Палац Радзівілаў (Паланечка)

Палац Радзівілаў — палацава-паркавы ансамбль размешчаны на левым беразе р. Змейка, прытоку р. Ушы, у в. Паланечка (Баранавіцкі раён). Помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца XVIII — 1-й паловы XIX стагоддзяў.

Палацава-паркавы комплекс
Палац Радзівілаў
53°20′39″ пн. ш. 26°15′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Паланечка
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы першая палова XIX стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000061шыфр 113Г000061
Map

Гісторыя

правіць

Землі маёнтку належалі ў 1428 г. Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя літоўскага Вітаўта, у 1567 годзе маёнтак уласнасць С. Глябовіча, затым — роду Дусяцкіх-Рудамінаў, а з канца XVII ст. да 1939 г. Паланечка была ва ўласнасці магнацкага роду Радзівілаў, лініі «графаў на Шыдлоўцы».

Першым гаспадаром яе стаў князь Мацей Радзівіл (1749—1800), кашталян віленскі, знакаміты паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч і гарачы патрыёт Вялікага Княства Літоўскага, павенчаны з Эльжбетай з заможнага роду Хадкевічаў. Затым Паланечкай валодалі сын Мацея — Канстанцін (1793—1869), якога апекавалі да паўналецця Хадкевічы і які быў стваральнікам існуючага палаца. Канстанцін Радзівіл быў таксама надзвычай адукаваным чалавекам, узначальваў антыпрыгонніцкае Патрыятычнае Таварыства на Беларусі, быў звязаны з дзекабрыстамі Расіі, шмат здзейсніў для развіцця беларускай культуры.

 
Палац на малюнку Н. Орды

Вядома, што і пры Мацеі існаваў палац, але ампірны характар будынка сведчыць, што ён быў створаны ў першай палове XIX стагоддзя. Сын Канстанціна Мацей Юзаф Радзівіл (1842—1927) не жыў у Паланечцы, а ў Загжэ каля Варшавы, куды адвёз усе каштоўнасці палаца. На працягу некалькіх гадоў палац пуставаў да таго часу, калі ў ім пасяліўся сын Мацея Альберт Станіслаў Радзівіл (1858—1927), які нічога не змяняючы ў архітэктуры, аднавіў палац. У 1917 годзе палац моцна пацярпеў у час ваенных дзеянняў, пасля чаго не аднаўляўся. Альберт Станіслаў Радзівіл выехаў у Амерыку, перапісаўшы сядзібу плямянніку Уладзіславу Радзівілу (1909 г.н.), павенчанаму з князёўнай Ганнай Марыяй Чартарыйскай. Яны былі апошнімі гаспадарамі Паланечкі. Пацярпеў палацава-паркавы ансамбль і ў 1943 годзе. Пасля вайны будынак быў адноўлены і прыстасаваны пад сярэднюю школу.

 
Палац у пач. XX стагоддзя

У 1777 годзе ў гасцях у Мацея Радзівіла ў Паланечцы пабываў расійскі сенатар і знакаміты сатырык Дз. Фанвізін, аўтар вядомага «Недоросля». Да Канстанціна Радзівіла ў Паланечку прыязджаў вядомы пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. У 1845 г. у маёнтку К. Радзівіла знаходзілася рэдакцыя часопіса «Народ і час», які выдаваў Я. Філіповіч. Выйшаў у 1845 г. толькі першы нумар гэтага часопіса, а потым ён перастаў існаваць. Пад час паўстання 1863—1864 гг. тут дзейнічалі атрады паўстанцаў.

Архітэктура

правіць

Паланечкаўскі палацава-паркавы ансамбль пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя ў стылі ампір, у другой палове XIX стагоддзя аднаўляўся А. С. Радзівілам. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк.

 
Неагатычны зімовы сад, 1920

Палац — характэрны ўзор забудовы гістарычнага сядзібна-паркавага ансамбля з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Мураваны палац мае сіметрычна-восевую трохчасткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе двухпавярховы набліжаны ў плане да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане аднапавярховыя флігелі-павільёны. Да паўднёва-заходняга павільёна ў другой палове XIX ст. прыбудаваны корпус зімовага сада (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтральная частка галоўнага фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана капітэлямі-гермамі (на 2-м паверсе) і завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся ляпны герб Радзівілаў, увенчаны вянком. Аналагічныя апоры-гермы вызначалі рытм бакавых галерэй (не захаваліся). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі.

Першапачатковая планіроўка значна зменена. Асновай унутранай нерэгулярнай планіроўкі з’яўлялася цэнтральная бальная люстэркавая зала. Да яе вяла парадная двухмаршавая лесвіца шырокага хола, у якім па баках былі два каміны (у далейшым замест сходаў зроблены бакавыя лесвічныя маршы); у бакавых павільёнах знаходзіліся жылыя і службовыя памяшканні.

 
Сучасны інтэр’ер палаца

Паводле сведчання Р. Афтаназі, «інтэр’еры вызначаліся хутчэй прастатой і добрым густам, чым багаццем дэталей…» Парадныя памяшканні другога паверха групаваліся вакол вялікага холу, абабітага грызайлевымі шпалерамі з выявамі грэчаскай архітэктуры і сцэн танцаў; побач змяшчаўся кабінет князя Канстанціна, з белым мармуровым камінам. Падлога была пакрыта арнаментаваным паркетам, які паўтараў узоры з каралеўскага замка ў Варшаве, на столях былі ўмацаваны ляпныя разеткі, на сценах — вялікія люстэркі ў залачоных рамах. Гаспадары мэблявалі пакоі ў стылі ампір і Людовіка XV. Пазней большасць мэблі і твораў мастацтва ў некалькі этапаў была перавезена гаспадарамі ў іншы маёнтак — Загжэ, адкуль, пад час апошняй вайны, трапіла ў Плоцк.

Бібліятэка

правіць

З успамінаў Э. Хлапіцкага, які наведаў сядзібу ў сярэдзіне XIX стагоддзя, «бібліятэка абстаўлена… проста і густоўна… у цэнтры стаяў стол, укрыты зялёным сукном, а на ім карты, глобусы, калекцыя гравюр і медалёў…» (медалі былі бронзавыя ў залачоных рамках, з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай; зніклі з сядзібы ў 1917 г.). Тут таксама размяшчалася маляванае на палатне генеалагічнае дрэва Радзівілаў. У капліцы меўся абраз Божай Маці, здабыты Янам III пад Венай, які потым быў перададзены ў капліцу Нясвіжскага замка і драўляны крыж «часоў ранняга хрысціянства», прывезены з іерусалімскіх храмаў у 1584 годзе. У зборы мастацкіх твораў знаходзіўся партрэт маладога Каперніка пэндзля італьянскага Габрыэля Матэі і габелен «Наданне Мікалаю Радзівілу княжацкай годнасці імператарам Карлам V у 1547 годзе» памерам 1,5х0,75 м з карэліцкіх ці мірскіх майстэрань. Сямейных партрэтаў у галерэі налічвалася 38, па вызначэнні таго ж Э. Хлапіцкага, «сярэдняга майстэрства». Навейшыя і найлепшыя вобразы належалі пэндзлю таленавітых мастакоў XVIII—XIX стагоддзяў — М. Бачарэлі, 4 партрэты работы Я. Хр. Лампі, Ю. Пешкі, Я. Рустэма і адна пастэль А. Латура. У бібліятэцы змяшчалася каля 4000 тамоў унікальнага кнігазбору.

 
Парк

Палац акружаў вялікі парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі, які складаўся з дзвюх частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на чатырох тэрасах, якія з невялікімі перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам існаваў сонечны гадзіннік. Алея па падоўжанай восі палаца ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы Канстанціна Радзівіла. Перад палацам стаяла ўяздная мураваная брама з вазамі, выкананая ў стылі ампір. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі» парк са шпалерамі і баскетамі.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 637—639,716-718.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5..
  • Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. Брэст, 1999, стар. 42-45.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 380—381. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.

Спасылкі

правіць