Зміцер Жылуновіч
Цішка Гартны, сапр.: Зміцер (Змітро) Хведаравіч Жылуновіч (23 кастрычніка 1887, м. Капыль, Слуцкага павета Мінскай губерні, цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці — 11 красавіка 1937, Магілёў, псіхлячэбніца) — беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928)[1].
Зміцер Жылуновіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Авадзень; Авадзён; Аглядальнік; В.Аса; Беларус; Беларус-Камуніст; Бэйгар; Вар; П.Вартавы; Паўлюк Вартавы; Васа; Сымон Гляк; Габрусь Друк; Сымон Друк; Зета; Зміжыла; Зміцер; Знаёмы; Змітро Капылянін; Янка Кліч; Коммунист Беларус; Мешчанін; Мінчанін; Цішка Г.; Мужык; С.Смык; Я.Смык; Стары С-Д; Твой сын Змітро; Чырвонь; Язэп Чырвонь; Шулятнік; А.; Ц. Г.; Д. Ж.; З. Ж.; У. Ж.; Ул. Ж.; Д.Ж-ч; З.Ж-ч; Я.К-іч і інш. |
Дата нараджэння | 23 кастрычніка (4 лістапада) 1887 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 красавіка 1937 (49 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Надзея Сцяпанаўна |
Дзеці | Галіна |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, драматург, паэт, палітык, журналіст |
Мова твораў | беларуская |
Дэбют | у газеце «Наша ніва» (1908); першая кніга — «Pieśni» (1913) |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Біяграфія
правіцьПаходзіць з сялян. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне.
Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907[1], з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП[1]. Ствараў рукапісныя часопісы.
У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание».
З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята[1]. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.
У 1919—1920 — сакратар газеты «Красная звезда» (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым — літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронту (у Смаленску). З 1920 года — сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь».
З 1921 жыве ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі[1].
У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 экзэмпляраў (у тым ліку кніга паэзіі «Песьні працы і змаганьня» і першая частка рамана «Сокі цаліны» Гартнага). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», якое выпусціла за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў «нацыянал-шавінізме» і было перайменавана ў выдавецтва «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч[2]. У гэтым жа годзе разам з часткай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» зацверджаны не быў.
У 1925 зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы[3].
Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя»[4]. Член ЦВК БССР у 1920—1931. Акадэмік БелАН з 1928. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. У 1934—1936 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН.
Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15.11.1936, пераведзены (7.4.1937) у Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках — скончыў жыццё самагубствам)[5].
Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік. На магіле жонкі Надзеі Жылуновіч на Усходніх могілках Мінска змешчаны надпіс-кенатаф[6].
Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987.
Сям’я
правіцьЖонка — Жылуновіч Надзея Сцяпанаўна (народжаная ў верасні 1894 года ў Ленінградзе ў сям’і рабочага). 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» і «саўдзел у антысавецкай дзейнасці» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградскай вобласці. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР.
Дачка Галіна нарадзілася 21.2.1917 года ў Ленінградзе. Член ВЛКСМ, паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. 25.8.1937 у Мінску арыштавана, 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД разам з маці асуджана за «неданясенне» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградскай вобласці. Пасля вызвалення жыла ў Беларусі. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР.[7] Беларускі мовазнавец (беларуская, руская мовы), кандыдат філалагічных навук, складальнік зборніка ўспамінаў пра Цішку Гартнага.
Творчасць
правіцьДрукавацца пачаў з 1908 — верш «Бяздольны» ў газеце «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, крытык.
У 1912 газета «Правда» змяшчае некалькі вершаў і нарыс, прысвечаны працаўнікам. Першая кніга «Pieśni» (Песні) выйшла ў 1913[1].
Цішка Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—1929) паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыйнага змагара, узняў некранутыя пласты народнага жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зборніках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй беларуская вёска. У творах Цішкі Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадзянскай вайны да рэалістычнага паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі[8]. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зборніку «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло.
Ц. Гартны пераклаў на беларускую мову першую кнігу рамана А. Фадзеева «Апошні з удэге» (Мн.. 1932), пачаў перакладаць «Мёртвыя душы » М. Гогаля[9].
Крытыка і прызнанне
правіцьВось як адзначыў творчасць Цішкі Гартнага Янка Купала:
Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях. Агляд кніг (1913) |
Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі — у 1923 пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне. З невядомых прычын пастанова не была зведзена ў жыццё[5].
Творы Гартнага перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы[1].
У 2000 годзе ў Капылі перад Капыльскім раённым краязнаўчым музеем устаноўлены помнік Цішку Гартнаму (скульптар Уладзімір Бандарэнка)[10].
Бібліяграфія
правіцьПрыжыццёвыя кнігі
правіць- Песьні (1913)
- Хвалі жыцьця (1918) — п’есы
- Песьні працы і змаганьня (1922)
- Сокі цаліны (1922)
- Трэскі на хвалях (1924) — апавяданні
- Сацыялістка (1924) — п’есы
- Урачыстасьць (1925)
- Дзьве сілы (1927) — п’есы
- Прысады (1927) — п’есы, апавяданні
- Узгоркі і нізіны (1928) — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў
- На новым месцы (1930) — зборнік аповесцяў
- Гаспадар (1930)
- Зялёны шум (1931)
- Гоман зарніц (1932)
- Наступ на горны (1932) — вершы, апавяданні
- Збор твораў у 4 тамах (1929—1932)
Пасмяротныя выданні
правіць- Вершы. Мн., 1967;
- Зб. тв: У 4 т. Мн., 1987—1989. т. 1-3;
- Насустрач сонцу: Выбр. апавяданні. Мн., 1978.
- Выбраныя творы / уклад. прадм. і камент. Серафіма Андраюка. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 604 с. (Беларускі кнігазбор, том 60). ISBN 978-985-08-1411-1.
-
«Цішка Гартны». 1923
-
«Сцэнічныя творы». 1923—1924
-
«Трэскі на хвалях». 1924
-
«Урачыстасьць». 1924
-
«Выбраныя апавяданьні». 1926
-
«Прысады». 1927. Вокладка — Васіль Літко
-
«Прысады». 1928 Вокладка — Васіль Літко
-
«Збор твораў». Том 1. 1929—1932
-
«Гаспадар». 1930
-
«Прысады». 1930
-
«На новым месцы». 1930
-
«Соцыялістычныя высоты». 1930
-
«Гоман зарніц». 1932
-
«Наступ на горны». 1932
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Гартный Тишка // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 139-140. — 737 с.
- ↑ М. В. Нікалаеў і інш. Гісторыя беларускай кнігі. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі. — С. 195-199. — 436 с. — 5 800 экз. — ISBN 978-985-11-0599-7.
- ↑ Янка Купала. Поўны збор твораў у 9 тамах // . — Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. — Т. 8. — С. 110. — 462 с. — 5 800 экз. — ISBN 985-02-0551-2.
- ↑ Статут арганізацыі быў зацверджаны ў 1928 годзе.
- ↑ а б Янка Купала. Поўны збор твораў у 9 тамах // Каментарная частка / Аўтары каментароў: С. В. Забродская, Э. А. Золава, Т. Р. Строева, А. І. Шамякіна. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — Т. 9, кніга 1. — С. 616. — 686 с. — 5 800 экз. — ISBN 985-02-0552-0.
- ↑ Брэская — Гарэцкі – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 4 жніўня 2024.
- ↑ ГАРТНЫ Цішка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2021. Праверана 7 лістапада 2017.
- ↑ БЭ ў 18 т. Т. 5
- ↑ Збор твораў. У 4 т. / Аўт. прадм. С. Александровіч. — Мн.: Маст. літ., 1987. — Т. 1: Вершы, 1909-1935. Апавяданні 1909-1927. — С. 28. — 438 с. 3 л. іл., 1 л. партр. с.
- ↑ «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2019. Праверана 26 студзеня 2020.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Клачко А. М. Цішка Гартны: (Крытычна-біяграфічны нарыс). Мн., 1961;
- Ялугін Э. Без эпітафіі: Дакументальная аповесць. Мн., 1989;
- Успаміны пра Цішку Гартнага : зборнік / складальнікі : Г. Д. Жылуновіч, С. Х. Александровіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 173 с.
- ЭГБ, т. 3;
- Возвращенные имена.
- Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі. — Мінск: «Літаратура і мастацтва», 2009. — 344 с. — ISBN 978-985-6720-61-4
Спасылкі
правіцьЗміцер Жылуновіч у Вікіцытатніку | |
Зміцер Жылуновіч у Вікікрыніцах | |
Зміцер Жылуновіч на Вікісховішчы |
- ЖЫЛУНОВІЧ Зміцер Хведаравіч
- Апавяданні Цішкі Гартнага на bellib.by(недаступная спасылка)
- Найлепшы верш Цішкі Гартнага? Архівавана 15 красавіка 2012. (артыкул Ю. Пацюпы)
- Зміцер Жылуновіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)