Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

краіна ў Азіі
(Пасля перасылкі з ААЭ)

Аб’ядна́ныя Ара́бскія Эміра́ты (араб. الإمارات العربية المتحدة‎‎) — пераважна пустынная дзяржава Аравійскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй частцы Персідскага заліва. Мяжуе з Аманам і Саудаўскай Аравіяй. Краіна складаецца з сямі эміратаў і займае плошчу каля 83 600 км². У 2013 г. насельніцтва ААЭ склала 9,2 млн чалавек, з якіх 1,4 млн — грамадзяне ААЭ, а 7,8 млн — працоўныя мігранты і жыхары без грамадзянства[6][7]. Сталіца ААЭ — горад Абу-Дабі.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
араб. الإمارات العربية المتحدة‎‎
Герб Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў
Сцяг Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Герб Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў
Дэвіз: «Бог, Нацыя, Прэзідэнт»
Гімн: «عيشي بلادي»
Заснавана 1 снежня 1971
Дата незалежнасці 2 снежня 1971 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова Арабская
Сталіца Абу-Дабі
Найбуйнейшыя гарады Дубай, Абу-Дабі
Форма кіравання Федэратыўная абсалютная манархія
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Халіфа ібн Зайд ан-Нахаян
Махамед ібн Рашыд аль-Мактум
Дзярж. рэлігія Іслам суніцкага толку
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
114-я ў свеце
83 600[1] км²
0
Насельніцтва
• Ацэнка (2014)
Шчыльнасць

9 446 000[2] чал.
113 чал./км²
ВУП (намінал)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$402,3 млрд[3]  (29-ы)
$42 589,5[4]
ІРЧП (2013) 0,818[5] (вельмі высокі) (41-ы)
Валюта Дырхам ААЭ
Інтэрнэт-дамены .ae, امارات.
Код ISO (Alpha-2) AE
Код ISO (Alpha-3) ARE
Код МАК UAE
Тэлефонны код +971
Часавыя паясы +4

Сфарміраваная 2 снежня 1971 г. дзяржава — федэрацыя сямі эміратаў (эквіваленты княстваў). Кожны эмірат кіруецца спадчынным эмірам, а ўсе эміры разам утвараюць Федэральны Вярхоўны Савет — найвышэйшы заканадаўчы і выканаўчы орган краіны. Адзін з эміраў прызначаецца Прэзідэнтам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Іслам — дзяржаўная рэлігія Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, а афіцыйная мова — арабская[8].

Тэрыторыя ААЭ гістарычна належала Дзяржаве Сасанідаў, Партугаліі і знаходзілася пад уплывам Асманскай імперыі. З канца 1800-х тэрыторыя ААЭ была пад пратэктаратам Брытанскай імперыі, ад якой і была абвешчана незалежнасць у 1971 г. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, што характэрна для арабскіх краін увогуле, маюць адносна моцную і дыверсіфікаваную эканоміку, якая арыентуецца на нафту і прыродны газ, а таксама на гандаль і турызм. Большасць насельніцтва краіны вызнае іслам, які пакінуў значны ўплыў на мясцовую культуру.

Геаграфія правіць

 
Аазіс каля горада Эль-Айн.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты мяжуюць з Аманам і Саудаўскай Аравіяй, Аманскім і Персідскім залівамі. ААЭ знаходзяцца ў 19 км ад мяжы Катара. Гэты факт выклікае тэрытарыяльную спрэчку паміж ААЭ і Катарам з прычыны прыналежнасці шэрага астравоў Персідскага заліва. Аман таксама мае анклаў у атачэнні тэрыторыі ААЭ[9].

Большая частка краіны занятая пустыняй, а на ўсходзе знаходзяцца горы[9]. Знаходжанне краіны на ўзбярэжжы Армузскага праліва з’яўляецца стратэгічным у абароне ААЭ[10]. Уздоўж узбярэжжа праліва знаходзяцца шмат астравоў, пясчанных водмелей і рыфаў, што робіць яго фарсіраванне досыць складанай задачай. Дубай з’яўляецца найлепшай прыроднай гаванню. Рэгіён Абу-Дабі мае два вялікія аазісы, таму запасаў падземных вод хапае для забеспячэння нармальнага функцыянавання мясцовай гаспадаркі[9].

Клімат у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах пераважна гарачы і сухі: найцяплешыя месяцы года — ліпень і жнівень, калі тэмпература паветра падымаецца да 48 °C. Горныя жа тэрыторыі значна больш халаднейшыя. У канцы лета вільготны паўднёва-ўсходні вецер робіць надвор’е ў прыбярэжных зонах асабліва непрыемным. На ўзбярэжжы за год выпадае менш за 120 мм ападкаў, калі ў гарах у некаторых месцах гэта лічба дасягае 350 мм. Праліўныя дажджы, хоць бываюць рэдка, але могуць прыводзіць да лакальных паводак. Пясчаныя буры рэгулярна перашкаджаюць як проста бачнасці, гэтак і гаспадарцы ў цэлым[9].

У прыбярэжных экасістэмах, на выспах, у каралавых рыфах, прыліўных зонах жывуць самыя розныя віды раслін і жывёл. Дзяржава актыўна ажыццяўляе ў пустынях праграму аблясення. Горы забяспечваюць прытулак для такіх рэдкіх жывёл, як леапард і аравійскі тар (Hemitragus jayakari)[11].

Гісторыя правіць

 
Вежа XVIII ст., Хата.
 
Сцяг Дагаворнага Амана.

Далёкае мінулае правіць

Тэрыторыя Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў была заселена людзьмі ў бронзавым веку больш за дзве тысячы гадоў да н. э. Непадалёку ад сучаснага Абу-Дабі развівалася культура Ум ан-Нар, якая распаўсюдзілася далёка ўглыб тэрыторыі цяперашняй краіны і ахоплівала сучасны Аман. Аднак у той жа час існавалі і пасяленні іншых культур. Пазней тэрыторыя трапіла пад уплыў спачатку Старажытнай Грэцыі, а потым Персіі: Дзяржава Сасанідаў да 636 г. прымусова навярнула ў іслам мясцовых жыхароў, пры гэтым варта адзначыць, што хрысціяне-нестарыяне заснавалі манастыр Сір-Бані-Яс на аднайменным востраве каля сучаснага Абу-Дабі ў V ст.[12]

У сярэдневякоўі Армузская Дзяржава дамінавала на ўсім рэгіёне[12].

Пад уплывам Еўропы і Асманскай імперыі правіць

Неўзабаве пасля таго, як Васка да Гама ў 1498 г. здзейсніў падарожжа вакол Афрыкі ў Індыю, зона Персідскага заліва трапіла пад кантроль Партугаліі, дамінаванне якой у рэгіёне працягвалася да XVII ст., калі вобласць трапіла пад значны і доўгі уплыў Асманскай імперыі. З прычыны распаўсюджвання ў заліве пірацтва ў Еўропе рэгіён стаў вядомы пад назвай «Пірацкае Узбярэжжа» (англ.: Pirate Coast). Вялікабрытанія пачала ў 1819 г. ваенныя дзеянні з мэтай пакласці канец актам пірацтва. Ужо праз год было заключана мірнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй і абласцямі, на якіх зараз знаходзяцца ААЭ. У далейшым колькасць пагадненняў, заключаных з Брытанскай імперыяй, толькі ўзрастала, што абумоўлівала нарастанне сувязі між рэгіёнамі. У рэшце рэшт, у 1892 г. раён стаў брытанскім пратэктаратам, вядомым пад назвамі «Дагаворныя Дзяржавы» (англ.: Trucial States), «Дагаворны Аман» (англ.: Trucial Oman), «Дагаворныя Шэйхствы» (англ.: Trucial Sheikhdoms), «Дагаворнае Узбярэжжа» (англ.: Trucial Coast), «Дагаворныя Дзяржавы Узбярэжжа Амана» (англ.: Trucial States of the Coast of Oman)[13]. У беларускамоўнай гістарыяграфіі найчасцей выкарыстоўваецца назва «Дагаворны Аман».

Здабыча жэмчугу з’яўлялася важнай эканамічнай галіной для рэгіёна, але ў пачатку XX ст. попыт на жэмчуг стаў падаць, што прывяло да збяднення тэрыторый сучасных ААЭ. З мэтай выправіць эканамічнае становішча шэйхі пачалі абмяркоўваць ідэю нафтаразведкі, якая пачала ажыццяўляцца ў 1939 г. Першы груз сырой нафты быў адпраўлены Абу-Дабі ў 1962 г., а Дубай зрабіў гэта ў 1969 г.[12]

Перыяд незалежнасці правіць

У 1968 г. Вялікабрытанія вырашыла адмовіцца ад спроб пакінуць рэгіён пад сваім кантролем. Эміраты пачалі абвяшчаць незалежнасць 1 снежня 1971 г. На наступны дзень шэсць эміратаў — Абу-Дабі, Аджман, Дубай, Эль-Фуджайра, Шарджа і Ум-эль-Кайвайн — абвясцілі пра стварэнне дзяржавы пад назвай «Аб’яднаныя Арабскія Эміраты». Эмірат Рас-эль-Хайма далучыўся да іх годам пазней[14]. З той прычыны, што Аман, Бахрэйн і Катар вырашылі не ўваходзіць у склад федэрацыі, межы паміж гэтымі дзяржавамі і ААЭ з’яўляюцца ўнікальнымі праз наяўнасць шматлікіх анклаваў[12].

ААЭ былі адной з краін-заснавальніц арганізацыі супрацоўніцтва ў Персідскім заліве ў 1981 г. Яны актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі, у тым ліку для вырашэння такіх праблем, як тэрытарыяльная спрэчка з Іранам за права ўласнасці над востравам Абу-Муса[15]. ААЭ адпраўлялі войскі ў Кувейт падчас вайны ў Персідскім заліве 1991 г. Яны таксама ўдзельнічалі ў міратворчых місіях у некалькіх краінах[14].

Камерцыйны банк «BCCI», якім больш чым на 75 % валодае сям’я кіраўніка Абу-Дабі, збанкрутаваў у 1991 г., і кіраўніцтва банка было абвінавачана ў шматлікіх парушэннях[15].

У 2004 г. прэзідэнт ААЭ Зайд ібн Султан ан-Нахаян памёр. Пераемнікам стаў яго сын Халіфа ібн Зайд ан-Нахаян[15].

Палітыка правіць

 
Колішні наследны прынц Халіфа ібн Зайд ан-Нахаян у 1997 г.

Федэральны Вярхоўны Савет правіць

У кіраванні Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі важную ролю грае Федэральны Вярхоўны Савет, ці Савет Саюза, які ўключае ў сябе лідара кожнага з эміратаў. Савет выбірае прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта кожныя 5 гадоў. Нягледзячы на тое, што афіцыйна прэзідэнтам можа стаць шэйх любога эмірата, на практыцы дзейнічае наступнае размеркаванне: прэзідэнтам становіцца прадстаўнік эмірата Абу-Дабі з клана ан-Нахаян, а прэм’ер-міністрам — чалавек з клана ан-Мактум эмірата Дубай. Савет таксама абірае Вярхоўны Суд, а законы прымаюць прадстаўнікі ўсіх эміратаў у колькасці 40 чалавек[14].

Шэйх Зайд ібн Султан ан-Нахаян памёр 2 лістапада 2004 г. Яго сын стаў кіраўніком эмірата Абу-Дабі. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Вярхоўны Савет прагаласаваў, каб Халіфа ібн Зайд ан-Нахаян заняў пасаду прэзідэнта федэрацыі на наступны дзень[14].

У ААЭ адсутнічаюць палітычныя партыі. Першыя выбары ў парламент адбыліся ў 2006 г., калі эміраты павінны былі выбраць аднаго з двух чалавек, якім было бы дазволена галасаваць[14]. У верасні 2011 г. выбары адбыліся па такой жа самай схеме[16].

Судовая улада правіць

Прававая сістэма ААЭ грунтуецца на Каране. Акрамя таго, у юрыдычных тэкстах адлюстроўваецца ўплыў французскага права. Напрыклад, Шарыят спалучаецца з такімі праблемамі грамадскага заканадаўства, як разводы і пытанні правоў атрымання спадчыны[17].

ААЭ маюць суровыя законы ў дачыненні да парушальнікаў Шарыяту і спажыўцоў наркотыкаў: так, турысты былі прысуджаныя да некалькіх гадоў пазбаўлення волі за тое, што яны не толькі насілі адкрытую вопратку, але і дэманстравалі сляды ўжывання наркотыкаў на целе[18].

Сем эміратаў і іх цяперашнія лідары правіць

 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная карта ААЭ.

Федэрацыя складаецца з сямі эміратаў. Іх цяперашнія лідары[19]:

Узброеныя сілы правіць

У пачатку XXI ст. ААЭ былі добра ўзброены. У 2008 г. яны былі трэцім у свеце імпарцёрам узбраення (пасля Кітая і Індыі). У прыватнасці, за перыяд 20042008 гг. былі набыты 80 F-16E і 50 Mirage 2000-9. Армузскі праліў з’яўляецца стратэгічным пунктам як для абароны краіны ад узброеных нападаў, гэтак і для транспарціроўкі нафты[10].

Эканоміка правіць

 
Сучасны раён Дубая.

Федэрацыя ААЭ, як і многія іншыя арабскія краіны, мае моцную і дэверсіфікаваную эканоміку, якая ў значнай ступені абапіраецца на прыродны газ і нафту, але таксама ў рэгіёне развітыя турызм і свабодны гандаль: Дубай з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым цэнтрам Персідскага заліва. Адным з вынікаў дыверсіфікацыі эканомікі стала імклівае развіццё турызму: акцэнт робіцца на добраўпарадкаванне ўзбярэжжа, пустынь, пабудову спартыўных збудаванняў і інфраструктуры. Гэта ініцыятыва, а таксама іншыя фактары, як недарагія спажывецкія цэны, цёплы клімат, тэхналагічныя цуды (гатэль Бурдж аль-Араб, Астравы Пальмаў), высокі ўзровень сэрвісу прывялі да таго, што ААЭ атрымалі мянушку «Ганконг Блізкага Усходу». Працоўныя мігранты, значная доля якіх згодная працаваць за 120 еўра ў месяц, стварылі ўмовы для танной рэалізацыі будаўнічых праектаў ААЭ. У цяперашні час, па розных ацэнках, ад 50 % да 80 % насельніцтва ААЭ складаюць працоўныя мігранты, якія не маюць грамадзянства і адпаведных правоў. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах працоўныя не маюць прафесійных саюзаў і правоў на стачкі. Гэтыя факты часта прыцягваюць міжнароднае абмеркаванне[20].

Транспарт правіць

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах налічваюцца 41 аэрапорты і 4080 км дарог[1]. Дарогі знаходзяцца ў добрым стане, яны цалкам асветленыя, менавіта таму сярод турыстаў карыстаюцца папулярнасцю паслугі пракату аўтамабіляў. Паміж Абу-Дабі і Дубаем ёсць рэгулярныя аўтобусныя зносіны[21].

Насельніцтва правіць

 
Сакольнік. Сокал з’яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў краіны.

Сярод людзей, якія пражываюць на тэрыторыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, большасць не мае грамадзянства. Паводле ацэнак 2014 г. у краіне пражываюць 5 628 805 грамадзян. Больш за палову мігрантаў паходзяць з Паўднёвай Азіі[1].

Большасць як грамадзян, гэтак і працоўных мігрантаў, з’яўляецца мусульманамі. Іслам — дзяржаўная рэлігія Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Яго вызнаюць 96 % жыхароў краіны. Астатнія 4 % з’яўляюцца ці хрысціянамі, ці індуістамі. Арабская мова з’яўляецца афіцыйнай і выкарыстоўваецца ва ўладзе і справаводстве[1]. Аднак пасля пачатку буйнога эканамічнага росту краіны папулярнасць стала набіраць англійская мова, якая выкарыстоўваецца пераважна ў якасці лінгва франка насельніцтва, для якога арабская мова не з’яўляецца роднай[22][23]. Паводле інфармацыі на 2003 г. 78 % насельніцтва ўмеюць чытаць і пісаць[1].

Культура правіць

Культура Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў грунтуецца на ісламе і мае цесныя сувязі з іншымі краінамі арабскага свету. Існуе шэраг арганізацый, прысвечаных захаванню традыцыйных мастацтва і культуры, асабліва ў Абу-Дабі[24]. Тым не менш, высокі ўзровень жыцця паступова прыводзіць да зрухаў у традыцыйнай культуры: так, змяняецца стаўленне да жанчын у бок пашырэння іх правоў, набіраюць папулярнасць новыя еўрапейскія віды спорту, аднак разам з гэтым пашыраецца папулярнасць і традыцыйных арабскіх: вярблюджыя бягі, паляванне з сокалам і г. д.[25] У харчаванні пануюць мусульманскія традыцыі аб неўжыванні свініны і алкагольных напояў[26], але варта адзначыць наяўнасць талерантнасці да прадстаўнікоў рэлігійных меншасцей: у прыватнасці, перыядычна будуюцца хрысціянскія і індуісцкія культавыя пабудовы[27].

Шлюбы паміж сваякамі не з’яўляюцца забароненымі: больш за палову насельніцтва маюць шлюбы са сваімі стрыечнымі ці траюраднымі братамі ці сёстрамі. Прыроджаныя заганы развіцця сустракаюцца ад 4,5 % да 6 % выпадкаў нараджэння дзяцей, народжаных ад стрыечных братоў і сёстраў[28].

Традыцыйная кухня Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў нагадвае кухню Лівана і іншых арабскіх краін. Яна ўключае ў сябе разнастайныя раслінныя закускі, бараніну (фаршыраваную і тушаную), духмяныя стравы з рысу, супы з сачавіцы. Дэсерты традыцыйна з’яўляюцца надзвычай салодкімі[29]. Дзякуючы буйному эканамічнаму росту, у краіне дзейнічаюць найлепшыя рэстараны, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні такіх зорак сусветнай кулінарыі, як, напрыклад, Гордан Рамзі[26].

Спорт правіць

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ўпершыню прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у 1984 г. Адзіны алімпійскі медаль за гісторыю выйграў Ахмед Аль-Мактум у стэндавай стральбе (золата) у Афінах летам 2004 г.[30] Нацыянальная зборная ААЭ па футболе адзін раз выйшла на Чэмпіянат свету ў 1990 г. (выбыла ў першым раўндзе), а на Чэмпіянаце Азіі зборная гуляла ажно 8 разоў, дасягнуўшы найлепшых у кар’еры вынікаў у 1996 г. Станам на кастрычнік 2011 г. яна займае 113-е месца ў рэйтынгу ФІФА[31]. Іншыя папулярныя ў краіне віды спорту ўключаюць вярблюджыя бягі, скачкі, крыкет, гольф і тэніс[32][33].

Адносіны Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі (ААЭ) устаноўлены 20 кастрычніка 1992 г. Пасольства Рэспублікі Беларусь у ААЭ пачало працаваць у снежні 1999 г. З мая 2013 г. Пасол Рэспублікі Беларусь у ААЭ — Р. А. Галоўчанка.

У 2008 годзе адкрыта Пасольства ААЭ у Рэспубліцы Беларусь. З ліпеня 2012 года Паслом ААЭ у Мінску з’яўляецца Мухамед Абдала Мухамед аль-Гафлі.

У сакавіку 2000 года, сакавіку 2007 года і сакавіку 2013 года ажыццёўлены візіты ў ААЭ дзяржаўных дэлегацый на чале з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

У лютым 2012 г. адбыўся візіт Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ў ААЭ.

У 1993—2013 гадах ААЭ неаднаразова наведвалі беларускія афіцыйныя дэлегацыі на чале з Намеснікам Прэм’ер-міністра, Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі, памочнікам Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Міністрам замежных спраў, Міністрам абароны, міністрам унутраных спраў, Старшынёй Дзяржкамваенпрама, Генеральным пракурорам, а таксама парламенцкія дэлегацыі. Рэспубліку Беларусь наведвалі дэлегацыі Міністэрства абароны, Генеральнага штаба, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў ААЭ.

Рэспубліку Беларусь наведвалі Член Выканаўчага савета эмірата Абу-Дабі шэйх Султан бен Халіфа аль-Нахаян, Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сілаў ААЭ Хамад Мухамед Тані аль-Румейсі, Кіраўнік Адміністрацыі Наследнага прынца Абу-Дабі шэйх Хамід бен Заід аль-Нахаян, Міністр замежных спраў ААЭ шэйх Абдала бен Заід аль-Нахаян, Дзяржаўны Міністр па замежных справах ААЭ д-р Анвар Гаргаш.

ААЭ — асноўны гандлёвы партнёр Беларусі сярод арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў ААЭ з’яўляюцца часткі для аўтамабіляў і трактароў, тытунёвыя вырабы, сінтэтычныя валокны, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі, калійныя ўгнаенні, падшыпнікі, прычэпы і паўпрычэпы. Па стане на 2013 год у Беларусі было зарэгістравана 14 арганізацый з удзелам эмірацкага капіталу і прыцягнута інвестыцый з ААЭ на суму $54 млн.

Дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Беларусі 25 сакавіка 2014 г. прыбыла ў ААЭ. Кіраўнік Беларусі правёў перагаворы з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі — намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. Таксама прайшла сустрэча з віцэ-прэм’ерам, міністрам унутраных спраў ААЭ шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам. Партнёры дамовіліся паглыбляць супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ па ўсіх напрамках. Таксама 27 сакавіка ў Дубаі прайшоў Беларуска-эмірацкі бізнес-форум, на якім наша краіна прэзентавала свой інвестыцыйны патэнцыял, магчымасці прамысловасці, нафтахміі і турызму[34].

Зноскі

  1. а б в г д Кніга фактаў ЦРУ Архівавана 24 снежня 2018.
  2. Сусветны банк
  3. Сусветны банк
  4. Сусветны банк
  5. United Nations. 2010 Архівавана 21 лістапада 2010.
  6. Call to naturalise some expats stirs anxiety in the UAE(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2014. Праверана 5 студзеня 2015.
  7. Labor Migration in the United Arab Emirates: Challenges and Responses. www.migrationpolicy.org.
  8. UAE Makes Arabic Its Official Language(недаступная спасылка). Middleeast.about.com (9 сакавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2012. Праверана 5 студзеня 2015.
  9. а б в г Geography Persian Gulf States: A Country Study. Washington: GPO for the Library of Congress, 1993.
  10. а б UAE 'boosting military imports'(нявызн.). Al Jazeera English (29 красавіка 2009 г.).
  11. About the United Arab Emirates Архівавана 4 сакавіка 2013. WWF United Arab Emirates
  12. а б в г History Архівавана 16 ліпеня 2017. Lonely Planet
  13. Tore Kjeilen. Trucial States(нявызн.)(недаступная спасылка). Looklex.com (15 ліпеня 2009 г.). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2015. Праверана 26 снежня 2014.
  14. а б в г д Background Note: United Arab Emirates US Department of State
  15. а б в Timeline UAE BBC News
  16. FNC Elections: UAE makes history Архівавана 25 верасня 2011. Khaleej Times 25.9.2011
  17. LUnited Arab Emirate Legal System New York University School of Law, 2011
  18. Tourists warned of UAE drug laws BBC News 2008
  19. United Arab Emirates country profile BBC News
  20. Arabiemiraatit karkotti 24 lakkoilevaa siirtotyöläistä(нявызн.). YLE (30 кастрычніка 2008 г.).
  21. Getting around Lonely Planet
  22. More English, Less Islam? An Overview of English Language Functions in the Arabian/Persian Gulf(нявызн.). Andrea Charise (2007 г.).
  23. Is Arabic a dying language? Global Post
  24. Abu Dhabi Authority for Culture and Heritage
  25. Emirates Архівавана 4 сакавіка 2016. Holiday Home Online
  26. а б Food Архівавана 31 студзеня 2018. UAE Interactive
  27. Indian Community on the UAE Архівавана 25 лютага 2010. Indian Embassy [[:en:{{{1}}}|]]
  28. http://www.khaleejtimes.com/DisplayArticle09.asp?xfile=data/theuae/2009/November/theuae_November631.xml&section=theuae Архівавана 6 сакавіка 2014.
  29. Local Dishes Архівавана 5 ліпеня 2017. UAE Interactive
  30. United Arab Emirates — Olympic Sports Архівавана 20 лютага 2009. Sport reference
  31. Associations: UAE Архівавана 28 ліпеня 2018. FIFA
  32. Ten Guide. Sports in the United Arab Emirates Архівавана 26 кастрычніка 2011.
  33. [http://www.britannica.com/EBchecked/topic/615412/United-Arab-Emirates/257055/Sports-and-recreation Sports and recreation. Britannica
  34. Рабочы візіт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты [1]//.Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Літаратура правіць