Беларускія татары
Белару́скія тата́ры (татарск. tatarlar, татарлар), таксама гістарычна вядомыя пад назвамі лі́пкі і літо́ўскія тата́ры — народ цюркскага паходжання, роднай мовай якога стала беларуская, і мусульманскім веравызнаннем. Жыве ў Беларусі, Літве, Польшчы.
Беларускія татары | |
---|---|
| |
Колькасць | 26 тыс. чал |
Рассяленне | |
Этнічныя мовы | старабеларуская мова, старабеларуская мова[d], беларуская, Татарская мова ў Беларусі, польская[1][2][…], літоўская мова[1][2][…] і руская[1][2][…] |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | іслам |
Геаграфічна-моўная група | татары |
Блізкія этнасы | татары, крымскія татары |
Назвы: татары, цяпер — беларускія татары, гістарычная — літоўскія татары (зрэдку — польскія татары). Саманазва — на аснове канфесоніму «мусульмане»: беларускія мусульмане, літоўскія мусульмане (зрэдку магчыма — польскія мусульмане).
Этнонімам «татары» ў часы ВКЛ сталі называць розных па паходжанні цюркамоўных імігрантаў. Беларускія татары паходзяць з крымскіх і ардынскіх татар (паўднёвае Паволжа), а таксама — з выхадцаў Паўночнага Каўказа.[3]
Акрамя крымскіх татар-перасяленцаў рознага часу, за расійскім і савецкім часам беларускія татары ўключалі і асімілявалі мігрантаў з іншых татарскіх народаў (падобнае ўключэнне ў склад народу родаў і цэлых плямён самага рознага паходжання ўвогуле характэрна для ўзаемадзеяння цюркскіх народаў). Другі найбольш роднасны беларускімі татарам народ — караімы, якія разам з татарамі жылі ў Крыме, і разам з імі прыйшлі на Беларусь (у той жа час і [ў] выніку тых самых грамадскіх працэсаў), але захавалі пры гэтым сваю рэлігійную адметнасць.
Гісторыя
правіцьПершыя татары былі запрошаны ў ВКЛ з Залатой Арды і Крыма ў пачатку 14 ст., а магчыма, і раней. Ужо ў 1319 г. татары складалі перадавы атрад войска Гедзіміна ў бітве з тэўтонамі[4].
Татары як асобная этнічная супольнасць фарміруецца не адразу, але не пазней 2-й паловы XVI ст. Першыя перасяленцы належалі да розных плямён, якія нярэдка адрозніваліся паміж сабой, гаварылі на незразумелых мовах (гэта адна з прычын іх хуткай асіміляцыі). Уласна татары складалі большасць, чым і тлумачыцца выбар саманазвы. Рашаючымі фактарамі аб’яднання цюркамоўных этнічных груп у агульную супольнасць «татары» сталі мусульманская вера і арабскаалфавітная літаратура, якую татары стваралі ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў.
Беларускія татары стваралі асобныя татарскія харугвы (атрады), вядомыя асаблівыя татарскія гербы (у тым ліку «Татарская Пагоня»). Татары не былі завязаны з мясцовым насельніцтвам, з часоў Вітаўта складалі асабістую ахову князя, умовай іх пасялення і трымання зямлі была вайсковая служба, яны былі абавязаны асабіста з’яўляцца на вайну па патрабаванні князя. Татары маглі жаніцца на хрысціянках, але пачаткова не маглі валодаць сялянамі-хрысціянамі. Вялізная колькасць змяшаных шлюбаў прывяла да хрысціянізацыі і беларусізацыі шматлікіх татарскіх родаў (Глінскія, Багдановічы, Свяцкія, Якубовічы і інш.). Татары былі расселены вакол Вільні па стратэгічных кірунках: Коўна, Трокі, Нарач, Менск, Клецк, Наваградак, Іўе, Ліда, Гародня. Татары фармаваліся ў 8 (пазней 6) харугваў і кіраваліся ўласнай арыстакратыяй, нашчадкамі князёў (ханаў), мірзаў і ўланаў (шляхты). Іерархія родаў татарскіх князёў і мірзаў Вялікага Княства Літоўскага паводле старшынства выглядала наступным чынам: Пунскія і Астрынскія, Уланы, Найманы, Алчыны, Юшэньскія, Лоўчыцкія-Багатырэвічы, і вымерлыя да пачатку XVII ст. ханскія роды Клецкіх і Мсціслаўскіх. У 1631 годзе былі харугвы ўланская, найманская, крычынская (кандрыцкая), ялёрская, юшынская, ардынская (барынская).[крыніца?]
На войны ў пачатку XVI ст. вялікалітоўскія татары выстаўлялі каля 2000 коней. Татары складалі асобны род лёгкай кавалерыі з апісанымі камплектамі ўзбраення і стандартным забеспячэннем службы. Коні, кальчугі (сцёганыя лямцавыя халаты), шлемы-місюркі, шаблі, сагайдакі (лук і стрэлы), кароткія коп’і, зрэдку агнястрэльная зброя. У 1715—1717 гадах — 8 рот вялікалітоўскі татараў палка Аляксандра Улана (Асаньчуковіча) выступілі на баку Аўгуста ІІ Саса і дапамаглі яму ўтрымаць каралеўскі сталец. У падзяку за гэта кароль паставіў іх на дзяржаўнае утрыманне (жолд) варшаўска-дрэзданскага двара і ў сусветным вайсковым пераліку з’явіўся новы від кавалерыі — уланы, у камплект узбраення якіх уваходзілі: конь, кароткі агнястрэл, пікі, шаблі.[крыніца?]
Татары ў гарадах сяліліся кампактна вуліцамі і кварталамі (Татарскія вуліцы, Татарскія канцы (у Мінску — Татарская слабада і Татарскія гароды).
У ВКЛ татары-перасяленцы не былі аднароднымі ў сацыяльных, саслоўных і маёмасных адносінах і дзяліліся на катэгорыі і сацыяльныя групы. Напрыклад, былі ваеннаслужылыя татары, якія ў сваю чаргу падзяляліся на гаспадарскіх, панскіх і татар-казакоў. Існаваў падзел таксама на знатных і простых татар. Татарская знаць складалася з князёў, мурзаў і ўланаў. На самым версе стаялі царэвічы і князі з ханскіх радоў Арды ці Крыма. Сацыяльнае і саслоўнае становішча імігрантаў захоўвалася і на новай радзіме.
Асноўныя заняткі татар — вайсковая служба, садоўніцтва, рымарства, жывёлагадоўля, гарбарства.
Пазней, за расійскім і савецкім часам (XIX—XX стст.) замест крымскіх татар (якіх стала мала ў выніку скарэння Крыма, учыненага рускімі генацыду канца XVIII ст. і выгнання крымскіх татараў у Турцыю), у Беларусь перасяляліся прадстаўнікі іншых татарскіх народаў, у першую чаргу з Татарстана.
Саманазва
правіцьНазва татары беларускім татарам добра вядомая, але выкарыстоўваецца з неахвотай і пераважна ў міжэтнічных зносінах, бо атаясамліваюцца з качэўнікамі Крыму і Волгі (і іх нашчадкамі), якія маюць у вачах беларускіх татар нізкі сацыяльны статус і культурны ўзровень. Такім чынам, этнонім татары здаецца самім беларускім татарам зняважлівым і грэблівым, і ва ўнутраных зносінах паслядоўна замяняецца на назву па рэлігіі — мусульмане.
Пры больш-менш сталых кантактах беларускія татары часта ці папраўляюць «памылковую» назву, ці наўпрост просяць называць іх мусульманамі. (Згода беларускага татарына называцца татарынам сведчыць аб значнай асіміляцыі яго ў беларускае грамадства і сур’ёзным разрыве сувязі з татарскай этнічнай супольнасцю. Або — аб павышанай ветлівасці).
Беларускія мусульмане і татары. Самасвядомасць
правіцьТым не менш, беларускія татары (ці — беларускія мусульмане, як яны самі сабе называюць) выразна адрознівалі сябе ад іншых татар. Пры гэтым [сябе] беларускія татары ставілі вышэй, мяркуючы свой лад жыцця, свае побытавыя звычкі, свае веды (як у свецкіх навуках, так і ў Каране) — лепшымі ад іншых цюркскіх народаў, якіх беларускія мусульмане і называлі словам татар. Татары, ва ўяўленнях беларускіх мусульман, бачыліся качэўнікамі, з прымітыўным ладам жыцця, брыдкімі побытавымі звычкамі, нізкім узроўнем ведаў. З усіх роднасных народаў за роўных прызнаваліся толькі туркі, мова каторых вывучалася найбольш дасведчанымі кніжнікамі поруч з арабскай. Цікава, што крымскія татары (з нашага гледзішча — роднасныя татарам беларускім) — прызнаваліся за «татар», з усімі адмоўнымі «татарскімі» звычкамі (адпаведна і крымская мова — не мела пашаны і не вывучалася). Хутчэй за ўсё такое процістаўленне ўзыходзіць да старадаўніх міжродавых процістаўленняў (у прыватнасці — барацьбы белай і чорнай косці) у час палітычнай барацьбы за ўладу ў Крымскім ханстве.
Аднак азначанае процістаўленне беларускіх мусульман татарамі было зусім не абсалютнае: беларускія татары сістэматычна асімілявалі татар-перасяленцаў з Крымскага ханства, якіх было нямала на ўсім працягу гісторыі Вялікага Княства. Пры гэтым татары вельмі хутка станавіліся «беларускімі мусульманамі» і засвойвалі іх культуру — уключна са стаўленнем да «татар».
Сляды гэтых поглядаў захаваліся праз увесь перыяд расійскага панавання (з савецкім часам уключна), прынамсі — у выглядзе адмаўлення саманазвы «татары». Але ў наш час саманазва па рэлігіі «мусульмане», нават з прыстаўкай «беларускія» — адзнака культурнай адсталасці, уласцівая мусульманам розных краін: у той жа Турцыі адсталыя сяляне «не ведаюць», што яны туркі, і лічаць сабе проста «мусульманамі». Вынік таго, што культурны ўзровень беларускіх татар увесь гэты час занепадаў (так, ужо ў XIX стагоддзі перасталі пісацца кітабы, у савецкі час — зачыніліся медрэсэ), і беларускія татары між іншых мусульман са стану самых перадавых апусціліся да стану самых адсталых.
Аднак стварэнне кітабаў у XIX ст. не толькі не спынілася, а наадварот, менавіта з XIX ст. сённяшняя кітабістыка мае больш за ўсё кітабаў, прычым вялікіх па аб’ёме і выкананых рознымі перапісчыкамі. Таму вывад аб «заняпадзе культурнага ўзроўню» татар варта перагледзець або пашукаць іншых аргументаў.
У гэты ж час узровень татар (і іх флагмана — казанскіх татар) — несупынна рос. У выніку, у час перабудовы адраджэнне мусульманскага рэлігійнага жыцця не магло быць ажыццёўленае без дапамогі Казані і прывяло да сталай арыентацыі на яе. Улічваючы ж, што звычайная асіміляцыя татар беларусамі ішла сваім ходам, і большая частка цяперашніх татар Беларусі — нядаўнія (апошніх двух стагоддзяў) мігранты з Расіі, якіх у той ці іншай ступені ахапіла татарская нацыянальная культура і татарская палітычная прапаганда, не будзе нічога дзіўнага, калі назва «татары» упершыню стане саманазвай беларускіх татар.
Этнічныя працэсы
правіцьСклад беларускіх татар быў нестабільны. З аднаго боку, ішла інтэнсіўная асіміляцыя праз шлюбы, пераважна са шляхтай, пры гэтым адбывалася змена канфесійнай прыналежнасці на хрысціянскую (часткова — натуральным чынам, пазней — па патрабаванні абмежавальных законаў прынятых у Рэчы Паспалітай з падачы палякаў). Акрамя таго, татарскія харугвы неслі вялікія ваенныя страты. Вядомыя выпадкі, калі харугвы гінулі ў поўным складзе[]. У выніку, па разліках некаторых даследчыкаў[], поўная асіміляцыя ўсіх татар займала ў Беларусі каля ста год і працэс неаднойчы паўтараўся (што прывяло да з’яўлення шляхецкіх родаў, што не мелі сабе за татар, але выводзілі ад татар свой радавод). Тым не менш, беларускія татары ніколі не знікалі, бо іх склад сістэматычна папаўняўся, пераважна з Крымскага ханства, як перасяленцамі (звычайна — бежанцамі пры палітычных звадах у Ханстве), так і ваеннапалоннымі (ў час шматлікіх крымскіх набегаў і войнаў з Крымам).
Беларускія татары (ці — беларускія мусульмане) выразна адрознівалі сабе ад іншых татар. Інакш кажучы, беларуска-татарскі этнас захоўваў сваю ідэнтычнасць, нягледзячы на тое, што адыгрываў у сістэме беларускіх этнасаў ролю дэмаграфічнага буферу для асіміляцыі цюркаў беларусамі.
Цяперашні стан беларускіх татар адрозны тым, што хаця за расійскім і савецкім часам (XIX—XX стст.) працягваліся тыя ж працэсы перасялення ў Беларусь і наступнай асіміляцыі, але замест крымскіх татар (якіх стала мала ў выніку скарэння Крыма, учыненага расіянамі генацыду канца XVIII ст. і выгнання крымскіх татар у Турцыю), у Беларусь перасяляліся прадстаўнікі іншых татарскіх народаў. Акрамя таго, з пачатку XX ст., яны падпадалі пад дзеянне татарскай палітычнай прапаганды і татарскай нацыянальнай культуры, элементы якіх прыносілі з сабой. Яны не былі асіміляваныя беларускімі татарамі і не засвоілі іх культуры. Звычайна гэтыя татары асіміляваліся наўпрост у беларусы (і многія мігранты XIX стагоддзя, хаця і пішуцца татарамі, але страцілі сувязь з татарскай супольнасцю). Але нацыянальнае і рэлігійнае адраджэнне з 1990-х гадоў дазволіла татарскім мігрантам звязацца, і гэтая сувязь будуецца на новай глебе — на глебе татарскай нацыянальнай культуры, сувязі з Татарстанам, вывучэння татарскай мовы, прызнання сабе татарамі. Такім чынам, у Беларусі з татар рознага паходжання складаецца дыяспара Татарстана. Гэтыя татары жывуць у Беларусі, але беларускімі татарамі не становяцца, хаця і звязаныя з імі рэлігіяй і афіцыйнай назвай (афіцыйна ўсе татары ў Беларусі маюцца за адзін народ). Наадварот, варта чакаць, што ў цяперашняй сітуацыі асіміляцыя пойдзе ў адваротны бок: рэшткі «беларускіх мусульман», якіх будзе рабіцца ўсё менш — з-за натуральнай асіміляцыі беларусамі, будуць паглынутыя культурнейшай, палітычна арганізаванай, грашавітай дыяспарай Татарстана. Адзінай перашкодай гэтаму працэсу можа стаць тое, што далейшай міграцыі ўсходніх татар у Беларусь перашкаджае дзяржаўная мяжа з Расіяй, што з часам можа прывесці да размывання і асіміляцыі самой дыяспары Татарстана.
Дэмаграфія
правіцьУ 1897 г. адносна кампактныя групы татараў жылі ў Мінскім (1217 чал.), Навагрудскім (874), Гродзенскім (813), Ігуменскім (766), Слуцкім (692), Брэсцкім (480), Кобрынскім (252), Пружанскім (183), Слонімскім (178), Віленскім (137) паветах.
Па перапісе 1970 г. сярод татараў Беларусі лічылі роднай мовай татарскую больш за 24 %, беларускую — больш за 34 %. Па стане на 1999 г. татараў на Беларусі было каля 13 тыс. чал. Самая вялікая іх супольнасць у Іўі.
Культура беларускіх татар
правіцьБеларускія татары доўгі час захоўвалі самабытныя рысы вядзення гаспадаркі, у хатнім побыце, адзенні, фальклоры. Даследчыкі татарскай культуры адзначалі такія характэрныя рысы татар, як сумленнасць, гасціннасць, акуратнасць. Жанчыны-татаркі вылучаліся сціпласцю і цнатлівасцю. У хатах беларускіх татараў было заўсёды чыста, сядзібы ўпрыгожвала мноства кветак. Пры апісанні побыту клецкіх татар этнограф П. М. Шпілеўскі адзначаў, што татары вядуць жыццё працалюбівае, ні ігрышчаў, ні танцаў: заўсёдная цішыня і спакой пануюць паміж імі[5].
Вядомыя асобы
правіць- Аляксандр Рамановіч (1871—1933) — расійскі і польскі военачальнік, генерал-маёр.
- Мацей Аляксандравіч Сулькевіч (1865—1920) — расійскі і азербайджанскі военачальнік, крымска-татарскі дзеяч, генерал-лейтэнант.
- Сцяпан Хусейнавіч Александровіч (1921—1986), беларускі пісьменнік, прафесар, доктар філалагічных навук, заслужаны работнік культуры.
- Ібрагім Барысавіч Канапацкі (1949—2005). беларускі грамадска-палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч, гісторык, адзін з лідараў татарскага адраджэння ў Беларусі.
- Ібрагім Рафаілавіч Гембіцкі (1900—1974) — беларускі графік.
- Бекір Міхайлавіч Смольскі (1913—1982) — беларускі вучоны ў галіне цеплафізікі.
- Дзмітрый Браніслававіч Смольскі (1937—2017) — беларускі кампазітар, педагог.
- Барыс Амуратавіч Байрашэўскі (1936) — беларускі вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в https://web.archive.org/web/20211028203116/https://tatarica.org/ru/razdely/narody/tatary/etnicheskie-gruppy-tatar/polsko-litovskie-tatary
- ↑ а б в https://web.archive.org/web/20211030205856/https://census.belstat.gov.by/saiku/?guest=true&lang=ru&default_view_state=edit#query/open//public/F503N_ru.saiku
- ↑ Канапацкі 2000, с. 27.
- ↑ Канапацкі 2000, с. 24.
- ↑ Канапацкі 2000, с. 41.
Літаратура
правіць- Канапацкі І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар: Вучэб. дапам. / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік.. — Мн.: Бел. ун-т культуры, 2000. — 259 с.
- Антонович, А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс, 1968.
- Вольскі, В. Татары на Беларусі (гіст. нарыс) / В. Вольскі // Наш край. 1927. № 4.
- Думін, С. У. Беларускія татары : мінулае і сучаснасць / С. У. Думін, І. Б. Канапацкі. — Мінск, 1993.
- Канапацкі, І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік. — Мінск, 2000.
- Лакотка, А. І. Бераг вандраванняў, ці адкуль у Беларусі мячэці / А. І. Лакотка. — Мінск, 1994.
- Мянжынскі В. Дакументы па гісторыі беларускіх татар у Кнігах запісаў Метрыкі ВКЛ № 28, 30, 43/ / Іслам і Умма (абшчына) татар-мусульман Беларусі, Літвы і Польшчы на мяжы тысячагоддзяў: Матэрыялы VI міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. — Мінск. — 2001. — С. 41-47.
- Мухлинский, А. О. Исследование о происхождении и состоянии литовских татар / А. О. Мухлинский. — СПб., 1857.
- Litauische Tataren// Zeitung der 10 armee(Wilna). - [1]№ 151. — 2 Gilbhart 1916.
- Богдан С., Пабеданосцава-Кая А. Ясінскія, Луцкевічы, Александровічы і ўсе нашы татары // Наша гісторыя, № 5, 2018, с. 68-75. ISBN 2617—2305
- Канапацкі І. Тата́ры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 508—511. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
правіцьБеларускія татары на Вікісховішчы |
- Літоўскія татары (мусьлімы) Архівавана 11 красавіка 2019. (бел.)
- Віталь Вольскі. Татары на Беларусі(недаступная спасылка)
- Рукапісы татараў Беларусі канца XVII-пачатку XX ст. : віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі
- Сороктатар и не только это (руск.)
- Шимелевич М. Литовские татары. Этнографический очерк. Вильно, 1905. — 14 c. // на pawet.net
Для паляпшэння артыкула пажадана |