«Delta-II», «Дэльта-2» — другое пакаленне амерыканскай ракеты-носьбіта сямейства «Дэльта». Распрацавана і сканструявана авіябудаўнічнай кампаніяй McDonnell Douglas, знаходзілася ў эксплуатацыі з 1989 па 2018 гады. Мае тры мадыфікацыі: серыя Delta 6000 і два варыянты серыі Delta 7000 (лёгкая і цяжкая).

Delta-II
Delta-II
Ракета-носьбіт Дэльта-2 на стартавым стале SLC-17A
Агульныя звесткі
Краіна Злучаныя Штаты Амерыкі ЗША
Прызначэнне ракета-носьбіт
Распрацоўшчык McDonnell Douglas
Вытворца United Launch Alliance (Boeing)
Кошт запуску $60—70 млн (USD)[1]
Асноўныя характарыстыкі
Колькасць ступеней 2 ці 3
Даўжыня 38,2—39 м
Дыяметр 2,44 м
Стартавая маса 151,7—231,87 т
Карысная нагрузка 2,7—6,1 т (НАА)[2]
0,9—2,17 т (ГПА)[2]
Гісторыя запускаў
Стан Не эксплуатуецца
Месцы запуску Мыс Канаверал
(Фларыда, ЗША)
База Ванденберг
(Каліфорнія, ЗША)
Лік запускаў 155[3][4]
  - паспяховых 153[4]
  - няўдалых 2
Першы запуск Delta 6000: 14 лютага1989
Delta 7000: 26 лістапада 1990
Delta 7000H: 8 ліпеня 2003
Апошні запуск Delta 6000: 24 ліпеня 1992
Delta 7000: 15 верасня 2018
Delta 7000H: 10 верасня 2011

Выкарыстоўвалася для запускаў спадарожнікаў глабальнай сістэмы пазіцыянавання NAVSTAR GPS, навуковых спадарожнікаў і міжпланетных зондаў NASA, а таксама ажыццяўляла камерцыйныя запускі тэлекамунікацыйных спадарожнікаў ЗША і іншых краін[3]. Запускі ажыццяўляліся з двух касмадромаў у ЗША: мыса Канаверал і базы Вандэрберг[5].

Больш чым за 20 гадоў эксплуатацыі было здзейснена звыш ста пяцідзесяці запускаў, з якіх толькі два былі прызнаныя няўдалымі[4]. У 1990-х і 2000-х гадах Дэльта-2 з’яўлялася адной з найбольш запусканых ракет-носьбітаў у свеце[6].

У класе сярэдніх ракет-носьбітаў аналагамі Дэльты-2 з’яўляюцца французская Арыян-4, ужо не лятаючая з 2003[7] году, а таксама дзеючыя індыйскія GSLV і расійская Саюз-У.

Гісторыя правіць

  Вонкавыя відэафайлы
  Выбух Дэльты-2 на 13-й секундзе пасля старту. Ўласна выбух можна назіраць на 38-й секундзе відэа.
  Запуск спадарожніка GPS-55. На 68-й секундзе відэа можна назіраць аддзяленне адпрацаваных паскаральнікаў GEM.
  Зборка Дэльты-2 і яе ўсталяванне на стартавы стол падчас падрыхтоўкі да запуску спадарожніка «THEMIS».
  Запуск тэлескопа Спітцэр. Здымка зроблена інфрачырвонай камерай.

Упершыню запушчаная ў 1960 годзе, ракета-носьбіт Дэльта выкарыстоўвалася NASA да пачатку 1980-х гадоў як асноўная РН для вываду ў космас камунікацыйных, метэаралагічных і навуковых спадарожнікаў. Аднак пачатак эксплуатацыі шматразовых транспартных касмічных караблёў Спэйс Шатл ў 1981 годзе змяніў касмічную палітыку ЗША. Вытворчасць ракет змяншалася, паколькі для запуску спадарожнікаў NASA планавала выкарыстоўваць пераважна шатлы.

Перспектывы ракеты змяніліся ў студзені 1986 года, пасля катастрофы шатла Чэленджэр: заява прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана пра тое, што шатлы больш не будуць несці камерцыйную нагрузку, адкрыла шлях для вяртання Дэльты на рынак ракет-носьбітаў[8].

У студзені 1987 года кампанія Макдонэл Дуглас атрымала заказ ад ВПС ЗША на вытворчасць 18 ракет Дэльта-2, неабходных для запуску спадарожнікавага сузор’я Navstar GPS, якія раней планавалася запускаць з дапамогай шатлаў. Пасля заказ быў павялічаны да 28 ракет[9].

Першы запуск Дэльты-2 адбыўся 14 лютага 1989 года. Ракета-носьбіт Delta 6925 паспяхова вывела на арбіту спадарожнік Navstar GPS. Усяго праз паўтара гады, 26 лістапада 1990 года, была запушчана ракета серыі Delta 7000. Пасля гэтага ракеты серыі Delta 6000 запускалі рэдка, апошняя была запушчана ў ліпені 1992 года[3].

Ў 1990 годзе Макдонэл Дуглас прапанавала ракету-носьбіт Дэльта-2 кампаніі Motorola Satellite Communications Group для вываду на арбіту тэлекамунікацыйных спадарожнікаў Ірыдыум. Ў 1994 годзе быў падпісаны кантракт на суму 400 мільёнаў долараў. Па кантракце Макдонэл Дуглас абавязвалася ажыццявіць восем запускаў да канца 1998 года. У 1995 годзе кампаніі падпісалі пагадненне на запуск дадатковых пяці ракет-носьбітаў[10][11]. Агулам было выканана 12 запускаў, спадарожнікі Ірыдыум на нізкую калязямную арбіту выводзіла двухступеньчатая мадыфікацыя ракеты Дэльта-2 7920-10C[3][12].

З 1 жніўня 1997 года McDonnell Douglas увайшла ў склад кампаніі Boeing. Пасля з’яднання вытворчасць і эксплуатацыя Дэльты-2 працягвалася надалей.

У снежні 2006 года кампаніі Boeing і Lockheed Martin, вытворцы ракет Дэльта і Атлас, сфармавалі сумеснае прадпрыемства United Launch Alliance (ULA) для абслугоўвання дзяржаўных заказчыкаў ЗША. Камерцыйныя запускі Дэльты-2 ажыццяўляў Boeing[8].

Канструкцыя правіць

 
Схема канструкцыі РН Дэльта-2 (мадыфікацыя Delta 7425)

Delta II — ракета-носьбіт сярэдняй магутнасці, двух- ці трохступеньчатая. Створана на базе папярэдняй версіі ракеты сямейства Дэльта, Delta-4925. Ад іншых носьбітаў гэтага сямейства Delta II адрознівае, у першую чаргу, іншы маршавы рухавік[13].

Тыпы рухавікоў і іншых кампанентаў ракеты могуць адрознівацца, у залежнасці ад канкрэтнай мадыфікацыі. У ніжняй частцы першай ступені размяшчаецца вадкасны маршавы рухавік. Вышэй размешчаныя паліўныя бакі: бак для акісляльніка, у якасці якога выступае вадкі кісларод, і бак для газы RP-1. Далей знаходзіцца прамежкавы адсек паміж ступенямі (англ.: interstage). Ўнізе першай ступені ўсталёўваюцца цвёрдапаліўныя паскаральнікі. Зверху на першай ступені знаходзіцца рухавік і бакі другой ступені, над якімі размяшчаецца авіёніка ракеты. На самым версе канструкцыі знаходзіцца карысная нагрузка, абгорнутая галаўным абцякальнікам[5].

Першая ступень правіць

У першай ступені серыі 6000 выкарыстоўваўся адзін вадкасны ракетны рухавік адкрытага цыклу Rocketdyne RS-27[9], які ўключае ў сябе галоўны рухавік RS2701A/B і два дапаможных рухавіка LR101-NA. Маса рухавіка складае 1027 кг, дыяметр — 1,07 м, даўжыня — 3,63 м. Цяга 971 кН на узроўні мора і 1023 кН у вакууме. Камера згарання падчас працы мае тэмпературу 3315 °C і ціск 48 атм. Яна сканструяваная з аўстэнітнай нержавейкі маркі 347, і выкарыстоўвае рэгенератыўнае астуджэнне. Час гарэння складае 274 с[14]. Дапаможныя рухавікі прызначаныя для кіравання арыентацыяй ракеты ў палёце падчас адключэння першай ступені і перадачы кіравання другой ступені[15].

У серыі 7000 выкарыстоўваўся мадыфікаваны рухавік Rocketdyne RS-27A[5], які ўключае ў сябе галоўны рухавік RS2701B і два дапаможных рухавіка LR101-NA. У адрозненне ад свайго папярэдніка RS-27A мае большую даўжыню (3,78 м) і масу (1097 кг)[14]. Акрамя таго, ён развівае большую цягу ў вакууме за кошт павелічэння ступені пашырэння сапла, з 8:1 да 12:1[16].

Даўжыня першай ступені — 26,1 м[17].

Паліва правіць

У якасці паліва рухавік першай ступені выкарыстоўвае сумесь газы RP-1 і вадкага кіслароду як акісляльніка. Гэтыя кампаненты запраўляюцца ў адпаведныя алюмініевыя бакі з ізагрыднай (ці вафельнай) алюмініевай абалонкай[5]. Акісляльнік і газа змешваюцца ў прапорцыі 2,245:1. За 1 секунду рухавік першай ступені расходуе прыблізна 111 кг газы і 250 кг акісляльніка[14].

Паскаральнікі правіць

Ва ўсіх мадыфікацыях ракеты-носьбіта Дэльта-2 выкарыстоўваліся цвёрдапаліўныя паскаральнікі, прызначаныя для павелічэння цягі напачатку палёту. Часцей за ўсё іх усталёўвалася дзевяць, хаця ёсць варыянты і з трыма ці чатырма[5].

У серыі 6000 у якасці паскаральнікаў выкарыстоўваліся цвердапаліўныя ракетныя рухавікі Castor IV-A, сканструяваныя кампаніяй Thiokol[18]. Кожны паскаральнік, у запраўленым стане меў масу 11578 кг, даваў цягу парадку 355,7 кН на ўзроўні мора і 407,2 кН ў вакууме. Для Castor IV-A выкарыстоўвалася сумесевае паліва TP-H8299 на аснове перхларата амонія і сінтэтычнага каўчуку[19].

У серыі 7000 сталі выкарыстоўвалі цвердапаліўныя ракетныя рухавікі з кіраваннем вектарам цягі Alliant GEM-40 (англ.: Graphite-Epoxy Motorграфіта-эпаксідны рухавік). Гэтыя паскаральнікі, дыяметрам каля 1 м і вышынёй 13 м, здольныя развіваць цягу 446,0 кН на ўзроўні мора і 499,2 кН ў вакууме. У якасці арганічнага злучніка ў паліве выкарыстоўваўся палібутадыен з канцавымі гідраксільнымі групамі (HTPB, англ.: hydroxyl-terminated polybutadiene), ацвярджальнікам для яго служаць дыізацыянаты[20]. Час працы GEM-40 складаў прыблізна 63 секунды[13]. У цяжкай мадыфікацыі ракеты выкарыстоўваліся больш магутныя паскаральнікі GEM-46[18].

Прамежкавы адсек правіць

Паміж першай і другой ступенямі знаходзіўся прамежкавы адсек даўжынёй 4,72 м, сканструяваны з тых жа матэрыялаў, што і паліўныя бакі. Прамежкавы адсек змяшчаў выходнае сапла рухавіка другой ступені і шэсць прывадаў, прызначаных для расстыкоўкі ступеней[9].

Другая ступень правіць

 
Другая ступень Дэльты-2 рыхтуецца да зборкі на мысе Канаверал. 13.07.2006 г.

Усе мадыфікацыі ракеты-носьбіта Дэльта-2 выкарыстоўвалі на другой ступені вадкасны ракетны рухавік Aerojet AJ10-118K. Акрамя рухавіка, ступень ўключала ў сябе бакі для паліва і акісляльніка, падзеленыя агульнай сценкай. Падчас тыповых місій рухавік рабіў два ўключэння, але пры неабходнасці AJ10-118K мог запускацца да шасці разоў. У якасці паліва для яго выкарыстоўваўся самазагаральны Аэразін 50, і азотны тэтрааксід у якасці акісляльніка[5]. Ступень дыяметрам 1,70 м і даўжынёй 5,89 м важыла на старце прыблізна 6 тон. Для кіравання арыентацыяй пасля аддзялення першай ступені выкарыстоўвалася сістэма RACS (англ.: Redundant Attitude Control System). Цяга AJ10-118K складала 43,37 кН, час працы — 432 с[13]. У двухступеньчатых варыянтах ракеты рухавік напрамую яднаўся да карыснай нагрузцы, і адказваў за яе вывядзенне на запланаваную арбіту[5].

Трэцяя ступень правіць

Патрабаванні кожнага касмічнага апарата вызначалі тып рухавіка трэцяй ступені. Незалежна ад тыпу, рухавікі гэтай ступені канструяваліся так, каб забяспечваць стабільны круцільны баланс, неабходны для стабільнай арыентацыі ў космасе[5]. Для вывядзення спадарожнікаў на нізкую калязямную арбіту трэцяя ступень звычайна не выкарыстоўвалася[3].

Цвердапаліўны Thiokol Star-48B у асноўным прызначаўся для вываду карыснай нагрузкі на геапераходную арбіту. У якасці паліва рухавік выкарыстоўваў сумесевае паліва TP-H-3340, змяшчаючае перахларат амонія, парашковы алюміній і палібутадзіен з канцавымі гідраксільнымі групамі, што забяспечвала цягу 66,4 кН на працягу 87 секунд. Дыяметр Star-48B складаў 1,24 м, даўжыня — 2,04 м, маса на старце — 2010 кг[5].

Thiokol Star-37FM SRM значна менш і лягчэй за Star-48B, у сувязі з чым ён выкарыстоўваўся для вываду апаратаў на высокія арбіты, у асноўным, для міжпланетных станцый. Яго дыяметр 0,93 м, даўжыня — 1,69 м, а маса на старце — 1066 кг. Паліва тое ж, што і ў рухавіка Star-48B[5].

Абцякальнік правіць

У ракетах-носьбітах Дэльта-2 выкарыстоўвалася некалькі галаўных абцякальнікаў, якія адрозніваліся памерамі і матэрыялам. Стандартны металічны абцякальнік меў дыяметр каля 2,9 м. У ранніх мадыфікацыях ракеты выкарыстоўваўся 2,44-метровы абцякальнік, які з’яўляўся стандартам для ракет Дэльта-1.

Для вывядзення апаратаў большага аб’ёму выкарыстоўваўся 3-метровы абцякальнік, які ў асобных выпадках можна было дадаткова падоўжыць на 91 см. З 1997 года і да канца эксплуатацыі абцякальнікі вырабляліся з кампазітных матэрыялаў[5].

Сістэма азначэнняў правіць

Тэхнічнае абазначэнне Дэльты-2 змяшчае 4 лічбы, якія абазначаюць камплектацыю канкрэтнай ракеты-носьбіта. Акрамя названых лічбаў, некаторыя мадыфікацыі мелі дадатковыя літарна-лічбавыя азначэнні[18].

Першая лічба можа мець значэнне 6 або 7, і азначае серыю ракеты-носьбіта 6000 або 7000. Серыя азначае тып ракетнага рухавіка першай ступені і паскаральнікаў. У Delta 6000 выкарыстоўваўся рухавік RS-27 кампаніі Pratt & Whitney Rocketdyne і паскаральнікі Castor IVA. У серыі 7000 выкарыстоўваўся рухавік Rocketdyne RS-27A і паскаральнікамі Alliant GEM[18].

Ў другі лічбе паказваецца колькасць паскаральнікаў. Часцей за ўсё іх усталёўвалася 9, з якіх 6 запускаліся на старце, а 3 — праз адну хвіліну пасля старту. У мадыфікацыях, якія мелі 3 або 4 паскаральніка, усе запускаліся на старце носьбіта[18].

Трэцяя лічба азначае Тып рухавіка другой ступені. Ва ўсіх мадыфікацыях Дэльты-2 выкарыстоўваўся рухавік Aerojet AJ10-118K[8], які абазначаецца лічбай 2[18].

Для абазначэння рухавіка трэцяй ступені выкарыстоўваецца чацвёртая лічба. У трохступеньчатых варыянтах Дэльты-2 выкарыстоўваўся модуль PAM (англ.: Payload Assist ModuleДапаможны Модуль карыснай нагрузкі) з рухавіком Thiokol Star-48B, які абазначаўся лічбай 5. З 1998 года ў некаторых мадыфікацыях выкарыстоўвалася трэцяя ступень з рухавіком Thiokol Star-37FM (лічба 6). Двухступеньчатыя мадыфікацыі абазначаюцца нулём[18].

Пры азначэнні цяжкай мадыфікацыі Дэльты-2 пасля лічбаў дадаецца літара H (англ.: Heavy — цяжкі)[18].

Для мадыфікацый, якія маюць нестандартны для Дэльты-2 галаўны абцякальнік, выкарыстоўваюцца наступныя дадатковыя абазначэнні:

  • -8: 8-футавы (2,44 м) цыліндрычны абцякальнік, выкарыстоўваўся ў якасці стандартнага на ракетах Дэльта-1 (серыі 1000-3000).
  • -10: 10-футавы (3,05 м) металічны абцякальнік.
  • -10С: 10-футавы абцякальнік з кампазітных матэрыялаў. Быў распрацаваны ў якасці замены металічнага абцякальніка, выкарыстоўваўся з 1997 года.
  • -10L: 10-футавы падоўжаны кампазітны абцякальнік. Выкарыстоўваўся для вываду на арбіту карысных нагрузак павялічанага аб’ёму[18].

Стартавыя пляцоўкі правіць

 
Стартавы комплекс 17 на мысе Канаверал. На SLC-17B размешчана РН Дэльта-2.

У залежнасці ад канкрэтнай місіі і патрабаванняў бяспекі, ракеты Дэльта-2 серый 7300, 7400 і 7900 маглі запускацца з усходняга ці заходняга касмадромаў ЗША.

Ў Касмічным цэнтры Кенэдзі, размешчаным на мысе Канаверал у Фларыдзе, для запуску Дэльты-2 выкарыстоўвалі стартавы комплекс 17 (SLC-17), з дзвюма пускавымі пляцоўкамі — 17A і 17B. Комплекс забяспечваў запуск ракет з азімутам у дыяпазоне ад 65° да 100°. Звычайна выкарыстоўваўся азімут 95°[5]. Для запуску цяжкай мадыфікацыі ракеты серыі 7900H магла выкарыстоўвацца толькі стартавая пляцоўка 17B. У 1997 годзе яе пераабсталявалі для падтрымкі запускаў ракеты-носьбіта Delta-III[21]. Стартавы комплекс SLC-17 у выпадку неабходнасці мог забяспечыць да 12 пускаў ракеты-носьбіта Дэльта-2 за год[22].

У 1992 годзе для размяшчэння Delta-II была адрамантаваная стартавая пляцоўка 2W (SLC-2) на базе Вандэнберг у Каліфорніі. Першы запуск ракеты з гэтай пляцоўкі адбыўся 4 лістапада 1995 года[3]. Для запускаў выкарыстоўваўся азімут у дыяпазоне ад 190° да 225°, але часцей за ўсё 196°[5]. Са стартавай пляцоўкі 2W былі ажыццёўлены ўсе 12 запускаў тэлекамунікацыйных спадарожнікаў Ірыдыум. Для пускаў ракет серыі 6000 база Вандэнберг не выкарыстоўвалася[3].

Зборка правіць

 
Ўстаноўка першай ступені РН Delta-II у вертыкальнае становішча на стартавай пляцоўцы SLC-17B. 02.06.2006 г.

Зборка ракеты-носьбіта Delta-II выконвалася паэтапна. Першая і другая ступені дастаўляліся ў зборачны цэх у Дэкатуры (Алабама), тэставаліся рухавікі, правяраліся паліўныя бакі на магчымасць уцечкі, праводзіліся праверкі іншых кампанентаў. Пасля гэтага абедзве ступені транспартаваліся на касмадром[23].

Тэставаннем і падрыхтоўкай камерцыйных спадарожнікаў, як правіла, займалася кампанія Astrotech. У залежнасці ад месца пуску, гэта адбывалася ў Цітусвілле (Фларыда), за пяць кіламетраў ад касмічнага цэнтра ім. Кэнэдзі, альбо на базе Вандерберг. Астатніх заказчыкаў абслугоўвла NASA і Міністэрства абароны ЗША. Падчас тэставання аб’екта правяралася электроніка, прыборы, сродкі сувязі, адпаведнасць памераў і іншыя складнікі[5]. Пасля гэтага рухавік верхняй ступені (калі такі прадугледжаны планам місіі) і карысны груз з’ядноўвалі, пакавалі і адпраўлялі на касмадром[23].

Зборка ракеты на стартавым стале пачыналася з устаноўкі першай ступені. Следам за гэтым да яе мацавалі паскаральнікі. На першую ступень ўздымалі і ўсталёўвалі рухавік другой ступені AJ10-118K. Заканчвала працэс устаноўка карыснай нагрузкі і галаўнога абцякальніка[5].

Эксплуатацыя правіць

 
Старт Delta 7925-10L з мыса Канаверал 6 сакавіка 2009

Ракета-носьбіт Дэльта-2 выканала 155 запускаў, з якіх 153 былі паспяховыя[4]. Больш за палову ўсіх пускаў зроблены па заказах ВПС ЗША і NASA. Для вайсковых носьбіт выводзіў на арбіту спадарожнікі GPS, для NASA — касмічныя тэлескопы, як напрыклад Спітцэр і Кеплер, а таксама міжпланетныя станцыі, уключаючы большасць марсіянскіх місій 1990-2000 гадоў[3]. Апроч іх, варта адзначыць наступныя місіі:

У тыповай схеме запуску калязямных спадарожнікаў носьбітам Дэльта-2 на старце запускаўся галоўны рухавік першай ступені RS-27A і цвердапаліўныя паскаральнікі GEM[24]. У мадыфікацыях з трыма ці чатырма паскаральнікамі на старце ўключаюцца ўсе, а ў мадыфікацыях з дзевяццю паскаральнікамі — шэсць[18]. Праз хвіліну паскаральнікі выгараюць і адстыкоўваюцца, адначасова ўключаюцца астатнія тры. На трэцяй хвіліне адпрацоўваюць і скідаюцца і яны. Праз 4,5 хвіліны пасля старту рухавік першай ступені адпрацоўвае і адстыкоўваецца[24].

Пасля аддзялення RS-27A і паліўных бакаў, уключаецца рухавік другой ступені Aerojet AJ10-118K і скідаюцца паловы насавога абцякальніка. Рухавік працуе прыблізна на працягу 6 хвілін, пасля чаго адключаецца. На гэты момант, каля 12 хвіліны з моманту старту, Дэльта-2 пакідае атмасферу Зямлі і дасягае вышыні прыблізна 160 км. Далей ракета рухаецца па інэрцыі. Праз гадзіну пасля старту рухавік другой ступені ўключаецца зноў. У двухступеньчатым варыянце рухавік другой ступені выводзіць груз на запланаваную арбіту. У трохступеньчатым варыянце, прапрацаваўшы хвіліну і павялічыўшы апагей да 1000—1100 км, ён адключаецца і адстыкоўваецца. На 65 хвіліне палёту ўключаецца рухавік верхняй ступені, Star-48 або Star-37FM, які выводзіць карысную нагрузку на канчатковую арбіту[24].

Кошт правіць

У 1997 годзе, у «квартальным дакладзе аб пусках» (англ.: Quarter Launch Report) Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA), які прадстаўляе выніковыя даныя аб запусках камерцыйных, грамадзянскіх і ваенных касмічных ракет, сярэдні кошт пуску Дэльты-2 ацэньваўся ў 55—60 млн долараў ЗША[25]. Па даных аналагічнай справаздачы за 4 квартал 2000 году, кошт вываду на арбіту аднаго спадарожніка NAVSTAR GPS ацанілі ў $50—60 млн, а запускі калязямных спадарожнікаў NASA — $45—55 млн за кожны[26].

У 2002 годзе кансалтынгавая кампанія Fultron, якая спецыялізуецца на маркетынгавых даследаваннях рынку касмічнай прамысловасці, апублікавала даследаванні кошту некаторых ракет-носьбітаў 1990—2000 гадоў. Паводле гэтых даных, сярэдні кошт аднаго пуску Delta-II у названы перыяд склаў $55 млн. Кошт вывядзення аднаго кілаграма карыснага грузу на нізкую калязямную арбіту, па даных спецыялістаў Fultron, склаў $10 962. Адпраўка на геапераходную арбіту каштавала ў амаль тры разы больш — $30 556 за 1 кг[27].

Сусветны фінансавы крызіс 2008 года таксама паўплываў на кошт Delta-II. У 4 кварталы 2008 году кошт пуску ракеты ацэньваўся FAA ў $50 млн[28], а ў справаздачы за за 1 квартал 2009 году ацэнка кошту ўзрасла да $60—70 млн[1].

Значныя запускі правіць

Першы запуск Delta-II адбыўся 14 лютага 1989 года у 18:29 UTC. Па заказе ВПС ЗША[9] ракета-носьбіт Delta 6925 паспяхова вывела на арбіту спадарожнік NAVSTAR II-1 [GPS14] масай 3645 кг, першы спадарожнік другой арбітальнай групы сістэмы GPS. Пасля Delta-II працягнулі выкарыстоўваць для вываду спадарожнікаў GPS.

Апошні пуск ракет серыі 6000 адбыўся 24 ліпеня 1992 года. З дапамогай РН Delta 6925 на арбіту быў выведзены навуковы спадарожнік NASA GEOTAIL, які прызначаўся для даследавання магнітасферы Зямлі. Усе 17 запускаў серыі 6000 былі паспяховымі. Найбольшы карысны груз у серыі 6000, ультрафіялетавы касмічны тэлескоп EUVE масай 7165 кг, быў выведзены з дапамогай РН Delta 6920-10 ў студзені 1992 года.

 
Пуск ракеты-носьбіта Delta 7925 з марсаходам Spirit. 10.06.2003 г.

26 лістапада 1990 года адбыўся першы запуск серыі 7000. Са стартавай пляцоўкі 17a касмадрома на мысе Канаверал стартавала РН Delta 7925, паспяхова вывеўшы на арбіту спадарожнік NAVSTAR IIA-10 [GPS23].

Пачынаючы з 1996 года, NASA неаднаразова выкарыстоўвала Delta-II для запуску зондаў на Марс. 7 лістапада 1996 года з мыса Канаверал была запушчана АМС Mars Global Surveyor. Менш чым праз месяц на Марс адправіўся марсаход Mars Pathfinder. Абедзве місіі, запушчаныя з дапамогай РН Delta 7925, былі паспяхова выкананы. На мяжы 1998—1999 гадоў былі запушчаны дзве няўдалыя місіі: Mars Climate Orbiter[29] і Mars Polar Lander[30], хоць запуск абедзвюх АМС з дапамогай РН Delta 7425 прайшоў паспяхова. Ў 2000-х гадах з дапамогай Delta-II да Марса былі адпраўленыя наступныя місіі[3]:

5 мая 1997 года быў здзейснены першы запуск тэлекамунікацыйных спадарожнікаў Ірыдыум[12]. Да канца 1998 года былі запушчаны яшчэ 10 ракет з гэтымі спадарожнікамі. Кожны запуск ажыццяўляўся з базы Вандэрберг, са стартавай пляцоўкі 2W. Так як кожная ракета-носьбіт выводзіла на арбіту адначасова пяць спадарожнікаў, агульнай масай больш за 7 тон, для запуску выкарыстоўвалася мадыфікацыя РН Delta 7920-10C. Апошні, дванаццаты запуск, 12 лютага 2002 вывеў на арбіту спадарожнік Iridium IS-1[3].

18 верасня 2007 года адбыўся 75 паслядоўны паспяховы запуск ракеты-носьбіта Дэльта-2. З базы Вандэрберг РН Delta 7920-10C вывела на арбіту камерцыйны даследчы спадарожнік WorldView-1. Гэтым запускам Дэльта-2 паставіла новы рэкорд надзейнасці сярод сучасных ёй ракет-носьбітаў[32].

10 верасня 2011 звязак з двух аднатыпных зондаў GRAIL стартаваў з касмадрома на мысе Канаверал на ракеце-носьбіту Дэльта-2. Пуск, першапачаткова прызначаны на 8 верасня, затрымалі неспрыяльныя ўмовы надвор’я і дадатковыя тэхнічныя праверкі, але сам палёт прайшоў нармальна. Асноўнай задачай місіі апаратаў GRAIL-A і GRAIL-B стала вывучэнне гравітацыйнага поля і ўнутранай структуры Месяцу.[33][34]

Няўдалыя запускі правіць

5 жніўня 1996 года Дэльта-2 стартавала з першым паўднёвакарэйскім спадарожнікам сувязі Koreasat-1. Хоць ракета-носьбіт вывела яго на арбіту, падчас палёту не аддзяліўся адзін з цвердапаліўных ракетных рухавікоў[3], у сувязі з чым спадарожнік не ўдалося вывесці на запланаваную геастацыянарнай арбіту[35].

Другі няўдалы запуск ракеты-носьбіта Дэльта-2 адбыўся 17 студзеня 1997 года. Пуск РН Delta 7925 з мыса Канаверал са спадарожнікам NAVSTAR IIR-1 [GPS42] планаваўся на дзень раней, 16 студзеня. Спачатку пуск быў затрыманы праз карабель у небяспечнай зоне пуску. Пасля выхаду судна з зоны старту, выявілі новую праблему. У верхніх пластах атмасферы быў занадта хуткі вецер. Да таго ж у стартавым акне быў кароткі перапынак, неабходны для недапушчэння сутыкнення апошняй ступені ракеты з арбітальнай станцыяй Мір. Улічваючы названыя фактары, пуск быў перанесены на наступны дзень. 17 студзеня паўсталі новыя метэаралагічныя праблемы: моцныя парывы ветру ля паверхні, і нізкая для Фларыды тэмпература — 7 °C[36]. Нягледзячы на ўмовы надвор’я, ракета стартавала ў 11:28 па мясцовым часе. Праз 13 секунд пасля старту, дасягнуўшы вышыні менш за 450 метраў, Дэльта-2 выбухнула. У выніку аварыі людзі не пацярпелі, аднак быў страчаны спадарожнік. Хоць большасць фрагментаў носьбіта ўпалі ў акіян, некаторыя з іх пашкодзілі размешчаныя побач са стартавай пляцоўкай будынкі, бункер цэнтра кіравання запускам і каля дваццаці машын на аўтастаянцы. Узніклае праз выбух воблака разрэджанай салянай кіслаты пайшло ад акіяна ў бок населеных раёнаў на поўдзень ад мыса Канаверал, што вымусіла некаторы час не выпускаць школьнікаў на вуліцу[37]. Чыннікам аварыі стаў разрыў абалонкі на цвёрдапаліўным паскаральніку № 2, корпус якога, падобна што быў пашкоджаны яшчэ да пачатку палёту[3]. Страты ад аварыі ракеты-носьбіта склалі 55 млн долараў ЗША, плюс 40 млн — кошт спадарожніка GPS[37].

Зноскі правіць

  1. а б 2nd Quarter 2009 Launch Report (англ.). Federal Aviation Administration (2009). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  2. а б Delta II Overview (англ.). The Boing Company. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  3. а б в г д е ё ж з і к л History of the Delta Launch Vehicle (англ.). History of the Delta Launch Vehicle by Kevin S. Forsyth. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 12 лістапада 2010.
  4. а б в г All-Time Launcher Results Summary. Space Launch Report. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 12 лістапада 2010.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о United Launch Alliance. Delta II payload planners guide (англ.). United Launch Alliance (Декабрь 2006). Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2011. Праверана 3 студзеня 2017.
  6. Space Launch Totals by Decade. Space Launch Report. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  7. Ariane heritage > Ariane 4. Arianespace. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  8. а б в Delta History (англ.). The Boing Company. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  9. а б в г Delta II (англ.). GlobalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2009. Праверана 13 студзеня 2010.
  10. McDonnell Douglas DELTA II Rocket To Launch Iridium Satellites (англ.). McDonnell Douglas. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  11. В. Колюбакин Всё, что летает: McDonnell Douglas Corporation(руск.) // Теле-Спутник. — 1997. — Т. 15. Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2008.
  12. а б McDonnell Douglas Delta II 7920-10C vehicle and Iridium® mission description (англ.). McDonnell Douglas. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  13. а б в Delta specifications (англ.). Rocket & Space Technology. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  14. а б в RS-27 (англ.). Encyclopedia Astronautica. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  15. Understanding the Delta II Rocket (англ.). NASA. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  16. RS-27A overview (англ.). Pratt & Whitney. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  17. Архивированная копия. Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2021. Праверана 30 мая 2022.
  18. а б в г д е ё ж з і Vehicle Description (англ.). History of the Delta Launch Vehicle by Kevin S. Forsyth. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 14 студзеня 2010.
  19. Castor 4 (англ.). Encyclopedia Astronautica. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  20. Связующие смесевых ракетных топлив. Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2011. Праверана 23 студзеня 2010.
  21. About Launch Complex 17 (англ.). NASA. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 14 студзеня 2010.
  22. Delta Facilities (англ.). GlocalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2010. Праверана 14 студзеня 2010.
  23. а б Rocket pre-launch assembly (англ.). Spaceflight Now. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  24. а б в GPS 2R-21 launch timeline (англ.). Spaceflight Now. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 17 студзеня 2010.
  25. 2nd Quarter 1997 Launch Report (англ.). Federal Aviation Administration (1997). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  26. 4nd Quarter 2000 Launch Report (англ.). Federal Aviation Administration (2000). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  27. Space Transportation Costs: Trends in Price Per Pound to Orbit 1990-2000 (англ.). Futron Corporation (2002). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  28. 1nd Quarter 2009 Launch Report (англ.). Federal Aviation Administration (2009). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  29. NASA's Mars Climate Orbiter belivied to be lost (англ.). NASA Mars Program. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  30. Mars Polar Lander/Deep Space 2 (англ.). NASA Mars Program. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  31. Mars Rover Finally Launched (англ.). CBC News. Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2011. Праверана 17 жніўня 2011.
  32. WorldView-1 mission status center (англ.). Spaceflight Now. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  33. Зонды GRAIL отправились к Луне(недаступная спасылка). Компьюлента (10 верасня 2011). Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2011. Праверана 12 верасня 2011. (Праверана 12 верасня 2011)
  34. Спутники НАСА займутся измерением лунной гравитации. BBC Russian (11 верасня 2011). Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2012. (Праверана 12 верасня 2011)
  35. Koreasat 1 (англ.). NASA. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2011. Праверана 13 студзеня 2010.
  36. США. Взрыв ракеты Дельта-2(руск.) // Новости космонавтики. — 1997. — Т. 2. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2012.
  37. а б Delta Explosion Showers Debris, Creates Acid Cloud(англ.) // Popular Mechanics : journal. — 1997. — May — Т. 174. — № 5. — P. 19. — ISSN 0032-4558.

Спасылкі правіць