Адкрыць галоўнае меню

Свята-Мікалаеўская царква (Мікалаеўшчына)

Славутасць
Царква Святога Мікалая
Царква, пач. XX ст.
Мікалаеўская царква ў пачатку ХХ стагоддзя
Краіна Беларусь
Вёска Мікалаеўшчына
Канфесія Праваслаўе
Епархія Мінская
Тып будынка Царква
Архітэктурны стыль Народнае дойлідства
Першае згадванне 1866
Будаўніцтва 18721876 гады
Стан страчана

Царква́ Свято́га Мікала́я ў Мікала́еўшчыне — страчаны праваслаўны храм у колішнім мястэчку Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя. Знаходзіўся ў гістарычным цэнтры мястэчка Грудку, на месцы былога касцёла, разабранага ў 1866 годзе.

У народным вучылішчы, заснаваным пры гэтай царкве, з 1890 па 1892 гады навучаўся будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).[1]

Царква знішчана падчас хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі.

ГісторыяПравіць

Да 1866 года ў Мікалаеўшчыне дзейнічаў касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны ў 1652 годзе па фундацыі маршалака вялікага літоўскага Аляксандра Людвіка Радзівіла. У выніку паўстання 1863—1864 гадоў пачаўся працэс скасавання каталіцкага прыходу ў мястэчку і пераводу прыхаджан у праваслаўе.

30 ліпеня 1866 года святаром Пятром Трускоўскім быў складзены рапарт аб пераходзе жыхароў сяла Мікалаеўшчына ў праваслаўе, адпраўлены архібіскупу мінскаму і бабруйскаму Міхаілу. У тэксце дакумента сцвярджаецца, што «Жители местечка Минского уезда Николаевщины…присоединились к православной церкви и…просят, чтобы костёл их…был обращён в православную церковь и при оной было открыто народное училище.» Таксама адзначана, што мястэчка знаходзіцца «среди населения католического», касцёл у ім «деревянный, крепкий, построенный престолом на восток, снаружи благолепный, о двух куполах, годный к переделке в православную церковь»[2]. Адказ архібіскупа быў станоўчым, аднак дзяржавай было прынята рашэнне аб вылучэнні 3500 рублёў на пабудову новай праваслаўнай царквы і адкрыццё народнага вучылішча. У 1872 годзе быў распрацаваны праект, а ў 1876 годзе — завершана будаўніцтва і асвячэнне царквы ў гонар святога Мікалая.

Па дадзеных 1878 года, у храме служылі святар і псаломшчык. Святаром з’яўляўся Уладзімір Бабарыка, «из неокончивших курса семинарских наук» (пасвечаны ў святары ў 1873 г.), псаломшчыкам — Васіль Духоўскі, займаў пасаду з 1837 года[3].

Пры Мікалаеўскай царкве існавала царкоўна-прыхадское апякунства, з 1866 года — народнае вучылішча, якое размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце. Станам на 1892 год, у ім навучалася 167 дзяцей, сярод якіх быў і будучы Народны паэт Беларусі Якуб Колас. Пры царкве таксама дзейнічаў хор.

У часы ўваходжання Мікалаеўшчыны ў склад Польскай рэспублікі, царква дзейнічала як праваслаўная, пры гэтым у вёсцы адраджалася каталіцкая парафія[4].. Царква святога Мікалая была разабрана ў 1960 годзе ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі. Цяпер на яе месцы размешчаны будынак Мікалаеўшчынскага сельсавета.

АрхітэктураПравіць

Будынак у плане з’яўляўся трохзрубавым, складаўся з квадратнага асноўнага аб’ёму, увенчанага пяццю глухімі купаламі, алтара і бабінца са званіцаю[5].

Апісанне царквы, складзенае ў 1878 годзе, паведамляе, што царква драўляная, увянчана даўгаватым крыжом з сям’ю глухімі купаламі і званіцаю ва франтоннай частцы. Дах пакрыты жалезам, вокны размешчаны на адным узроўні, уваходных дзвярэй трое; як дах, так і вонкавыя сцены афарбаваны. Унутраная плошча складае 30 квадратных сажаняў (136,5 квадратных метраў). Падлога драўляная. Да апалу царква не прыстасавана. Іканастас пафарбаваны ў блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаецца з 15 абразоў, змешчаных у 2 ярусы. Рызніца памяшчаецца ў асаблівым прыдзеле каля алтарнай часткі. Неабходныя для набажэнстваў рэчы маюцца ў дастатку, усе малакаштоўныя, за выключэннем срэбранага прыбора літургічных пасудзін. Святарскіх убораў усяго пяць, усе яны з малакаштоўнай парчы, у тым ліку адно зусім трухлявае. Евангелле адно, у вокладцы, абкладзенай малінавым аксамітам; набажэнскіх кніг дастатковая колькасць. У царкоўным архіве маюцца метрычныя кнігі і спісы прыхаджан толькі з 1867 года. Вакол царквы пабудавана дашчаная агароджа. У званіцы знаходзяцца тры званы вагою 8, 7 і 1 пудоў (131, 115 і 16 кілаграм адпаведна)[3].

Аляксандр Лакотка адносіць храм да «узорнага» праекту драўляных цэркваў, у аснову якога былі пакладзены мясцовыя кампазіцыйныя прыёмы, аднак прапорцыі, формы і дэкор часам згадвалі рысы рускага праваслаўнага дойлідства[6].

ПрыходПравіць

У склад прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы ўваходзілі сяло Мікалаеўшчына і вёскі Прусінава, Сверынава і Русаковічы. Прыхаджан мужчынскага пола налічвалася 549 чалавек, жаночага — 550 (станам на 1878 год). Усе прыхаджане былі сялянскага паходжання, займаліся земляробствам. У апісанні прыхода ўдакладняецца: «Что же касается религиозного состояния, то как присоединившиеся в большинстве из католичества, не вполне ещё усвоили себе обрядности и требования православной веры»[3].

Прыхадскі прыбытак на працягу года быў нязначны і не дасягаў 10 рублёў. Да царквы былі прыпісаны 33 дзесяціны зямлі, у тым ліку 1 дзесяціна сядзібнай зямлі, 4 — сенажатнай і 28 — ворнай, якія былі размешчаны за Нёманам, у пяці вярстах ад царквы. План і межавая кніга не складаліся. З ліку пабудоваў меліся: плябанія, восець, свіран, хлеў, а для псаломшчыка — хата і дзве адрыны. Адзначана, што пабудовы трухлявыя і патрабуюць капітальнага рамонта, апрача хаты святара[3].

Могілак у прыходзе знаходзілася двое, у вёсцы Прусінава дзейнічала прыпісная царква.

Зноскі

  1. Маляўка, М. А. Коласаў абярэг/ Мікола Маляўка. — Мінск: Маст.літ., 2011.- с.20
  2. О переходе жителей села Николаевщина в православие
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от притчов сведениям. Минский уезд. Минск, Типо-литография Б. И. Соломонова, 1878, с. 103—105
  4. Мікалаеўшчына — парафія Cв. Яна Хрысціцеля і св. Андрэя, апостала
  5. Памяць. Стаўбцоўскі раён. Мн.:Беларуская энцыклапедыя, 2004
  6. Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі/ А. І. Лакотка.-Мн.:Беларусь, 2003, с.15

ЛітаратураПравіць

  • Памяць. Стаўбцоўскі раён. Мінск, Беларуская энцыклапедыя. 2004
  • Маляўка, М. А. Коласаў абярэг/ Мікола Маляўка. — Мінск: Маст.літ., 2011.- 213с.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, составленное по официально затребованным от притчов сведениям. Минский уезд. Минск, Типо-литография Б. И. Соломонова, 1878, 187 с.
  • Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі/ А. І. Лакотка.-Мн.:Беларусь, 2003, 67 с.