Археалагічныя даследаванні Старога замка ў Гродне
Археалагічныя даследаванні Старога замка ў Гродне праводзіліся ў XX стагоддзі ў Гродне на тэрыторыі Старога замка, падчас якіх быў ўдакладнены сярэдневяковы перыяд гісторыі Гродна.
Перадумовы
правіць"Пісьмовыя крыніцы летапісаў пра пачатковы перыяд жыцця гэтага горада... настолькі сціплыя і малазразумелыя, што здаўна ў літаратуры, якая абапіралася толькі на гэтыя дадзеныя, не было яснага ўяўлення нават аб месцазнаходжанні самога горада, дзе ўладарылі «гродзенскія» князі..." Мікалай Варонін, расійскі савецкі археолаг
|
Доўгі час нараджэнне Гродна лічылася самай сапраўднай таямніцай і доўгі час выклікала спрэчкі археолагаў і гісторыкаў, паколькі не захавалася падрабязных летапісных звестак, легенд ці паданняў пра ўзнікненне Гродна.
Летапісна гарадзенскія князі згадваюцца ў 1116: «Том жа лёце Володимер (Манамах) отда дщерь сваю Огафью за Всеволодка». Усеваладка, а таксама Агаф’я, былі нашчадкамі Яраслава Мудрага. У той час Гарадзенскае княства знаходзілася ў арбіце палітыкі кіеўскіх князёў. У знакамітым паходзе на Полацк, арганізаваным кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1127, калі ўдар на Полацкую зямлю планавалася зрабіць адначасова з чатырох бакоў («четырьми шляхі»), згадваецца і «Всеволодко из Городна»; а самі гарадзенскія сілы названы пры гэтым на трэцім месцы пасля Уладзіміра-Валынскага і Турава. Такім чынам у вучоных не было сумневу, што Гародня ўжо існавала, і Гарадзенскае княства ўяўляла значную ваенна-феадальную адзінку.
Але паколькі звесткі летапісаў былі ўрыўкавыя і няпоўныя і не давалі поўнага ўяўлення аб месцазнаходжанні горада, то доўгі час працягвалася дыскусія паміж гісторыкамі ў XIX — пачатку XX ст. наконт таго, калі і дзе ўзнікла летапісная Гародня.
Большасць даследчыкаў сцвярджала, што горад, аб якім паведамляюць летапісы,— гэта Гродна над Нёманам. Такой думкі прытрымліваліся даследчыкі: В. Антаневіч, П. Сямёнаў, П. Баброўскі, З. Глогер. Падзяляў яе і Я. Арлоўскі, які на IX археалагічным з’ездзе ў Вільні прысвяціў гэтай тэме свой даклад.
Але існавала і другая група вучоных — М. Карамзін, С. Салаўёў, Н. Барсаў, якія лічылі, што вялікая аддаленасць нёманскай Гародні ад найважнейшых старажытнарускіх палітычных цэнтраў не дазваляе злучаць з ёй паведамленні летапісаў, а таму атаясамлівалі летапіснае Гродна з мястэчкам Гарадно, што знаходзіцца ў цяперашнім Столінскім раёне Брэсцкай вобласці — славутым цэнтры народнага ганчарства. Пазней да такога пункту гледжання далучыліся польскія даследчыкі Ю. Ядкоўскі і Г. Лаўмянскі.
Некаторыя гісторыкі (Н. І. Ермаловіч і інш.) летапісныя дадзеныя XII ст. адносілі да пінскай Гародні, а звесткі XIII ст. злучалі з Гародняй нёманскай. Па пытанне пра месцазнаходжанне горада пасля XIII ст. сярод даследчыкаў рознагалоссяў не было.
Аднак ні адзін з бакоў не змог прывесці пераканаўчых аргументаў у карысць сваёй пазіцыі з-за абмежаванасці пісьмовых крыніц. Відавочна, што гэтае пытанне магло быць канчаткова вырашана толькі пры дапамозе археалагічных даследаванняў абодвух геаграфічных пунктаў.
Умоўна першым археолагам Гродна можна назваць Ігната Кульчынскага (1707—1747?), гродзенскага архімандрыта, настаяцеля базыльянскага манастыра, які хоць і не праводзіў археалагічныя раскопкі, але ў сваіх даследаваннях карыстаўся археалагічнымі метадамі. І. Кульчынскі першы датаваў Барысаглебскую царкву 12 стагоддзем, параўнаўшы цэглу-плінфу, з якой зроблена царква, з аналагічным матэрыялам полацкага Сафійскага сабора
Даследаванні Ю. Ядкоўскага
правіцьУ пачатку 1930-х гадоў гродзенскія ўлады змагаліся з пастаянным падмываннем берага Нёманам пад час паводак. Для гэтага бераг Замкавай гары аблямавалі каменем, а схілы было вырашана падсыпаць зямлёй, узятай зверху з пляцоўкі гары, дзе тады ўжо быў двор музея.
Працы ўзначаліў стваральнік музея і яго першы дырэктар, археолаг-энтузіяст Ю. Ядкоўскі. Самі працы праводзіліся на працягу 4 год: 1932—1936. З пачаткам земляных прац выявіліся магутныя гатычныя муры ўмацаванняў, зробленых з радоў буйных камянёў уперамешку з радамі цэглы. Таксама была знойдзена ніжняя частка маленькай аднаапсіднай царквы, рэшткі якой удалося расчысціць усярэдзіне замка. Цэгла з усіх гэтых збудаванняў належала да канца XIV — пачатку XV ст. да тых часоў, калі гродзенскім князем быў Вітаўт (1350—1430).
Раскопкі Ю. Ядкоўскага аказаліся сапраўднай сенсацыяй, а знаходкі настолькі шматлікімі, што фінансаванне гродзенскіх даследаванняў працягвалася да канца 1930-х гадоў да самага пачатку Другой сусветнай вайны. Аднак далейшыя адкрыцці былі яшчэ больш ашаламляльнымі. Ніжэй слаёў эпохі Вітаўта выявіліся унікальныя збудаванні часоў Кіеўскай Русі. Аказалася, што ў часы Усеваладкі і яго сыноў частка ўмацаванняў замка была выканана не з дрэва, а з вузкай і доўгай цэглы-плінфы, змацаванай характэрнай для XII ст. ружовай «цэмянкай» (вапна, змешаная з тоўчанай цэглай). Усярэдзіне замка былі раскрытыя рэшткі княжацкага цаглянага «церама» і унікальнага помніка — трохапсіднай трохнефавай царквы — усе збудаваныя ў адной тэхніцы.
Аб унікальных адкрыццях Ю. Ядкоўскага пачалі пісаць многія еўрапейскія газеты. Аднак у 1936 выбухнуў навуковы скандал. Віленскі прафесар Яманоўскі, наведаўшы раскопкі, высветліў, што метады даследавання Ю. Ядкоўскага далёкія ад сучаснай навукі. Старажытныя напластаванні не фіксаваліся, знойдзеныя рэчы з імі не звязваліся, зменшаліся паміж сабой і заставаліся бяспашпартнымі і для навукі бескарыснымі. Горш за ўсё было тое, што аўтар раскопак абкапаў знойдзеныя пабудовы метровымі траншэямі, адрэзаўшы іх ад слаёў, у якіх яны былі збудаваныя, што значна ўскладніла вызначэнне даты пабудоваў. У выніку дэбатаў археалагічнай камісіі Ядкоўскі быў адхілены ад раскопак. Тым не менш, Ядкоўскі паспеў апублікаваць грунтоўны артыкул «Сярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Старым каралеўскім замку ў Гродне ў 1932—1933 гг.» (Варшава, 1934), а асноўныя яго меркаванні аб мураваных пабудовах XII ст. лічацца слушнымі і зараз.
Даследаванні З. Дурчэўскага і Я. Вайцяхоўскага
правіцьЯдкоўскага замяніў малады варшаўскі археолаг Здзіслаў Дурчэўскі, а пасля і Яраслаў Вайцяхоўскі, якія працягвалі працы ўжо на сучасным узроўні.
Іх вынікі таксама пераўзышлі ўсе спадзяванні: аказалася, што пад замкам Баторыя (XVI ст.) цалкам захаваліся ніжняя часткі палаца Вітаўта (XIV ст.), а некаторыя яго часткі ўвайшлі ў муры пабудовы часоў Баторыя.
Дурчэўскі ў 1937—1939 правёў даследаванні на захад ад Ніжняй царквы. Рэшткі Верхняга храма пры ім былі закансерваваны. Потым іх знялі з падмуркаў Ніжняй царквы і перанеслі ў спецыяльны збудаваны каля будынка каралеўскага палаца будан, дзе яны знаходзяцца і зараз. Агульная плошча раскапак З. Дурчэўскага склала каля 300 кв. м. Раскопкі пачаліся з глыбіні 3,4 м ад узроўню тагачаснай дзённай паверхні, таму што больш познія наслаенні былі знятыя пад кіраўніцтвам Ю. Ядкоўскага пры ўмацаванні схілаў Замкавай гары. За дзённую паверхню сваіх раскопак З. Дурчэўскі прыняў брук замкавага двара часоў Вітаўта. На працягу аднаго палявога сезона 1937 даследчык распрацаваў культурны пласт на глыбіню 2,2 м і дасягнуў глыбіні 5,6 м. Уся плошча, якая раскопвалася, была падзелена на квадраты плошчай 4 кв. м. Кожны з квадратаў меў свой нумар.
Пільную ўвагу археолаг надаваў апісанню стратыграфіі культурнага пласта. На працягу трох гадоў З. Дурчэўскі вывучыў культурныя наслаенні таўшчынёй каля 4,5 м. Даследаванні ён давёў да мацерыка, які залягаў на глыбіні ад 8 да 8,15 м. Усяго зафіксавана 14 розначасовых слаёў і праслоек. Пры раскопках ім былі выяўлены рэшткі 23 драўляных пабудоў. У развіцці Гродна Дурчэўскі вылучыў два перыяды: рускі горад канца XII — 1-й паловы XIII ст. і час панавання літоўскіх князёў, так званы літоўскі перыяд, які абмяжоўваўся даследчыкам XIII—XIV стст.
Даследаванні З. Дурчэўскага канчаткова вырашылі на карысць сучаснага Гродна навуковую дыскусію адносна месцазнаходжання летапіснага горада.
Я. Вайцэхоўскі апублікаваў свае найцікавейшыя даследаванні ў 1938, а працам З. Дурчэўскага лёс не спрыяў: у 1939 пачалася другая сусветная вайна, а ў 1944 даследчык загінуў падчас Варшаўскага паўстання.
Падчас вайны калекцыя старажытных рэчаў, сабраная пры раскопках, была часткова разрабавана і дэпартавана. Большая частка археалагічных матэрыялаў была звалена ў адну кучу, многія рэчы дэпашпартызаваныя.
Даследаванні ў 1940-1950-ыя гады
правіцьПасля заканчэння вайны, у лістападзе 1945, у Гродна прыехалі вядомыя польскія археолагі У. Галубовіч і Х. Цегак-Галубовіч. Яны ў тым ліку ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках старажытнага Менска. Вучоныя стварылі пад сваім кіраўніцтвам рабочую групу ў складзе чатырох чалавек і на працягу пяці месяцаў, па сакавік 1946, правялі вялізную працу па выратаванні музейных калекцый Старога замка, у тым ліку і археалагічных. Намаганнямі даследчыкаў удалося аднавіць пашпарты амаль на 70 % знаходак з раскопак 1932—1939 гг. Засноўваючыся на звестках аб земляных работах у гістарычнай зоне горада, даследчыкі выказалі меркаванне, што тэрыторыя Новага замка і участкі на ўсход ад дзядзінца былі заселены ўжо ў старажытнасці. Па выніках сваіх прац даследчыкі напісалі кнігу «Новыя матэрыялы па гісторыі Гродна ў раннефеадальную гісторыю», якая аднак не была апублікавана.
Новыя буйныя раскопкі на Старым замку правяла экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага расійскага даследчыка М. М. Вароніна ў жніўні—кастрычніку 1949. У склад экспедыцыі ўваходзілі вядомыя археолагі В. Янін, В. Сядоў, А. Нікіцін, Л. Аляксееў, палеазаолаг В. Цалкін, палеабатанік А. Кір’янаў і археолаг Ф. Гурэвіч. Актыўна працавалі на раскопках і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Асноўнымі задачамі раскопак было ўдакладненне стратыграфіі помніка і поўнае раскрыццё Ніжняй царквы.
Вынікам гэтага даследавання стала грунтоўная манаграфія М. М. Вароніна «Древнее Гродно», у якой дэталёва разгледжана пачатковая гісторыя горада на фоне гісторыі ўсяго рэгіёна, матэрыяльная культура старажытных гарадзенцаў. Асобны раздзел прысвечаны помнікам мураванага дойлідства XII ст. Варонін удакладніў стратыграфію культурнага пласта Старога замка, паказаў развіццё матэрыяльнай культуры горада XI—XIV ст., дэталёва апісаў драўляныя пабудовы XI—XIV ст., мураваныя пабудовы XII ст.
Характарыстыцы матэрыяльнай культуры прысвечаны цэлы раздзел кнігі. Услед за Галубовічамі аўтар падрабязна апісвае знаходкі і прыводзіць іх аналогіі з іншых помнікаў. Шматлікі рэчавы матэрыял дае магчымасць археолагу шырока і падрабязна ахарактарызаваць рамесную вытворчасць, заняткі насельніцтва, гандлёвыя сувязі старажытнага Гродна. М. Варонін, апісваючы планіроўку і драўляную забудову, адзначаў наяўнасць вуліц на тэрыторыі крэпасці ў XII—XIII стст і падкрэсліваў, што з цягам часу забудова паступова рабілася больш сціслай. Параўноўваючы будаўнічыя прыёмы і забудову старажытнага Гродна з Давыд-Гарадком, адзначае іх падабенства.
Значнае месца ў працы займае даследаванне помнікаў архітэктуры XIII ст. Сярод іх аўтар аналізуе асаблівасці царквы Барыса і Глеба, што знаходзілася за межамі замка, ва ўрочышчы Каложа. На думку даследчыка, яна была пабудавана пазней за помнікі, выяўленыя на тэрыторыі замка. Вялікая ўвага ў працы надаецца вынікам даследавання Ніжняй царквы ў цэнтры гарадзенскага дзядзінца. М. Варонін адзначыў, што Ніжняя царква, як і Барысаглебская царква была змуравана з цэглы некалькіх відаў, для яе вонкавага аздаблення выкарыстоўваліся шліфаваныя камяні. У падлозе царквы месцамі захавалася маёлікавая плітка жоўтага, зялёнага і карычневага колераў рознай формы. У інтэр’еры храма шырока ўжываліся галаснікі, а дах царквы быў накрыты свінцом. Даследчык слушна заўважыў, што муроўка царквы бессістэмная, таму перавязка швоў часам парушаецца. Варонін адзначыў, што сцены царквы былі даволі тонкія (да 1,05 м) і наяўнасць у іх галаснікоў і валуноў рабіла іх яшчэ менш трывалымі. Да таго ж у выніку даследаванняў археолаг высветліў, што падмурак храма быў выкладзены з дробных камянёў без ужывання рошчыны на глыбіню ўсяго 0,45—0,5 м. Гэтыя канструкцыйныя памылкі, на думку даследчыка, і садзейнічалі даволі хуткаму разбурэнню помніка, пачаткам якога вучоны лічыў пажар падчас навальніцы ў 1183.
Адносна пабудовы, якую адкрыў у 1932 г. Ю. Ядкоўскі ў паўднёвай частцы дзядзінца і назваў яе княскім церамам, М. Варонін выказаў іншую думку. Будынак, які Ю.Ядкоўскі назваў «церамам», Варонін лічыў рэшткамі абарончай вежы. Аднак пасля раскопак 1981 спецыяліст па архітэктуры эпохі Кіеўскай Русі П. А. Рапапорт прыйшоў да высновы, што рацыю меў Ядкоўскі, а рэшткі збудаванняў на мысе Замкавай гары, якія спачатку лічыліся вежай, былі прызнаныя за абарончую сцяну.
На падставе археалагічных даследаванняў М. У. Малеўскай удалося рэканструяваць ізшаданы паліхромны малюнак падлогі Ніжняй царквы, выкладзенай з маёлікавых плітак жоўтага, карычневага і зялёнага колераў. Нягледзячы на вялікую цікавасць да археалогіі Гродна, выкліканую адкрыццямі 1930-х гадоў, даследаванні горада пасля экспедыцыі Вароніна прыпыніліся.
Даследаванні ў 1970-1980-ыя гады
правіцьДаследаванні Старога замка працягнуліся праз 22 гады ў 1971 г. У 1971 г. і ў М. А. Ткачоў (Гродна) праводзіў шурфоўку на Старым замку, у 1977 г. А. А. Трусаў (Мінск) праводзіў шурфоўку на Старым замку; у 1981 г. А. А. Трусаў (Мінск) і П. А. Рапапорт (Ленінград) праводзілі шурфоўку на Старым замку, у 1985—1986 гг. А. А. Трусаў (Мінск) і М. А. Ткачоў (Гродна) праводзілі раскопкі на Старым замку; у 1987—1988 гг. А. А. Трусаў працягваў даследаванні на Старым замку. Усяго з 1971 да канца 1988 года раскапана на Старым замку каля 1040 м².
У 1971 на Старым замку пад падмуркам мураванай сцяны XIV—XVI ст. выяўлены рэшткі самых старажытных драўляных умацаванняў XII—XIII ст. М. А. Ткачоў прыйшоў да высновы, што згарэлыя драўляныя канструкцыі былі перакрыты пластом пяску з гравіем і на іх месцы ў канцы XIV ст. узведзены каменныя умацаванні на падмурку каля 1 метра глыбінёй і да 2,5 м таўшчынёй.
Шурфоўка ў 1981 канчаткова пацвердзілі, што адкрыты Ю. Ядкоўскім «церам» 12 з’яўляецца княжацкім палацам. Гэты будынак прымыкаў да абарончай сцяны над берагам Нёмана і складаўся з двух памяшканняў і меў некалькі паверхаў. Яго даўжыня 9,72 м, шырыню вызначыць не ўдалося з-за разбурэнняў. Гродзенскі княжацкі палац быў большы па памерах, чым аналагічныя збудаванні ў Полацку, Смаленску, Чарнігаве, і намнога багацей упрыгожаны.
Адначасова вывучалася сцяна XII ст. на мысе дзядзіца. Яна ацалела на даўжыню каля 12 м, яе шырыня каля 1,4 м, а першапачатковая даўжыня складала не менш як 20 м, а вышыня — не менш як 5 м. Даследчыкі прапанавалі даволі арыгінальную версію аб яе прызначэнні. Яны адзначылі, што паколькі, з іх пункту гледжання, цагляныя абарончыя збудаванні не мелі перавагі перад драўлянымі, то і знойдзеная сцяна не мела істотнага значэння ў сістэме ўмацаванняў. Сцяна на іх думку ўключалася ў драўляныя абарончыя збудаванні і выкарыстоўвалася як прагулачная галерэя.
Актывізацыя даследаванняў на Старым замку была выклікана пачаткам распрацоўкі праекта рэстаўрацыі архітэктурнага комплексу. Вынікі прац былі абагульнены ў манаграфіі «Стары замак у Гродне XI—XIII стст.».
Каля паўночнай сцяны замка былі расчышчаны рэшткі вялікіх мураваных пабудоў XIV ст., ад якіх захаваліся сцены даўжынёй ад 5,5 да 10 м. Папярочная сцяна гэтых будынкаў (верагодна, склады рыштунку і зброі) маюць скразныя аркі, складзеныя з жоўтай і чырвонай цэглы-пальчаткі XVI ст. Пад час раскопак культурнага пласта знойдзена 20 каменных ядраў, дэталь арбалета, нервюрная гатычная цэгла, кельма XV—XVI ст., нажы, кафля, вялікая колькасць керамічнага посуду. Яшчэ адно адкрыццё чакала даследчыкаў каля ўсходняга крыла палаца. Тут была выяўлена сцяна, складзеная з плінфы XII ст. і шліфаваных камянёў.
Акрамя таго, плінфай была абкладзена падэшва вала з боку ракі Гараднічанкі. Наяўнасць сярод гэтых муроў XII ст. фігурнай плінфы і шліфаваных камянёў навяло даследчыкаў на думкі, што пасля пабудовы царквы засталася лішняя плінфа і каменне, якія былі выкарыстаны ва ўмацаваннях.
Вывучэнне помнікаў мураванай архітэктуры, адкрытых на Старым замку, прывяло даследчыкаў да высновы аб існаванні асобнай гродзенскай архітэктурнай школы 12 ст. Усе даследчыкі сыходзяцца на тым, што яна вылучаецца сярод іншых сваёй самабытнасцю і арыгінальнасцю.
Матэрыяльная культура, выяўлення падчас даследаванняў
правіцьКультурны пласт старажытнага горада ў цэнтры Замкавай гары дасягае магутнасці 8—10 м і падзяляецца на 4 стратыграфічныя гарызонты. У ходзе раскопак выяўлены драўляныя жылыя і гаспадарчыя збудаванні, а таксама прылады працы, прадметаў побыту, узбраення, керамікі X—XVII ст. Культурны пласт мае нязначнае агульнае паніжэнне да цэнтра замкавага двара. Вылучаецца магутны слой XII ст. (таўшчынёю больш за 3 м), насычаны адходамі інтэнсіўнага мураванага будаўніцтва (бітая і цэлая плінфа з клеймамі, шліфаваныя валуны, керамічныя, паліваныя пліткі падлогі і фасада, вапна, пясок і інш.). Іх аналіз і стратыграфічныя назіранні паказалі, што на дзядзінцы з сярэдзіны XII ст. пастаянна вялося будаўніцтва мураваных аб’ектаў: храма XII ст. (так званая Ніжняя царква), княжацкага палаца, каменна-плінфавых абарончых сцен.
Найбольш масавымі знаходкамі былі абломкі керамічных вырабаў (больш за 3 тыс. фрагментаў). Самыя раннія абломкі гліняных гаршкоў культуры штрыхаванай керамікі датуюцца рубяжом нашай эры. Сустракаюцца нешматлікія абломкі грубаляпной, падпраўленай на крузе ганчарнай керамікі X ст. агульнаславянскага тыпу, характэрнага для вялізных тэрыторый як усходніх, так і заходніх славян. Сярод керамічнага матэрыялу старажытнай Гародні канца X — XI ст. не заўважана керамікі крывічоў, жмудзі і яцвягаў, хаця іх прысутнасць на Гарадзеншчыне тых часоў прасочваецца па іншых археалагічных помніках. Колькасць керамікі значна павялічылася ў XI—XII ст., калі на гэты час прыйшліся каланізацыйныя патокі з паўднёвай Русі і асабліва з паўднёвага захаду Валыні спалучаліся з каланізацыяй, якая ішла з захаду, з Падляшша.
Сярод знаходак XI—XII ст.: посуд з вострым рабром ці накладным дэкарыруючым валікам у аснове горла і па тулаве (валік упрыгожаны штампаванымі ўзорамі ці касымі насечкамі ў выглядзе ёлачак); гаршкі з высокім горлам, на якім глыбокія і шырокія канелюры-глалоткі; бочкападобны посуд. На донцах посуду XI—XIII ст. прысутнічаюць ганчарныя клеймы.
Сярод талерак XVII—XVIII ст. ёсць глянцаваныя і чорнаглянцаваныя, з палівай зялёнага і салатнага колеру; некаторыя мелі падглазурную размалёўку і раслінны ўзор. Міскі пакрыты палівай і ўпрыгожаны па борціку падглазурнай размалёўкай. Знойдзены таксама абломкі прычарнаморскіх амфар, тыглі XII ст. трохвугольнай і гаршкападобнай формаў са слядамі палівы.
Сярод археалагічных знаходак вылучаецца вялікая калекцыя (з больш як 2 тыс. фрагментаў) кафлі рознага часу, разнастайных памераў, тыпаў і формаў. Тут ёсць гаршковая кафля XV—XVI ст. з круглым і квадратным вусцем: каробкавая канца XVI — першай паловы XVII ст. (зялёныя паліваныя, паліхромныя і размаваныя экзэмпляры, упрыгожаныя арнаментам; «галандская» другой паловы XVIII ст. з гладкай паверхняй.
У ходзе раскопак знойдзена значная калекцыя будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку прамавугольная плінфа, на тарцах якой выяўлены разнастайныя літары і 36 знакі. Знойдзены таксама амфары-галасткі XII ст., якія манціраваліся ў тоўшчу сцен у якасці рэзанатараў, а таксама каля 90 фрагментаў архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі — плітак падлогі XII ст. Знойдзена ў ходзе даследаванняў некалькі тысяч фрагментаў дахоўкі, якія сведчаць, што ўсе будынкі сярэдневяковага гарадзенскага замка былі накрыты гэтым эстэтычна прыгожым, трывалым і пажарабяспечным матэрыялам. Сярод знаходак самая ранняя дахоўка «бабровы хвост» (XV ст.), плоская так званая «дашчаная» з круглявай пяткай (канец 16 — 1-я палова XVII ст.), хвалістая або «галандская» XVIII ст.
Сярод вырабаў з гліны і каменю адзначаюць шыферныя праселкі, гліняныя грузілы ад рыбацкіх сетак, пясчанікавыя тачыльныя брускі, каменныя дыскападобныя жорны. Значная калекцыя касцяных і рагавых вырабаў. Як і ў кожным старажытным горадзе, знойдзена нямала разнастайных шкляных вырабаў. Для XII—XIII ст. гэта галоўным чынам бранзалеты розных тыпаў і колераў (гладкія, вітыя, кручаныя з зялёнага, аквамарынавага, карычневага і чорнага шкла, фрагменты імпартнага танкасценнага шклянога посуду са слядамі пазалоты (магчыма, візантыйскага ці арабскага паходжання); аконнае шкло XVI—XVII ст., фрагменты бутэлек, штофаў, аптэчны посуд.
Сярод прадметаў мастацтва і дробнай пластыкі унікальная шахматная фігура-ладдзя з светлага каменю з 4 воінамі на ёй, якія трымаюць у руках шчыты, а таксама бронзавы вадаліў у выглядзе рыцара на кані, — прадмет яўна заходнееўрапейскага, хутчэй германскага паходжання. Да твораў мастацтва мясцовых ювеліраў трэба адносяць плоскія медныя пласціны, якія з’яўляюцца рэшткамі некалі раскошнага ўбору алтарнай агароджы Ніжняй царквы.
Пад час раскопак на Замкавай гары знойдзены прадметы культу XII—XIII ст., у тым ліку 4 крыжыкі. Тры з іх — гэта крыжы-складні або энкалпіёны-рэлікварыі для святых мошчаў. Ёсць сярод знаходак эпохі Кіеўскай Русі і многія прадметы, якія сведчаць аб пісьменнасці гараджан: сярод іх свінцовая пячатка, на адным баку якой выява Яна Хрысціцеля, а на другім — надпіс «ДЬНЕСЛОВО». На адным з шыферных праселкаў захаваўся надпіс: «ГИ ПОМОЗИ РАБЕ СВОЕЙ И НЕДАИ…». Фрагмент адлітага надпісу першай паловы XII ст. маецца на кавалку звона.
Добрыя анаэробныя якасці культурнага слоя старажытнай Гародні, яго насычанасць грунтавымі водамі закансервавалі ўсе прадметы арганічнага і неарганічнага паходжання. Асабліва добра захаваліся скураныя вырабы, якія складаюць калекцыю больш за 2700 адзінак. Цэлыя экзэмпляры і дэталі абутку дазволілі аднавіць і рэканструяваць 4 віды старажытнага абутку XI—XVI ст. Сярод іх поршні XI—XIII ст., башмакі, чаравікі і боты. Падэшвы рознага крою і формы: тупаносыя і вастраносыя гатычныя XV—XVI ст.; паводле памераў — дзіцячыя (15,5—17,5 см даўжыні), жаночыя (17—21,5 см) і мужчынскія (23—30,5 см). Есць вялікая колькасць перадкоў, заднікаў, бакавыя дэталі-берцы, халявы, башмакі з цэльнакроеным верхам без абцасаў. Сярод скураных вырабаў — кашалёк-каліта, фрагмент скураной кайстры, похвы ад нажа, пляцёная плётка-бізун з сырамятных раменьчыкаў.
Раскопкамі выяўлена шмат прылад працы: падоўжная піла, сякеры, скоблі, долата, свярдзёлкі, кельма XV—XVI ст., сашнік, скобель, сярпы руска-літоўскага тыпу, абломкі кос, некалькі дзясяткаў тронкавых нажоў, спружынныя і шарнірныя нажніцы, іголкі, шылы.
Дзякуючы кансервавальным якасцям культурных напластаванняў дзядзінца ў іх збераглося шмат драўляных прадметаў: шматлікія бандарныя вырабы і дэталі ад іх, вырабы з бяросты, у тым ліку берасцянка са знакам Рурыкавічаў на днішчы, паплаўкі ад рыбалоўных сетак. Знойдзены кавалкі тканіны з воўны і пянькі, льняныя ніткі.
Раскопкамі вывучаны 22 будаўнічыя ярусы, якія ўключаюць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, абнесеныя частакольнай агароджай, 2 вулічныя маставыя. Жылыя будынкі (памеры ад 3,4 х 3,5 м да 5,9 х 5,4 м) мелі глінабітныя з уключэннем камянёў печы на драўляных платформах, у іх канструкцыях ў XII — першай палове XIII ст. выкарыстоўвалі цэглу-плінфу, а пазней буйнапамерную цэглу. Зрубы рубіліся ў абло, ставіліся на розныя фундаментныя канструкцыі, мелі падлогі з тоўстых дошак на лагах, якія шматразова перасцілаліся. Гаспадарчыя пабудовы (хлявы, свірны, куратнікі, клеці) мелі розныя памеры і былі ўзведзены ў тэхніцы «ў чашку», «у храпку», «у шула», «у замёт» і «абло». Выкарыстоўваліся рамкава-стоечныя канструкцыі, брусяныя пабудовы рабіліся з XII ст. Дах рабіўся дашчаны па кроквах, знойдзены т.зв. какошыны — «курыцы». Унутраныя дворыкі абгароджваліся частаколам, масціліся плахамі і тоўстымі дошкамі, магчыма, прыкрываліся навесамі на слупах. Адкрыты вулічныя маставыя двух вуліц, якія ішлі паміж будынкаў да цэнтральнай плошчы, яны насцілаліся з плах і дошак на 2—3 лагах. Шырыня вуліц была 1,8 — 2,05 м. Аналіз забудовы і вулічных насцілаў сведчыць, што забудова і планіроўка старажытнага дзядзінца сярэдневяковага замка была стабільная і не мянялася на працягу XI—XVII ст.
Інфармацыя, сабраная ў ходзе раскопак, дала багаты матэрыял аб развіцці ворыўнага земляробства ў XI—XIII ст. Тагачасныя насельнікі вырошчвалі жыта, авёс, проса, каноплі, грэчку, пшаніцу, гарох, ячмень, конскі боб. Знойдзены шалупінне лясных арэхаў, костачкі слівы. Сабрана выключна багатая калекцыя касцей дзікай і свойскай жывёлы. Характэрнай асаблівасцю культурнага слоя старажытнай Гародні з’яўляецца працэнтная перавага касцей дзікіх жывёл над касцямі свойскай жывёлы, што сярод старажытных гарадоў эпохі Кіеўскай Русі з’ява даволі рэдкая. Гэта тлумачыцца тым, што глухія пушчы, якія абкружалі Гародню з усіх бакоў, былі вы ключ на багатыя лясным зверам і птушкай. Аналіз касцей дзікай і свойскай жывёлы, птушак, рыб паказвае, што з моманту першага пасялення гарадзенцы трымалі буйную і дробную рагатую жывёлу (кароў, авечак), свіней, коней, сабак, палявалі на аленя, зубра, дзіка, куніцу, ліса, гадавалі гусей, курэй, здабывалі розных птушак — глушца, цецерука, лебедзя, лавілі самую разнастайную рачную рыбу, у тым ліку балтыйскага асятра.
Літаратура
правіць- А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
- Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
- Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3
- В. В. Швед, А. П. Госцеў, А. А. Дабрыян. Горадзен. Аповяды з гісторыі горада (10 ст. — сярэдзіна 16 ст.), Гродна, 1996, 60 с.