыях і з’ездах. Вялікі навуковы рэзананс мела Віленская археалагінная камісія (18551865 гг.). Згуртаванню гісторыкаў, краязнаўцаў садзейнічалі архівы, створаныя ў Вільні, Віцебску, музеі ў Віцебску, Горках, Гродне, Магілёве, Паставах, Полацку і інш. 3 пачатку XX ст. на Беларусі дзейнічалі Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Таварыства вывучэння Беларускага краю, Таварыства вывучэння Магілёўскай губерні, Віцебская вучоная архіўная камісія, Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі, Віцебскае царкоўнае гісторыка-археалагічнае таварыства, Віленскае таварыства сяброў навук і інш.

Савецкі перыяд

правіць

У 1919 г. пры Мінскім настаўніцкім інстытуце ўзнікла Таварыства гісторыі і старажытнасцей, якое ў 1921 г. арганізавала раскопкі курганоў у Заслаўі пад Мінскам. У савецкі час вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі сканцэнтравалася ў Інстытуце беларускай культуры1929 г. у АН БССР), а таксама ў цэнтральных і мясцовых краязнаўчых музеях. Вывучэнне гісторыі вёсак, раёнаў, мястэчак, заводаў і інш. пашырылася ў 1920-я—пачатку 1930-х гадоў у сувязі з дзейнасцю Цэнтральнага бюро краязнаўства, якое мела акруговыя і раённыя таварыствы, у 19251930 гг. выдавала часопіс «Наш край». Склікаліся краязнаўчыя з’езды, канферэнцыі. У 19271933 гг. працавала Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР. 3 сярэдзіны 1930-х гадоў гісторыка-краязнаўчыя таварыствы спынілі дзейнасць, навукова-даследчая праца набыла вульгарна-сацыялагічны характар, сканцэнтравалася ў інстытутах, музеях, архівах. Толькі ў Заходняйц Беларусі, нягледзячы на ўзмоцненую паланізацыю, ствараліся згуртаванні гісторыкаў і краязнаўцаў вакол Віленскага універсітэта, Віленскай беларускай гімназіі, Беларускага музея ў Вільні, пры музеях у Ваўкавыску, Гродне, Слоніме. 3 1960-х гадоў пачалося вывучэнне мінулага на месцах у сувязі з утварэннем у 1966 г. Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. 3 сярэдзіны 1980-х гадоў актывізуецца дзейнасць гісторыкаў, краязнаўцаў, пачынаецца вызваленне ад ідэалагічных путаў мінулага. Яны аб’ядноўваюцца вакол Інстытута гісторыі АН Беларусі, кафедраў гісторыі ВНУ, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», гістарычнага профілю архіваў і музеяў. 3 1989 г. дзейнічае Беларускае краязнаўчае таварыства, у 1986 г. у Гродне па ініцыятыве супрацоўнікаў Інстытута біяхіміі АН БССР, быў створаны клуб «Паходня», які ў 1991 г. быў пераўтвораны ў гісторыка-культурнае таварыства.

Таварыствы суверэнай Беларусі

правіць

У 1993 г. была створана Усебеларуская асацыяцыя гісторыкаў. У 1997 г. было заснавана рэгіянальнае гістарычнае таварыства «Тадэвуш Рэйтан», мэтай якога з’яўляецца вывучэнне гісторыі Ляхавіцкага раёна і Беларусі у цэлым[1].

За межамі Беларусі, у Беластоку (Польшча) з 1993 г. дзейнічае Беларускае гістарычнае таварыства, якое займаецца выдавецкай дзейнасцю, арганізацыяй навуковых канферэнцый, перадач для радыё і тэлебачання, выставак і моладзевых лагераў. Таварыства выдае паўгадавік «Białoruskie Zeszyty Historyczne».

Зноскі

  1. Турыянскі, М. Створана таварыства у гонар Рэйтана // Кантакты і дыялогі. — 1997. — № 9—10 — с. 59.

Літаратура

правіць
  • Аляксееў, Л. Вяртаючы народу мінулыя стагоддзі... // Полымя. — 1969. — № 12. — С.
  • Каханоўскі, Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. / Г. А. Каханоўскі; Навук. рэд. Л. Д. Побаль. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — 118, [2] с.
  • Каханоўскі, Г. Гістарычныя таварыствы / Генадзь Каханоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 14—15.