Касцёл Божага Цела (Нясвіж)
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы — архітэктурны помнік ранняга барока, першы езуіцкі касцёл, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, радавы магільны склеп[1] князёў Радзівілаў.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Божага Цела | |
---|---|
| |
53°13′14,49″ пн. ш. 26°41′01,49″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нясвіж |
Канфесія | Рымска-каталіцкі касцёл |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | езуіты |
Архітэктурны стыль | барока |
Архітэктар | Ян Марыя Бернардоні |
Заснавальнік | Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка |
Дата заснавання | 1593 |
Будаўніцтва | 1587—1593 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 610Г000465 |
Стан | Рэстаўруецца |
Сайт | niasvizh-kasciol.by/by/ |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКасцёл узведзены ў 1587—1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. 7 кастрычніка 1601 года касцёл асвячоны. За аснову праекта, хоць і са значнымі зменамі, была ўзята планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме, збудаваны ў 1584 годзе. Аднак пры агульным кампазіцыйным падабенстве і барочнай стылістыцы нясвіжскі касцёл значна адрозніваецца, што абумоўлена мясцовымі будаўнічымі традыцыямі і патрабаваннямі заказчыка.
Кампазіцыя касцёла строга лагічная, пазбаўленая ад перанасычанасці барочнага дэкору. Магчыма, што касцёл быў на Беларусі адным з першых будынкаў, фасады якога былі атынкаваны і пабелены. Як сведчаць праектныя чарцяжы і гравюра Т. Макоўскага, першапачаткова па баках галоўнага фасада былі зроблены абарончыя цыліндрычныя вежачкі, традыцыйныя для беларускай готыкі, з вітымі лесвіцамі на эмпоры ў бакавых нефах. Пасля пажару ў сярэдзіне XVII ст. касцёл адноўлены архітэктарам О. Кругерам.
Каля 1705 г. па ініцыятыве Караля Станіслава Радзівіла распачаліся рамонтныя работы і рэканструкцыя касцёла, якія доўжыліся амаль паўстагоддзя і завяршыліся пры Міхале Казіміры Радзівіле Рыбаньцы. У выніку будаўнічых работ былі ліквідаваны эмпоры над нефамі і круглыя вежы з лесвіцамі, таксама знесены вежачкі над скарбцам і сакрысціяй, зменена форма і размяшчэнне некаторых вокнаў. Іншую форму атрымаў ліхтар над купалам. Унутры касцёла былі ліквідаваны імпосты ў аркадах паміж нефамі, іншае афармленне атрымалі гатычныя пілястры галоўнага нефа.
У 1773 г. са скасаваннем ордэна езуітаў і закрыццём калегіума, касцёл стаў фарным.
У 1912 годзе ў будынку касцёла ўсталявалі мемарыяльную дошку з партрэтам паэта, краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі.
Храм быў пашкоджаны ў гады Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1944 г.
Архітэктура
правіцьГалоўны фасад двух’ярусны, расчлянёны па вертыкалі пілястрамі, па гарызанталі — развітым антаблементам. Першы ярус, які займае шырыню трох нефаў, падзелены пілястрамі на пяць частак, бакавыя з якіх вылучаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. Уваходны партал завершаны лучковым франтонам. Другі ярус займае шырыню цэнтральнага нефа, расчлянёны пілястрамі на тры часткі, завершаны трохвугольным франтонам з люкарнай. Абодва ярусы кампазіцыйна аб’яднаны ўвагнутымі бакавымі прыбудовамі, упрыгожаны чатырохарачнымі экседрамі са скульптурнымі выявамі Святых Мікалая, Крыштофа, Ігнація Лаёлы, Францішка Ксаверыя. На васьмігранным светлавым барабане ўзвышаецца гранёны купал, завершаны ліхтаром з фігурным шлемам. На фасадзе храма знаходзіцца надпіс на лацінскай мове: «Пакланіся святому храму твайму ў страху сваім».
Унутры цэнтральны неф шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Распор купала пагашаецца ветразямі і падпружнымі аркамі. Прэсбітэрый аддзелены ад нефа драўлянай разной агароджай. У залу адкрыты бакавыя капліцы Св. Андрэя і Св. Пятра.
У крыпце — капліца Святога Крыжа і радавая пахавальня князёў Радзівілаў.
Інтэр’ер
правіцьІнтэр’ер храма багата дэкарыраваны роспісам у тэхніцы грызайль. Фрэскамі пакрыты скляпенні цэнтральнага і бакавых нефаў, прэсбітэрыя, трансепта, нартэкса, бакавых капэл і падкупальнай прасторы. Фрэскі зроблены ў 1750—1760-я гг. з удзелам мастака К. Д. Гескага, цыкл складаецца з 40 асобных кампазіцый з адлюстраваннем сцэн алегарычнага сэнсу, выявамі святых і дэкаратыўна-арнаментальных кампазіцый.
На скляпенні прэсбітэрыя размешчана фрэска «Апафеоз каталіцкай царкве». У трансепце — сцэны з жыцця Маці Божай і Хрыста, «Ecce homo», «Ecce Mater», «Святая Сям’я», «Саламон і царыца Саўская». На скляпеннях цэнтральнага нефа шэраг сюжэтных сцэн, прысвечаных каталіцкім таінствам. У паўночным нефе сцэна «Вяртанне блуднага сына». У прасценках светлавога барабана купала ў 2 ярусы выявы святых на фоне архітэктурных куліс (магутных калон з капітэлямі, нішамі і праёмамі). У кампазіцыю фрэсак устаўлены картушы з вершаванымі строфамі і спасылкамі на Біблію.
У 1900—1902 гг. фрэскі на скляпеннях, у вежы і купале былі адрэстаўрыраваны жывапісцам Францішкам Бруздовічам, а таксама зроблены новыя роспісы.
Галоўны алтар зроблены паводле праекта Маўрыцыа Педэці, упрыгожаны карцінай К. Д. Гескага «Тайная вячэра» (1753, копія карціны Леанарда да Вінчы). У пачатку 1990-х гг. карціна галоўнага алтара была рэстаўрыравана. У крылах трансепта размешчаны мармуровыя алтары Святога Крыжа і Дзевы Марыі.
У розныя часы фундаваліся шматлікія меншыя алтары: Святых Ігнація Лаёлы, Францішка Ксаверыя, Станіслава Косткі, Барбары, Кацярыны, Фларыяна, Роха, Себасцьяна і інш. Над афармленнем інтэр’ера ў 1740—1750-я гг. працавалі сталяры Міхаіл Шыманоўскі і Ян Лежбах, мастакі Ян Санові і Ян Гюндэльфінгер.
Над уваходам — хоры з арганам. Першы арган быў пастаўлены ў 1611—1615 гг. на сродкі мясцовага шляхціца Андрэя Скарульскага. Парапет хораў аздоблены фрэскавымі роспісамі з выявамі музычных інструментаў ракайльным картушам па цэнтры.
Злева ад галоўнага алтара ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі-надмагіллі ў стылі рэнесансу ў памяць аб сынах фундатара касцёла князя М. К. Радзівіла Сіроткі, паміж якімі знаходзіцца яго барэльеф у адзенні пілігрыма. Над барэльефам — лацінская сентэнцыя «Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік». На адной з пліт рэалістычная выява дзіцяці Радзівіла, якое пражыло толькі два гады (1586—1588).
У 1912 г. у касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка паэту У. Сыракомлю. Ён вучыўся і працаваў у Нясвіжы. Помнік паэту быў створаны да 40-годдзя з дня яго смерці.
Радзівілаўскі катафалк быў выкананы М. Педэці. Яшчэ адзін надмагільны помнік — выява жанчыны, верагодна, Канстанцыі Радзівіл, якая сядзіць у трауры на ружовай труне.
У касцёле захоўваецца самы ранні з выяўленых на Беларусі абраз св. Іасафата Кунцэвіча.
Крыпта Радзівілаў
правіцьУ падлозе прэсбітэрыя — уваход у фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў. Самае першае пахаванне пад касцёлам датавана 1616 годам, а апошняе — 1936-м, калі тут быў пахаваны апошні ардынат Нясвіжа Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх — рытуальны, адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 г. Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода.
Крыпта Радзівілаў — трэцяя па колькасці дынастычных пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні.
Калегіум езуітаў
правіцьКасцёл пабудаваны ў ансамблі з вежай і калегіумам езуітаў, які не захаваўся.
Архітэктура калегіума была вырашана ў стылі рэнесансу. П-падобны ў плане будынак пад 2-схільнымі дахамі з фігурнымі франтонамі па тарцах. Плоскасныя сцены франтальнага фасада чляніліся прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, па версе былі апяразаны фігурнымі атыкамі дробнага хвалепадобнага і арнаментальнага характару — дэкаратыўныя шчыты валютнай абмалёўкі, пілястравая крапоўка, фігурныя фрызы, цэнтральная вежачка-эркер з курантамі і шатром з флюгерам. Бакавыя фасады мелі спрошчаную плоскасную трактоўку з рытмам прамавугольных і арачных аконных праёмаў. Першы паверх уяўляў сабой адкрытую галерэю-аркаду па баках цэнтральнага скразнога праезда. Паўночны і паўднёвы карпусы мелі галерэйную планіроўку, усходні — калідорную. На 1-м паверсе паўднёвай часткі размяшчаліся 4 школьныя класы, бібліятэка з друкарняй і асобны ўнутраны двор, у паўночнай частцы — 4 келлі, кухня, кладоўка і трапезная, якія мелі выхад у асобны абгароджаны глухой сцянон двор. Усходняе тыльнае крыло мела калідорную планіроўку і ўключала келлі, кладоўку, гасціную і інш. Да яго перпендыкулярна далучалася крыло для чэлядзі, лабараторыі, аптэкі. Другі паверх адводзіўся пад келлі манахаў, апартаменты рэктара і капліцу. Інтэр’еры шэрагу памяшканняў былі аформлены фрэскамі. За будынкам калегіума быў спланаваны рэгулярны сад з сажалкай.
Капліца Булгарына
правіцьУ 1747 г. у двары касцёла асобна пастаўлена капліца Булгарына, вырашаная архітэктарам М. Педэці квадратным у плане аб’ёмам пад шатровым дахам.
Пробашчы
правіць- Гжэгаж Каласоўскі (1942—1991)
- Пётр Шарко
Зноскі
- ↑ Гл. падр. http://niasvizh-kasciol.by/by/gistorya-kastsjola#krypta Архівавана 17 снежня 2014.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. — Москва: Прогресс-Традиция, 2002. ISBN 5-89826-093-5.
- Żyskar J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. — Warszawa-Peterburg, 1913.