Бхумі́дж (саманазва: भूमिज, літаральна «народжаны з глебы») — аўстраазіяцкі народ ва ўсходняй Індыі. Жывуць таксама ў Бангладэш. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 154 000 чалавек[1].

Бхумідж
(भूमिज)
Агульная колькасць 1154000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя — 1124000
 Бангладэш — 30000
Мова бхумідж
Рэлігія сарнаізм, індуізм
Блізкія этнічныя групы мунда, хо, санталы, бірхор, кхарыя, савара, гадаба, корку

Гісторыя правіць

Бхумідж належаць да народаў групы мунда, аўстраазіятаў, якія з’явіліся на ўсходзе Індыі ў каменным веку. Відавочна, першасным месцам іх паселішча былі берагі ракі Субарнарэха. Згодна з уяўленнямі саміх бхумідж, першапачаткова яны займаліся ваеннай справай, але пазней асвоілі земляробства. Народы, што межавалі з бхумідж, часцяком разглядалі іх як злодзеяў з-за нападаў на вандроўнікаў.

У канцы XVIII ст. землі бхумідж былі далучаны да тэрыторый Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Правадыры гэтага народа атрымалі значныя прывілегіі і феадальныя тытулы. Аднак умяшальніцтва кампаніі ва ўнутраныя справы прывяло да паўстанняў 1798 г. і 1832 г. Пасля іх задушэння бхумідж былі вымушаны перасяляцца ў іншыя рэгіёны, працаваць наёмнымі рабочымі на чайных і баваўняных плантацыях, вырошчваць на продаж бетэль.

У незалежных Індыі і Бангладэш бхумідж адносяць да племянных супольнасцей, што дае ім пэўныя палёгкі ў атрыманні сацыяльнай дапамогі і адукацыі.

Культура правіць

Галоўным заняткам бхумідж з’яўляецца сельская гаспадарка. На сваіх невялікіх надзелах яны вырошчваюць проса, ячмень, рыс, гарчыцу, кукурузу, перац, для ўнутранага спажывання — садавіну і гародніну. У мінулым важнымі заняткамі былі збіральніцтва, рыбалоўства і паляванне. У нашы дні збіральніцтва і рыбалоўства адыгрываюць дадатковую ролю, а паляванне амаль знікла з-за забаронаў з боку ўрада. Многія займаюцца сезонным адыходніцтвам, працуюць у гарадах дробнымі гандлярамі.

Звычайнай ежай з’яўляюцца рыс, проса, бабовыя, да якіх дадаюць смажаную гародніну, яйкі, сыр, радзей рыбу і мяса. Традыцыйная кухня ўключае стравы з мурашак і тэрмітаў, аднак бхумідж не ядуць свініну і ялавічыну. Папулярныя напоі: малако, рысавае піва, лікёр.

Народная мужчынская вопратка ленгці ўяўляе сабою кароткую кашулю. Да яе часам апранаюць на сцёгны саронг. Жанчыны носяць кароткія сары. Тканіны для вопраткі купляюць у прадстаўнікоў суседніх народаў. Папулярны ўпрыгожванні з металаў, асабліва медзі і золата.

Бхумідж будуюць свае вёскі каля пагоркаў або ў лясах каля ручаёў з пітной вадой. У вялікіх вёсках са змяшаным насельніцтвам яны жывуць асобна. Сядзібы лінейныя. Пераважаюць каркасныя канструкцыі з глінянымі паліраванымі сценамі і шырокімі дахамі, крытымі саломай. Жанчыны ўпрыгожваюць сцены малюнкамі. Вокнаў няма. Перад жытламі часцяком робяць порцік для прыёму гасцей. Знутры месцяцца 2 пакоі. У большым па памерах трымаюць скарб, захоўваюць збожжа, выкарыстоўваюць яго як гасцёўню. Меншы па памерах з’яўляецца кухняй і месцам шанавання продкаў, куды чужыя людзі не дапускаюцца.

Большасць сем’яў манагамны, але зрэдку сустракаюцца палігамныя шлюбы, калі першая жонка бясплодная ці недзеяздольная. Звычайна першая і другая жонкі знаходзяцца ў сваяцкіх адносінах. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты гананг. Яго памер усталёўваецца падчас перамоў паміж сватам дандыя і бацькамі нявесты. Гістарычна вядомы іншыя спосабы атрымання нявесты: выкраданне сіндуры баха, сумесныя ўцёкі ганам, адпрацоўка яе сваякам дхар джамай, гвалт чаўдал. Сумяшчальнасць маладых і час шлюбу прадракае астролаг ганак.

Бхумідж кіруюцца асобнымі радамі пры вёсках і на рэгіянальным узроўні. На чале вясковай рады стаіць правадыр мундманік і сакратар дакуа. Намеснікам правадыра з’яўляецца вясковы жрэц дэхуры або індуісцкі брахман. Рэгіянальны кіраўнік карыстаецца старым тытулам сардар.

Музыканты-бхумідж знакамітыя як выдатныя дудары. Найбольш вядомае народнае свята карма, прысвечанае дабрабыту, адзначаецца ў верасні.

Мова правіць

Родная мова бхумідж мае аўстраазіяцкае паходжанне. У 1992 г. на аснове дэванагары для яе было распрацавана пісьмо Ол онар. Аднак нават у нашы дні існуе недахоп літаратуры на мове бхумідж, які часткова пераадольваецца распаўсюджваннем кніг на мундары.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў бхумідж спавядаюць сарнаізм. Частка высакародных сем’яў з XVIII ст. належыць да індуістаў, прычым адносіць сябе да касты кшатрыяў. Дарослых памерлых звычайна хаваюць шляхам крэмацыі, дзяцей да 12 гадоў, а таксама памерлых ад эпідэмічных хвароб — шляхам інгумацыі.

Зноскі

Спасылкі правіць