Свяцкая сядзіба

Свяцк

Свяцкая сядзіба — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны ў в. Свяцк, цяпер Гродзенскі раён, у былым маёнтку Валовічаў, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці.

Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Валовічаў
53°47′50,75″ пн. ш. 23°39′39,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Свяцк
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Дж. Сака
Заснавальнік Ю. Валовіч
Дата пабудовы 1779 год
Будынкі
палац • два флігелі • парк • капліца • склад
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000212шыфр 413Г000212
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Не трэба блытаць з маёнткам «Свяцк Гурскіх» або «Малы Свяцк», размешчаным каля 6,5 км далей у вёсцы Радзівілкі.

Гісторыя

правіць

Створаны паводле праекту італьянскага архітэктара Дж. Сака пры гродзенскім маршалку Юрыі Валовічу і яго сыне Антоніі. Фармаваўся ў два этапы: на першым у 1779 годзе — будаўніцтва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, на другім у пачатку XIX стагоддзя — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі[1].

Вялікую шкоду маёнтку нанесла Першая сусветная вайна, у выніку якой палац быў разрабаваны, а інтэр’еры моцна панішчаныя[1].

Палац у міжваенны перыяд

правіць
 
Свяцкі палац у 1933 годзе

У 1920-я гады ўладальнікі Свяцка Мірэцкія прадаюць яго Гумніцкім, якія падверглі маёнтак парцэляцыі, а палац давялі да стану руінаў. У 1929 годзе ўладальнікі хацелі яго разабраць на цэглу, але палацу пашанцавала: яго выкупіла Міністэрства аховы здароўя Польшчы з мэтай стварыць тут наркалагічны санаторый. У 1930—1933 гадах палац быў рэканструяваны па праекце архітэктарам Оскарам Сасноўскім. Згодна з праектам Сасноўскага і Ю. Рачыньскага, свяцкаму палацу быў пакінуты стылістычны выгляд XVIII стагоддзя, старанна адрэстаўраваны інтэр’ер, некалі адкрытая калонная галерэя была аформлена шклом. Па звестках М. Арловіча, рэстаўрацыя палаца каштавала дзяржаве каля 1 млн. злотых.

У кастрычніку 1933 г. у палацы адкрылася мужчынская лячэбніца-санаторый «Свяцк» для наркаманаў, алкаголікаў і нэрвова хворых людзей. Гэта была адзіная ўстанова такога тыпу ў міжваеннай Польшчы ў той час. У пансіянаце ад марфінавай і іншай залежнасці лячыліся сярод іншых прадстаўнікі гродзенскіх творчых колаў[2]. Лячылі людзей самымі сучаснымі на той момант сродкамі — ад псіхааналізу да гідратэрапіі, сонечных ваннаў і тэрапіі працай[3].

Палац у савецкі і паслясавецкі час

правіць

У час Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаўся шпіталь, у пасляваенны час — санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты[4]. У 1985 годзе парк адноўлены паводле спецыяльнага праекту. Старадаўні інтэр’ер быў знішчаны. У 2000-х гадах санаторый быў выведзены з будынкаў палацу, а палац перададзены на баланс упраўлення адукацыі гарадзенскага райвыканкама. Палацавы комплекс апынуўся ў занядбаным стане[5][6]. Праз разбурэнне сістэмы вадасцёкаў у сценах з’явіліся глыбокія прамыіны, сцены пакрыліся цвіллю, пачала развальвацца цагляная кладка[3].

Рэканструкцыя комплексу ў 2009—2023 гг.

правіць

У 2009 годзе закінуты палац перадалі на баланс ААТ "Санаторый «Азёрны», які з’яўляецца камерцыйнай структурай Нацыянальнага банка[7]. У 2011—2012 гадах рэканструявалі водную сістэму з чатырох спалучаных каскадных вадаёмаў, расчысцілі парк[4][8]. Гэта пацягнула выдаткі каля 800 тыс. долараў, пасля чаго вольныя сродкі санаторыя скончыліся і ўласнік, разам з раённымі ўладамі, спадзяваўся атрымаць на працяг прац грант Еўрасаюза ў межах транспамежнага супрацоўніцтва з польскай гмінай Хорашч[9][10].

У студзене 2017 года пачаўся рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынкаў палацава-паркавага комплексу пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс. У левым флігелі быў зроблены новы дах, пакрыты чарапіцай. У правым флігелі быў узмоцнены падмурак, зроблены маналітныя сцены, заменена пакрыццё даху. Былі перакладзены вонкавыя сцены дваровых і паркавых фасадаў галерэй, а таксама быў перакладзены падмурак правай галерэі[11]. Згодна з праектам левы флігель комплексу будзе функцыянаваць як гасцініца. У цэнтральнай частцы палаца каля ля параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі былі раскрыты фрагменты гістарычнага роспісу сценаў з выявай рыцара са шчытом у руках. Таксама будзе адноўлены роспіс рамантычнай залы з выявай неба на столі і пейзажных замалёвак на сценах. Пры галоўным ўваходзе адноўлены спадзістыя карэтныя спускі паабапал шырокай лесвіцы[12].

Палацава-паркавы комплекс афіцыйна адкрылі пасля рэканструкцыі 15 мая 2023 года, калі былі скончаны працы першай чаргі рэканструкцыі[13]. Аднак яшчэ ў чэрвені патрапіць на тэрыторыю турысты не маглі, бо комплекс не мог адкрыцца праз праблемы з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала[14]. Ад 21 ліпеня комплекс адкрыты для турыстаў з пятніцы да нядзелі. Уваход на тэрыторыю платны. У палацы працягваюцца ўнутраныя працы. Побач працуе рэстаран «Свяцкі бровар» з уласнай міні-піваварняй[15].

Знаходкі

правіць

Падчас рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу ў Свяцку будаўнікі выпадкова знайшлі бутэлькі з 200-гадовым віном. Яно знаходзілася ў невялікім асобным будынку вінакурні. У зямлі былі закапаны 15 закаркаваных бутэлек, якія былі аднолькавыя, але крыху розніліся адна ад адной вышынёй і дыяметрам.

Калі бутэлькі дасталі з зямлі, то яны змянілі колер. З сінявата-чорнага яны пераўтварыліся да карычнева-зялёнага з залацістым адлівам проста на вачах у будаўнікоў[16]. Іх не адчынялі, а аддалі на экспертызу ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.

Архітэктура

правіць
 
Выгляд палаца ў 2015 годзе

Палац, які знаходзіцца на ўзвышшы, уяўляе сабой двухпавярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі, цэнтральны — чатырохкалонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі. Дваровы з пяцігранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаныя дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.

Інтэр’ер

правіць

Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная. У цэнтры — вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, на другім паверсе — парадная васьмігранная зала з калонамі.

Першы паверх, выразна ніжэйшы за другі, быў задуманы як жылыя памяшканні для гаспадароў і пакоі для прыватных сустрэч. Другі паверх з вышэйшай столлю і высокімі вокнамі задумваўся як бельэтаж з багата ўпрыгожанымі заламі для прыёму гасцей[1].

У аздобе інтэр’ераў выкарыстаныя рэльефы, ліштвы дзвярэй, нішы з камінамі і скульптурай, роспісы сцен (рамантычныя пейзажы, антычныя статуі, вазы; мастакі Т. Манькоўскі, Ф. Смуглевіч; не захаваліся); мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, дзверы, люстры, кансолі, вазоны, супрапорты, мэбля) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сакі.

Флігелі

правіць
 
Флігель і аркадная галерэя

Флігелі ў стылі класіцызму былі прыбудаваныя ўжо пасля сканчэння асноўнага аб’ёму палаца, магчыма ў пачатку XIX ст[1]. Яны пастаўленыя перпендыкулярна да асноўнага корпуса, накрытыя вальмавымі дахамі, аздобленыя руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асноўным корпусам злучаныя паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Галерэі пачаткова былі адкрытымі, іх зашклілі ў час рэканструкцыі комплексу ў 1930—1933 гады.

Гаспадарчыя пабудовы

правіць

На ўсход ад палаца, за паркам, знаходзіцца вялікая (двухпавярховая, даўжынёй больш за 100 метраў) гаспадарчая пабудова ў форме літары Г, узнесеная ў 1841 годзе з бутавага каменю. Вуглы выкладзены з чырвонай цэглы, франтон таксама цагляны.

Капліца

правіць
 
Капліца

Насупраць палацу ў 1889 годзе ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудаваная капліца. Капліца ўяўляе сабой кампактны і прыземісты кубападобны аб’ём з трохсценнай алтарнай часткай. Спічастыя вокны на галоўным фасадзе (суцэльны двухгранны шчыт-вімперг) разам са спічастым уваходным парталам ствараюць урачыстасць фасаду і імітуюць грандыёзную трохнефную базіліку. Гатычную вертыкальнасць будынку надае таксама высокі двухсхільны дах[17].

За савецкім часам капліца не дзейнічала. Наноў яе асвяцілі 6 жніўня 1996 года. У наш час капліцу абслугоўвае Сапоцкінская парафія Сапоцкінскага дэканата[18]. Аднак капліца не з’яўляецца ўласнасцю парафіі, а належыць, як і ўвесь палацава-паркавы комплекс, санаторыю «Азёрны».

У капліцы здарыўся пажар 28 студзеня 2020 года. У выніку часткова быў знішчаны інтэр’ер, закураны сцены і столь[19]. Паводле стану на пачатак жніўня 2023 года рамонт у капліцы працягваецца.

 
Сажалка ў парку

Парк пейзажнага тыпу, плошча 12 га; закладзены ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны на двух пагорках, у лагчыне — сістэма з чатырох каскадных вадаёмаў, размешчаных на ручаі, які ўпадае ў Агустоўскі канал. За вадаёмамі — лясны масіў. Цэнтр кампазіцыі — палац з партэрам перад ім.

Праз парк праходзіць уязная алея, якая плаўна выгібаецца і вядзе да палаца. Парк не мае выразных межаў і візуальна плаўна пераходзіць у ландшафт навокал. Часткай парку быў пладовы сад, размешчаны паміж будынкам палаца і гаспадарчай пабудовай. Сёння насаджэнні парку прадстаўлены перадусім мясцовымі відамі раслін[4].

Зноскі

  1. а б в г Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1992. — Т. 3. — С. 140. — 414 с. — ISBN 8304039478.
  2. Аляксей Загідулін. Рэстаўрацыя і кансервацыя помнікаў архітэктуры ў Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.) . Праверана 18 красавіка 2020.
  3. а б Выратавалі шмат, але не ўсё: як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час . Hrodna.life (27 ліпеня 2023). Праверана 27 ліпеня 2023.
  4. а б в Федорук А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины. Берестовицкий—Ивьевский районы. — Минск: Беларусь, 2014. — С. 357—364. — 543 с. — ISBN 978-985-01-1091-6.
  5. Палац Валовічаў у Свяцку развальваецца на вачах Архівавана 23 снежня 2008. // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 15 красавіка 2007.
  6. Свяцк — разбурэнне працягваецца Архівавана 15 верасня 2008. // Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць, 10 лютага 2008.
  7. Когда отреставрируют дворцовый комплекс Воловичей в Святске? (руск.). www.tio.by. Праверана 27 ліпеня 2023.
  8. В Святске во дворцово-парковом ансамбле строители приступили к реконструкции дворца | Культура | Газета «Перспектива»(недаступная спасылка). proregion24.by. Праверана 27 ліпеня 2023.
  9. Дворцовый переворот: Что светит жемчужине архитектуры района? | Общество | Газета «Перспектива»(недаступная спасылка). proregion24.by. Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2023. Праверана 27 ліпеня 2023.
  10. Что поможет оживить Августовский канал | Культура | Газета «Перспектива»(недаступная спасылка). proregion24.by. Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2023. Праверана 27 ліпеня 2023.
  11. Фота: як працягваецца рэканструкцыя палаца ў Свяцку
  12. Рэканструкцыя палаца ў Свяцку: выявілі гістарычныя роспісы сценаў
  13. Дворец в Святске открыли после реконструкции (руск.). Hrodna.life (15 мая 2023). Праверана 27 ліпеня 2023.
  14. Аднаўленне Фары Вітаўта - “блюзнерства”, а лёс гасцініцы “Гродна” вырашаць у Кітаі. Што Уладзімір Каранік сказаў падчас прамога эфіру . Hrodna.life (27 ліпеня 2023). Праверана 27 ліпеня 2023.
  15. antonio. Палац у Свяцку пачаў прымаць гасцей: з крафтавым півам, расійскай музыкай і платным уваходам . Hrodna.life (25 ліпеня 2023). Праверана 27 ліпеня 2023.
  16. Якое на смак 200-гадовае віно? Пад Гроднам выпадкова знайшлі старажытныя бутэлькі . Hrodna.life (13 лютага 2024). Праверана 13 лютага 2024.
  17. А. Вашкевіч, Дз. Нарэль. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай. Гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы. — Мінск, 2006. — С. 92.
  18. Гродзенская Рымска-Каталіцкая Дыяцэзія на Беларусі — XIII. Дэканат Сапоцкін.(недаступная спасылка)
  19. У Свяцку гарэла старадаўняя капліца(нявызн.). Гродзенская дыяцэзія (29 студзеня 2020). Праверана 4 жніўня 2023.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць