Скарачэнні Узброеных сіл Беларусі (1992—1996)
Скарачэнні Узброеных сіл Беларусі ў 1992—1996 гадах — комплекс мерапрыемстваў, накіраваных галоўным чынам на скарачэнне колькасці і аптымізацыю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Савецкая спадчына
правіцьЗгодна з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце БССР 1990 года, Беларусь атрымала права на ўласныя сілы бяспекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету. Пасля здабыцця незалежнасці ў 1991-м востра паўстала пытанне аб стварэнні беларускай арміі. 20 сакавіка 1992 года Саветам Міністраў з частак Беларускай ваеннай акругі УС СССР былі сфармаваныя Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь[1].
Ад Савецкага Саюза краіне дасталася вялікая спадчына: 1410 воінскіх фарміраванняў БВА, групоўка стратэгічных ядзерных сіл (каля 180 злучэнняў, часцей і ўстаноў колькасцю каля 40 тыс. чалавек). Канцэнтрацыя войскаў у рэспубліцы з’яўлялася самай высокай у Еўропе. Так, напрыклад, адзін вайсковец прыходзіўся на 43 чалавекі грамадзянскага насельніцтва. Да Беларусі цалкам адышлі вайсковыя часці сухапутных войскаў і СПА, прыкладна 90% знішчальнай і бамбардзіровачнай авіяцыі, полк транспартнай авіяцыі, полк стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, паветрана-дэсантная дывізія[1]. На тэрыторыі маладой дзяржавы знаходзілася групоўка ў 240 тысяч чалавек[2]. З іх 125 тысяч чалавек вясной 92-га непасрэдна склалі беларускую армію[3][4].
На 1990 год у ваеннай акрузе налічвалася 3457 танкаў, 3824 браняваных машын, 1562 адзінкі артылерыі (звыш за 100 мм) і 79 верталётаў[5].
Самастойна рэспубліка была не ў сілах утрымліваць такі кантынгент.
Прававыя перадумовы
правіцьУ красавіку 1992 года краіна падпісала Лісабонскі пратакол, які абавязваў скараціць стратэгічныя наступальныя ўзбраенні. Таксама Беларусь далучылася да дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі[1].
10 ліпеня 1992 года ў Хельсінкі (Фінляндыя) беларуская дэлегацыя падпісала выніковы акт перамоваў аб колькасці асабовага складу звычайных узброеных сіл у Еўропе. Дакумент абавязваў краіну скараціць свае войскі да 100 тысяч чалавек[5].
Адначасова Рэспубліка Беларусь у якасці раўнапраўнага члена ААН прыняла на сябе шэраг міжнародных абавязацельстваў у сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі, узятых яшчэ пры СССР. У прыватнасці, краіна прынялася за рэалізацыю ўмоў Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе 1990 года. Пагадненне абавязвала рэспубліку прытрымлівацца курсу на ўсталяванне бяспечнага і стабільнага балансу армій, а таксама змагацца з няроўнасцю і ваенным патэнцыялам, якія могуць быць выкарыстаны для ажыццяўлення раптоўнага нападу і пачатку буйнамаштабных наступальных дзеянняў у Еўропе[6].
Правядзенне
правіцьЧасці і асабісты склад
правіцьУ 1992—1996 гадах скарочаны або перафармаваны 250 вайсковых часцей[1]. Толькі ў 1992 годзе скарацілі амаль 30 000 чалавек, звольнена 7500 афіцэраў і прапаршчыкаў. За 1993 год Узброеныя сілы неабходна было скараціць яшчэ на 24%, звольніць 10 000 афіцэраў, што запатрабавала вялікіх фінансавых выдаткаў[7].
Некаторыя часці расфарміраваліся цалкам (як, напрыклад, 50-я Данецкая база захоўвання ўзбраення і тэхнікі). У іншых фарміраваннях адбывалася паніжэнне ўзроўню — у першую чаргу шляхам пераўтварэння дывізій у брыгады. У прыватнасці, 51-я гвардзейская артылерыйская дывізія стала 51-й брыгадай, 6-я гвардзейская танкавая дывізія — 6-й механізаванай, 11-ы гвардзейскі танкавы корпус — 11-й, 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія — 103-й мабільнай, 50-я гвардзейская стралковая дывізія — 50-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадай. У сваю чаргу авіяпалкі пераўтварылі ў авіябазы (спачатку такіх было 8). Так, на баранавіцкім аэрадроме пачала грунтавацца 61-я знішчальная авіябаза, у Мачулішчах — 50-я змяшаная, у Лідзе — 116-я гвардзейская бамбардзіровачная авіябаза, у Бярозе — 927-я знішчальная[8].
У 1993 годзе 28-я агульнавайсковая Чырванасцяжная армія была ператворана ў 28-й армейскі корпус[9]. Адначасова 7-я танкавая армія перайменавана ў 7-й армейскі корпус у складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а ў 1994 годзе — у 65-й армейскі корпус[10].
Падраздзяленні некаторых часцей пасля расфармавання былі падзелены паміж іншымі фарміраваннямі. Падобнае адбылося з 127-й зенітна-ракетнай брыгадай, дзе адна група дывізіёнаў сфармавала 127-й зенітна-ракетны полк, а іншая ўвайшла ў склад 115-га зенітна-ракетнага палка.
Акрамя таго, з тэрыторыі краіны ў 1992—1994 гадах былі выведзены ў Расію або расфармаваны на месцы некаторыя авіяцыйныя часці Далёкай авіяцыі, франтавой авіяцыі, авіяцыі СПА і ваенна-транспартнай авіяцыі[1]. Сярод іх — 22-я гвардзейская цяжкая бамбардзіровачная авіяцыйная Данбаская Чырванасцяжная дывізія.
Узбраенне і тэхніка
правіцьПоўным ходам вялася ліквідацыі ўзбраенняў і тэхнікі. Усяго ў пачатку 90-х гадоў Беларусь за свой кошт скараціла ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі ў 2,8 разы больш, чым Вялікабрытанія, Францыя і ЗША (на тэрыторыі Еўропы) разам узятыя[5]. Краіна ліквідавала 1773 баявых танка, 1341 баявую браняваную машыну і 130 баявых самалётаў, што складала каля 10% узбраенняў і ваеннай тэхнікі, ліквідаваных усімі трыццаццю дзяржавамі-удзельнікамі Дагавора аб звычайных узброеных сілах[11][12]. У перыяд 1992—1996 гадоў цалкам з узбраення зняты звышгукавы рэактыўны самалёт Як-28 і знішчальнік-перахопнік 3-га пакалення МіГ-25.
Адным з ключавых мерапрыемстваў стала ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя Беларусі. З тэрыторыі краіны ў Расію былі выведзены 1120 боезарадаў. 584 ракеты падлягалі ліквідацыі па савецка-амерыканскай дамове 1987 года. Астатнія забралі Стратэгічныя ядзерныя сілы Расійскай Федэрацыі[12][13].
Выдаткі на скарачэнне толькі баявых самалётаў і бранятэхнікі складалі амаль паўмільярда рублёў (у цэнах 1992 года). Для гэтых мэтаў былі задзейнічаны 140-ы танкарамонтны завод у Барысаве (разукамплектаванне і пераабсталяванне танкаў і БМП для выкарыстання ў народнай гаспадарцы), 558-ы авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах (разборка самалётаў), спецыяльная база ў Станькава (разделка БТРаў і МТ-ЛБ), Жлобінскі металургічны завод (пераплаўка карпусоў бранятэхнікі). Кіраўніцтва лічыла, што ліквідацыя баявой тэхнікі дасць рэспубліцы каля 50 тысяч тон высакаякаснага металу. Акрамя таго, частка вузлоў, агрэгатаў, механізмаў можна выкарыстоўваць для грамадзянскіх мэтаў[14].
Вынікі
правіцьДа 1996-га армія скарацілася да 85,5 тысяч[3], а ў другой палове 90-х — да 65[15]. У краіне на захоўванні або ў абароце заставаліся 1684 танкі, 2483 браняваных машын, больш за 200 верталётаў і самалётаў[5][12]. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, у рэспубліцы скарочаны 1773 танкі, 130 баявых самалётаў, 1341 баявая браніраваная машына[16].
Уплыў
правіцьНадзеі на даходы за кошт ліквідацыі запасаў узбраенняў не апраўдаліся. Ужо ў канцы снежня 1993 года кіраўніцтва ваеннага ведамства вымушана было звярнуцца да ўрада з дакладам пра недахоп сродкаў на выкананне праграмы па пагадненню аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Гаворка ішла пра тое, што даводзіцца расходаваць сродкі, прызначаныя на сацыяльныя праграмы, у тым ліку на будаўніцтва жылля для вайскоўцаў і закупку матэрыяльнатэхнічных сродкаў, неабходных для жыццядзейнасці арміі. Не апраўдалася і практыка пакрыцця выдаткаў за кошт рэалізацыі металалому замежным фірмам праз пасрэдніцкія фірмы Белхім, Белметал, Белэлектрапрыбор і інш. Гэтыя фірмы за адпаведныя паслугі спаганялі плату ад 20% і больш ад кошту прадукцыі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка так ахарактарызаваў становішча спраў са скарачэннем тэхнікі[17]:
У першыя месяцы свайго прэзідэнцтва я прыехаў у Барысаў і ўбачыў жудасную карціну: разрэзалі і знішчалі самыя сучасныя танкі, бранятэхніку. Знішчалі да майго прыезду. Усё, што падлягала знішчэнню, было адноўлена і прададзена. |
Скарачэнне колькасці Узброеных Сіл і зніжэнне ўзроўню ўзбраенняў сталі аднымі з ключавых прычын з’яўлення ў пачатку 2000-х Войск тэрытарыяльнай абароны. Стварэнне падобных фарміраванняў было найбольш эканамічным шляхам кампенсацыі сіл і сродкаў, падтрымання абараназдольнасці дзяржавы на належным узроўні[18].
Ваенны аналітык і журналіст газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін у гутарцы з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам адзначыў, што палітыка скарачэння арміі і ўзбраення вымусілі краіну ўтылізаваць, а таксама распрадаваць сваю зброю. Гэта прывяло да ўсплёску экспарту беларускай ваеннай прадукцыі ў 1990-х гадах[19]. Сярод іншых наступстваў Алесін называў распаўсюджванне замежных падпрацовак і наёмніцтва сярод экс-вайскоўцаў, якіх скарацілі ў сувязі з дэмілітарызацыяй. Былых ваенных спецыялістаў пачалі выкарыстоўваць беларускія ўлады для аказання ваенных паслуг пэўным краінам, у тым ліку ў «гарачых кропках», каб не прыцягваць да гэтага дзейныя кадры[20].
Як заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕсооМ, член Навукова-экспертнай групы пры дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі і праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргеем Мусіенка ў праекце «Гонар за Беларусь» для выдання «СБ. Беларусь Сегодня», мерапрыемствы 1992—1996 гадоў негатыўна адбіліся на стане ваенных гарадкоў (такіх было больш за 200 у краіне). У выніку скарачэння арміі многія з іх пачалі пусцець, руйнавалася інфраструктура паселішчаў[5].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д ДОСЬЕ: К 100-летию Вооруженных Сил Республики Беларусь
- ↑ ВООРУЖЕННЫЕ СИЛЫ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ НА СОВРЕМЕННОМ ЭТАПЕ РАЗВИТИЯ — Во славу Родины (руск.)(недаступная спасылка). vsr.mil.by. Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2018. Праверана 2 студзеня 2022.
- ↑ а б Численность вооруженных сил Беларуси достаточна с учетом союза с Россией
- ↑ Армия Белорусского народа, 2023, стр. 125-127.
- ↑ а б в г д Национальная безопасность. Вооруженные Силы. Часть 1. // СБ. Беларусь Сегодня, 20 марта 2020
- ↑ Контроль над вооружением на официальном сайте МО РБ Архівавана 2 студзеня 2022.
- ↑ «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 133.
- ↑ Храмчихин А. А. Торговец пушками: Минск успешно распродает по миру наследство советского белорусского военного округа // Военно-промышленный курьер : газета. — 2021. — В. 9. — Т. 14. — № 35 (898). Архівавана з першакрыніцы 2 студзеня 2022.
- ↑ Западное оперативное командование | Армия Беларуси . Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2013. Праверана 1 студзеня 2013.
- ↑ Севоро-Западное оперативное командование | Армия Беларуси . Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2013. Праверана 1 студзеня 2013.
- ↑ «Армия Белорусского народа», 2023, стр. 135.
- ↑ а б в Военная политика Архівавана 6 мая 2021.
- ↑ Армия Белорусского народа, 2023, стр. 134.
- ↑ «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 135.
- ↑ Цена специалиста. Сколько стоят военные? Архівавана 2 студзеня 2022. // Белорусский Партизан, 14 ноября 2021
- ↑ Армия белорусского народа, 2023, с. 135
- ↑ «Армия Белорусского народа», 2018, стр. 140.
- ↑ Законы Республики Беларусь о защите республики
- ↑ Валер Карбалевіч. Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі? // Радыё Свабода, 1 сакавіка 2011
- ↑ Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы
Літаратура
правіць- Армия белорусского народа : к 100-летию вооруженных сил Республики Беларусь / [А. Н. Гура, Н. Е. Бузин, А. М. Данилов и др.] . – Минск : Беларусь, 2018 . – 262 с. : ил. – На рус., белорус. яз. - ISBN 978-985-07-1247-7 : б. ц.
- Гура А.Н., Бузин Н.Е., Даниилов А.М. и др. (2023). Армия белорусского народа : к 105-летию вооруженных сил Республики Беларусь. Минск: «Беларусь». p. 347.
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)