Белсат
«Белсат» (польск.: Biełsat) — тэлевізійны канал з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах[1], структурная частка Польскага тэлебачання (TVP S.A.) і з самага пачатку быў супольна фінансаваны праз Міністэрства замежных спраў Польшчы ды міжнародных донараў[2].
Белсат | |
---|---|
Тэлеканал «Белсат» | |
Краіна | Польшча |
Зона вяшчання | Зямля |
Час вяшчання | 07:00 — 02:30 |
Мова вяшчання | беларуская, руская |
Фармат выявы | 16:9 |
Тэматыка канала | Серыялы, фільмы, дакументальныя фільмы, а таксама пазнавальныя, эканамічныя і шматлікія іншыя праграмы. |
Дата пачатку вяшчання | 10 снежня 2007 года |
Уладальнік | TVP |
Голас канала | Юрый Салодкі (2016 — цяпер), Дзмітрый Гурневіч (2007—2016) |
Сеткавыя партнёры | TVP |
Слоган | Белсат — нам блізкія вашыя справы |
Сайт | belsat.eu |
Гісторыя
правіцьІніцыятыва стварэння спадарожнікавага тэлеканала для беларускіх гледачоў належыць журналістцы Агнешцы Рамашэўскай-Гузы. Канал быў адказам на выказаную ў беларускіх дэмакратычных колах патрэбу ў незалежнай ад уладаў Беларусі тэлестанцыі. Ідэю падтрымалі польскі ўрад і шырокі спектр палітычных сіл у парламенце. У выніку праект стаў адным з прыярытэтаў польскай палітыкі ў галіне міжнароднай супрацы дзеля дэмакратыі і развіцця грамадзянскай супольнасці. 20 чэрвеня 2006 года кіраўніцтва Польскага тэлебачання стварыла камісію для падрыхтоўцы беларускамоўнага канала, у склад якой увайшлі медыядзеячы з Польшчы і Беларусі. Пачаткова планавалася запусціць канал у студзені 2007 года. 23 красавіка 2007 года польскае грамадскае тэлебачанне падпісала дамову з Міністэрствам замежных спраў Польшчы аб стварэнні канала «ТВ Беларусь». 17 ліпеня 2007 года кіраўніцтва Польскага тэлебачання фармальна зацвердзіла новы канал у сваёй структуры і атрымала на яго стварэнне з дзяржаўнага бюджэту 16 млн злотых. Новы канал назвалі «Белсат». З самага пачатку ён фінансаваўся шэрагам міжнародных донараў, найважнейшыя з якіх — шведская «Sida», Савет міністраў паўночных краін, міністэрствы замежных спраў Нарвегіі, Нідэрландаў, Канады і Літвы, урады Вялікабрытаніі і Ірландыі, а таксама Дзяржаўны дэпартамент ЗША. «Белсат» пачаў трансляванне 10 снежня 2007 года, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Дырэктарам канала стала аўтарка ідэі — Агнешка Рамашэўская-Гузы. У канцы 2008 года сфарміравалася грамадская Назіральная рада канала. У яе склад увайшлі такія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, як Валянцін Акудовіч, Міхаіл Анемпадыстаў, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Анатоль Гуляеў, Святлана Калінкіна, Уладзімір Колас (старшыня), Алег Трусаў, Юрый Хашчавацкі.
У чэрвені 2008 года на канале было 100 супрацоўнікаў з Польшчы і Беларусі. На 2020 год каманда налічвае амаль 300 штатных і пазаштатных работнікаў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін. Канал мае два філіялы — у Мінску і Кіеве — і сетку карэспандэнтаў у Берліне, Бруселі, Вільнюсе, Празе і Ерэване.
Як глядзець
правіць«Белсат» транслюе ў сярэднім 19 гадзінаў на дзень. Трансляцыя пачынаецца а 7:00 раніцы паводле мінскага часу (UTC+3) і канчаецца пасля 2:00 ночы, у залежнасці ад працягласці эфірных праграм. Праграмы канала транслююцца ў жывым эфіры на старонцы belsat.eu, на старонцы канала ў «YouTube», а таксама ў дадатку «Belsat TV Live» для тэлевізараў з аперацыйнай сістэмай «Android». Дадатак «Belsat TV» для таблетаў і смартфонаў з сістэмамі «Android» і iOS дазваляе прагляд праграм канала ў жывым эфіры і атрыманне апошніх навін разам з відэаматэрыяламі.
Праграмы «Белсата» можна глядзець у інтэрнэце на старонцы belsat.eu і на «YouTube». Мае дзесяць тэматычных каналаў на платформе «YouTube»: «Белсат News», «Белсат Doc», «Белсат Now», «Белсат Life», «Белсат Гісторыя», «Белсат Музыка», «Вот Так», «Жэстачайшый Мульт», «Belsat in English» і «Biełsat po Polsku». «Белсат» вядзе старонкі ў бальшыні сацыяльных сетак: «Facebook», «Twitter», «Instagram», «Telegram», «Аднакласнікі», «УКантакце», «TikTok» і «LinkedIn».
Прымаць «Белсат» можна праз спадарожнік «Астра 4А » (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 MHz). Усе зацікаўленыя аператары кабельных сетак могуць трансляваць канал на ўмовах бясплатнай ліцэнзіі.
«Белсат» можна слухаць на «SoundCloud»-канале «Belsat Music», дзе дасяжныя запісы твораў з музычных праграм канала.
У мінулым здараліся выпадкі кароткатэрміновых скарачэнняў штодзённага эфірнага часу ў сувязі з фінансавым крызісам.
Праграмы
правіць- «Аб’ектыў» — Галоўная інфармацыйная праграма «Белсата» ў жывым эфіры, якая выходзіць штодзённа з самага пачатку існавання канала. Падае матэрыялы пра галоўныя падзеі, пераважна з Беларусі ды краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
- «Беларускі свет» — Праграма пра лёсы беларусаў, якія жывуць за мяжою, з асабліваю ўвагай да жыцця беларускай нацыянальнай меншасці з Падляшша. Праграма рыхтуецца рэдакцыяй «Белсат ТВ» у Беластоку.
- «Вандроўкі па Гарадзеншчыне» — Разам з правадніком Аляксеем Шотам гледачы наведваюць малавядомыя гістарычныя мясціны Гарадзеншчыны — сядзібы мясцовай арыстакратыі ды шляхты, касцёлы і цэрквы, а таксама рэшткі габрэйскай культуры.
- «Вечаровы шпіль» («руск.: Вечерний шпиль») — Сатырычны агляд падзеяў тыдня, якія здарыліся ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Вядоўца Алесь Карніенка выбірае найсмяшнейшыя і найбольш абсурдныя навіны, каб іх бязлітасна пракаментаваць.
- «Вось так» («руск.: Вот так») — Штодзённы інфармацыйны сэрвіс у жывым эфіры на рускай мове, скіраваны да жыхароў постсавецкай прасторы. Праграма мае сваю сетку карэспандэнтаў у Расійскай Федэрацыі, Украіне, Казахстане і Арменіі.
- «Давайце разбірацца» — Праграма Станіслава Івашкевіча і Беларускага расследавальніцкага цэнтра, прысвечаная карупцыі ў Беларусі. Створаная ў супрацы з Міжнародным кансорцыумам журналісцкіх расследаванняў, на рахунку якога, напрыклад, выкрыццё аферы «Панамскія дакументы».
- «Даты праўды» — Цыкл праграмаў Вячаслава Ракіцкага, прысвечаных стагоддзю беларускай дзяржаўнасці, закладзенай у 1918 годзе стварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі. У кожным эпізодзе дэманструюцца фота- і відэаматэрыялы з прыватных архіваў, якія не публікаваліся раней.
- «Загадкі беларускай гісторыі» — Аўтар і вядоўца — гісторык Аляксандр Краўцэвіч — папулярызуе сярод гледачоў гісторыю Беларусі. Ён падарожнічае па краіне і распавядае пра падзеі мінулага, якія застаюцца невядомыя шырокай грамадскасці ды наўмысна замоўчваюцца на занятках у беларускіх школах.
- «Кожны з нас» — Галоўнае ток-шоу «Белсата». У кожным выданні запрошаныя ў студыю госці дыскутуюць на розныя тэмы, якія на гэты момант баламуцяць эмоцыі беларусаў.
- «Лабірынты» — Цыкл гістарычных праграмаў, зрэалізаваных у стылі сюжэтна-дакументальных фільмаў. Кожная распавядае пра малавядомыя эпізоды з жыцця выбітных беларускіх літаратураў ды інтэлектуалаў, якія жылі ў першай палове мінулага стагоддзя.
- «Маю права» — Штотыднёвая праграма, дзе журналісты разам з экспертамі з розных вобласцяў шукаюць развязання праблемаў, з якімі часам доўгімі гадамі безвынікова змагаюцца жыхары Беларусі.
- «Мова нанова» — Тэлевізійная версія папулярных у Беларусі курсаў, што прасоўваюць беларускую мову сярод людзей, якія штодзень размаўляюць па-руску. У кожным эпізодзе падаецца лексіка на выбраную тэму.
- «Над Нёмнам» — Адзіная польскамоўная праграма ў эфіры канала, выходзіць з беларускімі субтытрамі. Аўтары апавядаюць пра падзеі з жыцця польскай меншасці ў Беларусі і наведваюць месцы, звязаныя з польскай гісторыяй і культурай. Праграму выдае «TVP Polonia».
- «ПраСвет» — Аналітычная праграма пад рэдакцыяй Аліны Коўшык і Сяргея Пелясы. Тэлерубрыкі разглядаюць найбольш важныя падзеі, якія адбыліся ў свеце за тыдзень, а прысутныя ў студыі эксперты абмяркоўваюць іх пад прызмаю інтарэсаў беларускай дзяржавы і народу.
- «Размова» — Вечаровая публіцыстычная праграма, якая выходзіць з панядзелка да чацвярга. Вядоўцы — знаныя палітычныя аглядальнікі Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч і Віталь Цыганкоў — абмяркоўваюць са сваймі гасцьмі самыя істотныя ды актуальныя беларускія падзеі.
- «Сведкі» — Цыкл дакументальных фільмаў Вячаслава Ракіцкага, прысвечаных барацьбе за незалежнасць Беларусі ў 1980-2000-ых. Пра гістарычныя падзеі распавядаюць грамадскія і палітычныя дзеячы, якія бралі ў іх удзел.
- «Студыя Белсат» — Інфармацыйны блок, які выходзіць у жывым эфіры з панядзелка да пятніцы. У яго ўваходзяць сталыя рубрыкі, такія, як навіны, прагноз надвор’я, спартовыя навіны, агляд беларускіх медыяў, прэзентацыя культурніцкіх падзеяў і абмеркаванне найноўшых тэхналогіяў.
- «Тыдзень» — Выніковая інфармацыйная праграма з Сяргеем Падсасонным і Ігарам Кулеем.
- «Тэрыторыя праўды» (рас. «Территория правды») — Два цыклы міжнародных дэбатаў з удзелам экспертаў. Першы цыкл быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам у Расеі ў 2018 годзе, другі — дваццатай гадавіне пашырэння NATO на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
- «Хай так TV» — Сатырычная праграма аб працы фікцыйнага падпольнага тэлеканала. Тройка вядоўцаў каментуюць сённяшнія падзеі ды запрашаюць у студыю вядомых беларусаў, каб паразмаўляць з імі на нетыповыя тэмы.
- «Эксперт. Міністэрства праўды» — Анімаваны сатырычны серыял Юрыя Хашчавацкага, праз крывое люстра якога паказваецца функцыянаванне беларускай дзяржавы і дачыненні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з суседнімі краінамі.
- «Я не буду гэтага есці» (рас. «Я не буду это есть») — Папулярныя шэф-кухары Вольга Прігарова і Аляксандр Чыкілеўскі выкарыстоўваюць свае прафесійныя навыкі напоўніцу, каб дапамагчы гасцям — знаным персонам з беларускага шоу-бізнесу — перамагчы кулінарныя траўмы дзяцінства.
- «Belsat Music Live» — Агляд найцікавейшых выканаўцаў сучаснай беларускай музычнай сцэны. Папулярныя журналісты Міра Шульц і Сяргей Будкін размаўляюць з музыкамі пра іхную творчасць ды разам з запрошанымі ў студыю гледачамі слухаюць іхныя творы, граныя ўжывую.
- «Intermarium» — Аўтарская праграма Паўла Мажэйкі. Запрошаныя ім гісторыкі ды публіцысты дыскутуюць на найскладанейшыя тэмы супольнай гісторыі краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы і абмяркоўваюць, які гэта мае ўплыў на сучасныя міжнародныя стасункі.
- «Welcome ў Беларусь» — Праграма, што выходзіць у летні перыяд, — пра замежнікаў, якія з розных прычынаў апынуліся ў Беларусі і адкрываюць для сябе гэтую краіну, параўноўваючы свае папярэднія веды пра яе са сваймі адкрыццямі.
Узнагароды
правіць- У 2013 годзе еўрапейскае выданне міжнароднага часопісу «Reader’s Digest» назвала Агнешку Рамашэўска-Гузы «Еўрапеец года-2013».
- У 2010 годзе Агнешка Рамашэўска-Гузы і каманда тэлеканала «Белсат» уганараваныя прэміяй імя Ежы Гедройца.
- «Найвышэйшая мера», рэж. Сяргей Ісакаў, Юлія Хлашчанкова:
узнагарода ў конкурсе «Рэпарцёры для рэпарцёраў» для журналістаў з дзяржаў «Усходняга партнёрства» (Варшава, Польшча, 2012).
- «Архімандрыт», рэж. Юрый Каліна:
узнагарода «за аператарскае майстэрства» — XI міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Кінолітопис» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода журы — VIII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Мінск, 2012); 1-ае месца ў намінацыі «дакументальнае кіно» — Х міжнародны фестываль праваслаўнага кіно «Покров» (Кіеў, Украіна, 2012); узнагарода «Залаты мельхіёр» — VIII агульнапольскі конкурс рэпарцёраў польскага радыё «Melchiory» (Польшча, 2012); узнагарода «Бронзавы турань» — Міжнародны фестываль «Этнафільм» (Чадца, Славакія, 2012); 1-ая ўзнагарода ў намінацыі «дакументальны фільм» — Міжнародны дабрачынны фестываль «Светлы ангел» (Масква, Расія, 2012).
- «Даволі! Да Волі…», рэж. Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла:
узнагарода публікі за найлепшы дакументальны фільм — кінафестываль «Off» (Опузен, Харватыя, 2012).
- «Зямля», рэж. Віктар Аслюк:
першая ўзнагарода ў катэгорыі замежных кароткаметражных дакументальных фільмаў — Міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Cinema du Reel» (Парыж, Францыя, 2012).
- «Рэаліці-шоу: выбары», рэж. Мікалай Ваўранюк:
галоўная ўзнагарода — агульнапольскі конкурс Міжнароднага фестывалю мастацтва рэпартажу «Camera Obscura» (Быдгашч, Польшча, 2011).
- «Лобатамія», рэж. Юрый Хашчавацкі:
узнагароды на XXI міжнародным кінафестывалі «Arsenals» за найлепшы балтыйскі фільм і адмысловая ўзнагарода фірмы «Nikon» (Рыга, Латвія, 2011); прыз глядацкіх сімпатыяў і адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасць аўтара і яго грамадзянскае сумленне» — IX міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Хранограф» (Кішынёў, Малдова, 2011).
- «Тры кіламетры да неба», рэж. Вольга Дашук:
узнагарода за найлепшую рэжысуру — VII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).
- «Дзеці ксяндза Шаплевіча», рэж. Зоя Катовіч і Алена Антанішына:
прыз старшыні польскага Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) у намінацыі «за ўвасабленне сапраўднага вобразу пастыра ў беларускім кінематографе» — VII міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат» (Глыбокае-Мінск, 2011).
- «Сальда», аўт. Аляксей Мінчонак і Пётр Дзякоўскі:
прэмія ў катэгорыі «эканамічны бюлетэнь» за «прафесіяналізм у скрайне цяжкіх умовах вытворчасці» — XIV агульнапольскі агляд дакументальных формаў «Базар» (Познань, Польшча, 2009).
- «Галерэя Ады», рэж. Уладзімір Колас:
галоўная ўзнагарода — VIII міжнародны фестываль крэатыўных дакументальных фільмаў «Escales Documentaire» (Ля-Рашэль, Францыя, 2008); прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Нацыянальны характар» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).
- «Сэрца за кратамі», рэж. Вольга Нікалайчык:
прыз «Залатая багіня» ў намінацыі «Публіцыстыка» — Міжнародны фестываль тэлевізійных праграм і фільмаў «Залаты бубен» (Ханты-Мансійск, Расія, 2008).
- «Днюка», дак. фільм, рэж. Андрэй Куціла і Аляксандр Налівайка:
першая ўзнагарода — IV міжнародны фестываль дакументальных фільмаў «Транзіт» (Познань, Польшча, 2011); узнагарода за найлепшы дакументальны фільм — V міжнародны фестываль незалежнага кіно (Львоў, Украіна, 2010); галоўная ўзнагарода «Залаты жабрак» для найлепшага рэгіянальнага тэлеканала «за спосаб рэпрэзентацыі часам жудаснай рэчаіснасці штодзённага жыцця ў Беларусі і за выдатны выбар герояў і здымкі» — XVI міжнародны фестываль рэгіянальных тэлевізіяў (Кошыцэ, Славакія, 2010).
Фінансаванне
правіцьУ 2009 годзе польскі ўрад вылучыў тэлеканалу 5655 тыс. долараў з мэтавага рэзервовага фонда, прызначанага для падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскага грамадства за мяжой. У 2010 годзе Еўрапейская камісія вылучыла каля 10 млн. еўра[3]. У 2011 годзе бюджэт склаў 9 млн долараў, зь якіх 6 выдаткавала МЗС Польшчы, рэшту — урад Швецыі[4].
У 2017 годзе польскі МЗС, па прычыне павелічэння выдаткаў на польскія консульскія службы і падтрымку сірыйскіх бежанцаў , вырашыў на дзве траціны скараціць фінансавую падтрымку тэлеканала у 2018 годзе. У пачатку снежня стала вядома, што фінансавая камісія сената Польшчы ўхваліла папраўкі, якія дазволяць Міністэрству фінансаў Польшчы выдзеліць для «Белсата» сродкі на наступны год[5]. Акрамя таго, «Белсат» атрымае дадатковае фінансаванне ў рамках сумеснай праграмы Польшчы і Вялікабрытаніі па супрацьдзеянні расійскай дэзінфармацыі ў рэгіёне[6].
З самага пачатку быў супольна фінансаваны праз Міністэрства замежных справаў Польшчы ды міжнародных донараў, найважнейшыя з якіх — «Sida» (Швецыя), Рада міністраў паўночных краінаў, міністэрствы замежных справаў Нарвегіі, Нідэрландаў і Канады, урады Брытаніі ды Ірландыі, а таксама Дзяржаўны дэпартамент ЗША.
Дачыненні з беларускімі ўладамі
правіцьУ 2007 годзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праект трансляцыі незалежнага беларускага канала з Польшчы — «глупы, бязглузды і нетаварыскі»[7].
Канал неаднаразова звяртаўся па акрэдытацыю сваіх карэспандэнтаў на Беларусі, але атрымліваў адмовы. Праз адсутнасць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсата» перыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэнне прадукцыі СМІ». Некаторым выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць[8].
Тэлеканал востра адрэагаваў на падзеі 19 снежня 2010 года, у дзень абвешчэння вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. «Белсат» вёў наўпроставую трансляцыю.
Спачатку супрацоўнікаў тэлеканала не штрафавалі на тэрыторыі краіны, а толькі выносілі папярэджанні за працу без акрэдытацыі. Але з красавіка 2016 года к журналістам пачалі ўжываць ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), штрафы па якой вар’іруюцца ад 20 да 50 базавых велічынь[5]. За 2017 год беларускія суды выносілі 70 рашэнняў супраць журналістаў, якія супрацоўнічалі з тэлеканалам «Белсат» — сума штрафаў перавысіла 50 тысяч беларускіх рублёў[9].
У сакавіку 2017 года ў мінскім офісе тэлеканала прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка на 20 тысяч еўра[10]. Супрацоўнікаў тэлеканала штрафавалі за тое, што «трымаў мікрафон»[11], нібыта «за нецэнзурную лаянку»[12], за «парушэнне аўтарскага права на гандлёвы знак „Белсат“»[13] і інш.
Канал асвятляў пратэсты ў Беларусі 2020—2021 гадоў, за гэта шмат хто з журналістаў быў асуджаны і арыштаваны. У 2020 годзе журналістаў «Белсата» затрымлівалі 162 разы, вельмі часта з канфіскацыяй тэхнікі[14]. Са жніўня 2020 года сайт тэлеканалу заблакаваны ў Беларусі[15][16]. З мая 2021 года беларускія ўлады блакіруюць і люстэрка асноўнага сайта[17].
15 лістапада 2020 года за трансляцыю мірнай акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі з «Плошчы Пераменаў» журналісткі тэлеканала Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі арыштаваны, а ў лютым 2021 года атрымалі па два гады пазбаўлення волі[18][19].
27 ліпеня 2021 года інфармацыйныя рэсурсы «Белсата» прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі, распаўсюджанне інфармацыі з іх цягне адміністрацыйную адказнасць[20]. 3 лістапада таго ж года МУС прызнала інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы «Белсата» экстрэмісцкім фарміраваннем (за стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць)[21].
У студзені 2023 года Дар’ю Лосік, жонку Ігара Лосіка, за інтэрв’ю каналу прысудзілі да двух гадоў калоніі па крымінальным артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці[22]. Увосень 2022 года крымінальную справу за інтэрв’ю каналу завялі супраць Наталлі Суславай, маці загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» Суслава[23].
Дачыненні з ўладамі Расіі
правіцьВосенню 2024 года расійскія ўлады абвясцілі «Белсат» непажаданай арганізацыяй у Расіі[24].
Дачыненні з Еўрасаюзам і ЗША
правіцьЕўрапейскі парламент заклікаў Еўрасаюз падтрымаць «Белсат» у чатырох асобных рэзалюцыях. 20 студзеня 2011 года асаблівая ўвага была прысвечаная падтрыманню незалежных беларускіх медыяў, у тым ліку «Белсат ТВ». Еўрадэпутаты заклікалі Еўрапейскую камісію «падтрымаць фінансавымі і палітычнымі сродкамі намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый у Беларусі, якія папулярызуюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму». Рэзалюцыя таксама заклікала Еўрапейскую камісію прыпыніць супрацу з беларускімі дзяржаўнымі медыямі і дапамогу ім.
У студзені 2012 года амерыканскі прэзідэнт Барак Абама падпісаў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» (Belarus Democracy and Human Rights Act). Дакумент вызначае прыярытэты амерыканскай палітыкі ў дачыненні Беларусі, а таксама выказвае падтрымку незалежным медыям, у тым ліку тэлеканалу «Белсат».
У красавіку 2019 года АБСЕ асудзіла правядзенне ператрусаў у мінскіх офісах «Белсата». У маі 2019 года Арлем Дэзір, прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў, выказаў расчараванне і заклапочанасць адносна практыкі пераследу журналістаў, якія працуюць у Беларусі без акрэдытацыі. Гэта было рэакцыяй на прысуджэнне вялікіх штрафаў шасці журналістам «Белсата».
Міжнароднае падтрыманне і партнёры
правіць«Белсат ТВ» — структурная частка Польскага тэлебачання, якая фінансуе канал разам з Міністэрствам замежных справаў і забяспечвае яго інфраструктурную базу. З самага пачатку «Белсат» карыстаўся фінансавым падтрыманнем шэрагу інстытуцыяў, між іншым, «Swedish International Development Cooperation Agency» («SIDA»), Рады міністраў паўночных краінаў, Міністэрстваў замежных справаў Нарвегіі, Нідэрландаў, Канады і Літвы, урадаў Вялікай Брытаніі ды Ірландыі, а таксама Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. Медыйныя арганізацыі, такія, як «Radio Free Europe» / «Radio Liberty» (якое працуе на беларускім рынку пад назваю «Свабода») і «Нямецкая хваля» бязвыплатна давалі «Белсату» ліцэнзіі на выбраныя праграмы.
На сёння стратэгічныя партнёры «Белсата»:
- амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, якая падтрымлівае, між іншым, навучанне працаўнікоў «Белсата» і даследаванні аглядальнасці канала;
- «British Broadcasting Corporation», якая бязвыплатна дае «Белсату» сваю тэлевізійную прадукцыю — мастацкія і адукацыйныя серыялы, стварае эксклюзіўная матэрыялы для рускамоўнага сэрвісу «Белсата» «Вось так», а таксама праводзіць трэнінгі для працаўнікоў і кіроўнага персаналу «Белсата»;
- «European Endowmend for Democracy» фінансуе вытворчасць некаторых праграм «Белсата»;
- «National Democratic Institute for International Affairs» (NDI), які суфінансаваў цыкл дэбатаў «Тэрыторыя праўды»;
- «Organized Crime and Corruption Reporting Project» — асацыяцыя следчых журналістаў, якая супрацуе з аўтарамі праграмы «Давайце разбірацца»;
- «Thomson Reuters», які падтрымаў структурную рэформу «Белсат ТВ» і трэнінгі для працаўнікоў канала, а таксама суфінансаваў праграмы «Тэрыторыя праўды» і спецвыданні «ПраСвет».
У межах грамадскай кампаніі для прасоўвання беларускае мовы «Беларускамоўны» «Белсат» супрацуе з такімі арганізацыямі, як культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба», Беларускі ПЭН-Цэнтр (чалец міжнароднага ПЭН-клубу) і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Крытыка
правіцьУ верасні 2018 года з тэлеканала быў звольнены былы актывіст Іван Шыла пасля таго, як апублікаваў у сваім профілі на Facebook пратакольны фотаздымак з сустрэчы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Фотаздымак суправаджаўся крытычным каментарыям, што прадстаўнікі кіраўніцтва тэлеканала і асабіста Агнешка Рамашэўска-Гузы ў дыскусіі пад допісам ахарактарызавалі як праяву нелаяльнасці да «Белсата»[25]. На наступны пасля гэтага дзень Шыла быў выключаны з рабочай перапіскі і атрымаў паведамленне аб звальненні[25]. Сітуацыя выклікала скандал і атрымала асвятленне ў беларускіх і буйных замежных СМІ[25][26][27].
Супрацоўнікі
правіць- Аляксей Дзікавіцкі — кіраўнік Рэдакцыі інфармацыйных праграм (з 2007)
- Сяргей Падсасонны — галоўны рэдактар інфармацыйнага блоку і вядучы праграмы Студыя «Белсат»
- Зміцер Саўка — кіраўнік моўнай службы (2006—2016)
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ Тэлеканал «Белсат» запускае перадачу па-расейску . svaboda.org (31 траўня 2017).
- ↑ Iwaniuk, Jakub. La télévision Bielsat s'inquiète pour son avenir (фр.) 8. Le Monde (30 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2021. Праверана 29 студзеня 2018.
- ↑ Туркоў, Р. Тое, з чым зараз сутыкнулася Расія, даўно выкарыстоўваецца ў Беларусі(недаступная спасылка)
- ↑ Крывашэеў, А. Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту — адна з тэм, якая найбольш абмяркоўваецца ў Інтэрнэце(недаступная спасылка)
- ↑ а б Коровенкова, Т. «Белсат» перестал быть каналом только для белорусской оппозиции Архівавана 6 лістапада 2020.
- ↑ Грошы на «Белсат» выдзеліць Вялікабрытанія . Наша Ніва.
- ↑ Лукашэнка: Незалежны тэлеканал — «глупы, бязглузды і нетаварыскі» праект (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2008.
- ↑ Сьледчы камітэт вярнуў тэхніку «Белсату» і папрасіў прабачэньня . Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ Няпросты год «Белсату»: саджалі ў турмы, адбіралі дзяцей . Белсат.
- ↑ Забралі ўсё: у мінскіх офісах тэлеканала «Белсат» прайшлі ператрусы . Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ «Трымаў мікрафон». Суд аштрафаваў журналіста-фрылансэра за сюжэт для «Белсату» . Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ Неабходна задаць title= і url= для шаблона {{cite web}}. Журналісту «Белсату» Алесю Баразенку прысудзілі 15 сутак // РАдыё Свабода .
- ↑ Суд пастанавіў аштрафаваць журналіста Алеся Баразенку і канфіскаваць абсталяваньне тэлеканалу «Белсат» . Беларуская служба Радыё «Свабода».
- ↑ S.A, Telewizja Polska. Trial of Belarusian journalists underway (англ.)(недаступная спасылка). polandin.com. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 25 сакавіка 2021.
- ↑ Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.). Onliner.by (22 жніўня 2020). Праверана 23 снежня 2020.
- ↑ В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (руск.). Meduza (22 жніўня 2020). Праверана 24 жніўня 2020.
- ↑ Мининформ заблокировал сайт blstv.eu телеканала «Белсат» (руск.). Медиазона (7 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
- ↑ Польскі прэзыдэнт заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак «Белсату» . Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (18 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2021. Праверана 16 сакавіка 2021.
- ↑ Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА . Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (18 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2021. Праверана 16 сакавіка 2021.
- ↑ Сайт і ўсе сацыяльныя сеткі «Белсата» прызналі экстрэмісцкімі . Новы Час (27 ліпеня 2021). Праверана 12 студзеня 2022.
- ↑ «Белсат» — экстрэмісцкае фарміраванне. Што гэта значыць для іх аўдыторыі? . Наша Ніва (3 лістапада 2021). Праверана 12 студзеня 2022.
- ↑ В Беларуси суд приговорил к двум годам колонии Дарью Лосик (руск.). Настоящее Время (19 студзеня 2023). Праверана 24 сакавіка 2023.
- ↑ В Беларуси против матери погибшего в Украине белорусского добровольца завели уголовное дело (руск.). Настоящее Время (25 лістапада 2022). Праверана 24 сакавіка 2023.
- ↑ Генпрокуратура объявила «нежелательным» в России телеканал Belsat (руск.). Meduza (13 верасня 2024).
- ↑ а б в Polish leader resists view that he was disrespected by Trump Архівавана 21 верасня 2018. // Washington Post, 23 верасня 2018 г.
- ↑ Івана Шылу звольнілі з Белсата за жарт з прэзідэнта Польшчы ў фэйсбуку . Наша Ніва (20 верасня 2018).
- ↑ Pracownik Biełsatu zwolniony po tym, jak pokazał zdjęcie Dudy przy biurku Trumpa // Gazeta Wyborcza, 21 верасня 2018 г.
Спасылкі
правіцьБелсат у Вікіцытатніку | |
Белсат на Вікісховішчы |
- Афіцыйны сайт (бел.) (руск.) (англ.) (польск.)
- YouTube
- Livejournal
- VKontakte
- Одноклассники