Гален (лац.: Aelius Galenus ці Claudius Galenus, грэч. Γαληνός; 129—199 ці 217) — рымскі ўрач і філосаф грэчаскага паходжання[2]. Гален зрабіў каштоўны ўклад у разуменне шматлікіх навуковых дысцыплін, такіх як анатомія[3], фізіялогія, паталогія[4], фармакалогія[5] і неўралогія, а таксама філасофія[6] і логіка.

Гален
Γαληνός
Дата нараджэння не раней за 129 і не пазней за 131
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 201 і не пазней за 216
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Аэлій Нікан[d][1]
Род дзейнасці урач-пісьменнік, хірург, біёлаг, нейрабіёлаг, урач, філосаф
Навуковая сфера медыцына, анатомія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Распаўсюджанае напісанне імені як Клаўдый Гален (лац.: Claudius Galenus) з’яўляецца толькі ў эпоху Адраджэння і не зафіксавана ў рукапісах; лічыцца, што гэта памылковая расшыфроўка скарачэння Cl. (Clarissimus)[7].

Сын багатага архітэктара, Гален атрымаў выдатную адукацыю, шмат падарожнічаў, сабраўшы вялікую колькасць медыцынскай інфармацыі. Пасяліўшыся ў Рыме, лячыў знатных асоб, стаўшы з цягам часу асабістым урачом некалькіх Рымскіх імператараў.

Яго тэорыі дамінавалі ў еўрапейскай медыцыне на працягу 1300 гадоў. Яго анатоміяй, заснаванай на дыссекцыі малпаў і свіней, карысталіся да з’яўлення ў 1543 годзе працы «Аб будоўлі чалавечага цела» Андрэаса Везалія[8], яго тэорыя кровазвароту праіснавала да 1628 года, калі Уільям Гарвей апублікаваў сваю працу «Анатамічнае даследаванне аб руху сэрца і крыві ў жывёл», у якім даў апісанне ролі сэрца ў кровазвароце[9]. Студэнты медыкі вывучалі Галена да 19 стагоддзя ўключна. Яго тэорыя аб тым, што мозг кантралюе рухі пры дапамозе нервовай сістэмы з’яўляецца актуальнай і сёння.

Біяграфія правіць

 
Тытульны аркуш твора Галена De curandi ratione Выданне 1529 года

Раннія гады правіць

Імя Галена грэч. Γαληνός, Galēnos паходзіць ад прыметніка «γαληνός», «спакойны»[10].

Гален апісвае сваё юнацтва ў сачыненні «Аб прыхільнасцях розуму». Ён нарадзіўся ў верасні 129 года[11]. Яго бацька, Нікан, быў багатым і знатным архітэктарам, які цікавіўся філасофіяй, матэматыкай, логікай, астраноміяй, сельскай гаспадаркай і літаратурай. Гален апісвае свайго бацьку як «вельмі ласкавага, простага, добрага і добразычлівага чалавека». У той час Пергам быў значным культурным і інтэлектуальным цэнтрам, які быў вядомы сваёй бібліятэкай (Эўмен III), другой па велічыні пасля александрыйскай[4][12], і прыцягваў як філосафаў-стоікаў, так і платонікаў. Гален быў прадстаўлены пергамскім філосафам ва ўзросце 14 гадоў. Яго заняткі філасофіяй уключалі ўсе існаваўшыя на той час філасофскія сістэмы, уключаючы філасофію Арыстоцеля і эпікурэізм. Яго бацька хацеў, каб Гален стаў стаў філосафам ці палітыкам, і стараўся навучаць яго ў пытаннях літаратуры і філасофіі. Гален сцвярджае, што прыкладна ў 145 годзе яго бацька ўбачыў сон, у якім Асклепій загадаў Нікану паслаць сына вывучаць медыцыну. Бацька не пашкадаваў грошай, і ў 16 гадоў Гален пачаў вывучаць медыцыну ў Асклепіёне, дзе правучыўся чатыры гады. Асклепіён быў адначасова і храмам, і бальніцай, у якой любы жадаючы мог прыйсці шукаць дапамогі свяшчэннаслужыцеляў. Сюды прыязджалі рымляне ў пошуках лячэння. Храм быў таксама прытулкам вядомых людзей, такіх як гісторык Клаўдзій Харакс, прамоўца Элій Арысцід, сафіст Палемон, консул Руфін Куспій[11].

У 148 годзе, калі Галену было 19 гадоў, бацька памер, пакінуўшы яму сваю маёмасць. Гален паслухаўся парады Гіпакрата[13] і накіраваўся вучыцца, наведаўшы Смірну, Карынф, Крыт, Кілікію, Кіпр і, нарэшце, Вялікую медыцынскую школу ў Александрыі, тым самым вывучыўшы розныя медыцынскія традыцыі. У 157 годзе, у 28 гадоў Гален вярнуўся ў Пергам і стаў урачом гладыятараў першасвяшчэнніка Азіі, аднаго з самых уплывовых і багатых людзей у Азіі. Гален сцвярджае, што першасвяшчэннік абраў яго пасля таго, як ён выцягнуў вантробы малпы і прапанаваў іншым урачам вярнуць яе ў нармальны стан. Пасля таго, як яны адмовіліся, Гален зрабіў гэта сам, заслужыўшы давер першасвяшчэнніка. За чатыры гады знаходжання на гэтай пасадзе, Гален упэўніўся ўнеабходнасці дыеты, заняткаў спортам, гігіены і прафілактыкі, вывучыў анатомію, лячэнне пераломаў і цяжкіх траўм, называючы траўмы «вокнамі цела». За час яго працы толькі пяцёра гладыятараў памерлі, у параўнанні з 60 пры яго папярэдніку, што гаворыць аб вялікай увазе, якую Гален надаваў іх траўмам. У той жа час ён працягваў вывучаць тэарэтычную медыцыну і філасофію[11][14][15][16].

Сталыя гады правіць

Гален прыехаў у Рым у 162 годзе і стаў практыкуючым урачом. Яго раздражняльнасць стала падставай канфлікту з іншымі ўрачамі, і ён адчуў пагрозу. Яго талент прывёў да таго, што менш здольныя і таленавітыя ўрачы настроіліся супраць яго. Яны зладзілі змову, і ён, баючыся быць выгнаным ці атручаным, сам пакінуў горад[17].

З 161 года Рым быў уцягнуты ў вайну. Марк Аўрэлій і Луцый Вер на поўначы ваявалі з маркаманамі[18]. Восенню 169 года, калі рымскія войскі вярталіся ў Аквілею, пачалася страшэнная эпідэмія, і Гален быў выкліканы назад у Рым. Яму было загадана суправаджаць Марка Аўрэлія і Луцыя Вера ў Германіі. Наступнай вясной Марк Аўрэлій адпусціў Галена, пасля паведамлення аб тым, што Асклепій супраць гэтага прадпрыемства[19]. Ён быў прысланы ў якасці ўрача да імператарскага наследніка Комада. Менавіта тут, пры двары, Гален шмат пісаў на медыцынскую тэматыку. Па іроніі лёсу, Луцый Вер памёр у 169 годзе, а Марк Аўрэлій у 180-ым, абодва сталі ахвярамі эпідэміі.

Гален быў асабістым урачом Комада амаль усё жыццё імператара. Паводле слоў Дыёна Касія, прыкладна ў 189 годзе у час праўлення Комада, адбылася найбуйнейшая эпідэмія з вядомых яму, па 2000 чалавек гінула ў Рыме штодзень. Хучэй за ўсё гэта была тая ж хвароба, што адбылася ў Рыме пры праўленні Марка Аўрэлія[19].

Гален таксама стаў урачом Септымія Севера. У сваіх запісах ён хваліць Септымія Севера і Каракалу за дапамогу з дастаўкай лекаў[17].

Антанінаўская чума правіць

Антанінаўская чума названая так па фамільнаму імені Марка Аўрэлія. Называлася таксама чумой Галена і займала важнае месца ў гісторыі медыцыны дзякуючы таму, што была звязана з іменем Галена. Ён быў у Рыме ў 166 годзе, калі пачалася эпідэмія, а таксама зімой 168—169 гадоў у час паўторнай эпідэміі сярод войскаў у Аквілеі. Гален называў эпідэмію вельмі працяглай, апісаў сімптомы захворвання і спосабы лячэння. На жаль, гэтыя запісы кароткія і несістэматычныя, бо Гален не імкнуўся апісаць хваробу для нашчадкаў, яго больш цікавілі сімптомы і спосабы лячэння. Смертнасць складала 7-10 %. Эпідэмія за 165—168 гады забрала ад 3,5 да 5 міліёнаў жыццяў. Асобныя даследчыкі лічаць, што загінула больш за палову насельніцтва імперыі, і што гэта эпідэмія была самай масштабнай у гісторыі імперыі[19]. Лічыцца, што Антанінаўская чума была выклікана вірусам воспы, бо нягледзячы на няпоўнае апісанне, Гален пакінуў дастаткова інфармацыі аб сімптомах хваробы.

Гален піша, што высыпка, якая пакрывала ўсё цела, звычайна была чорнай, але не было ніякіх язваў, а ў тых, хто выжыў, заставалася чорная высыпка, з-за рэштак крыві ў гнайнічковых вадырах, і прысутнічалі вадыры. Гален сцвярджае, што скурная высыпка была блізкай да той, што апісваў Фукідыд[19]. Гален апісвае праблемы са страўнікава-кішачным трактам і дыярэю. Калі стул быў чорны, пацыент паміраў[19]. Гален таксама апісвае сімптомы ліхаманкі, ваніты, непрыемны пах з рота, кашаль[19].

Смерць правіць

Суда, энцыклапедыя канца 10 стагоддзя, сцвярджае, што Гален памёр ва ўзросце 70 гадоў, гэта значыць, каля 199 года. Тым не менш, у трактаце Галена «Пра тэрыяк да Пізона» напісана аб падзеях 204 года (што, аднак, можа быць падробкай). Ёсць таксама сцвярджэнні ў арабскіх крыніцах, што ён памёр ва ўзросце 87 гадоў, пасля 17 гадоў вывучэння медыцыны і 70 гадоў практыкі, тады атрымлівацца, што ён памёр у 217 годзе. Даследчыкі схільны лічыць[20], што «Пра тэрыяк да Пізона» з’яўляецца аўтэнтычным, і арабскія крыніцы называюць дакладную дату, тады як у Судзе недакладна праінтэрпрэтавана інфармацыя аб 70 гадах лячэння як аб 70 гадах жыцця.

Дасягненні правіць

 
Выява Галена ва Універсітэце Сарагосы
  • Апісаў каля 300 мышцаў чалавека.
  • Даказаў, што не сэрца, а галаўны і спінны мозг з’яўляюцца «цэнтрам руху, адчування і душэўнай дзейнасці».
  • Зрабіў вывад, што «без нерва няма ніводнай часткі цела, ні аднаго руху, званага адвольным, ніводнага пачуцця».
  • Перарэзаўшы спінны мозг упоперак, Гален паказаў знікненне адчувальнасці ўсіх частак цела, якія ляжаць ніжэй за месца разрэза.
  • Даказаў, што па артэрыях рухаецца кроў, а не «пнеўма», як лічылася раней.

Стварыў каля 400 твораў па філасофіі, медыцыне, фармакалогіі, з якіх да нашага часу захавалася каля сотні. Сабраў і класіфікаваў звесткі па медыцыне, фармацыі, анатоміі, фізіялогіі, і фармакалогіі, назапашаныя антычнай навукай.

Апісаў чатырохбугровае цела сярэдняга мозгу, сем пар чэрапна-мазгавых нерваў, блукаючы нерв; праводзячы вопыты па перарэзцы спіннога мозгу свіней прадэманстраваў функцыянальнае адрозненне паміж пярэднімі (рухацельнымі) і заднімі (адчувальнымі) карэньчыкамі спіннога мозгу.

На аснове назіранняў адсутнасці крыві ў левых аддзелах сэрца забітых жывёл і гладыятараў стварыў першую ў гісторыі фізіялогіі тэорыю кровазвароту (згодна з ёй лічылася, у прыватнасці, што артэрыяльная і вянозная кроў — вадкасці розныя, і калі першая «разносіць рух, цяпло і жыццё», то другая заклікана «сілкаваць органы»), якая праіснавала да адкрыццяў Андрэаса Везалія і Уільяма Гарвея. Не ведаючы аб існаванні малога круга кровазвароту, выказаў меркаванне, што паміж жалудачкамі сэрца ёсць злучаючая іх адтуліна (падставай для такога вываду, верагодна, магло паслужыць анатаміраванне трупаў неданошаных немаўлят, у якіх такая адтуліна сапраўды існуе).

Гален сістэматызаваў уяўленні антычнай медыцыны ў выглядзе адзінага вучэння, якое з’яўлялася тэарэтычнай асновай медыцыны аж да канца сярэднявечча. Ён зрабіў уклад у развіццё бібліяграфіі ў Старажытным Рыме. Гален з’яўляецца аўтарам двух бібліяграфічных указальнікаў — «Аб парадку ўласных кніг» і «Аб уласных кнігах». Першая з іх з’яўляецца свайго роду ўводзінамі да збора яго кніг з рэкамендацыямі аб тым, у якой паслядоўнасці іх трэба чытаць. Ва ўступе да другога указальніка сказана аб мэце твора: дапамагчы чытачу адрозніць сапраўдныя творы Галена ад тых, якія яму прыпісваюцца. У раздзелах прынятая сістэматычная групіроўка твораў: працы па анатоміі, тэрапіі, прагнозу хваробы, каментарыі да твораў Гіпакрата, працы, накіраваныя супраць асобных медыцынскіх школ, творы па філасофіі, па граматыцы і рыторыцы.

Палажыў пачатак фармакалогіі. Да гэтага часу «галенавымі прэпаратамі» называюць настойкі і мазі, прыгатаваныя пэўным чынам.

Лячэнне паводле Галена — правільная дыета і лекавыя сродкі. Насуперак Гіпакрату Гален сцвярджаў, што ў лекавых сродках расліннага і жывёльнага паходжання маюцца карысныя і баластныя рэчывы, гэта значыць, увёў паняцце аб дзеючых рэчывах. Гален лячыў выняткамі з раслін, шырока выкарыстоўваў сіропы, віны, сумесь воцату і мёду і інш.[21]

У творах Гален згадваў 304 расліны, 80 жывёл і 60 мінералаў.

Цытаты правіць

 
Galenou Apanta, 1538
  • «Выходзьце з-за стала злёгку галоднымі, і вы будзеце заўсёды здаровыя».
  • «Хто хоча сузіраць стварэнні прыроды, не павінен давяраць творам па анатоміі, але павінен спадзявацца на свае вочы, займаючыся анатаміраваннем з любові да навукі».
  • «Добры лекар павінен быць філосафам».
  • «Мне часта прыходзілася вадзіць рукой хірургаў, мала дасведчаных ў анатоміі, і тым выратаваць іх ад публічнай ганьбы».
  • «Без нерва няма ніводнай часткі цела, ні аднаго руху, званага адвольным, ніводнага пачуцця».
  • «Тысячы і тысячы разоў я вяртаў здароўе сваім хворым з дапамогай фізічных практыкаванняў».

Спадчына правіць

 
Старонка з твора Галена

Позняя антычнасць правіць

Яшчэ пры жыцці Гален лічыўся легендарным урачом і філосафам[22], імператар Марк Аўрэлій апісваў яго як «Primus sane medicorum esse, philosophorum autem solum» (першы сярод урачэй і ўнікальны сярод філосафаў). Грэчаскія аўтары, такія як Феадот Гарбар, Афіней і Аляксандр Афрадысійскі падтрымлівалі гэтае меркаванне.

Тым не менш, уся важнасць яго укладу ў навуку не была ацэнена сучаснікамі[4]. Пасля падзення Рымскай імерыі на Захадзе цалкам спынілася вывучэнне твораў Галена. У Візантыі, тым не менш, шматлікія працы Галена захоўваліся і вывучаліся. Сірыйскія хрысціяне даведаліся аб працах Галена у той час, калі Візантыя правіла Сірыяй і Заходняй Месапатаміяй. У сёмым стагоддзі гэтыя землі былі захоплены мусульманамі. Пасля 750 года мусульмане і сірыйскія хрысціяне пераклалі творы Галена на арабскую мову. З тых часоў Гален і ўся грэчаская медыцына былі асіміляваны ў сярэдневяковую культуру Блізкага Усходу[4].

Уплыў на ісламскую медыцыну правіць

Першым сур’ёзным перакладчыкам Галена на арабскую мову быў сірыйскі хрысціянін Хунайн ібн Ісхак ал-Ібадзі[23]. Хунайн пераклаў 129 твораў Галена. Адзін з арабскіх перакладаў, Кітаб іла Аглуган фі Шыфа аль Амраз, які захоўваецца ў Акадэміі ібн Сіны, лічыцца самым выдатным з перакладаў Галена. Частка Александрыйскага зборніка твораў Галена, манускрыпт 10 стагоддзя, складаецца з дзвюх частак, якія ўключаюць ў сябе падрабязную інфармацыю аб разнастайных тыпах ліхаманкі і розных запаленчых працэсах. Больш таго, ён утрымлівае больш за 150 рэцэптаў лекаў як расліннага, так і жывёльнага паходжання. Кніга дае выдатнае ўяўленне аб грэчаскай і рымскай медыцыне і з’яўляецца крыніцай інфармацыі аб антычных леках.

Арабскія крыніцы, такія як творы Разэса, працягваюць служыць крыніцай звестак аб страчаных творах Галена[24]. У працах Разэса, а таксама Ібн Зухра і Ібн ан-Нафіса[25] творы Галена не прымаюцца як ісціна ў апошняй інстанцыі, а служаць асновай для далейшых даследаванняў.

Знаёмства Захаду з творамі Галена правіць

Пачынаючы з XI стагоддзя ў Еўропе з’явіліся пераклады арабскіх медыцынскіх трактатаў на латынь. Адным з перакладчыкаў Галена з арабскай мовы на лацінскую быў звязаны з Салернскай урачэбнай школай Канстанцін Афрыканскі. У XII ст. Бургундзій Пізанскі пераклаў ΠΕΡΙ ΚΡΑСΕΩΝ Галена на латынь (De complexionibus) непасрэдна з грэчаскай мовы. У XIII ст. Галена пачалі вывучаць студэнты ўніверсітэтаў Неапаля і Манпелье. З гэтага часу Гален лічыўся бясспрэчным аўтарытэтам, яго нават называлі «Медыцынскім Папай Сярэднявечча»[4]. Творы Галена сталі галоўнымі падручнікамі для медыкаў разам з творам Авіцэны Канон урачэбнай навукі, які таксама быў заснаваны на творах Галена.

У адрозненне ад язычніцкага Рыма, у хрысціянскай Еўропе не існавала ўніверсальнай забароны на анатаміраванне чалавечага цела, і такія даследаванні праводзіліся рэгулярна, прынамсі з XIII стагоддзя[26]. Тым не менш, уплыў Галена ў Еўропе, як і ў арабскім свеце, быў настолькі моцным, што пры выяўленні неадпаведнасцей з анатоміяй Галена пры анатаміраваннях урачы часта стараліся тлумачыць іх у межах Галенаўскага вучэння. Напрыклад, Мандзіна де Луцы, які апісаў сістэму кровазвароту, сцвярджаў, што ў левым жалудачку павінна быць паветра. Асобныя вучоныя тлумачылі адрозненні тым, што з часоў Галена чалавечая анатомія змянілася[27].

Рэнэсанс правіць

Сучасныя даследаванні правіць

Зноскі

  1. а б Любкер Ф. Galenus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 547–548.
  2. «Life, death, and entertainment in the Roman Empire(недаступная спасылка)». David Stone Potter, D. J. Mattinglĝ (1999). University of Michigan Press. p.63. ISBN 0-472-08568-9
  3. Galen on the Affected patrs
  4. а б в г д Arthur John Broock (translator), Introduktion. Galen. On the Natural Faculites. Edinburg 1916
  5. Galen on pharmacology
  6. Galen on the brain
  7. Античная философия: Энциклопедический словарь. М., 2008. С, 250
  8. Andreas Vesalius (1543). De humani corporis fabrica, Libri VII [Latin]. Basel, Switzerland: Johannes Oporinus. {{cite book}}: Невядомы параметр |accesdate= ігнараваны (прапануецца |access-date=) (даведка)Папярэджанні CS1: невядомая мова (link)(недаступная спасылка)
  9. Furley,D, and J. Wilkie, 1984, Galen On Respiration and the Arteries, Princeton University Press, and Bylebyl, J (ed), 1979, William Harvey and His Age, Baltimore: Johns Hopcins University Press
  10. γαληός. Liddel, H. G., Scott, R. A Greek-English Lexicon / on Perseus Digital Library
  11. а б в Nutton, V. (1973). "The Chronology of the Galen's Early Career". classical Quaterly. 23 (1): 158–171. doi:10.1017/S0009838800036600. PMID 11624046.
  12. Metzger, B. M. New Testament Studies: Philological, versional, and Patristic. — BRILL, 1980. — ISBN 90-04-06163-0, ISBN 978-90-04-06163-7.
  13. Hippocrates. Airs, Waters, and Places(недаступная спасылка). / Jones (ed.). — 70-2.
  14. Ustun, C.Galen and his anatomic eponim: Vein of Galen. / Clinical Anatomy, 2004 — Vol. 17. — issue 6. — P. 454—547.
  15. Galen On Food and diet. / Grant, M (trans.) — Routledge. 2000/
  16. Gleason, M. Making Men: sofistic and self-Presentation in ancient Rome. — Princeton, 1995.
  17. а б D.E. Eichholz. 1951, alen and His Environment, Greece & Rome 20 no. 59, Cambrige University Press, p. 60-71
  18. Elizabeth C. Evans, 1956, Galen the Physiolognomist. American Philolgical association
  19. а б в г д е R.L. Littman and M.L. Littman, 1973 Galen and the Antonine Plague, The american Journal of Philology 94 no. 3, p. 243—255
  20. Nutton V. ancient Medicine. Routledge, 2004 226-7
  21. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакологический словарь: Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — 266 с. — ISBN 5-06-000085-0.
  22. Galen in the eyes of his contemporaries. BHM 58(3 fall 1984 315-24)
  23. P. Revolutionizing the Sciences: European Knowledge and Its Ambitions, 1500—1700. Princeton, NJ Princeton University Press
  24. Nutton V. The Patient's Choice: A new Treatise by Galen. The Classical Quarterly, New Series, Vol. 40, No. 1 (1990), pp. 236—257
  25. Reflections Chairman's (2004). "Traditional Medicine Aming Gulf Arabs, Part II: Blood-letting". Heart Views. 5 (2): 74-85 [80].
  26. P Prioreschi, determines of the revival dissection of the human body in the Middle ages', Medical Hypotheses 56(2), 229—234
  27. Jones, Raymond F. (1963). "The anatomist". Stories of Great Physicians. Whitman. pp. 46–47.

Літаратура правіць

Падрабязную бібліяграфію гл. en:Galenic corpus