Геаграфія Бразіліі

Бразілія — найбуйнейшая краіна Паўднёвай Амерыкі і Лацінскай Амерыкі; пятая краіна свету паводле плошчы. Для Бразіліі характэрны надзвычайная разнастайнасць прыродных умоваў і багацце прыродных рэсурсаў (мінеральных, водных, лясных, агракліматычных). Гіганцкая экасістэма экватарыяльных лясоў Амазоніі робіць Бразілію сусветным лідарам паводле біяразнастайнасці. Зрэшты, тэмпы абязлесення тут таксама адныя з найвышэйшых у свеце.

Геаграфічнае становішча правіць

 
Фізічная карта Бразіліі

Бразілія займае амаль што палову Паўднёваамерыканскага кантынента (калі дакладна, 47,3 %). Аточаная Атлантычным акіянам з усходу, Бразілія мае берагавую лінію працягласцю 7,5 тыс. км. Менавіта ў Бразіліі знаходзіцца крайні ўсходні пункт мацерыка — мыс Кабу-Бранку. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі — з Венесуэлай, Гаянай, Сурынамам і Французскай Гвіянай на поўначы, з Калумбіяй на паўночным захадзе, з Балівіяй і Перу на захадзе, з Аргенцінай і Парагваем на паўднёвым захадзе і з Уругваем на поўдні — за выключэннем Эквадора і Чылі.

Найбольш значныя астравы: Маражо ў дэльце Амазонкі; у Атлантычным акіяне: Фернанду-ды-Наронья, Рокас, Сан-Педру-і-Сан-Паўлу, Санта-Катарына, Абральёс і інш.

Геалогія і рэльеф правіць

 
Бразільскае пласкагор’е

Бразілія займае тэктанічна спакойную ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, амаль цалкам лежачы на старажытнай Паўднёваамерыканскай платформе. Паўночная частка платформы ўкрыта магутным асадкавым покрывам, ёй адпавядае найвялікшая ў свеце Амазонская нізіна. У высока ўзнятых цэнтральнай і паўднёвай частках платформы крышталічныя пароды фундамента выходзяць на паверхню і, чаргуючыся з дакембрыйскімі складкаватымі ўтварэннямі (бразілідамі), ствараюць непаўторны рэльеф «шапад» Бразільскага пласкагор’я, з вышынямі да 3 км над узроўнем мора. З поўдня да пласкагор’я прымыкае невысокае лававае плато Параны. Крайняя поўнач Бразіліі адносіцца да Гвіянскага пласкагор’я, да якога належыць найвышэйшы пункт краіны — гара Небліна (2994 м), адкрытая толькі ў 1962 годзе з борта самалёта.

Карысныя выкапні правіць

Бразільскія нетры надзвычай багатыя на рудныя рэсурсы: краіна ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па запасах ніобію, жалезных руд, баксітаў.

Клімат правіць

Бразілія цалкам ляжыць у гарачым тэмпературным поясе Зямлі, сярэднегадавая тэмпература паўсюль (акрамя найвышэйшых пунктаў пласкагор’я) вышэй за 15°. Перавага вятроў з усходу і адсутнасць горных перашкод абумоўліваюць вялікую колькасць ападкаў на ўсёй тэрыторыі Бразіліі. Толькі на крайнім паўночным усходзе, у дажджавым цені, размясцілася адносна засушлівая вобласць Каатынга. Амазонская нізіна ляжыць у экватарыяльным кліматычным поясе, гарачым і звышвільготным. Бразільскае пласкагор’е падзелена паміж субэкватарыяльным і трапічным паясамі: абодва гарачыя і вільготныя, з летнім максімумам ападкаў.

Гідраграфія правіць

 
Амазонка паблізу Манаўса

Большая частка Бразіліі адносіцца да басейна ракі Амазонка, прытокі якой дрэнуюць усю Амазонскую нізіну і паўночную частку пласкагор’я, і кожны з асноўных прытокаў — Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос — магутнейшы за любую раку Еўропы. У паўночнай частцы краіны працякае рака Меарым, якая ўпадае ў бухту Сан-Маркус Атлантычнага акіяна, утвараючы эстуарый, агульны з ракой Піндарэ[1]. На поўдні Бразіліі цякуць Парана і яе прытокі, на адным з якіх, Ігуасу — на мяжы з Аргенцінай — знаходзяцца неверагоднай прыгажосці вадаспады Ігуасу. Буйных азёр у Бразіліі няма, за выключэннем лагун (Патус, Лагоа-Мірын) на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы.

Раслінны і жывёльны свет правіць

Відавая разнастайнасць бразільскай фаўны і флоры ўразіла яшчэ Мікалая Вавілава, які адзначаў, што нідзе ў свеце няма такога багацця пальмаў. Басейн Амазонкі заняты вільготнымі экватарыяльнымі лясамі (сельвай) — найвялікшым трапічным лесам на Зямлі. Самыя знакамітыя расліны сельвы: вікторыя рэгія, каўчуканос гевея, бразільскі арэх. Бразільскае пласкагор’е пакрыта пераменна-вільготнымі лясамі і саваннамі (мясцовая назва — кампас). У вобласці Каатынга, дзе сухі сезон больш працяглы, саванны набываюць ксерафітнае аблічча. На мяжы з Балівіяй у даліне ракі Парагвай разлеглася самая незвычайная балотная экасістэма тропікаў — Пантанал. Візітоўкамі бразільскай фаўны з’яўляюцца ягуар, браняносец, капібара, тукан, калібры і інш.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 245. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).