«За́хад-2013» — сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія праводзіліся 20—26 верасня 2013 года.

Беларускія салдаты высаджваюцца з карабля на паветранай падушцы (26 верасня 2013 г., палігон Хмялёўка)

У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў: 3 у Брэсцкай вобласці[1] і па адным у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У Расіі выкарысталі 2 палігоны Калінінградскай вобласці. Асаблівасцю вучэнняў параўнальна з папярэднімі «Захад-2009» стаў удзел ваенных узброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў межах вучэнняў «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ. Агульны лік удзельнікаў вучэнняў у Беларусі склаў каля 12 900 ваенных. З іх ад Беларусі было звыш 10 000 салдат, ад Расіі — каля 2500, ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — каля 300 чалавек. Задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама выкарысталі звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. У Калінінградскай вобласці Расіі задзейнічалі каля 200 ваенных 103-й мабільнай брыгады (Віцебск) Узброеных сіл Беларусі. На вучэннях упершыню адпрацавалі міжвідавое ўзаемадзеянне Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі з прыцягненнем Ваенна-марскога флоту Расіі[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прынялі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3]. За вучэннямі назіралі ваенныя аташэ з 20 краін[4] і па 2 замежныя назіральнікі ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[5].

Падрыхтоўка правіць

23 кастрычніка 2012 года ў Маскве калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013». Міністр абароны Расіі Анатоль Сердзюкоў паведаміў, што вучэнні адбудуцца ў верасні 2013 года ў 2 этапы на палігонах Беларусі і Расіі. Ён згадаў, што разам з Рэгіянальнай групоўкай войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі на вучэннях задзейнічаюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, у сувязі з чым «на тэрыторыі Беларусі будзе сфарміравана камандаванне КСАР АДКБ»[6]. У снежні 2012 года ўрад Беларусі паведаміў дзяржавам, якія падпісалі Венскі дакумент «Аб умацаванні даверу і бяспекі ў Еўропе» 30 лістапада 2011 года, пра намер правесці вучэнні «Захад-2013» і запрасіў для назірання ваенных аташэ дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, і наглядальнікаў ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[7][8]. 21 лютага 2013 года галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі А. Лукашэнка ўхваліў задуму вучэння і запатрабаваў прыцягнуць да яго правядзення войскі тэрытарыяльнай абароны[9].

11 сакавіка 2013 года Міністэрства абароны Расіі пачало камандна-штабную трэніроўку з галоўнымі органамі ваеннага кіравання і ваеннымі акругамі для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[10]. 21—23 мая ў Мінску адбыўся 2-гі этап сумеснай штабной трэніроўкі Узброеных сіл Беларусі і Расіі, у ходзе якога распрацавалі план правядзення вучэння[11]. 27 мая афіцэры Генштаба Узброеных сіл Расіі прыбылі ў Беларусь для аглядаў месцаў правядзення вучэння, каб вызначыць парадак дзеяння войскаў[12]. 16—17 ліпеня 2013 года прайшла камандна-штабная трэніроўка з 2-й інжынернай брыгадай (в/ч 31802; Мінск, вул. Паўлоўскага, д. 58) Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка інжынерных войскаў Андрэя Куракова для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[13].

28 жніўня 2013 года міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін паведаміў, што галоўнакамандуючы Узброеных сіл Беларусі А. Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння «Захад-2013» з тэмай «Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы». Вучэнне прызначылі на 20—26 верасня 2013 года. У аснову задумы паклалі ўзрастанне дзейнасці ўзброеных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Бакі проціборства размясцілі ў межах Беларусі і трох прылеглых абласцей Расіі — Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай. «Чырвоныя» ўключалі Беларусь, Расію і 4 іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Сінія» абазначаліся ў якасці кааліцыі зацікаўленых дзяржаў пад умоўнымі назвамі. Прычынай абвастрэння падавалася імкненне дамагчыся пагаршэння грамадска-палітычнага становішча Беларусі. Паводле сцэнарыя, урад Расіі і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ мелі аказаць ураду Беларусі «ў адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай … палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку». У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў паклалі сумесныя дзеянні воінскіх часцей Беларусі і Расіі, што ўваходзілі ў склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ). Прадугледжвалася сумесная адпрацоўка аховы і абароны ваенных аб’ектаў, знішчэння дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў, а таксама пераадолення наступстваў тэхнагенных здарэнняў[8].

 
Расійскія танкі страляюць з падрыхтаванай пазіцыі (26 верасня 2013 г., Калінінградская вобласць)

Для вучэння органаў ваеннага кіравання і войскаў у Беларусі вызначылі 6 палігонаў: Брэсцкі, Гожскі (Гродзенскі раён), Асіповіцкі (Магілёўская вобласць), Абуз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), Барысаўскі (Мінская вобласць) і Даманаўскі (Івацэвіцкі раён). У Расіі задзейнічалі 2 палігоны Калінінградскай вобласці — Хмялёўка і Праўдзінскі. Падчас вучэння вырашылі адпрацаваць прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і падтрымку рэжыму надзвычайнага становішча ў памежным раёне, проціпадрыўную барацьбу, а таксама пошук, блакаванне і знішчэнне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Урэшце прадугледжвалася супрацьпаветранае прыкрыццё пунктаў кіравання і ваенных аб’ектаў, паветранае прыкрыццё манеўраў воінскіх часцей і тактычнае вучэнне з падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі. Правядзенне вучэння спланавалі ў 2 этапы: 1) Аб’яднанае камандаванне РГВ кіруе разгортваннем войскаў, ізаляваннем раёнаў дзеяння ўзброеных фарміраванняў праціўніка і нарошчваннем групоўкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця дзяржаўных і ваенных аб’ектаў; 2) стабілізаванне становішча для забеспячэння ваеннай бяспекі. Прадугледжваўся таксама ўдзел ваенных Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Агульная колькасць асабовага складу мела скласці каля 12 900 чалавек. Каля 200 ваенных 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) накіраваныя на вучэнне на расійскай тэрыторыі. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама прадугледжвалася выкарыстаць звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), звыш 50 самалётаў і верталётаў. На палігонах мелі выпрабаваць шэраг узораў доследнай зброі.

3 верасня 2013 года на станцыю Азярышча на ўсходзе Мінска прыбыў 1-ы эшалон з вайскоўцамі і ваеннай тэхнікай Узброеных сіл Расіі, што ўключаў падраздзяленне забеспячэння для разгортвання сістэмы кіравання[14]. 9 верасня А. Лукашэнка абмеркаваў з генсакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам прыбыццё на вучэнне фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ з ліку ўзброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана[15]. На 10 верасня ў Беларусь адправіліся 2500 ваенных Заходняй ваеннай акругі Расіі[16]. Для іх перамяшчэння задзейнічалі 20 ваенных эшалонаў[17]. 6—10 верасня 2013 года ў Брэст (Беларусь) з Маскоўскай вобласці (Расія) прыбывалі эшалоны з тэхнікай і ваеннымі 20-й агульнавайсковай арміі Расіі (Варонеж)[18]. Да 10 верасня на Брэсцкі палігон прыбыла каля 900 расійскіх ваенных са 130 адзінкамі бранятанкавай і спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі[19]. 12 верасня эшалон з асабовым складам і тэхнікай 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й асобнай мабільнай брыгады Беларусі прыбыў на чыгуначную станцыю Араніенбаўм (Ленінградская вобласць, Расія) для ўдзелу ў вучэнні[20].

17 верасня 2013 года на Гожскім палігоне засяродзілі каля 3000 беларускіх і расійскіх салдат[21]. 18 верасня расійскія дэсантныя караблі «Калінінград» Балтыйскага флоту, «Георгій Пераможца» Паўночнага флоту і «Азоў» Чарнаморскага флоту даставілі беларускіх дэсантнікаў і тэхніку ў Балтыйск (Калінінградская вобласць). Адтуль беларускія салдаты мелі накіравацца на палігоны Балтыйскага флоту Расіі для адпрацоўкі знішчэння ўзброеных фарміраванняў сумесна з расійскімі марскімі пяхотнікамі і дэсантнікамі[22]. Падчас 2-дзённага пераходу беларускія дэсантнікі са 103-й брыгады (Віцебск) ўдзельнічалі ў вучэнні па абароне карабельнага ордэра[4]. 19 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне адкрылі вучэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ «Узаемадзеянне-2013», што мела прайсці 20—25 верасня спадарожна з вучэннем «Захад-2013». Свае воінскія кантынгенты даслалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. На вучэнні мелі апрабаваць прымяненне авіяцыі калектыўных сіл у спецыяльнай і сумеснай аперацыі па барацьбе з узброенымі фарміраваннямі. Лік удзельнікаў перавышаў 600 чалавек. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 60 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, а таксама каля 15 адзінак паветранай тэхнікі. Камандзір групоўкі КСАР АДКБ Алег Белаконеў адзначыў, што «вучэнне „Узаемадзеянне-2013“ накіраванае на барацьбу з тэрарызмам»[23].

Агулам з пачатку 2013 года ва Узброеных сілах Беларусі і Заходняй ваеннай акрузе Расіі правялі звыш 10 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі да вучэння[24].

Правядзенне правіць

20 верасня 2013 года Узброеныя сілы Беларусі і Расіі пачалі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013» ва ўмовах дажджлівага надвор’я на беларускіх палігонах. Кіраўнікамі вучэння выступілі міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі 12 900 ваенных, з іх звыш 10 000 ад Узброеных сіл Беларусі, каля 2500 расійскіх салдат і звыш 300 ваенных ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Таксама задзейнічалі 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў[25]. Падраздзяленні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі размясцілі блокпасты каля заходняй мяжы Беларусі, ахоўвалі дзяржаўныя будынкі, ладзілі засады на пагражальных напрамках і вялі дазор супраць пранікнення дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Ва ўзаемадзеянні задзейнічалі Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльныя войскі і Сілы спецыяльных аперацый Беларусі[26]. На Абуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне рэактыўны дывізіён 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (Асіпавічы) правёў баявыя пускі снарадаў[27]. Да 22 верасня на 6 ваенных палігонах Беларусі задзейнічалі абодва аператыўныя камандаванні Узброеных сіл Беларусі — Заходняе і Паўночна-заходняе, а таксама войскі 20-й арміі Расіі[28].

 
Расійскія верталёты на вучэннях (26 верасня 2013 г.)

23 верасня пачаўся 2-гі этап вучэнняў. Звыш 500 ваенных засяродзілі пад Брэсцкім палігонам для адпрацоўкі прыкрыцця дзяржаўнай мяжы ад тэрарыстычных груп. Для выяўлення праціўніка і навядзення на мэту верталётаў адправілі беспілотнікі. Пасля паветранага ўдару наступ пачалі мотастралковыя падраздзяленні[29], у тым ліку асобны мабільны батальён 38-й мабільнай брыгады (Брэст) Беларусі і мотастралковы батальён 20-й арміі (Варонеж) Узброеных сіл Расіі. Цягам 23—26 верасня на Абуз-Лясноўскім палігоне (Баранавіцкі раён) адпрацоўвалі падтрыманне ладу ваеннага становішча і вядзенне супрацьпадрыўной барацьбы. Адначасова праходзіла тактычнае вучэнне падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі, што ўключала перакідку ў іншую мясцовасць для правядзення баявых пускаў[26]. 24 верасня на Гожскім палігоне (Гродзенскі раён) адпрацавалі падтрыманне ладу надзвычайнага становішча ў памежным раёне, пошук і блакаванне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка, вядзенне бою для іх знішчэння[30]. На Даманаўскім палігоне ў Івацэвіцкім раёне правялі баявыя пускі рэактыўных снарадаў з выкарыстаннем трэніровачных комплексаў[31]. На Брэсцкім палігоне разлікі 927-га цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў (в. Асаўцы, Бярозаўскі раён) адпрацавалі пошук дыверсантаў з наступным нанясеннем паветранага ўдару самалётамі Су-25 116-й штурмавой авіябазы (Ліда). Паветраную разведку ажыццявілі беспілотнікамі «Грыф-100», «Бусел-М» і «Буравеснік», а таксама верталётнымі беспілотнікамі «Індэла Інскай»[32].

25 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне скончылася вучэнне «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, што ладзілася ў рамках вучэння «Захад-2013». Паводле задумы вучэння, у Беларусі ўзрасла дзейнасць падрыўных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Савет калектыўнай бяспекі Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) вырашыў аказаць ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу. Вайсковыя кантынгенты ўзброеных сіл Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана адпрацавалі разблакаванне лётнішча, прыступ будынка і вызваленне закладнікаў. Падраздзяленні вартавалі дзяржаўныя аб’екты, выведвалі мясцовасць, шукалі ўзброеныя фарміраванні праціўніка і ладзілі засады ва ўмовах дажджлівага надвор’я. Упершыню ў рамках АДКБ на парашутах высадзілі самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі з вышыні 600 метраў. Колькасць удзельнікаў вучэнняў склала 600 чалавек. Задзейнічалі каля 60 адзінак спецыяльнай і баявой тэхнікі і каля 15 самалётаў[33]. Вучэнні КСАР АДКБ былі 5-мі па ліку і ўпершыню праходзілі ў Беларусі[34].

 
Высадка расійскіх салдат з верталёта на бераг (палігон Хмялёўка)

26 верасня прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі Гожскі палігон у Гродзенскім раёне Беларусі і расійскі палігон Хмялёўка ў Калінінградскай вобласці. На Гожскім палігоне мотастралковыя і мабільныя падраздзяленні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Беларусі адпрацавалі прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і пошук, блакаванне і знішчэнне падрыўных выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка агульным лікам звыш 2000 чалавек[35]. У яго ходзе самалёты Су-25 і баявыя верталёты нанеслі ракетна-бомбавы ўдар па аўтакалоне ўмоўных тэрарыстаў, што спрабавала перасекчы дзяржаўную мяжу ў абыход блокпаста. На шляху адыходу праціўніка дэсантнікі высадзіліся з верталётаў і вёўся агонь артылерыі. Пасля здушэння агнявых кропак суперніка ў бой уступілі мотастралковыя падраздзяленні[36]. На вучэнні задзейнічалі новыя ўзоры беларускага ўзбраення, у тым ліку наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання і прыладу кіравання тактычным звяном «Салдат — баявая сістэма». На расійскім палігоне Хмялёўка правялі розыгрыш аперацыі сіламі 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й мабільнай брыгады Узброеных сіл Беларусі, а таксама Балтыйскага флоту Расіі і 1-га камандавання ВПС і СПА Узброеных сіл Расіі[37]. Для стварэння абстаноўкі гарадскога бою на ўзбярэжжы ўзвялі звыш 50 макетаў жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў, на вуліцах паселішчаў Трафімава і Ярмолаўка выставілі макеты аўтатранспарту і бранятэхнікі. Беларускія і расійскія салдаты высадзіліся з карабля на паветранай падушцы «Мардовія» і знішчылі ўмоўных тэрарыстаў. Агулам вучэнні «Захад-2013» правялі на 6 палігонах у Беларусі і 2 палігонах Расіі ў Калінінградскай вобласці[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прымалі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3].

Падчас вучэнняў Узброеныя сілы Беларусі выпрабавалі і прынялі да выкарыстання 4 новыя прылады сувязі. Рухомы вузел сувязі «Мускат», які прызначаецца для каманднага пункта, дазволіў замяніць 10 машын на 2 і 10-разова паменшыць асабовы склад. Рухомая радыёрэлейная лічбавая станцыя «Цытрус» дазволіла скараціць час разгортвання са 105 хвілін да 55 хвілін дзякуючы аўтаматызацыі. Экіпаж зменшыўся з 10 чалавек да 6. Далёкасць сувязі вырасла з 40 км да 70 км. Станцыя «Цытрус» забяспечыла стварэнне звыш 300 каналаў замест ранейшых 21. Месцы для сну і харчавання размясцілі ў побытавым адсеку станцыі, што пазбавіла патрэбы ў намётах і палявой кухні. Рэлейная станцыя «Ярус» была малаканальнай і менш магутнай. Станцыя «Мегатрон» замяніла шматканальную рухомую апаратную, што забяспечвала сувязь па кабельнай лініі[38]. Таксама ў ходзе вучэння адно кіберпадраздзяленне Узброеных сіл Беларусі змадэлявала кібернапад на інфармацыйную сістэму ваеннага прызначэння. Другое такое падраздзяленне праводзіла стрымліванне ўздзеяння кібернападу[39].

Наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання, які ўпершыню задзейнічалі на вучэнні, прызначаўся для дазору мясцовасці, разведкі, засады і прачэсвання паселішча. «Адунок» дазваляў перадаваць відэамалюнкі, выпраўляць мэтапазначэнне і весці агонь у рэальным часе і па загадзя ўведзенай праграме. Абсталяванне «Адунка» ўключала цеплавізар, даламер, гірастабілізатар зброі і прыладу аўтазахопу і суправаджэння мэты. Далёкасць выяўлення мэты сягала 2000 метраў. Хуткасць перамяшчэння складала да 30 км/гадз. Кіраванне ажыццяўлялася па радыёканале. Узбраенне ўключала танкавы кулямёт Калашнікава ККТ калібрам 7,62 мм або аўтаматычны гранатамёт АГС-17а калібрам 30 мм. Салдат на вучэнні ўпершыню аснасцілі сістэмамі кіравання звяном «Салдат — баявая сістэма», што ўключала нашлемны індыкатар і планшэтны камп’ютар. Мікрадысплей індыкатара замацоўваўся непасрэдна перад вокам ваеннаслужачага на ахоўным шлеме[40]. У ходзе вучэння войскі сувязі Беларусі разгарнулі лініі радыёрэлейнай сувязі на 2750 км, трапасфернай — на 120 км, дротавай — на 35 км. Для кіравання войскамі выкарысталі 1955 каналаў сувязі і 72 лічбавыя патокі, у рэальным часе забяспечылі сувязь больш як 1000 абанентам[41].

 
Балтыйскі флот Расіі на вучэнні ў моры (26 верасня 2013 г.)

Расійскае ААТ «Міждзяржаўная карпарацыя развіцця» (Санкт-Пецярбург) прадставіла на вучэнні трохвымерную транспартную палявую сетку сувязі, частка якой забяспечвала камандзірам відэасувязь, канферэнц-сувязь, уваход у сетку аператара і стык са стацыянарнай сістэмай сувязі Беларусі і Расіі. Канцавыя прылады сувязі ўключалі камп’ютар і інтэрнэт-тэлефон з мясцовай і цэнтральнай батарэяй (ЦБ). Прапускная здольнасць па кожным напрамку складала да 310 мегабіт/сек. Апаратныя сродкі былі сумеснай распрацоўкай беларускага ААТ «Волатаўта» і расійскага ААТ «Радыёзавод імя Аляксандра Папова» (Омск) паводле навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Траекторыя»[42].

Водгукі правіць

2 лютага 2013 года генсакратар НАТА Андэрс Фог Расмусен заявіў пра адсутнасць пагрозы ў сувязі з расійскім удзелам у вучэнні «Захад-2013». Пагатоў у Стратэгічнай канцэпцыі НАТА, ухваленай на Лісабонскім саміце 2010 года, адсутнічала згадка Расіі ў якасці магчымай крыніцы пагрозы[43].

26 лютага 2013 года міністр абароны Літвы Юозас Алакас прапанаваў паслу Беларусі Уладзіміру Дражыну «запрашаць на такія вучэнні назіральнікаў НАТА…, каб Расія і Беларусь былі больш адкрытымі»[44].

7 чэрвеня 2013 года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Пётр Ціханоўскі заявіў, што «рашэнне правесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь буйнамаштабныя вучэнні „Захад-2013“ … было прынятае … зыходзячы з прынцыпаў абароннай дастатковасці і стратэгічнага стрымлівання, у зацікаўленасцях дэманстрацыі рашучасці арганізаваць нацыянальную бяспеку дзяржавы нават ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасці суседзяў». Пётр Ціханоўскі адзначыў, што «ваенная актыўнасць каля межаў Рэспублікі Беларусь у 2010—2012 гадах штогод узрастала, толькі ў 2012 годзе ў краінах Балтыі і Польшчы было праведзена 13 буйных вучэнняў НАТА, падчас якіх адпрацоўваліся пытанні перакідвання і прымянення войскаў»[45].

22 жніўня 2017 года сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што «вучэнні УС РФ і Беларусі „Захад-2013“ сталі пляцоўкай для адпрацоўкі сцэнарыяў узброенай агрэсіі супраць Украіны, якія Крэмль у агульных рысах паспрабаваў рэалізаваць у 2014—2015 гадах»[46].

Зноскі

  1. "Да старту вучэнняў «Захад-2013» усё гатова". Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. 10 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  2. а б "Беларусь і Расія паспяхова завяршылі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 26 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  3. а б Сяргей Хамянтоўскі (27 верасня 2013). "Стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2013» завяршыліся". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  4. а б Сяргей Хамянтоўскі (27 верасня 2013). "Завяршылася стратэгічнае вучэнне «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  5. "Ваенныя назіральнікі прымуць удзел у назіранні за правядзеннем этапу практычных дзеянняў войскаў у ходзе вучэння «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 20 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  6. Эдуард Півавар (23 кастрычніка 2012). "Калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму стратэгічнага вучэння «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  7. "Пачалося сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2013»". БелТА. 20 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  8. а б Вераніка Канюта. Ваенная бяспека саюзнай дзяржавы // Звязда : газета. — 29 жніўня 2013. — № 161 (27526). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. Уладзімір Мацвееў (21 лютага 2013). "А. Лукашэнка зацвердзіў задуму правядзення стратэгічнага вучэння «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  10. Эдуард Півавар (11 сакавіка 2013). "Мінабароны Расіі пачынае падрыхтоўку да беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2013»". БелТА. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  11. Эдуард Півавар (21 мая 2013). "Другі этап беларуска-расійскай штабной трэніроўкі органаў ваеннага кіравання УС пачаўся ў Мінску". БелТА. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  12. "У Беларусь прыбылі афіцэры генштаба УС Расіі для падрыхтоўкі да правядзення вучэння «Захад-2013»". БелТА. 27 мая 2013. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  13. "Камандна-штабная трэніроўка з 2-ой інжынернай брыгадай". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 16 ліпеня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  14. "Першы эшалон з расійскімі ваеннаслужачымі прыбыў для ўдзелу ў ССВ «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 3 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  15. Дзейнічаць згодна з адзіным планам // Звязда : газета. — 10 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  16. Коратка // Звязда : газета. — 10 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  17. Эдуард Півавар (9 верасня 2013). "Расійскія войскі адправіліся ў Беларусь для ўдзелу ў вучэнні «Захад-2013»". БелТА. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  18. "Падрыхтоўка да стратэгічных вучэнняў Беларусі і Расіі «Захад-2013» блізкая да завяршэння". Белтэлерадыёкампанія. 10 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  19. "З хлебам-соллю сустрэлі ў Брэсце ўдзельнікаў вучэння". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 10 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  20. "Эшалон з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расійскую зямлю". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 13 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  21. "Да пачатку актыўнай фазы беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2013» засталося менш за тры дні". Белтэлерадыёкампанія. 17 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  22. "Вучэнні расійскіх і беларускіх дэсантнікаў пройдуць у Калінінградзе". Газета «Звязда». 18 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018.
  23. Марына Бегункова. «Узаемадзеянне-2013»: У братэрскім страі // Звязда. — 20 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  24. Аляксей Арэшка (18 кастрычніка 2013). "Кіраўнічы склад Узброеных сіл РФ падвёў вынікі сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Расіі і Беларусі «Захад-2013»". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  25. Вераніка Канюта. Вучэнне стартавала // Звязда : газета. — 21 верасня 2013. — № 178 (27543). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  26. а б "Пачаўся другі этап сумеснага беларуска-расійскага вучэння «Захад-2013»". БелТА. 23 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  27. Юрый Шаўчук (20 верасня 2013). "Прагучалі першыя залпы маштабных сумесных вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  28. "Эшалон з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расійскую зямлю". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 22 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  29. "Другі этап стратэгічнага вучэння Узброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2013»". Газета «Звязда». 23 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018.
  30. На палігоне «Гожскі» працягваецца вучэнне «Захад-2013» // Звязда. — 25 верасня 2013. — № 180 (27545). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  31. Дзмітрый Смірноў (24 верасня 2013). "На 6-ці палігонах Беларусі і Расіі працягваецца актыўная фаза вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  32. "Правяраюцца магчымасці БАК". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 24 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  33. Вераніка Канюта. Мэты — выкананыя, ацэнка высокая // Звязда. — 26 верасня 2013. — № 181 (27546). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  34. Уладзімір Каралёў (25 верасня 2013). "Вучэнні «Захад-2013» набліжаюцца да завяршальнай стадыі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  35. Дзмітрый Смірноў (26 верасня 2013). "Завяршальная стадыя вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  36. "«Захад-2013» — завяршальны этап". Белтэлерадыёкампанія. 26 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  37. «Захад-2013»: экзамен здадзены // Звязда. — 27 верасня 2013. — № 182 (27547). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  38. Вераніка Канюта. Нэрв арміі // Плацдарм. — 28 верасня 2013. — № 9 (38). — С. 3.
  39. Ілля Крыжэвіч. Канфлікты ХХI стагоддзя сыходзяць у інтэрнэт // Плацдарм. — 25 ліпеня 2018. — № 7 (82). — С. 4.
  40. "Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 26 верасня 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  41. "Дзень войскаў сувязі". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 18 кастрычніка 2013. Праверана 20 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  42. "Міждзяржаўная карпарацыя развіцця прадставіла трохмерную палявую сетку сувязі на вучэнні «Захад-2013»". БелТА. 26 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018. Архівавана 15 лістапада 2021.
  43. Арсень Сівіцкі. «Захад-2013» як магчымасць перазагрузкі // Звязда : газета. — 20 сакавіка 2013. — № 51 (27416). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  44. Таццяна Каравянкова (26 лютага 2013). "Літва заклікала Беларусь і Расію да большай адкрытасці па сумесных ваенных вучэннях «Захад-2013»". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  45. Вячаслаў Будкевіч (7 чэрвеня 2013). "Вучэнні «Захад-2013» праводзяцца ў Беларусі для дэманстрацыі рашучасці забяспечыць нацыянальную бяспеку ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасці суседзяў". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  46. "Кіеў пра рызыкі супольных беларуска-расійскіх вучэнняў". Наша Ніва. 22 жніўня 2013. Праверана 21 снежня 2018.

Спасылкі правіць