Канфесіянальная гісторыя Беларусі
Дахрысціянскі перыяд
правіцьЗвестак пра дахрысціянскі перыяд канфесійнай гісторыі Беларусі надзвычай мала. У навуковай літаратуры больш распрацаванымі з'яўляюцца рэцэпцыі язычніцтва ў фальклор і культуру Беларусі. У меньшай ступені захаваліся аўтэнтычныя звесткі пра дахрысціянскі перыяд[1]. Такім чынам, эксплікуюцца ў асноўным другасныя звесткі, сабраныя на эмпірычным базісе сялянскай культуры. У той жа час, з дапамогай археалогіі, і такіх дакументаў як «велесава кніга» удаецца зладзіць культуралагічную рэканаструкцыю тагачаснай язычніцкай касмалогіі.
Не гледзячы на беднасць эмпірычных матэрыялаў істотна разумець, што працэс хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі скончыўся надзвычай позна. Калі ў гарадах язычніцтва існавала на маргенесе прыкладна з XV ст., то ў сялянскіх абшчынах яно было важным ментальна-культурным фактарам аж да ХХ стагоддзя. Адсюль язычніцкія рэцэпцыі ў сялянскую ментальнасць варта разглядаць як важны эмпірычны базіс, на аснове якога можна рабіць грунтоўныя вынікі.
Касмалагічна, варта заўважыць, што язычніцкая светабудова грунтавалася вакол салярных сімвалаў, што з'яўляецца характэрным для політэізму. Пярун, бог-грамавік, які паступова пачаў дамінаваць як галоўнае бажаство мае грунтоўныя канатацыі да салярнасці. Салярныя канатацыі праглядаюцца і ў пазнейшым пакланенні богу-урадлівага-сонца, Даж-богу. Прыкладам з'яўляюцца таксама ўсе магчымыя канвергенцыі язычніцкага і хрысціянскага як Каляды, дзе прысутнічаюць яскравыя салярныя канатацыі.
Асабліва важным элементам язычніцкай ментальнасці тагачаснага насельніцтва з'яўляўся пабытовы, штодзённы характар веры. Гэтая характарыстыка яскрава прасочваецца ў пазнейшыя эпохі, калі пабытовая культура беларусаў у сваёй архаічнасці застаецца спрэс нагрувашчанай паганскімі сімваламі (Гэта даўгатэрміновае жыццё хатніх духаў: дамавік, лазнік, хлеўнік і інш., а даксама духаў вакольнай прыроды: лесавік, палявік, ой і інш.). Менавіта гэты пабытова-практычны элемент язычніцкай веры з'яўляецца асабліва важным і асабліва кансерватыўным для культуры, што выяўляецца як найлепш менавіта ў сялянскім жыцці, спрэс скіраваным на практычную рэалізацыю дзейнасці.
Хрысціянізацыя і двувер'е
правіцьПершая хрысціянская епархія на тэрыторыі сучаснай Беларусі была заснавана ў 992 годзе, у Полацку [2]. Гэта была адміністрацыйна адзінка Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. Тут жа быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, які меўся таксама ў Кіеве і Ноўгарадзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ствараецца Тураўская епархія[3].
Ранняе з'яўленне хрысціянскіх епархій на тэрыторыі Полацкага і Тураўскага княстваў не сведчыць пра працэс хрысціянізацыі, як аднамомантную і паспяховую падзею, але хутчэй як сімвалічны акт [4]. Хрысціянізацыя ўяўляла сабой доўгатэрміновы, шматгранны працэс, які спалучаў у сабе асветніцкую, культурную і місіянерскую дзейнасць. Прычым спачатку ажыццяўлялася сіламі візантыйскіх манахаў, а затым ужо намаганнямі і мясцовых дзеячаў[5].
Пра цяжкасці з хрысціянізацыяй Беларускіх земляў сведчыць вялікая колькасць «словаў», якія тлумачылі хібы «паганскіх перажыткаў». Гэткія перажыткі заключаліся ў феномене двувер'я[6]. Гэтыя павучэнні пісаліся такім чынам, каб артыкуляваная інфармацыя мела практычны, штодзённы ўжытак. Практычная форма пісьма сведчыла пра даволі шырокую практыку спалучэння хрысціянства з язычніцкай вераю, а таксама пра неабходнасць ідэялагічна-культурнага пераконвання насельніцтва ў недапушчальнасці такіх практык.
Ментальныя спалучэнні язычніцтва з хрысціянствам стваралі рэлігійныя гібрыды. Такія сімбіятычныя пранікненні двух рэлігій увасабляліся ў доўгатэрміновым феномене «народнага хрысціянства». У гэтым рэлігійным спалучэнні героі хрысціянскай веры надзяляліся якасцямі язчыніцкіх багоў, ці хрысціянскія сюжэты міфалагізаваліся, тым самым ператвараючыся ў язычніцкія прадукты свядомасці. Дужа часта, насельніцтва прымала назвы хрысціянскіх святых, разумеючы пад імі выключна паганскіх багоў. Альбо на падставе хрысціянскіх сюжэтаў, ці хрысціянскіх герояў ствараліся язычніцкія міфы. Гэтыя міфы маглі апісваць як феномены побытавага жыцця, так і касмалагічныя ўяўленні. Светапоглядна, насельніцтва прымала моўную матрыцу хрысціянства, у той час як семантычна знаходзілася ў паганскай веры[7].
Формы гібрыдызацыі рэлігіі не забяспечвалі негвалтоўны і татальны характар хрысціянізацыі. Мясцовае насельніцтва часта было супраць новай веры. Спробы хрысціянізацыі прыводзілі да гвалту, што вылівалася ў забойства святароў.
Прымаючы пад увагу бунты супраць хрысціянізацыі можна меркаваць, што працэс быў інспіраваны ўладнымі структурамі. Па сутнасці, хрысціянізацыя была пэўнай уладнай палітыкай, якая мела слушныя прадпасылкі ў стасунках старажытнай Русі з Візантыяй. Менавіта княжацкая ўлада забяспечвала бяспеку першых місіянераў. Без аховы гарадоў і княжацкай улады нельга было распачынаць будаўніцтва цэркваў і манастыроў.
Адсюль важным застаецца факт, што асноўным месцам лакалізацыі хрысціянскай рэлігіі былі гарады. Менавіта ў гарадах з'яўляліся храмы, ля гарадоў будаваліся манастыры. Можна лічыць, што хрысціянства як такое на Беларускіх землях уяўляла сабой у першую чаргу гарадскі феномен. Менавіта ў гарадах жылі першыя святары і місіянеры. Дужа часта радыус місіянерскай дзейнасці супадаў з тэрыторыяй воласці (адміністрацыйнай часткі старажытнай Русі.) Ужо ў ХV стагоддзі гэта прывяло да таго, што сучасныя даследчыкі з цяжкасцю могуць адрозніць тэрытарыяльную розніцу паміж воласцю і прыходам. Вельмі часта яны супадалі, прычым у свядомасці насельніцтва гэтыя розныя адміністрацыйныя адзінкі былі адным і тым жа. «Часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласць. Ці не дзве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласць. Справы пазямельнай абшчыны (воласці) і прыходу ніяк не размяжоўваліся»[8]. Сэнсава, гэтакія паняткі як «храм», «горад», «воласць» былі тоеснымі, сэнсава роднасныя, а дужа часта і ідэнтычнымі.
Праваслаўе і Каталіцтва
правіцьГісторыя каталіцкай царквы на беларускіх землях пачынаецца з запрашэння ў Тураў нямецкага біскупа Рэйнберта. Але ж першае біскупства ствараецца толькі ў 1387 годзе Вялікім князем ВКЛ Ягайлам і зацвярджаецца Папам Рымскім у 1388 годзе[9]. Спачатку біскупства падпарадкоўвалася папству, а з 1418 года — Гнезненскаму архібіскупу.
Ня гледзячы на гэткае позняе стварэнне біскупства былі зроблены шэраг крокаў па ўвядзенню каталіцтва на тэрыторыі ВКЛ і ў ранейшыя часы. Пра гэта сведчыць і пасланне Гедзіміна Рымскаму Папу[10]. У пасланні Гедзімін апроч скаргаў на Крыжацкія свавольствы, дае абяцанне ахрысціцца самаму і ахрысціць увесь свой народ у каталіцтва. Але ж свае абяцанні ён не спраўджвае. Больш таго, калі папскія паслы прыбылі ў Вільню Гедзімін адмаўляецца ад сваіх намераў. На такое рашэнне паспрыялі як жамойты-язычнікі, так і большасць насельніцтва, якое ўжо як некалькі стагоддзяў было праваслаўным.
Гэткая палітычная афарбоўка стасункаў з каталіцкай вераю праглядаецца і раней, калі каталіцтва толькі з'яўлялася ля межаў ВКЛ. Яскравым прыкладам з'яўляецца хрышчэнне Міндоўга. Калі той займаў княжацкі пасад у Наваградку, то быў вымушаны ахрысціцца ў праваслаўе, а ўжо ў 1252 годзе прымае каталіцтва з палітычных метаў і прымае карону ад Рымскага Папы[11]. Не гледзячы на палітычную ангажаванасць дзяржаўнай палітыкі стасоўна каталіцтва, хрысціянская вера ўяўлялася надзвычай важным элементам у прыватным жыцці. Сын таго ж Міндоўга, Войшалк, «быў на столькі адданы праваслаўю, што прымае манаства і засноўвае манастыр»[11].
Істотным момантам прасоўвання Каталіцтва стала Крэўская унія. Адным з пунктаў пагадненне якой, было прыняцце каталіцтва Ягайлам, перад тым, як стаць каралём Польскім. Гэта ж зрабілі і князі Вітаўт і Свідрыгайла, якія да перахросту, ужо хрысціліся ў праваслаўе [12]. Аднак, князь Скіргайла, які ўзначальваў усе цырымоніі перахрышчэння Ягайлы, не перайшоў у каталіцтва, а застаўся ў праваслаўі. Гэта было прадыктавана практычнымі патрэбамі, бо праваслаўнае насельніцтва ВКЛ ушаноўвала толькі ўладу праваслаўнага князя.
Далейшае пашырэнне Каталіцтва на землях ВКЛ асацыюецца з павелічэннем ролі Польшчы. Менавіта прывілеі і сацыяльны статус польскай шляхты выклікалі жаданне з боку літоўскай пераходзіць у каталіцтва.
Рэфармацыя і контррэфармацыя
правіцьЭтап рэфармацыі ў гістарычнай літаратуры лічыцца залатым векам беларускай гісторыі[13], бо характаразуецца як культурным так і эканамічным росквітам. У гэты час шырока распаўсюджваюцца рэлігійныя дыспуты, кнігадрукаванне і масавага будаўніцтва храмаў.
Рэфармацыя на беларускіх землях пачынаецца прыкладна ў той жа час, што і ва ўсё Еўропе. У 1517-ым годзе Лютэр высоўвае на паверхню казань, пра тое, што чалавек апраўданы перад Богам праз евангельскую веру і веру ў Хрыста. У гэты ж год Ф. Скарына ў Празе пачынае друкаваць Біблію.
Сіметрычнасць рэфармацыі ў ВКЛ і ў Еўропе тлумачыцца шматлікімі культурнымі кантактамі. Магнацкія дзеці вучыліся ў Еўропе. З сабой, яны бралі вялікую світу шляхты, якія таксама праходзілі абучэнне. Найбольш папулярнымі асветніцкімі цэнтрамі былі Кракаў, Прага, Вітэнберг, Кёнігсберг, Фларэнцыя[13]. Ідэалогія Адраджэння і рэфарматарскія ідэі не маглі не зачапіць эліту Вялікага Княства. Тым больш, што ўжо як сто гадоў да гэтага часу Гусіты мелі магчымасць адкрыта прапаведаваць сваю веру, тым самым ствараючы глебу для рэфармісцкіх поглядаў. Дзякуючы гэтаму, ужо ў 60-ыя гады XVI ст. рэфармацыя набывае шырокі размах. У 1553 годзе Князь Мікалай Радзівіл Чорны, адзін з найбольш уплывовых людзей у княстве аб'яўляе, што спявядае Евангельскую веру. Аднчасова ў Гродна і ў Вільні ён адчыняе кальвінісцкія зборы, друкуе сваім коштам Катэхізіс[14].
У наступныя гады пратэстантамі робяцца амаль уся магнатэрыя і блізкая да іх шляхта: Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы, Вішнявецкія і інш. Актыўна будуюцца пратэстанцкія зборы. Друкуюцца кнігі, падначаленае магнатам насельніцтва таксама пераходзіць у пратэстанты. Прастэтантызму спачувае ваявода ВКЛ, праваслаўны па веравызнанню К. Астрожскі[14]. Ужо ў 1569 у сенаце ВКЛ было толькі двое непратэстантаў.
Ідэі прастэстантызму добра спалучаліся з культурнымі, палітычнымі і ідэялагічнымі памкненнямі эліты ВКЛ. Евангельскае вучэнне на той час было не толькі мэйнстрымам культуры, але і непаўторным культурным складнікам дзяржаўнай незалежнасці. Небяспека з боку Польшчы вымушала магнатэрыю шукаць альтарнатывы дзеля захавання суверынетэту ВКЛ, а ідэя нацыянальнай дзяржавы і нацыянальнай веры як найбольш адпавядала патрэбам часу.
На шляху пашырэння сваёй веры пратэстанты робяць вялізарную працу. Пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла праводзіцца сельска-гаспадарчая рэформа, якая ліквідуе сялянскую грамаду. Гэта дазваляе разнастаіць вытворачсць, пачынаецца буйны рост гарадоў і мястэчак. Рэфармацыя распачынае працэс урбанізацыі Вялікага Княства. Эканоміка пачынае дамінаваць у свядомасці, ёй цікавяцца не толькі ўладныя эліты, але ж і паэты. У гэты час менскі ваявода Ян Абрамовіч піша эканамічны трактат «Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа». Тут жа паэт і філосаф Язэп Даманеўскі апісвае цвёрдую грамадзянскую пазіцыю і важнасць эканамічнага жыцця[14].
На тэрыторыі ВКЛ распачынаецца масавае кнігавыдавецкая дзейнасць. Будны, Цяпінскі, Кавячынскі, Крышоўскі і інш. выдаюць вялікія па тым часе тыражы Катэхізіса. Кнігі набывае шляхта, каб падаўжаць евангельскую веру сярод сваіх сялян. Вялікім плюсам гэтых выданняў была зразумелая насельніцтву, беларуская мова. У адрозненні ад лаціны і ад стараславянскаай, яна не рабіла моўнага бар'еру і магла быць пачута вялікай колькасцю народу.
Прынцыпы свабоды пачынаюць дамінаваць у свядомасці інтэлектуальнай эліты. Філосаф, кальвінісцкі прапаведнік, тэолаг, дэпутат рады Ашмянскага павета А. Волан піша працу «Аб палітычнай альбо грамадзянскай свабодзе». Пры непасрэднай падтрымцы Л. Сапегі, таксама пртэстанта, выдаюцца тры статуты Вялікага Княства. Гэта былі надзвычай прагрэсіўныя і ўдалыя дакументы, якія пастулявалі вольнасць асобы і ідэі самастойнасці Вялікага Княства.
На шырокае распаўсюджванне прастэстантызму павінны былі адрагаваць асноўныя рэлігійныя плыні Вялікага Княства. Каталіцкае і Праваслаўнае святарства было занепакоена гэтакай хадой спраў. Распачынаецца час контррэфармацыі.
Паводле праграмы Ватыкана барацьба з рэфармацыяй павінна была адбывацца ў культурна-інтэлектуальнай плашчыні. На тэрыторыі ВКЛ такое стаўленне набыла асабліва яскравыя рысы. Паўсюдна арганізоўваліся дыспуты паміж пратэстантамі з аднаго боку і каталікамі і праваслаўнымі з другога.
Каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыя пачынае выкарыстоўваць свой галоўны ідэялагічны орган — Іезуіцкі ордэн, які распачынае шырокую дзейнасць на беларускіх тэрыторыях. Ствараецца найбуйнейшая сетка Іезуіцкіх калегіумаў. Адчыняецца ўніверсітэцкі цэнтр у Вільні (Віленская Езуіцкая акадэмія)[15]. Адзінства праграмы дазваляе знаходзіцца ў мэйнстрыме культуры навучэнцаў мясцовых калегіумаў. Адукацыя ў калегіуме давала гарантыю аднолькавасці падыходаў і аб'ёма ведаў ува ўсіх калегіумах, раскіданых па ўсёй Еўропе.
Менавіта ў Іезуіцкіх калегіумах адбваецца навуковая дзейнасць, філасофскія даследаванні. Дзякуючы Іезуіцкім калегіумам адукацыя робіцца даступнай і для ніжэйшых слаёў насельніцтва, якія не маглі дазволіць сабе навучэнне ў гарадах Еўропы. Адукацыя робіцца распаўсюджанай, як робіцца распаўсюджанай і лацінская мова. На тэрыторыю ВКЛ прыходзіць другая схаластыка, якая прыносіць схаластычныя інтэрпрэтацыі вучэнняў Платона і Арыстоцеля, а з тым і самыя найноўшыя інтэлектуальныя стратэгіі Еўропы. Іезуіты заслугоўваюць давер у мясцовага насельніцтва, за конт чаго значная частка прымае каталіцтва, ці не пераходзіць у пратэстанты.
Уніяцтва
правіцьПраваслаўнае духавенства таксама адчувала небяспеку з боку рэфармацыі з чаго часта вымушана было абапірацця на досвед ордэну Іезуітаў [16]. Пашырэнне пратэстантызму, а таксама заваёва Канстанціонапаля туркамі прывяло да цесных кантактаў Праваслаўнага і Каталіцкага духавенстваў.
Першай спробай аб'яднання Каталіцтва і Праваслаўя стаў Фларэнційскі сабор, які быў скліканы па ініцыятыве Кіеўскага мітрапаліта, Ісіда[17]. А ўжо 9 кастрычніка 1596 года была абвешчана Брэсцкая царкоўная унія. Па выніках уніі Праваслаўная царква Рэчы Паспалітай пераходзіла пад пратэктарат Папы Рымскага з умовай захавання абраднасці набажэнства[18].
Але унія была падтрымана не ўсімі праваслаўнымі. Паўстанне гарадскога насельніцтва, катэгарычная адмова зацвярджаць унію з боку некаторых святароў прывяло да расколу праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай. Большая частка перайшла ва ўніяцтва, меншая (гарадская частка), засталася ў Праваслаўі[19]. Сялянскае насельніцтва не разумела ні польскай, ні стараславянскай моў, таму ўніяцкія прыходы, якія выкарыстоўвалі беларускую мову прыцягнулі да сябе значныя колы сялянскага насельніцтва. Такім чынам, Уніяцтва зрабілася найбуйнейшай канфесіяй у Рэчы Паспалітай[18].
Не гледзячы на негатыўныя стасункі паміж канфесіямі, ідэялагічная вайна паміж Праваслаўем і Уніятамі рэдка даводзіла да крыві. Значна часцей яна ўвасаблялася ў рэлігійных дыспутах і палемічнай літаратуры, якая зрабілася надзвычай папулярнай пад канец XVI пачатку XVII стагоддзяў. Такім чынам, калі адны епіскапы (П. Скарга, І. Пацей, І. Руцкі, І. Кунцэвіч) выступалі за абарону уніі, то іншыя (М. Сматрыцкі, Л. Карповіч, С. Зізаній, А. Філіповіч, І. Барэцкі) былі катэгарычна супраць.
Асноўнай крыніцай пашырэння уніі зрабіўся візантыйскі ордэн «Базыльянаў», які вёў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва.
Рэлігійная канфрантацыя XVII—XVIII ст.ст
правіцьРэлігійная палітыка Расійскай Імперыі
правіцьНепрадуманая рэлігійная палітыка польскага боку ў Рэчы Паспалітай прывяла да ўтварэння шэрагу рэлігійных канфедэрацый. Канфедэрацыі ставілі за мэту роўнасць у правах дысідэнтаў (некаталіцкае насельніцтва) з каталікамі. Утварыліся пратэстантская канфедэрацыя ў Торуне і праваслаўная ў Слуцку[20]. Падтрымаўшы гэтыя канфедырацыі Прусія і Расійская Імперыя ажыццявілі падзел Рэчы Паспалітай. Да гэтага падзелу далучылася і Аўстра-Венгерская Імперыя. У выніку чаго, дзяржава Рэч Паспалітая знікла, а беларускія землі перайшлі пад уладу Расіі. Адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Расійская імперыя пачала актыўную рэлігійную палітыку. Напачатку была падпарадкавана расійскай уладзе Каталіцкая царква. Аднабаковымі ўказамі Кацярыны II была створана своеасаблівае дзяленне Каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі, што не было зацверджана Рымам. Асаблівымі загадамі была створаная палітычная і эканамічная залежнасць касцёлу ад Расійскай дзяржавы. Настаяцелямі манастыроў маглі быць толькі грамадзяне Расійскай Імперыі. Таксама быў створаны шэраг абмежаванняў на будаўніцтва касцёлаў. Некаторыя касцёлы былі разбураны дзеля будаўніцтва абарончых умацаванняў[21].
У той жа час, шляхта атрымала прывілеі расійскага дваранства, дзякуючы гэтаму Каталіцтва зрабілася афіцыйнай рэлігіяй некаторых народаў Расійскай Імперыі. Не гледзячы на гэта праводзілася адмысловая лінія падзялялу па рэлігійнаму прынцыпу грамадзян Расійскай Імперыі. Калі за каталіцкай часткай ушаноўвалася належнасць да Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі, то праваслаўныя лічыліся расійскімі грамадзянамі «Паўночна-заходнега» края Расійскай імперыі.
Пасля паўстання 1830 года рэлігійная палітыка карэктуецца. Ліквідуецца унія, а ўніяты пераходзяць у праваслаўе[21]. Запрашаецца вялікая колькасць расійскага святарства, якое ў купе з польскай актыўнасцю артыкулююць нацыянальную прыналежнасць у залежнасць ад рэлігійнага веравызнання. Такім чынам, менавіта ў гэты час беларускае насельніцтва падзяляецца па рэлігійнаму прынцыпу на рускі і польскі народ у складзе Расійскай імперыі. За каталіцкім насельніцтвам ушаноўваюцца правы польскай нацыянальнасці, за праваслаўным — расійскай.
Рэлігійная палітыка СССР
правіцьПасля ўсталявання Савецкай дзяржавы і атрымання незалежнасці Польшчай (1918 г.), а таксама па заканчэнніСавецка-Польскай вайны беларускія землі былі падзеленыя. На гэтых двух тэрыторыях праводзілася выключна розная рэлігійная палітыка.
У Заходняй Беларусі праводзілася даволі агрэсіўная палітыка акаталічвання. У той жа час абмежаваныя рэлігійныя свабоды дазвалялі існаваць праваслаўнаму і пратэстантскаму насельніцтву. Як каталіцтва, так і праваслаўе былі вымушаны праводзіць палітыку частковай беларусізацыі.
Ува Усходняй Беларусі праводзілася кардынальна іншая палітыка. Храмы разбураліся, святарства фізічна вынішчалася. Царква разглядалася як класавы вораг з якім трэба змагацца[22]. Буйны рост гарадоў, калектывізацыя, ідэялагічная праца савецкіх органаў прывяла да перарыву традыцыі. Маладое насельніцтва больш не выхоўвалася ва ўмовах традыцыйнай рэлігійнасці, таму дужа часта выкарыстоўвалася ў інспірацыі ганенняў на царкву і вернікаў[23].
Далучэнне Заходняй Беларусі і пачатак Вялікай Айчыннай вайны прымусілі савецкае кіраўніцтва палегчыць гвалт у дачыненні да рэлігіі. Акупацыйныя войскі не перашкаджалі набажэнствам і не асабліва агрэсіўна ставіліся да рэлігіі, таму і савецкі ўрад быў вымушаны палепшысць стасункі з рэлігіяй. Такім чынам, ваенны і пасляваенны перыяд характарызуецца рэлігійнай адлігай. У той жа час, адліга характэрна ў большай ступені да праваслаўнай царквы. Іншыя канфесіі былі занядбаны і не атрымлівалі падобных палёгкаў.
Ужо пасля Вялікай Айчыннай вайны курс дзяржавы кардынальна змяняецца. У 1947 годзе таварыства ваяўнічых атэістаў рэфармуецца ў ідэялагічна-асветніцкае таварыства «Веды». Цяпер курс улады накіраваны не на фізічнае знішчэнне царквы, але на ідэялагічны ўціск. У гэты час рэлігія разглядаецца як старажытны перажытак, які трэба пераадольваць з дапамогай асветніцка-ідэялагічнай дзейнасці[24]. Падчас Хрушчоўскай адлігі была пастаўлена задача дасягнення камунізму на працягу 20 гадоў. Такім чынам, рэлігія зрабілася кардынальнай перашкодай для дасягнення мэты. Дзеля гэтага рэлігія павінна была знікнуць, што было прадыктавана тэарытычна-ідэалагічнымі пастулатамі савецкага ладу. У гэтай жа праграме БССР павінна была стаць першай атэістычнай краінай Савецкага саюза, таму на гэтых тэрыторыях гвалт у дачыненні да царквы адбываўся ў надзвычайных маштабах.
У 1970-ыя гады рэлігія аб'яўляецца «з'явай згасання». Высоўваецца тэорыя аб «крызісе рэлігіі». У гэты час рэлігія існуе як маленькія астравы на тле спрэс атэістычнай дзяржавы. Рэлігія выкрываецца як форма псіхічнай, сацыяльнай і культурнай дэвіяцыі. Святарам забараняецца прапаведаваць па-за цэрквамі, а ў храм робіцца прымальным хадзіць толькі людзям сталага веку. Падобныя ўціскі лічыліся ідэялагічна правільнымі, бо рэлігія інтэрпрэтавалася як феадальна-капіталістычны перажытак. З іншага боку рэлігія лічылася формай дэвіяцыі, якая падлягала псіхалагічна-медыцынскаму лячэнню[25]. У той жа час, 70-я гады не былі такімі агрэсіўнымі ў дачыненні да царквы, як гады «Хрушчоўскай адлігі». Па сутнасці, пасля прыхода да ўлады Брэжнева сітуацыя з царквой выключна не змянілася, заставалася стабільна крызіснай[23].
Рэлігійны рэнесанс канца 1980ых-1990ых г.г
правіцьСучаснасць
правіцьЗноскі
- ↑ 1. Багдановіч А. Перажыткі старажытнага светасузірання ў Беларусі. Этнаграфічны нарыс. — Мн.: Беларусь, 1995—186 с.
- ↑ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. с. 253
- ↑ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. с. 348
- ↑ Об историческом значении «Крещения Руси» // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58
- ↑ Баравы Р. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. // http://knihi.com/bha/10/baravy10.htm(недаступная спасылка)
- ↑ Аничков Е. В. Язычество и Древняя Русь. СПб.: 1914. — 136 с
- ↑ Адкуль?
- ↑ Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
- ↑ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. — с. 66
- ↑ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.151
- ↑ а б Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.150
- ↑ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.223
- ↑ а б Акінчыц С. Залаты век Беларусі. //http://www.belreform.org/conf/conf_padoksh.php
- ↑ а б в Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя суверынетэту // http://belreform.org/padokshyn.php
- ↑ Гісторыя хрысціянства на Беларусі //http://catholic.by/port/history.htm
- ↑ Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1556—1839 гады). — Гродна.: БГПІ, 2001—195 с.
- ↑ Яковенко М. Н. Реформа грецької церкви: унія, оновлення православ'я. // http://izbornyk.org.ua/istkult2/ikult235.htm
- ↑ а б Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. – Мн.: “Беллітфонд”, 2000. – с.357
- ↑ Гудзяк Б. Криза і рєформа:Киівьска мітрополія, Царьградській патріархат і генеза Берестейской уніі. — Львів.:"Асвета". — 212 с.
- ↑ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.416
- ↑ а б Ганчарук І.Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да каталіцкага касцёла1772-1830. //http://media.catholic.by/nv/n17/art10.htm
- ↑ Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XXст.) / Грыгор'ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1998. — с. 263
- ↑ а б Васілевіч Н. Рэлігійны рэнесанс у постсавецкіх грамадствах. //http://churchby.info/rus/122/
- ↑ Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XXст.) / Грыгор'ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1998. — с. 263
- ↑ Васілевіч Н. Рэлігійнае поле Беларусі — асноўныя этапы эвалюцыі // Палітычная сфера № 6, 2006. — С. 83-90
Літаратура
правіць- Акінчыц С. Залаты век Беларусі. //http://www.belreform.org/conf/conf_padoksh.php
- Аничков Е. В. Язычество и Древняя Русь. СПб.: 1914. — 136с.
- Багдановіч А. Перажыткі старажытнага светасузірання ў Беларусі. Этнаграфічны нарыс. — Мн.: Беларусь, 1995—186 с.
- Баравы Р.Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархійX—XIVст. //http://knihi.com/bha/10/baravy10.htm(недаступная спасылка)
- Васілевіч Н.Рэлігійнае поле Беларусі — асноўныя этапы эвалюцыі // Палітычная сфера № 6, 2006. — С. 83-90
- Васілевіч Н. Рэлігійны рэнесанс у постсавецкіх грамадствах. //http://churchby.info/rus/122/
- Власовський І. Нарис історії української православної церкви. Ню-Йорк-Київ- Бавнд-Брук, 1990. — 294 с.
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мінск, Ураджай, 2001. −154 с.
- Ганчарук І.Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да каталіцкага касцёла1772-1830. //http://media.catholic.by/nv/n17/art10.htm
- Гісторыя хрысціянства на Беларусі //http://catholic.by/port/history.htm
- Гудзяк Б. Криза і рєформа:Киівьска мітрополія, Царьградській патріархат і генеза Берестейской уніі. — Львів.:"Асвета". — 212 с.
- Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — 448с
- Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XXст.) / Грыгор’ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1998. — 340 с.
- Конан Ул. Беларуская ідэя і місія Беларусі // Беларуская думка. 1992. № 11—12.
- Конан Ул. Беларуская нацыянальная ідэя: гістарычны аспект і сучасныя праблемы //http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/filamaty/08/02.htm
- Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
- Мальдзіс А. Як жылі нашыя продкі ўXVIIIстагоддзі. — Мн.: Лінарыус, 2001. — 383 с.
- Мараш Я. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии вXVIIIв. — Мн.: «Ураджай», 1974. — 215 с.
- Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1956—1839 гады). — Гродна.: БГПІ, 2001—195 с.
- Об историческом значении «Крещения Руси» // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58
- Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя суверынетэту. // //http://belreform.org/padokshyn.php
- Потій І. Унія греків з костьолом римським 1595 року. // http://litopys.org.ua/human/hum32.htm
- Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. — 368 с.
- Яковенко М. Н. Реформа грецької церкви: унія, оновлення православ’я. // http://izbornyk.org.ua/istkult2/ikult235.htm
- Siemakowicz M, Polityka polska wobec szkolnictwa białoruskiego w okresie odbudowy państwowości polskiej «Białoruskiе Zeszyty *Historyczne», Nr15, 2001, s.42.
- Skinner B. Barbara Skinner — Eighteenth-Century Social Values of the Uniate Church. // The Geopolitical Place of Belarus in Europe and the World.: Warsa, Oficyna Wydawnicza Wyższej Szkoły Handlu i Prawa im. Ryszarda Łazarskiego? 2006. — 240 p. ISBN 978-83-60694-03-9
Крыніца
правіцьСмалякоў Д. А. Феномен рэлігійнасці ў кантэксце гісторыі беларускай культуры. // http://viersy.miensk.com/dyplom.php
,