Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх (Станькава)
Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XIX стагоддзя. Размешчаны ў в. Станькава Дзяржынскага раёна на раўнінным рэльефе (прамавугольны ўчастак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёму, які абмяжоўвае яго з поўдня. З захаду мяжа праходзіць па галоўнай вуліцы вёскі. Уключаў палац, флігель, два жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, парк. Захаваліся будынкі флігеля, т. зв. «скарбчык», жылы дом, усходняя брама, альтанка, некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Парк закладзены ў 1870-я гады ў сядзібе графа Э. Гутэн-Чапскага, комплекс фарміраваўся да пачатку XIX стагоддзя.
Славутасць | |
Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх | |
---|---|
53°38′06,35″ пн. ш. 27°13′11,44″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Станькава |
Архітэктурны стыль | рамантызм |
Будынкі | |
скарбчык • флігель • Дом для абслугі • парк • усходняя брама • альтанка • гаспадарчыя пабудовы | |
Вядомыя жыхары | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000144 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПасля Кастрычніцкага перавароту ў палацы размяшчалася школа, потым дзіцячая калонія. У Другую сусветную вайну палац разбураны. На яго месцы пабудаваная школа-інтэрнат.
Архітэктура
правіцьПалац
правіцьПалац — аднапавярховы П-падобны ў плане будынак з двух'яруснай вежай. Пабудаваны ў 1880 годзе ў рамантычным стылі з выкарыстаннем форм сярэдневечнай архітэктуры. Другі ярус вежы меў чатыры балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўночнага боку — са спецыяльным павільёнам, т.зв. «скарбчыкам», прызначаным для калекцый уладальніка сядзібы (абодва пабудаваныя ў 1880 г.).
Флігель
правіцьФлігель — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з двухсхільным дахам. Вуглы і цокаль руставаныя. Фасады рытмічна расчлянёныя лучковымі вокнамі, дэкарыраваныя замковым каменем. Сцены апяразаныя спрошчаным антаблементам з сухарыкамі.
Скарбчык
правіць«Скарбчык» — двухпавярховы квадратны ў плане павільён з чатырма кутнімі вежамі, нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. Вежы завершаныя шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Сцены бакавых і тыльнага фасадаў маюць завяршэнні ў выглядзе шчытоў. Вокны прамавугольныя на першым паверсе і стральчатыя на другім, аформленыя прафілявымі сандрыкамі.
Музейныя калекцыі «Скарбчыка» ўключалі: нумізматычныя зборы, гістарычныя малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, старажытныя іконы, старую зброю, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічныя і геалагічныя рэдкасці і іншае. У бібліятэцы было больш за 20 тысяч тамоў, збор рукапісаў; выдадзены спецыяльныя каталогі па асобных калекцыях. У 1894 годзе частка музея вывезеная ў Кракаў, цяпер знаходзіцца ў аддзеле імя Э. Гутэн-Чапскага Нацыянальнага музея Польшчы.
Дом для абслугі
правіцьКаля 1900 года з цэглы пабудаваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім двухпавярховым і падоўжаным аднапавярховым крыламі. Тарцовыя часткі двухпавярховага аб'ёму завершаныя ступеньчатымі шчытамі. Паверхі аддзеленыя карнізным поясам, вуглы руставаныя, вокны першага паверху стральчатыя, другога — прамавугольныя. Вылучаецца паўднёвы фасад аднапавярховага аб'ёму, у дэкоры якога выкарыстаныя пілястры, прафіляваныя ліштвы, прамавугольныя аконныя праёмы, сандрыкі. Планіроўка калідорная.
Парк
правіцьПарк пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Плошча каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной, на поўдні — вялікі штучны вадаём. Кампазіцыя яго пабудаваная на трох шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёму. У заходняй частцы парку стаяў палац. На паўднёвым усходзе ад палацу пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з дзвюма астравамі. У масіве дрэў пракладзеная шырокая алея, якая па схіле вядзе да двух астравоў.
На заходняй выспе стаіць альтанка — васьмікалонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858 г., засталіся руіны).
На партэры перад палацам быў невялікі круглы фантан (захавалася чаша ад яго).
Брама
правіцьУ 1880—1890-я гады пры ўездзе з усходу пабудаваная з цэглы брама з вартоўняй, накрытая двухсхільным дахам. Брама — трохпралётная стральчатая арка з павышанай цэнтральнай часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваныя плоскімі арачнымі нішамі.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Алісейчык А. В., Анціпаў В. Р. Ста́нькаўскі сядзі́бна-па́ркавы анса́мбль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 151—152. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх (Станькава)
- Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх (Станькава) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы комплекс Чапскіх (Станькава) на сайце Глобус Беларусі (руск.)