Грозава
Гро́зава[1] (трансліт.: Hrozava, руск.: Грозово) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Вужанка. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавета. Насельніцтва 427 чал. (2010). Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.
Аграгарадок
Грозава
| ||||||||||||||||||
Грозаў — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны. У 1920 жыхары Слуцкага павета сфарміравалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.
НазваПравіць
Тапонім «Грозаў»[2] утварыўся ад імя Гроза[3]. Традыцыйная назва за савецкім часам была зменена на Грозава[4].
ГісторыяПравіць
Упершыню Грозаў упамінаецца ў 1-й пал. ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладанне Алелькавічаў. У 1582 існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасць. У другой пал. ХVІ — 1-й пал. ХVII ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Валадковічаў, якія заснавалі тут 2 праваслаўныя царквы і мужчынскі манастыр Святога Міколы (усе ў юрысдыкцыі Кіеўскай грэчаска-каталіцкай мітраполіі). Паводле інвентару 1650, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоў) і фальварак, былі бровар, млын і гумнішча
У другой пал. ХVII ст. Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 тут было 66 двароў. У ХVIII ст. Грозаў знаходзіўся ва ўладанні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 мясцовасць увайшла ў склад Случарэцкага павета.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Грозаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Межаеўскіх, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. На 1800 тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Успення Багародзіцы і Святога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі; на 1845 — 19 двароў. У 1864 з мэтай русіфікацыя края расійскія ўлады адкрылі ў Грозаве народнае вучылішча. На 1870 — 99 двароў, 3 праваслаўныя царквы, касцёл, капліца, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся з мястэчкамі Капыль, Бабоўня, Новы Свержань і горадам Нясвіж. На 1886 — 3 праваслаўныя царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народнае вучылішча, 2 яўрэйскія школы. Згодна з вынікамі перапісу (1897), у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народнае вучылішча, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пач. XX ст. 177 двароў. У 1912 працавалі 2-класная сельская і 1-класная народная вучылішча. На 1917 — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы. У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 мястэчка занялі нямецкія войскі, у жніўні 1919 — ліпені і кастрычніку — лістападзе 1920 — польскае войска.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 у Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[5]. Да здушэння паўстання бальшавікамі (4 снежня 1920) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
На 1921 у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фельчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 — 7-гадовая і яўрэйская школы, хата-чытальня, фельчар, 6 рамеснікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 Грозава стала цэнтрам сельсавета Грэскага раёна, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёна (з 12 лютага 1935 да 17 снежня 1956 зноў у Грэскім раёне). У 1930-я ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасня 1938 статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 Грозава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
На 1971 у Грозаве было 189 двароў, на 1997 — 197 гаспадарак, машынны двор, ветэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я Грозава атрымала афіцыйны статус аграгарадка. На 2007 — 167 гаспадарак, на 2010 — 159.
НасельніцтваПравіць
- XVIII стагоддзе: 1763 — 267 чал.[3]
- XIX стагоддзе: 1800 — 166 чал.; 1845 — 97 чал.; 1870 — 376 чал.; 1886 — 156 чал.; 1897 — 861 чал. у мястэчку Грозаў, 41 чал. у маёнтку Грозаў
- XX стагоддзе: 1901 — 1032 чал.; 1917 — 1194 чал.; 1924 — 1007 чал.; 1960 — 656 чал.; 1971 — 587 чал.; 1992 — 498 чал.[6]; 1997 — 481 чал.[7]
- XXI стагоддзе: 2007 — 428 чал.[8]; 2010 — 427 чал.
ІнфраструктураПравіць
У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, бальніца, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.
Турыстычная інфармацыяПравіць
У Грозаве на колішняй плошчы Рынак, каля будынка былога касцёла пастаўлены мемарыяльны крыж у гонар абаронцаў незалежнасці Беларусі.
СлавутасціПравіць
- Вінакурня (пач. XX ст.)
- Гандлёвыя рады (2-я палова XIX ст.)
- Касцёл у Гонар Зняцця Збаўцы з Крыжа (1802; цяпер клуб)
- Могілкі яўрэйскія
- Палац Мержыеўскіх (2-я палова XVIII ст.)
- Дуб-волат — былы батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Узрост каля 200 гадоў.
Страчаная спадчынаПравіць
- Манастыр Святога Яна Багаслова
- Царква Святога Мікалая
ГалерэяПравіць
- Краявіды Грозава
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Гро́заў, м.
- ↑ Грозаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. С. 447.
- ↑ 3,0 3,1 Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 160.
- ↑ Падарожжы Свабоды: Грозаў. Радыё Свабода (21 лютага 2014).
- ↑ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 155.
- ↑ Шаблюк В. Грозава //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 155.
- ↑ Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 161.
- ↑ Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 162.
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — 464 с.: іл. ISBN 978-985-11-0554-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Hrozów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 178.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Грозава