Марыя Магдалена Радзівіл

арыстакратка
(Пасля перасылкі з Магдалена Іванаўна Радзівіл)

Марыя Магдалена Радзіві́л, (дзявочае 3авіша, у першым шлюбе Красінская; 26 чэрвеня (8 ліпеня) 1861, Варшава, Расійская імперыя — 6 студзеня 1945, Фрыбур, Швейцарыя) — арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху, мецэнатка.

Марыя Магдалена Радзівіл
графіня Марыя-Магдалена Янаўна-Крыштафаўна-Самуэлеўна-Казіміраўна Завіша-Кезгайла
Герб «Лебедзь»
Герб «Лебедзь»
Нараджэнне 8 ліпеня 1861(1861-07-08)[3][4]
Смерць 6 студзеня 1945(1945-01-06)[3][4] (83 гады)
Месца пахавання Касцёл Святой Тройцы на Залатой Горцы, Мінск, Беларусь[1][2]
Род Завішы
Бацька граф Ян Тадэвушавіч Завіша (1822—1887)
Маці графіня Марыя Юзафаўна Квілецкая (пам. у 1910 г.). Шлюб у 1855 годзе.
Муж Людвік Юзаф Красінскі[d] і Вацлаў Мікалай Радзівіл[5][6]
Дзеці (ад графа Людвіка Красінскага) графіня Марыя Людвіка Красінская (1883—1958)
Веравызнанне каталічка
Дзейнасць арыстакратка, мецэнат
Узнагароды Крыж Камандорскі Ордэна Вялікага князя літоўскага Гедыміна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне правіць

Належала да графскага каталіцкага роду Завішаў, прадстаўнікі якога поўнасцю пісаліся як «Завіша-Кезгайла граф на Бакштах» і адносіліся ў XVII—XVIII стст. да магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага, займаючы высокія (у тым ліку сентарскія) пасады ў Менскім ваяводстве і іншых рэгіёнах, а таксама пры двары польскага караля і вялікага князя літоўскага. У XIX ст. графы Завішы не займалі высокіх пасад у Расійскай імперыі, а жылі ў сваіх абшырных зямельных уладаннях у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, займаючы розныя дваранскія пасады ў Ігуменскім павеце і кіруючы сельскай гаспадаркай у сваіх маёнтках.

Марыя Магдалена Янаўна Завіша нарадзілася 26 чэрвеня (8 ліпеня па новаму стылю) 1861 г. у Варшаве (Расійская імперыя) у сям’і графа Яна Тадэвушавіча Завішы (1822—1887) ад яго жонкі-полькі — графіні Марыі Квілецкай. Марыя Квілецкая адносілася да польскай арыстакратыі і паходзіла з польскіх губерняў Расійскай імперыі.

Марыя была хрышчана ў каталіцтва, атрымаўшы імя «Марыя Магдалена».

У Марыі Магдалены Завішы была яшчэ старэйшая сястра Марыя Ева Янаўна Завіша (1860—1930), якая ўзяла шлюб з князем Міхалам Пятром Радзівілам (1853—1903) — з небароўскай галіны роду Радзівілаў.

Выхаванне і адукацыя правіць

 
Магдалена ў маладосці

Марыя нарадзілася ў Варшаве, але дзяцінства правяла ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні — у родавых маёнтках Жорнаўцы і Кухцічах.

 
Палац Завішаў у маёнтку Кухцічы Ігуменскага павета Мінскай губерні — на акварэлі Напалеона Орды, 1880-ыя гг.

Яе маці графіня Марыя Квілецкая была польскай арыстакраткай-касмапаліткай, што ў першую чаргу адлюстроўвалася ў яе захапленні ўсім французскім і англійскім. Маці даверыла выхаванне сваіх дачок (Марыі Евы і Марыі Магдалены) англійскім і французскім гувернанткам, якія прывілі дзяўчынкам цікавасць да французскай літаратуры і культуры, навучылі бездакорным свецкім манеры і англійскай і французскай мовам[7]. Адначасова з гэтым выхаванне было надзвычай рэлігійным — дзяўчынкі выраслі шчырымі каталічкамі[8]. У Магдалены ў дзяцінстве і юнацтве былі залацістыя валасы, прыгожы авал твару, глыбокія шэрыя вочы, надзвычай белая скура і грацыёзная хада[9]. Пазней Марыя выказвалася, што ў дзяцінстве яе маці больш любіла сваю першую дачку — Марыю Еву[10].

У той жа час на выхаванне Марыі вялікі ўплыў аказаў яе бацька Ян Тадэвушавіч Завіша, які вызначаўся «мясцовым патрыятызмам». Сярод заможных дваран Мінскай губерні (Ваньковічаў, Вайніловічаў, Манюшкаў, Тышкевічаў, Горватаў і іншых) у сярэдзіне XIX ст. стала вельмі папулярным цікавіцца гісторыяй роднага края і беларускамоўным сялянскім фальклорам, што ў Яна Завішы праяўлялася ў прафесійных занятках мясцовай археалогіяй і беларускай этнаграфіяй[11]. Бацька імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі і сам з’яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе. Ён часта браў з сабой Марыю Магдалену і Марыю Еву падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях (вакол сядзібы ў Кухцічах). З жыхарамі гэтых вёсак (як, дарэчы, даволі часта і дома) бацька размаўляў на беларускай мове, а яго дочкі ведалі мову сялян, а не толькі польскую мову, якую таксама ведалі заможныя каталіцкія маянткоўцы і выкарыстоўвалі пры ліставаннях[11][12]. Гэта ў многім вызначыла кірунак грамадскай дзейнасці Марыі. Вядома, што Марыя добра валодала гутаковай беларускай мовай, але не наважвалася пісаць на ёй[13] i пазней у перапісцы з дзеячамі беларускага i літоўскага культурнага рухаў карысталася польскай мовай[10].

Замежныя падарожжы таксама служылі выхаванню і адукацыі дачок. Так вядома, што восенню 1871 г. граф Ян Завіша і яго дочкі Марыя Ева і Марыя Магдалена былі ў Рыме, дзе сустрэлі землякоў — маладога Эдварда Вайніловіча, які падарожнічаў па Італіі са сваім дзядзькам Люцыянам Вайніловічам і цёткай Геленай Вайніловіч[14].

Маёнткі правіць

 
Даходны дом Абрампольскага ў Мінску, дзе Марыя арандавала сем пакояў на першым павесе

Бацька Марыі граф Ян Тадэвушавіч Завіша валодаў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні значным родавым маёнткам Кухцічы (вёскі Кухцічы, Жарноўцы, Верайцы, Гарадзянец, Гарабікляны і інш.), меў іншыя маёнткі ў Беларусі і Літве, а таксама ўласны палац у Варшаве (Расійская імперыя)[15]. У выніку шлюбу з Квілецкай бацька атрымаў маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства). Завішы на працягу некалькіх стагоддзяў валодалі маёнткам Кухцічы, як маглі развівалі гэты край, пабудаваўшы не толькі фальваркі, заводы і школы, але і чыгунку ад Верайцоў да фальварка Градзянец.

Пасля смерці бацькі ў 1887 г. маёнткі і іншая маёмасць былі падзелены паміж дзвюма дочкамі — Марыяй Магдаленай і Марыяй Евай. Магдалена атрымала маёнтак Жарноўкі (які яна атрымала ў пасаг яшчэ ў 1882 г.) і маёнтак Кухцічы (і з’яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы[15]), што складала 41 000 дзесяцін[16], а таксама маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства) і нерухомую маёмасць у Варшаве[17]. 3 студзеня 1889 г. яна афіцыйна ўвайшла ў валоданне сваімі маёнткамі па бацьку[16]. Кіраўніцтва сваімі маёнткамі Марыя перадала свайму першаму мужу графу Людвіку Красінскаму, які з радасцю і поспехам кіраваў імі, гэтак жа, як і сваімі[11]. Але ў сакавіку 1895 г. першы муж Магдалены памёр.

У Мінску Марыя доўгі час арандавала сем пакояў першага паверху ў даходным доме Абрампольскага.

Сям’я правіць

 
Марыя Магдалена ў маладосці

27 красавіка 1882 г. графіня Марыя Магдалена Завіша ў Варшаве ўзяла шлюб з польскім графам Людвікам Юзафам Красінскім (1833—1895), які быў значна старэйшы за яе і вельмі ў яе закаханы[17]. Яна стала цяпер пісацца як «графіня Марыя Магдалена Красінская». У 1881 г. бацька даў ёй у пасаг маёнтак Жорнаўку (Жарноўкі) у Ігуменскім павеце — 27 000 дзесяцін зямлі[12].

Красінскі быў неардынарнай асобай (захапляўся мастацтвам і меў у сваім польскім маёнтку меў вялікую калекцыю антыкварыяту), а таксама атрымаў славу ўзорнага гаспадара[11]. У сваіх абшырных польскіх маёнтках (Красне, Гулаў, Жулін і інш.) ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цагельні, цукроўні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку[11]. Самую вялікую славу сярод польскіх арыстакратаў яму прынесла захапленне конегадоўляй: конезавод графа ў Красне лічыўся лепшым у Варшаўскім генерал-губернатарстве, таму коней, выгадаваных у яго гаспадарцы, куплялі для паляпшэння пароды як мясцовыя каняводы, так і замежныя[11]. Шырокая грамадская дзейнасць графа Красінскага праявілася і ў тым, што ён стаў заснавальнікам філіяла Санкт-Пецярбургскага таварыства падтрымкі расійскай прамысловасці і гандлю, адным з заснавальнікаў і шматгадовым старшынёй музея прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў польскіх губернях Расійскай імперыі[11].

Ад першага шлюбу з Людвікам Красінскім Марыя мела адну дачку — графіню Людвіку (Марыю Людвіку) Красінскую (1883—1958), якая была названа ў гонар бацькі і пазней пайшла замуж за князя Адама Людвіка Чартарыйскага (1872—1937)[11].

Яшчэ пры жыцці свайго першага мужа Марыя ў час падарожжа па Еўропе пазнаёмілася ў Велікабрытані з маладым князем Мікалаем Радзівілам (1880—1914), які быў пляменнікам нясвіжскага ардыната Антона Радзівіла і стане другім мужам Магдалены[11].

У сакавіку 1895 г. памёр граф Людвік Красінскі (1833—1895), першы муж Марыі. Аўдавелая арыстакратка і багатая землеўласніца Марыя стала выгаднай нявестай, да якой (па матэрыяльных разліках) адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца. Усе яны атрымалі адмову, бо Марыя разумела, што прэтэндэнтаў цікавіць багацце, а не яна сама, таму засталася пакуль удавой[11].

Грамадская дзейнасць правіць

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Марыя Радзівіл фінансава падтрымлівала газету «Biełarus» (1913—1916), якая сваімі кансерватыўнымі поглядамі складала ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху ідэалагічную канкурэнцыю беларускамоўнай газеце «Наша Ніва», якая мела сацыялістычны ўхіл[18].

Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і інш.; у знак удзячнасці ёй Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Марыя Радзівіл у 1917 г. ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 г. яно было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі[19].

Эміграцыя правіць

 
Марыя Магдалена Радзівіл, фота 1930-х гг.

З канца 1918 г. у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі.

З 1932 г. жыла ў Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.

У ліпені 2017 года прах Магдалены Радзівіл быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу св. Сымона і Алены, побач з якім жыла княгіня[1]; 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску[20].

Зноскі

  1. а б Прах княгіні Магдалены Радзівіл перададзены мінскаму Чырвонаму касцёлу
  2. В Минске перезахоронят прах Магдалины Радзивилл Архівавана 6 лютага 2018.
  3. а б Lundy D. R. Countess Madeleine Zawiska-Kieygajlo // The Peerage
  4. а б Maria Magdalena Radziwiłłowa (z domu Zawisza) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  5. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  6. Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  7. Маслянiцына, І. З пакалення «знесеных ветрам» Архівавана 5 сакавіка 2016.; Багадзяж, М. Я — беларуска…
  8. Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) // Polski Słownik Biograficzny. — 1987. — С. 398; Багадзяж, М. Я — беларуска…
  9. Маслянiцына, І. З пакалення «знесеных ветрам» Архівавана 5 сакавіка 2016.
  10. а б Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі… С. 7.
  11. а б в г д е ё ж з і Багадзяж, М. Я — беларуска…
  12. а б Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі… С. 6.
  13. Беларуская літаратурная мова не была яшчэ ўнармавана.
  14. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 31.
  15. а б Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. Województwo Mińskie, Mścisławskie, Połockie, Witebskie. — С. 90.
  16. а б Асіповічы(недаступная спасылка)
  17. а б Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) // Polski Słownik Biograficzny. — 1987. — С. 398.
  18. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. — 2010. — С. 126.
  19. Такое нямэтавае расходаванне сродкаў пакрыўдзіла княгіню, і яна выказвала свой пратэст (Надсан, 2004).
  20. У Менску перапахавалі прах Магдалены Радзівіл . Сайт «Радыё Свабода». Праверана 17 лютага 2018.

Літаратура правіць

  • Багадзяж, М. Радзівіл Магдалена Іванаўна / М. Багадзяж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 6., Кн. 1. — С. 57.
  • Багадзяж, М. Я — беларуска… / М. Багадзяж // Беларуская мінуўшчына. — 1996. — № 1.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Латышонак, А. Радзівіл з Завішаў (Красінская) Марыя Магдалена (1861—1945) / А. Латышонак, А. Зенба // Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — С. 462—464.
  • Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) / O. Łatyszonek, A. Zięba // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1987. — T. XXX. — S. 398—399.
  • Латышонак, А. Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — 558 с.
  • Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі(недаступная спасылка) / А. Надсан. — Мн., 2009. — 2-е выд. — 112 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Піхура, Г. Княгіня Магдалена Радзівіл / Г. Піхура // Грунвальд. — 1991. — № 1.
  • Унучак, А. У. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.) / А. У. Унучак. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 186 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Хурсік, В. Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл. — Мінск, 2001. — 112 с.

Спасылкі правіць