Іслач (рака)

рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях Беларусі
(Пасля перасылкі з Рака Іслач)

І́слач — рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток Заходняй Бярэзіны (басейн Нёмана).

Іслач
Стромкі бераг Іслачы
Стромкі бераг Іслачы
Характарыстыка
Даўжыня 102 км
Басейн 1 330 км²
Расход вады 10 м³/с (за 88 км ад вусця)
Вадацёк
Выток  
 • Месцазнаходжанне каля в. Глушынцы
 • Каардынаты 53°51′19″ пн. ш. 27°04′41″ у. д.HGЯO
Вусце Заходняя Бярэзіна
 • Месцазнаходжанне в. Бакшты
 • Каардынаты 53°54′48″ пн. ш. 26°12′57″ у. д.HGЯO
Ухіл ракі 1,9 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Заходняя Бярэзіна → Нёман → Балтыйскае мора
Краіна
Рэгіёны Мінская вобласць, Гродзенская вобласць
Раёны Дзяржынскі раён, Мінскі раён, Валожынскі раён, Іўеўскі раён
physical
Іслач (рака)
Іслач (рака)
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Даўжыня 102 км. Плошча вадазбору 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,9 .

Назва правіць

Назва Іслач балцкага паходжання, складаецца з дзвюх асноў Isl- i Ak-.

Найбліжэйшыя гідранімічныя адпаведнікі — латышская рачная назва Isliņa (памяншальнае ад *Isla), літоўскія Islikis, Iesla[1].

Аснова Is-l- ад кораня *eis- / *is- «імкліва рухацца»[2][3], далей мяркуецца да карацейшага *ei- / *i- «ісці»[4].

Асобна гэты корань у назве нёманскай ракі Іса. З пашыральнікам -(e)r- у балцкай адпачатнай рачной назве *Isra, ад якой латышская Istra, літоўская Įstras (< Instras)[5], пруская *Instra (> Instrut[6]), гідронім Істра на Павоччы.

Пашыральнік -l- таксама ў назве ракі Несла (двойчы на левабярэжжы прыпяцкай Пцічы), корань якой Nes- таксама ў гідроніме Нес(с)а[ru] (прыток дзесенскай ракі Нярус(с)а). У паўнейшым выглядзе пашыральнік -el- у назвах Зецела, *Скідзела, Ясельда, Дрысела (на Павоччы каля Разані).

Другая аснова Ak- у назве Іслач звязаная з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе»[7]. Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *ok(e)s-[8]): вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.

Асобна «рачны» корань Ak- у назве ракі Ака, а так жа сама на другой пазіцыі — у назвах тыпу Нарач, Сэрвач.

Назву Іслачы можна перадаць як «Імклівая рака».

«Яцвяжскі» аналаг гідроніма Іслач — назва Ясельда. Другі элемент «рака» перадаецца ў першым выпадку праз ak-, у другім — праз -da. У першым выпадку корань *ei-s- / *i-s-, у другім — яго фанетычны варыянт *i̯ā-s-[9].

Назва ракі Віслы, нягледзячы на фанетычнае падабенства, іншага паходжання (ад кораня *ṷeis- / ṷis- «цячы», ад якога і назвы Вісяты, Віхра, Віхолка).

Назва Свіслачы, наадварот, найверагодней так ці інакш роднасная назве Іслач, у ёй і тая ж «рачная» аснова ak- і элемент is-l-[10].

Адзначаецца прымеркаванасць імаверна роднасных рачных назваў Іслач, Ясельда, Свіслач да дняпроўска-нёманскага водападзелу: у цэнтры цяперашняй Беларусі абапал водападзелу Іслач і бярэзінская Свіслач, на захадзе краіны — Ясельда і нёманская Свіслач.

Гідраграфія правіць

Пачынаецца каля вёскі Глушынцы Дзяржынскага раёна, на адлегласці 1,4 км на паўночны ўсход ад гары Дзяржынскай. У вярхоўі цячэ ў межах Мінскага ўзвышша, у ніжнім цячэнні — праз Налібоцкія лясы.

Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная; у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шырынёй 300—500 м. Абалона ў вярхоўі роўная, шырыня яе складае 30—50 м, у нізоўі паступова расшыраецца да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, зарэгулявана трыма плацінамі; яго шырыня вагаецца ў межах 10—40 м. На ўсім працягу трапляюцца невялікія астравы. Берагі стромкія, абрывістыя.

Упадае ў Заходнюю Бярэзіну на паўднёвы ўсход ад вёскі Бакшты Іўеўскага раёна, на поўдзень ад вёскі Ягадзень.

Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом адбываецца ў пачатку сакавіка. Адна з нямногіх рэк Беларусі, у якой водзіцца стронга ручаёвая.

Асноўныя прытокі правіць

Справа: Чарнаруч, Яршоўка, Кіявец, Вялік, Люцінка, Пяршайка, Носаўка, Валожынка.

Злева: Выганічанка, Ратынца, Цяце́раўка[11], Волма, Івенчык.

Турызм правіць

Лясныя масівы абапал ракі, маляўнічасць і хуткае цячэнне вабяць турыстаў, у т. л. воднікаў. У верхнім цячэнні ля ракі створана зона адпачынку Аксакаўшчына. Тут пабудавана Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі Архівавана 14 мая 2012.. На ўсход ад зоны адпачынку знаходзіцца біялагічны заказнік Падсады.

Галерэя правіць

Заўвагі правіць

  1. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 525.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 299—300.
  3. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55—57, 71.
  4. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 300—301.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 131—132.
  6. M. Biolok. Zuflüsse zur Ostsee zwischen unterer Weichsel und Pregel. Stuttgart, 1989.
  7. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.
  8. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
  9. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 296.
  10. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
  11. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз. — С. 305.

Літаратура правіць

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.