Міхась Зарэцкі
Міха́сь Зарэ́цкі, сапр.: Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.
Міхась Зарэцкі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў |
Дата нараджэння | 20 лістапада 1901 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 кастрычніка 1937 (35 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, літаратуразнавец, перакладчык, пісьменнік, літаратурны крытык, празаік, літаратар |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён, Віцебская вобласць) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і Пелагеі Лявонцеўны. Міхась быў другім дзіцём пасля Івана, услед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаванні эстэтычных густаў будучага пісьменніка. Бацька любіў музыку і спевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Артыстычным талентам валодала і маці. Яна таксама любіла спяваць, вызначалася працавітасцю і глыбокай душэўнасцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструментах[1].
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (цяпер частка Шклова) — адсюль псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[1] пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. Пасля вяртання ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[1].
З лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе[1] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у II Усерасійскім з’ездзе саюза Работнікаў Асветы, быў абраны кандыдатам у сябры ЦК гэтага саюза[1].
У 1920—1927 гадах палітпрацаўнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922 годзе. З 1924 года сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 гадах рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 годзе стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання «Полымя». Выхад з «Маладняка» сведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў светаадчуванні пісьменніка, пра пэўныя змены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[1].
У жніўні — кастрычніку 1927 года ў складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасцях, прысвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[1].
Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 года (артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»). Выступленні Міхася Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4 снежня 1928). У 1929 годзе выключаны з ВКП(б). Сябра СП БССР (з 1934). Да лістапада 1936 года працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН.
Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Абутковая, д. 23, кв. 3. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957 года. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сям’я
правіцьМалодшы брат пісьменніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах. Загінуў у 1941 годзе[1].
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах і на 5 гадоў паражэння ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе, а ў 1945 годзе была зноў асуджаная на 10 гадоў. Малалетнія дзеці засталіся адны, а пазней былі перададзеныя ў Мінскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласці[1].
Творчасць
правіцьЛітаратурная дзейнасць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнанняў, не збіраўся быць пісьменнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысніўся яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне ён даслаў у рэдакцыю газеты «Рабочий», аднак сумняваўся, што яго надрукуюць[1].
Сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але дэбют трэба аднесці на больш ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканне», 13 кастрычніка — «Сёння» («Малюнкі жыцця»), 22 лістапада — апавяданне «Цішка Бабыль», і толькі 29 снежня — «У Саўках»[1].
Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[1]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыццёвы вопыт, набыты маладым пісьменнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданнях пісьменнік часта звяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасці і праяваў духоўнага жыцця чалавека[1]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасць, жыццё і праца людзей, побач з якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Смерць» (1926) і інш[1].
У 1930-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка звяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасці, смелага вырашэння тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да напісання буйных твораў. Лагічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменніка ў галіне жанравай формы стала аповесць «Голы звер» (1926). Аповесць займае даволі прыкметнае месца ў творчасці Міхася Зарэцкага. Гэта змястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага плану. Вартасць аповесці ў тым, што надзённае пытанне сучаснага яму жыцця Зарэцкі пераводзіў у шырокі план, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства застаюцца актуальнымі сёння і будуць актуальнымі заўтра[1].
У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе змястоўнасць, лаканічнасць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцця ў ёй сталі бездухоўнасць, душэўная чэрствасць і мяшчанства[1].
У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. у творах пісьменніка прыкметна паглыбілася заклапочанасць далейшым лёсам рэвалюцыі, перспектывай практычнага ўвасаблення яе ідэалаў. Заклапочанасць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты перыяд адбываюцца значныя зрухі ў светапоглядзе пісьменніка, у яго стаўленні да многіх вострых праблем тагачаснага грамадства, палітычнага, культурнага жыцця. Сутнасць зрухаў — у рашучым павароце пісьменніка да нацыянальнай праблематыкі[1].
Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
У 1965 годзе на рускую мову быў перакладзены раман «Вязьмо» (перавыданне перакладу ў 1978). Раман «Сцежкі-дарожкі» на рускай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газеты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў перакладзе на рускую мову выбраныя апавяданні[1].
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Фёдара Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швейка ў часе сусветнай вайны» Яраслава Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.
Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці літаратуры[1].
-
«Пела вясна». 1925
-
«У віры жыцьця». 1925
-
«42 докумэнты і двое Жвіроўскіх». 1926
-
«Голы зьвер». 1926
-
«Пад сонцам». 1926
-
«На чыгунцы». 1928
-
«Падарожжа на Новую Зямлю». 1929
-
«Сьцежкі-дарожкі». 1929
-
«Ракавыя жаронцы». 1930
-
«Лісты ад знаёмага». 1931
-
«Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка». 1931—1932
-
«Бацькаў сын». 1932
-
«Вязьмо». 1932
-
«Стралковая зброя». 1934
Бібліяграфія
правіць- Зарэцкі, М. У віры жыцьця: Апавяданьні. — Мн.: БДВ, 1925. — 226 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пела вясна: Апавяданьні. — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1925. — 42 с. — (Кніжніца «Маладняк»; № 9). — 15 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пад сонцам: Апавяданьні. — Мн.: Дзяржвыд., 1926. — 100 с. — 4 000 экз.
- Зарэцкі, М. 42 дакумэнты і Двое Жвіроўскіх: Апавяданьні. — Мн.: выданне ЦБ Маладняка, 1926. — 68 с. — 2 000 экз.
- Зарэцкі, М. Голы зьвер. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1926. — 95, [1] с. — 4 000 экз.
- Зарэцкі, М. На чыгунцы: Апавяданьні. — Мн.: Белдзяржвыд, 1928. — 267 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Ракавыя жаронцы: Апавяданьні і п’есы. — Мн.: БДВ, 1930. — 260 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Бацькаў сын: Апавяданьне. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1932. — 15 с. — 7 000 экз.
- Зарэцкі, М. Сьцежкі-дарожкі: Раман = Сцежкі-дарожкі: раман. — Мн.: БДВ, 1928. — 397 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Сцежкі-дарожкі / Пер. з беларус. Л. Кардиналовска. — Харків — Київ: Держ. вид-во України, 1930. — 384 с. — 5 000 экз. (пераклад на ўкраінскую)
- Зарэцкі, М. Вязьмо: Раман = Вязьмо : Роман. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1932. — 247 с. — 3 000 экз.
- Зарэцкі, М. Вязьмо : Раман. — Мн.: ДВБ: ЛіМ, 1935. — 328 с.
- Зарэцкі, М. Падарожжа на Новую Зямлю [Нарыс]. — Мн.: Белдзяржвыд, 1929. — 67 с.
- Зарэцкі, М. Лісты ад знаёмага: Нарыс / Прадм. Л.Бэндэ. — Мн.: Белдзяржвыд, 1931. — 143 с. — 5 000 экз.
- Зарэцкі, М. Пачатак шчасця: выбраныя апавяданні / [укладальнікі: Ю. С. Пшыркоў, М. І. Касянкова; пасляслоўе: А. Майсеенка]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1975. — 372 с. — (Бібліятэка беларускай прозы). — 10 000 экз.
- Зарэцкі, М. Збор твораў у 4 т. / рэдкалегія: С. А. Андраюк [і інш.]; прадмова, [с. 5―20], пасляслоўе М. І. Мушынскага. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989–1992. — (Т. 1: Апавяданні; Т. 2: Голы звер: Аповесць; Сцежкі-дарожкі: Раман; Т. 3: Вязьмо: Раман; Сымон Карызна: Драматычная аповесць; Т. 4: Проза, п’есы, крытыка, публiцыстыка, кароткi летапiс, жыцця i творчасцi).
- Міхась Зарэцкі. Выбраныя творы. — Мн.: Беларуская навука, 2022. — 666 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1, Мастацкая літаратура). — 500 экз. — ISBN 978-985-08-2813-2.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 542.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 408.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Мушынскі М. Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. — Мн.: Беларуская навука, 2005. — 340 с. — 700 экз. — ISBN 985-08-0647-8.
- Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 2. — С. 502.
- Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
Спасылкі
правіцьМіхась Зарэцкі ў Вікікрыніцах | |
Міхась Зарэцкі на Вікісховішчы |
- Творы Міхася Зарэцкага на сайце «Беларуская Палічка»
- Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Расстраляныя літаратары. Міхась Зарэцкі, творамі якога энкавэдысты спачатку зачытваліся, а потым катавалі і забілі яго // Радыё Свабода, 05 кастрычніка 2017