Мова Нанова Мінск. Першы сезон

Першы сезон бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» распачаўся 13 студзеня 2014 года ў галерэі «Ў». Апошнія заняткі сезону адбыліся 9 чэрвеня 2014 года.

Мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа, ёсць ягоная мова (С)

Вядуць курсы журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская.

Адбыліся 21 заняткі на тэмы прыведзеныя ніжэй.

фота Зарыны Кандрацьевай. Мова нанова, заняткі № 2. 20 студзеня 2014.
Алеся Літвіноўская. Мова нанова, заняткі № 9. 10 сакавіка 2014.
Глеб Лабадзенка. Мова нанова, заняткі № 9. 10 сакавіка 2014.
фота Зарыны Кандрацьевай. Мова нанова, заняткі № 2. 20 студзеня 2014.
фота Зарыны Кандрацьевай. Мова нанова, заняткі № 1. 13 студзеня 2014.
фота Зарыны Кандрацьевай. Мова нанова, заняткі № 1. 13 студзеня 2014.
Мова нанова, заняткі № 2. 20 студзеня 2014.
фота Зарыны Кандрацьевай. Мова нанова, заняткі № 3. 27 студзеня 2014.
Мова нанова, заняткі № 2. 20 студзеня 2014.
Віктар Шалкевіч. Мова нанова, заняткі № 9. 10 сакавіка 2014
Слухачы курсаў. Мова нанова, заняткі № 2. 20 студзеня 2014.
Мова нанова, заняткі № 16. 28 красавіка 2014.
Мова нанова, заняткі № 12. 31 красавіка 2014.
Мова нанова, заняткі № 7. 24 лютага 2014.
Мова нанова, заняткі № 13. 7 красавіка 2014.

Заняткі № 1 правіць

Адбыліся 13 студзеня 2014 года.[1] Тэмай заняткаў былі «Віншаванні і зычэнні». На заняткі прыйшло звыш 300 чалавек. Студэнты ў той вечар даведаліся, як можна звяртацца да чалавека па-іншаму: напрыклад, «шаноўны спадар» — «шаноўнае спадарства!» і інш. Вывучалі правілы граматыкі.

У госці прыйшоў беларускамоўны пекар Кастусь Ларкоў [2], які распавёў пра свае працы, адказваў на розныя пытанні і пачаставаў гасцей зробленым сваімі рукамі хлебам. У новай рубрыцы скайп госцем быў былы шведскі пасол у Беларусі Стэфан Эрыксан. Пад канец занятку выступаў гурт HandmadE.

Заняткі № 2 правіць

Адбыліся 20 студзеня 2014 года. Тэма заняткаў — «Рыцары і бітвы».[3] У пачатку слухачоў прывітала арт-дырэктарка «Галерэі Ў» Ганна Чыстасердава і дырэктарка кнігарні «Логвінаў» Кацярына Пікірэня. І галерэя, і кнігарня з’яўляюцца партнёрамі курсаў. Ганна і Кацярына прызналіся, што прыемна здзіўленыя такому ажыятажу на курсах беларускай мовы (зноў было пад 300 чалавек). Пасля слухачы пабачылі «двух жывых беларускамоўных праграмістаў» — Юрася Адамовіча і Кірыла Камароўскага. Юрась распрацаваў сайт movananova.by, а Кірыл прапанаваў яго палепшыць. Алеся Літвіноўская распавяла пра архаізмы і гістарызмы ў беларускай мове. Слухачы былі здзіўлены, што многія словы з іх лексікону (вакацыі, напой, дойлід…) афіцыйныя падручнікі называюць «састарэлымі». Пасля сапраўдныя рыцары — сябры клуба «Гівойт» Юрась Усціновіч і Уладзімір Лічко расказалі, як завецца кожная дэталь рыцарскай зброі, а таксама пазнаёмілі слухачоў з іншай ваярскай лексікай. Госцем заняткаў быў славуты пісьменнік Уладзімір Арлоў, які расказаў пра вядомыя і не вельмі беларускія перамогі ў розных бітвах. Пра славутых ваявод беларускай гісторыі — Вітаўта, Яна Кароля Хадкевіча, Радзівіла Чорнага, Канстанціна Астрожскага і інш. Пад канец студэнты маглі пачуць па скайпе беларускамоўную іспанку Ангелу Эспінозу.

Заняткі № 3 правіць

Адбыліся 27 студзеня 2014 года. Галоўнай тэмай вечара было «Паганства». На занятках ізноў прысутнічала пад 300 чалавек. Прысутныя пабачылі двух «жывых беларускамоўных архітэктараў» — Аляксандру Баярыну і Вадзіма Пракопчыка. У граматычнай частцы Алеся Літвіноўская расказала пра аканне і яканне — нематэрыяльную каштоўнасць кожнага беларуса. Потым на курсы зайшоў непераможны Віталь Гуркоў, які стаў чэмпіёнам свету па муай-тай сярод прафесіяналаў. Слухачы зладзілі Віталю сапраўдныя авацыі! Пасля студэнты даведаліся ўсё пра беларускага Цмока. Святлана Сігаева найцікавейшым чынам расказала слухачам пра паганства. А ў практычным заданні слухачы атрымалі каштоўныя падарункі ад фатографа Джона Кунстадтэра, кампаніі «Будзьма беларусамі» і тэлеканала «Белсат». Скончыліся заняткі невялікім канцэртам легендарнага музыкі Алега Хаменкі, лідара гурта «Палац».

Заняткі № 4 правіць

Адбыліся 3 лютага 2014 года. Тэма: «Медыцына».[4] Заняткі сабралі каля 270 чалавек. У граматычнай частцы быў разбор прыналежных прыметнікаў. Татаў — а не тацін, Вользін (Вольжын) — а не Вольгін, Анатолеў — а не Анатолін, Жэнеў (пра хлопчыка) і Жэнін (пра дзяўчынку). Студэнты разабралі слоўнік па тэме «Медыцына», а таксама прымаўкі на гэтую тэму і допісы пра лекараў ды хваробы з «Нашай Нівы» за 1910 год.

Пасля з’явіліся тры самыя сапраўдныя беларускамоўныя лекары. Дзіцячыя рэаніматолагі Андрэй Вітушка і Зміцер Салошкін, а таксама прафесар медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Арцішэўскі. Адбылася гутарка са студэнтамі, за найлепшыя пытанні слухачы атрымалі прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі» і тэлеканала «Белсат».

Музычную аздобу вечара забяспечыў Ігар Палынскі, лідар полацкага гурта Sumarok.

Заняткі № 5 правіць

Адбыліся 10 лютага 2014 года. Тэма: «Лаянка».[5] Людзей было пад 300 чалавек! У пачатку Марыя Шлык расказала пра дабрачынны аўкцыён «Мае сэнс» [6]. У раздзеле «Граматыка» слухачы пазнаёміліся з ілжэсябрамі перакладчыка. Вяселле і «веселье», нядзеля і «неделя», лік і «лик». Слоўнік «Лаянка» чыталі па ролях. Было вельмі горача: Свалота ты! А ты гадзіна! А ты курдупель! А ты мярзотнік! А ты скула! А ты шэльма!.. Была спынена ўвага і на тым, якія словы патрапілі ў дадзеным кантэксце ў беларускую мову з ідыш. Потым на гэтым жа градусе былі разабраны праклёны і грозьбы. І тут знаходзіліся шэдэўры. Дзе мой нож? — яйцы вон! (Грозьба малому неслуху). Каб табе кукнула! Каб табе моль пяты пабіла! Каб ты век будаваўся! Далей было творчае заданне: палаяцца між сабой на зададзеную тэму. Тады падзівіліся свежым навінам з «Нашай Нівы» за 1906 год. А музычным падарункам стала выступленне беларускамоўнага рэпера SP Kava, які тут жа зладзіў і майстар-клас па пісанні рэпу.

Заняткі № 6 правіць

Адбыліся 17 лютага 2014 года. Тэма заняткаў: «Сваякі». У той дзень на занятках было 230 чалавек. Філолаг Уладзь Кошчанка заклікаў пісаць лісты ў абарону беларускай тапаніміі. У раздзеле «Культура мовы» казалі пра неўласцівыя беларускай мове суфіксы дзеясловаў. Не патруліраваць, а патруляваць. Не капіраваць, а капіяваць. Не інфарміраваць, а інфармаваць. Крысціна Вітушка і Юлія Малахоўская расказалі пра свой цудоўны сайт www.dzietki.org[7]. Студэнт Юрась Адамовіч падзяліўся інфармацыяй, як знайсці сваіх продкаў. Быў засвоены цэлы слоўнік «Сваякі» — слухачы даведаліся, хто такія і залоўка, і ятроўка, і байструк. Слухачы пабачылі некалькі дзясяткаў фотаздымкаў сям'і Радзівілаў — ад 1863 да 1939 года. Музычным госцем заняткаў стаў гурт Rahis, які зладзіў сапраўднае харавое караоке!

Заняткі № 7 правіць

Адбыліся 24 лютага 2014 года. Тэма заняткаў: «Птушкі» [8]. На занятках было каля 220 чалавек. Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі», якая з’яўляецца партнёрам «Мовы нановы», расказала пра розныя кірункі дзейнасці «Будзьмы» і запрасіла ўсіх на сайт www.budzma.by.[9]. Граматычнай тэмай быў правапіс прыставак — цяпер студэнты ў гэтым пытанні не прамахнуцца! Скайп-госць з Чэхіі Святлана Вранава — адначасна і арнітолаг, і перакладчыца з беларускай на чэшскую — расказала пра свае прыгоды з беларускай мовай, а таксама пра тое, якіх беларускіх птушак яна марыць пабачыць. Госцем у рэале стаў старшыня «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. Ён у добрым сэнсе ўразіў прысутных тым, якія розныя і цікавыя птушкі жывуць у Беларусі. І, натуральна, расказаў пра кожную з паказаных на экране птушак шмат незвычайных фактаў. Музычным госцем быў гурт «Босае сонца», які, апроч уласна песень, зладзіў і караоке для студэнтаў.

Заняткі № 8 правіць

Адбыліся 3 сакавіка 2014 года.[10] Сустрэча слухачоў была прысвечана памяці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Выступалі Сяргей Шапран, Алесь Камоцкі, Павел Бераговіч. Алеся Сівохіна выканала два рамансы на вершы Рыгора Барадуліна. Глядзелі здымкі, відэа, слухалі голас Рыгора Барадуліна.

Заняткі № 9 правіць

Адбыліся 10 сакавіка 2014 года. Тэма заняткаў: «Зоркі».[11] Сабралася каля 220 чалавек. У граматычнай частцы слухачы паспрабавалі вывучыць тапаніміку — паходжанне і правапіс назваў беларускіх паселішчаў. Таксама смяяліся разам з некаторых недарэчных выпадкаў, якія ўзніклі за савецкім часам. Астраном Віктар Малышчыц расказаў, якія зоркі і сузор'і можа пабачыць кожны. Віктар прадэманстраваў студэнтам начныя фота і відэа зорнага неба. Музычнай зоркай вечара стаў Віктар Шалкевіч, які, апроч спеваў, прадэманстраваў слухачам урывак са свае будучае кнігі.

Заняткі № 10 правіць

Адбыліся 17 сакавіка 2014 года. Тэмай заняткаў было «Кіно». Адразу была граматыка, студэнты утваралі ад назоўнікаў магчымыя клічныя формы. Потым студэнтам паказалі першыя беларускія фільмы «Лясная быль» і «Прастытутка». Андрэй Кім разам з акцёрамі тэатра Ганнай Хітрык. і Уладзімірам Глотавым расказаў, як адбываецца агучванне фільмаў па-беларуску, а Ганна і Уладзімір прадэманстравалі слухачам, як гэта робіцца. Пасля слухачы паспрабавалі самі гэта зрабіць. Музычным госцем занятку быў гурт «Вурай», спявалі разам са слухачамі, атрымалася вельмі прыгожа і выразна.[12]

Заняткі № 11 правіць

Адбыліся 24 сакавіка 2014 года. Тэма: «Мода».[13] Заняткі сабралі каля 230 чалавек. Была размова пра неалагізмы: расшарыць, бэкап, лайкнуць, СПА, трэнд, лук. Усе гэтыя словы патрапілі ў лексікон беларускамоўных людзей. Юрась Адамовіч, стваральнік сайта movananova.by, запрасіў усіх наведваць таксама гурток «Радавод». Слоўнік «Мода» склала і дапамагла прэзентаваць маладая дызайнерка Таццяна Владыка. Запрошанай зоркай стаў славуты мадэльер Саша Варламаў, які распавёў шмат цікавостак пра моду і стыль, а таксама даў канкрэтныя парады прысутным дзяўчатам.

Заняткі № 12 правіць

Адбыліся 31 сакавіка 2014 года. Тэма: «Жарты». Заняткі сабралі каля 210 студэнтаў. Напачатку галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў распавёў пра выданне, а таксама пра падрыхтаваныя ім з калегамі кнігі. Для размінкі было праведзена заданне: здагадацца па беларускіх прымаўках на тэму жартаў, якія адпаведнікі яны маюць у рускай мове. У раздзеле «Граматыка», слухачы паспрабавалі вывучыць, калі пісаць пасля прыставак І, Ы, Й. Потым быў інтэрактыў: студэнты па чарзе чыталі матэрыялы з рубрыкі «Жарты» «Нашай Нівы» за 1911 год. Госцем заняткаў быў паэт, перакладнік Андрэй Хадановіч. Спадар Андрэй пачытаў ўласныя жартаўлівыя вершы. Пасля студэнты атрымалі раздрукаваныя сцэнкі п'есы «Дон Жуан» (тэатр Янкі Купалы), якую пераклаў Андрэй Хадановіч — і мелі магчымасць на занятках прадэманстраваць свой талент у гэтай дзеі. Пад канец Андрэй Хадановіч выканаў пад гітару некалькі сваіх гумарыстычных песень.

Заняткі № 13 правіць

Адбыліся 7 красавіка 2014 года. Тэма: «Горад».[14] На занятках прысутнічала больш за 300 чалавек. У той вечар заняткі пачалі з чытання верша Ларысы Геніюш — ушанаваўшы гэтак дзень памяці паэткі. Студэнты пазнаёміліся с кніжнай навінкай — апошнія вершы Рыгора Барадуліна «У неба пехатою». Потым вядоўцы адказвалі на пытанні і прапановы, якія паступілі на ўсеагульным анкетаванні студэнтаў «Мовы Нановы». У граматычнай частцы была размова пра павелічальныя і памяншальныя формы назоўнікаў. Слухачы курсаў разабралі слоўнік па тэме «Горад» і даведаліся пра ўнікальнага менскага мэра Караля Чапскага. Пасля Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка правялі віктарыну на веданне самых старых будынкаў Менска і пазнаванне на старых фота сучасных мясцін горада. Музычным госцем заняткаў сталі Лявон Вольскі[15] і Павал Аракелян. Яны зладзілі практычна паўнавартасны канцэрт з 9 песень, сарваўшы авацыі студэнтаў!

Заняткі № 14 правіць

Адбыліся 14 красавіка 2014 года. Тэма: «Адукацыя».[16] Заняткі сабралі каля 230 чалавек. Напачатку слухачы азнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця Браніслава Тарашкевіча. Бо пра «тарашкевіцу» ведаюць усе, а вось з яе аўтарам «блізка знаёмыя» толькі некаторыя. Уласна, гэта стала прадмоваю да граматычнай часткі, дзе падрабязна студэнты разгледзелі адрозненні паміж сучасным акадэмічным правапісам і тарашкевіцай, выканалі адпаведнае заданне. Потым смелыя слухачы прачыталі падборку матэрыялаў па тэме «Адукацыя» з «Нашай Нівы» за 1909 год. У госці на заняткі на гэты раз прыйшлі: выкладчыкі БДУ Зміцер Галіноўскі і Аляксей Кульбіцкі, каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская, журналістка Надзея Белахвосцік. Пад канец заняткаў адбылася гарачая дыскусія па тэме «Адукацыя». Выказаліся многія слухачы курсаў, атрымаліся файныя дэбаты.

Заняткі № 15 правіць

Адбыліся 21 красавіка 2014 года. Тэма: «Вялікдзень».[17] Гэты вечар быў прысвечаны святу — Вялікдзень. Пачаліся заняткі з чытання велікодных вершаў беларускіх класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш… У граматычнай частцы Алеся Літвіноўская распавяла пра нялёгкую тэму скланення і паходжання беларускіх прозвішчаў. Госці заняткаў — этнограф Святлана Сігаева і тэолаг Ірына Дубянецкая — расказалі пра паганскі і хрысціянскі аспект свята, пра велікодныя традыцыі, гульні, гісторыю і сучаснасць гэтага свята. Музычным госцем на гэты раз быў гурт Shuma [18]. Дзяўчаты (Руся і Надзея) праспявалі шмат песень і атрымалі за гэта вялікія апладысменты.

Заняткі № 16 правіць

Адбыліся 28 красавіка 2014 года. Тэма: «Тэатр». На занятках прысутнічала каля 210 слухачоў. Пачаліся заняткі з прагляду фотаздымкаў з адкрыцця курсаў Мова Нанова ў Брэсце, куды прыйшло пад 90 чалавек! Потым былі прагледжаны працы мультыплікатара Міхаіла Тумелі. У граматычнай частцы адбылася размова пра сінонімы. Аказалася, што беларуская мова вельмі багатая, нават слухачы да кожнага слова паспрабавалі ды падабралі шмат сінонімаў. Тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі зрабіў экскурс у гісторыю беларускага тэатра, а таксама падзяліўся ўласным бачаннем тэатра і ролі тэатра ў грамадстве. Пасля галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін выказаў сваё бачанне: у нацыянальным тэатры ў кожным спектаклі беларускіх аўтараў нацыянальны складнік мусіць быць галоўны. Распавёў і пра праблемы, і пра радасці, падзяліўсмя планамі на будучыню і ўласным бачаннем заўтрашняга дня Купалаўскага тэатра. Пад канец заняткаў Віталь Краўчанка паказаў сваю пастаноўку — урывак з «Запісак афіцэра Чырвонай Арміі» паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага ў выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (творчыя майстэрні заслужанага дзеяча мастацтваў РБ Лідзіі Манаковай і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ Мікалая Пінігіна). У пастаноўкі Віталя Краўчанкі прынялі удзел: Антон Макуха, Алена Ганум, Лізавета Ільеўская, Дыяна Камінская, Кацярына Жылякова.

Заняткі № 17 правіць

Адбыліся 5 мая 2014 года. Тэма: «Камп’ютары». У гэты вечар прыйшло пад 270 чалавек. Пачаліся заняткі з хвіліны памяці Анатоля Сыса — слухачы прачыталі вершы беларускага паэта. Пасля супрацоўніца кампаніі velcom Маша Шашытайшвілі паказала іміджавыя беларускамоўныя ролікі кампаніі і распавяла пра адмысловую іміджавую стратэгію velcom. У граматычнай частцы студэнты разам з Алесяй Літвіноўскай разабралі ступені параўнання прыметнікаў. Слухачы курсаў Максім Умецкі і Таццяна Крывіцкая правялі майстар-клас па пісанні артыкулаў у Вікіпедыю. Супрацоўнік Акадэміі навук Юрась Гецэвіч распавёў пра створаную ім праграму па сінтэзаванні беларускага маўлення. Шаноўны Мікола Савіцкі распавёў пра сваю працу — тлумачальны слоўнік па інфарматыцы на 3000 слоў. Потым быў разабраны слоўнік «Кампутар». Пасля Глеб Лабадзенка расказаў пра гендырэктара Майкрасофта Стывэна Балмера, дзед якога паходзіць з Пінска [19]. Музычным госцем заняткаў у гэты вечар быў Зміцер Вайцюшкевіч, які даў паўнавартасны канцэрт, а таксама распавёў шмат цікавага.

Заняткі № 18 правіць

Адбыліся 12 мая 2014 года. Тэма: «Чалавек і закон». На пачатку ў граматычнай частцы студэнты курсаў разгледзелі беларускія прыназоўнікі і спецыфіку іх ужывання. Для слухачоў быў падрыхтаваны слоўнік прававой лексікі, а таксама інфармацыйная брашура па абароне моўных правоў. Падчас дыскусіі на актуальныя прававыя пытанні, такія як права на выкарыстанне роднай мовы, смяротнае пакаранне, адказнасць за распаўсюд наркотыкаў, госці курсаў — праваабаронцы Дар'я Каткоўская і Андрэй Палуда, журналіст Яўген Валошын — адказалі на гарачыя пытанні слухачоў. Пад канец лідар гурта Handmade Яўген Валошын выканаў песню.

Заняткі № 19 правіць

Адбыліся 19 мая 2014 года. Тэма: «Раслінны свет». Спачатку, Дзяніс Бурко прадставіў свой праект Litara-A, дзе вядомыя і звычайныя людзі чытаюць на відэа вершы па-беларуску [20]. Дзяніс запрасіў далучыцца да праекта кожнага са слухачоў Мовы Нановы! У граматычнай частцы была размова пра спосабы ўтварэння назоўнікаў, вучыліся ўтвараць іх правільна. Потым выступіў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. За 15 хвілін слухачы даведаліся пра 56 беларускіх назваў раслін! Студэнтка курсаў, фларыстка Людміла Карабань падрыхтавала цікавы аповед і слайдшоў па гісторыі фларыстыкі і яе сённяшнім дні ў Беларусі. Пасля адбылося групавое заданне — трэба было дапісаць верш па адным радку. Пад канец легендарная рок-князёўна Кася Камоцкая — парадавала студэнтаў міні-канцэртам.

Заняткі № 20 правіць

Адбыліся 26 мая 2014 года. Тэма: «Інваліднасць» [21]. Пачаліся заняткі з граматычнай частцы у якой была размова пра значэнне («гэнтымалогію») словаў. Лексічная тэма заняткаў — Інваліднасць. Быў разабраны слоўнік тэрмінаў па тэме. У госці ў той вечар завіталі — Дар'я Ліс, Ксенія Шталянкова, Марына Каліноўская, Даніла Уладамірскі. Госці абмеркавалі жыццё і цяжкасці чалавека з інваліднасцю, у прыватнасці вазочніка. Таксама былі і паэтычныя госці заняткаў — Вера Бурлак, Віктар і Кастусь Жыбулі.

Заняткі № 21 правіць

Адбыліся 2 чэрвеня 2014 года [22]. Тэма: «Казкі». У гэты вечар прыйшло больш за 200 чалавек. Напачатку прыгадвалі паэта Генадзя Бураўкіна, з якім Беларусь развіталася ў субботу 31 траўня [23]. Шмат словаў сказаў ягоны сябар, паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла. Студэнт курсаў Алег Лысюк распавёў гісторыю поспеху: як ён адсудзіў у «Еўраопта» 18 мільёнаў рублёў [24], пры гэтым адказваючы ў судзе па-беларуску. У граматычнай частцы студэнты разглядалі ацэначныя формы прыметнікаў — таўшчэзны, таўсцюсенькі, таўставаты, таўставаценькі і г.д. Казачнікі Алена Масла і Серж Мінскевіч шакавалі публіку: аказваецца, у беларусаў больш чым у каго сюжэтаў для казак: каля 500! Творчае заданне было напісаць групавую казку. Студэнты курсаў Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова паказалі лямцавую батлейку «Мама Му прыбірае». А Vuraj Hurt паказаў урывак з свае казачнае праграмы, а таксама зладзіў улюбёны занятак нашых студэнтаў групавыя спевы.

Выпускны правіць

9 чэрвеня адбыўся выпускны першага сезона курсаў [25]. У госці ў гэты вечар прыйшлі філосафы Валянцін Акудовіч і Уладзімір Мацкевіч. Спявалі — гурт HandmadE, Лявон Вольскі і Павал Аракелян.

Зноскі

  1. «Мова нанова»: фотарэпартаж з першага занятку — артыкул на сайце generation.by
  2. Кастусь Ларкоў: «Маё жыццё пахне хлебам» — артыкул на сайце budzma.by
  3. На другой «Мове нанова» Уладзімір Арлоў нечакана дастаў шаблю — артыкул на сайце budzma.by
  4. Мова нанова № 4 — Медыцына(недаступная спасылка) — артыкул на сайце budzma.by
  5. Фотарэпартаж з пятых заняткаў курсаў «Мова Нанова» — артыкул на сайце budzma.by
  6. Дабрачынны аукцыён Архівавана 2 снежня 2014.
  7. Нашыя дзеткі
  8. "Спевы Барадуліна, птушкі ды караоке — чарговая «Мова нанова» прайшла 24 лютага — артыкул на сайце websmi.by
  9. Сайт будзьма беларусамі
  10. Занятак «Мова Нанова» быў прысвечаны Рыгору Барадуліну — артыкул на сайце budzma.by
  11. Мова нанова № 9 — Зоркі (фота) — артыкул на сайце budzma.by
  12. гурт Вурай 17 сакавіка
  13. Мова нанова № 11 — Мода — артыкул на сайце budzma.by
  14. Заняткі курсаў «Мова нанова» былі прысвечаныя гораду — артыкул на сайце budzma.by
  15. Лявон Вольскі — Простыя словы — Мова Нанова 07.04.2014
  16. Мова Нанова № 14 — Адукацыя — артыкул на сайце budzma.by
  17. Мова Нанова № 15 — Вялікдзень — артыкул на сайце budzma.by
  18. Блог этна-электроннага музычнага праекта
  19. Стив Балмер
  20. Верш Пагоня чытаюць слухачы Мова нанова ў Мінску
  21. «Мова нанова» пра людзей з інваліднасцю: галоўнае не слова, а паняцце Архівавана 4 сакавіка 2016. артыкул на сайце http://disright.org
  22. Апошнія сур'ёзныя заняткі ў гэтым сезоне Архівавана 28 жніўня 2014.
  23. Развітанне з Генадзем Бураўкіным — артыкул на сайце racyja.com
  24. Рабочий-комплектовщик наказал сеть магазинов "Евроопт Архівавана 2 верасня 2014. — артыкул на tut.by
  25. Выпускны на занятках «Мова Нанова» (фотарэпартаж) — артыкул на сайце budzma.by