Тэатр Антонія Тызенгаўза
Тэатр Антонія Тызенгаўза — прыгонны тэатр, заснаваны Антоніем Тызенгаўзам, які працаваў у Гродне ў 1769—1780 гадах.
Тэатр Антонія Тызенгаўза | |
---|---|
Заснаваны | 1769-80 |
Будынак тэатра | |
Будынак | Гродна |
Кіраўніцтва | |
Мастацкі кіраўнік | Лявон Сітанскі |
Гісторыя
правіцьАнтоні Тызенгаўз быў не толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных устаноў, ён стварыў і свой тэатр, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Гаэтана і Людавіка Петынеці з Неапаля.
Да 1774 года гэта быў невялікі ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў.
У 1780 годзе ён налічваў больш за 70 чалавек, у тым ліку артыстаў капэлы, з шырокім оперным і балетным рэпертуарам з твораў нямецкіх, французскіх і італьянскіх аўтараў.
У 1774—1777 гадах у складзе трупы пераважалі італьянскія артысты, запрошаныя па даручэнні магната яго прыдворным скрыпачом, кіраўніком капэлы Л. Сітанскім падчас яго замежных паездак.
У 1776 годзе тэатр канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т.л. вядомыя італьянскія вакалісты Дж. Кампанучы і К. Банафіні (усе пазней артысты італьянскай оперы Санкт-Пецярбурга), Я. Д. Гіблер, А. Бароні, а таксама М. Сітанская, Д. Малевіч, Г. Змітровіч і інш. Вядома таксама, што сам Антоні Тызенгаўз запрасіў італьянскую актрысу Ганну Давія, якая некаторы час спявала ў Гродне[1].
З 1778 года ў пастаноўках актыўна ўдзельнічалі вучні тэатральнай школы Тызенгаўза — прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты.
Балетная трупа ў 1779—1780 гады ўключала больш за 30 чалавек. Балетмайстры:
- Г. Петынеці (1774—1779), ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў галоўныя партыі;
- К. А. Марэлі (з 1779 года) і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г. Марэлі (Саламоні).
Сярод артыстаў вядомы былі Л. Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М. Адольская, А. Бжазінскі, Е. Валінскі, А. Дарэўская, Р. Лаўцэвіч, М. Малінская, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, М. Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне.
Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлы былі пераведзены ў Паставы.
Пасля смерці А. Тызенгаўза ў 1785 годзе паводле яго завяшчання «15 танцорак і 18 танцораў» сталі ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ў складзе балетнай трупы пераехалі ў Варшаву. З гэтага часу танцоўшчыкі і танцоўшцыцы А. Тызенгаўза сталі ядром «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці»[2].
Будынак тэатра
правіцьБудынак тэатра збудаваны ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя архітэктарамі Д. Сака і І. Мёзерам[3].
Будынак тэатра рамантавалі і перабудоўвалі на працягу XIX стагоддзя. Ён стаў як бы працягам палаца Тызенгаўза — злучалася з яго левым крылом крытым пераходам. У тэатры, акрамя партэра, меліся ложы, бельэтаж і балкон.
Тэатральная зала, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый.
У 1851 годзе архітэктар В. Міхаэліс склаў каштарыс на рамонт тэатра, які да таго часу нават і не абаграваўся (печаў не было)[4].
Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 гадах надбудаваны трэці паверх, расшырана сцэнічная каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Галоўны фасад асіметрычны, падзелены карнізам на дзве часткі. Над уваходам у левым крыле — вялікі балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэнічнай каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні першага і другога паверхаў. На першым паверсе размешчаны невялікае фае і службовыя памяшканні, на другім — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя.
Пасля капітальнага рамонту з 1984 года тут размяшчаецца Гродзенскі абласны тэатр лялек[3].
Акцёрская школа
правіцьДля падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян А. Тызенгаўз стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе ён паслаў для навучання за мяжу прыдворнага капельмайстра Л. Сітанскага.
Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасцей бралі дзяцей прыгонных сялян з яго маёнткаў. Там вучні набывалі акцёрскія навыкі, вучыліся іграць на музычных інструментах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, маляванне), а таксама рукадзелле, чыталіся лекцыі па агульным выхаванні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спектаклях тэатра.
Выхаванцы гэтай школы артысты балету Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі[5], спявачка М. Сітанская пазней праславіліся ў польскім тэатры[3].
У 1774—1780 гады школа працавала ў так званай Крывой афіцыне, вядомай таксама як «Музычны флігель». Яна месцілася насупраць палаца, мела дартуары (спальні) для вучняў (на трэцім паверсе), рэпетыцыйныя залы (на другім) і падсобныя памяшканні (на першым)[6].
Рэпертуар
правіцьТэатр, які пачынаўся з невялікага ансамбля інструментаў і вакалістаў, да 1778 года дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах ставіліся оперы А. Грэтры «Маніфік», камедыі П. Бамаршэ «Севільскі цырульнік », «Вясковы балет» і «Балет пекараў» Г. Петынеці і іншыя[3].
Прыдворны аркестр, так званая капэла Тызенгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафесійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусі і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэла была ангажавана ў Нацыянальны тэатр у Варшаве. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, сімфоніі, розныя жанры побытавай музыкі.
У тэатры доўгі час захоўваліся ноты опер «Уяўнае вар’яцтва дзеля кахання» А.Сакіні, «Верная жонка» П. А. Гульельмі, «Пазнаная Мацільда» П. Анфосі, перапісваліся партытуры і аркестравыя галасы, што сведчыць пра намер іх сцэнічнага ўвасаблення, аднак невядома, ці быў ён рэалізаваны.
Значэнне тэатра
правіцьА. Тызенгаўзу былі блізкімі і зразумелыя ідэі Асветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асветы, інструмент выпраўлення нораваў і ўсталявання роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэнням французскіх асветнікаў, асабліва Д. Дзідро. Але ў адрозненне ад апошняга ён лічыў, што тэатр існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадства, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамеснікаў, гандляроў і неадукаваных сялян. Таму яго тэатр не стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Гродзенскі тэатр Тызенгаўза // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.
Зноскі
- ↑ Сяргей Чыгрын. Каханка Агінскага, Тызенгаўза… // Ніва № 42 (2579), 16 кастрычніка 2005 г.
- ↑ Паводле кн. Барышев Г. І. «Театральная культура Беларуси 18 в.» Мн., 1992
- ↑ а б в г Театр кукол Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ АРХІТЭКТУРА ТЭАТРАЎ Архівавана 18 кастрычніка 2021.
- ↑ Міхаіл Рымінскі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2016. Праверана 9 снежня 2014.
- ↑ Тэатр Антонія Тызенгаўза і наш зямляк Міхаіл Рымінскі Архівавана 4 сакавіка 2016.
Спасылкі
правіць- Театр кукол Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
- Тэатр Антонія Тызенгаўза і наш зямляк Міхаіл Рымінскі Архівавана 4 сакавіка 2016.