Людовік XIV
Людовік XIV (5 верасня 1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле — 1 верасня 1715, Версаль) — кароль Францыі і Навары, трэці кароль з дома Бурбонаў дынастыі Капетынгаў.
Пры нараджэнні атрымаў імя Луі-Дыёданэ (фр.: Louis-Dieudonné «Дадзены Богам»), пазней быў празваны фр.: Louis XIV Le Roi Soleil Кароль-Сонца і Людовік Вялікі.
З 14 мая 1643 года да сваёй смерці ён быў каралём [Каралеўства Францыя|Францыі]]. Ён валадарыў 72 гады — даўжэй, чым які-небудзь іншы еўрапейскі манарх у гісторыі. Людовік, які ў маладосці перажыў войны Фронды, стаў перакананым прыхільнікам прынцыпу абсалютнай манархіі і боскага права каралёў (яму часта прыпісваюць выраз «Дзяржава — гэта я»), умацаванне сваёй улады ён спалучаў з удалым падборам дзяржаўных дзеячаў на ключавыя палітычныя пасады.
Валадаранне Людовіка — час значнай цэнтралізацыі Францыі, яе вайсковай моцы, палітычнай вагі і інтэлектуальнага прэстыжу, росквіту культуры, увайшло ў гісторыю як «вялікі век». Разам з тым пастаянныя войны, у якіх Францыя ўдзельнічала падчас кіравання Людовіка, патрабавалі высокіх падаткаў, разбуралі краіну, а адмена верацярпімасці прывяла да масавай эміграцыі гугенотаў з Францыі.
Біяграфія
правіцьМаладосць
правіцьУступіў на пасад у малых гадах і кіраванне дзяржавай перайшло ў рукі яго маці і кардынала Мазарыні. Яшчэ да заканчэння вайны з Іспаніяй і Аўстрыйскім домам вышэйшая арыстакратыя, якая падтрымлівалася Іспаніяй і ў саюзе з парламентам, пачала хваляванні, якія атрымалі агульную назву Фронда і закончыліся толькі з падпарадкаваннем прынца дэ Кондэ і падпісаннем Пірэнейскага міру (7 лістапада 1659).
У 1660 годзе Людовік ажаніўся з іспанскай інфантай Марыяй-Тэрэзіяй. У гэты час малады кароль, які вырас без належнага выхавання і адукацыі, яшчэ не ўзбуджаў вялікіх чаканняў. Аднак, як толькі кардынал Мазарыні памёр (1661) Людовік прыступіў да самастойнага кіравання дзяржавай. Ён валодаў дарам падбіраць сабе таленавітых і здольных супрацоўнікаў (напрыклад, Кальбер, Вабан, Летэлье, Ліён, Лувуа). Людовік узвёў вучэнне пра каралеўскія правы ў паўрэлігійны дагмат.
Дзякуючы працы геніяльнага Кальбера многае было зроблена для ўмацавання дзяржаўнага адзінства, дабрабыту рабочых слаёў, заахвочвання гандлю і прамысловасці. У той жа час Лувуа прывёў у парадак войска, аб’яднаў яго арганізацыю і павялічыў баявую моц. Пасля смерці караля Філіпа IV Іспанскага ён абвясціў прэтэнзіі Францыі на частку іспанскіх Нідэрландаў і ўтрымаў яе за сабой у так званай дэвалюцыйнай вайне. Заключаны 2 траўня 1668 году Аахенскі мір аддаў у рукі Французскую Фландрыю і шэраг прыгранічных мясцовасцей.
Вайна з Нідэрландамі
правіцьЗ гэтага часу Злучаныя правінцыі мелі непрымірымага ворага ў асобе Людовіка. Кантрасты ў знешняй палітыцы, дзяржаўных поглядах, гандлёвых інтарэсах, рэлігіі прыводзілі абедзве дзяржавы да пастаянных сутыкненняў. Людовік у 1668—1671 гадах майстэрскі здолеў ізаляваць рэспубліку. Шляхам подкупаў яму ўдалося адцягнуць увагу Англіі і Швецыі ад Траістага саюза, прывабіць на бок Францыі Кёльн і Мюнстэр. Давёўшы сваё войска да 120 000 чалавек, Людовік у 1670 годзе заняў уладанні саюзніка Генеральных штатаў, герцага Карла IV Латарынгскага, а ў 1672 годзе перайшоў цераз Рэйн, за шэсць тыдняў заваяваў палавіну правінцый і з трыумфам вярнуўся ў Парыж. Прарыў плацін, пераход улады да Вільгельма III Аранскага, умяшанне еўрапейскіх дзяржаў прыпынілі поспех французскай зброі. Генеральныя штаты ўступілі ў саюз з Іспаніяй, Брандэнбургам і Аўстрыяй; да іх далучылася і імперыя пасля таго, як французская армія напала на архіепіскапства Трыр і заняла напалавіну ўжо злучаныя з Францыяй 10 імперскіх гарадоў Эльзаса. У 1674 годзе Людовік супрацьпаставіў сваім непрыяцелям 3 вялікія арміі. З адной з іх ён асабіста заняў Франш-Кантэ. Другая, пад кіраўніцтва Кандэ, змагалася ў Нідэрландах і перамагла пры Сенефе. Трэцяя, на чале з Цюрэнам, спусташала Пфальц і паспяхова змагалася з войскамі імператара і вялікага курфюрста ў Эльзасе. Пасля кароткага перарыву з-за смерці Цюрэна і аддалення Кандэ Людовік у пачатку 1676 года з новымі сіламі з’явіўся ў Нідэрландах і заваяваў шэраг гарадоў, у той час як Люксембург спусташаў Брайсгаў. Уся краіна паміж Саарам, Мозелем і Рейнам па загаду караля была пераўтворана ў пустыню. У Міжземным моры Дзюкен атрымаў верх над Рэйтэрам; сілы Брандэнбурга былі адцягнутыя ўварваннем шведаў. Толькі ў выніку непрыязных дзеянняў з боку Англіі Людовік у 1678 годзе заключыў Німвегенскі мір, які даў яму вялікія набыткі з боку Нідэрландаў і ўвесь Франш-Кантэ ад Іспаніі. Імператару ён аддаў Філіпсбург, але атрымаў Фрайсбург і ўтрымаў усе заваяванні ў Эльзасе.
На вяршыні магутнасці
правіцьГэты момант адзначаў апагей магутнасці Людовіка. Яго армія была самай шматлікай, лепш за ўсё арганізаванай і кіраванай. Яго дыпламатыя панавала над усімі еўрапейскімі дварамі. Французская нацыя сваімі дасягненнямі ў мастацтве і навуках, у прамысловасці і гандлі дасягнула нябачаных вышынь. Версальскі двор, куды Людовік перанёс сваю каралеўскую рэзідэнцыю, стаў прадметам зайздрасці і здзіўлення амаль усіх манархаў, якія намагаліся пераймаць вялікаму каралю нават у яго слабасцях. Пры двары быў уведзены строгі этыкет, які рэгламентаваў усё прыдворнае жыццё. Версаль стаў цэнтрам усяго вялікасвецкага жыцця, у якім панавалі густы самога Людовіка і яго шматлікіх фаварытак. Уся вышэйшая арыстакратыя дабівалася прыдворных пасад, бо жыць удалечыні ад двара для двараніна было прыкметай фрондэрства ці каралеўскай апалы. «Абсалютны без пярэчанняў, — па словах Сен-Сімона, — Людовік знішчыў усякую іншую сілу ў Францыі, акрамя той, якая зыходзіла ад яго: спасылкі на закон, на права лічыліся злачынствам». Гэты культ «караля-сонца», пры якім здольныя людзі ўсё больш адціскаліся куртызанамі і інтрыганамі, немінуча павінен быў весці да паступовага манархічнага заняпаду.
Кароль усё менш і менш стрымліваў свае жаданні. У Мецы, Брайзаху і Безансоне ён заснаваў палаты ўз’яднання (фр.: chambres de réunions) для пошуку правоў французскай кароны на тыя ці іншыя мясцовасці. Імперскі горад Страсбург у мірны час быў нечакана заняты французскім войскам. Дакладна гэтак жа паступаў Людовік і ў адносінах да нідэрландскіх граніц. У 1681 годзе яго флот бамбардзіраваў Трыпалі, а ў 1684 годзе — Алжыр і Геную. Нарэшце, толькі саюз Нідэрландаў, Іспаніі і Свяшчэннай Рымскай імперыі прымусіў Людовіка ў 1684 годзе заключыць у Рэгенсбургу дагавор на 20-гадовы мір і адмовіцца ад далейшых «уз’яднанняў».
Унутраная палітыка
правіцьЦэнтральнае ўпраўленне
правіцьЦэнтральнае ўпраўленне дзяржавай ажыццяўлялася каралём пры дапамозе розных саветаў (фр.: conseils):
- Савет міністраў (фр.: Conseil d'État) — разглядаў пытанні асаблівай важнасці: замежнай палітыкі, вайсковай справы, прызначаў вышэйшыя чыны абласнога кіравання, вырашаў калізіі судовых органаў. У савет ўваходзілі дзяржаўныя міністры з пажыццёвым утрыманнем. Колькасць адначасовых членаў савета ніколі не перавышала сямі чалавек. Галоўным чынам, гэта былі дзяржаўныя сакратары, генерал-кантралёр фінансаў і канцлер. Старшынстваваў у савеце сам кароль. Савет міністраў дзейнічаў пастаянна.
- Савет фінансаў (фр.: Conseil royal des finances) — разглядаў фіскальныя пытанні, фінансавыя, а таксама апеляцыі на інтэнданцкія распараджэнні. Савет быў створаны ў 1661 годзе і спачатку ў ім старшынстваваў сам кароль. У склад савета ўваходзілі канцлер, генерал-кантралёр, два дзяржаўныя дарадцы і інтэндант па фінансавых справах. З’яўляўся пастаянна дзеючым саветам.
- Паштовы савет (фр.: Conseil des dépêches) — разглядаў агульныя пытанні кіравання, напрыклад, спісы ўсіх назначэнняў. З’яўляўся пастаянна дзеючым саветам.
- Гандлёвы савет — быў часовым саветам, заснаваным у 1700 годзе.
- Духоўны савет (фр.: Conseil des conscience) — таксама быў часовым саветам, у якім кароль раіўся са сваім духоўнікам аб замяшчэнні духоўных пасад.
- Дзяржаўны савет (фр.: Conseil des parties) — складаўся з дзяржаўных дарадцаў, інтэндант, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел адвакаты і загадчыкі прашэннямі. Ва ўмоўнай іерархіі саветаў быў самым ніжэйшым саветам. Злучаў у сабе функцыі касацыйнай палаты і вышэйшага адміністрацыйнага суда, крыніцай прэцэдэнтаў у адміністрацыйным праве Францыі тых часоў. Старшынстваваў у савеце канцлер. Складаўся савет з некалькіх аддзяленняў: па ўзнагародах, па справах з зямельнымі уладаннямі, саляным падатку, шляхецкіх справах, гербаў і па розных іншых пытаннях, у залежнасці ад неабходнасці.
- Вялікі савет (фр.: Grand conseil) — судовая ўстанова, у склад якой уваходзілі чатыры прэзідэнты і 27 дарадцаў. Разглядаў пытанні аб біскупствах, царкоўных маёнтках, бальніцах, быў апошняй інстанцыяй па грамадзянскіх справах.
Рэлігійная палітыка
правіцьПалітычную залежнасць духавенства ад папы рымскага Людовік XIV паспрабаваў знішчыць. Ён меў намер нават утварыць незалежны ад Рыма французскі патрыярхат. Але, дзякуючы ўплыву знакамітага біскупа москага Басюэта, французскія біскупы устрымаліся ад разрыву з Рымам, прычым погляды французскай іерархіі атрымалі афіцыйнае выражэнне ў так званай заяве галіканскага духавенства (фр.: declaration du clarge gallicane) у 1682 годзе.
У пытаннях веры духоўнікі Людовіка XIV зрабілі яго паслухмянай прыладай самай заўзятай каталіцкай рэакцыі, што адбілася ў неміласэрным праследаванні ўсіх індывідуалістычных рухаў у асяроддзі царквы. Супраць гугенотаў быў прыняты рад суровых мер: у іх адбіралі храмы, святароў пазбаўлялі магчымасці хрысціць дзяцей па правілах сваёй царквы, здзяйсняць шлюбы і пахаванні і адпраўляць богаслужэнні. Нават змешаныя шлюбы каталікоў з пратэстантамі былі пад забаронай.
Пратэстанцкая арыстакратыя была прымушана звярнуцца ў каталіцызм, каб не пазбавіцца сваіх сацыяльных пераваг, а супраць пратэстантаў з асяроддзя іншых саслоўяў былі пушчаны ў ход абмежавальныя ўказы, якія завяршыліся драганадамі ў 1683 годзе і адменай Нанцкага эдыкта ў 1685 годзе. Гэтыя меры, нягледзячы на строгія пакаранні за эміграцыю, прымусілі больш за 200 тысяч працавітых і прадпрымальных пратэстантаў перасяліцца ў Англію, Нідэрланды і Нямеччыну. У Севенах нават успыхнула паўстанне. Нарастаючая набожнасць караля знаходзіла падтрымку з боку гаспадыні дэ Ментэнон, якая пасля смерці каралевы ў 1683 годзе была злучаная з ім тайным шлюбам.
Вайна за Пфальц
правіцьУ 1688 годзе ўспыхнула новая вайна, падставай да якой паслужылі дамаганні на Пфальц, прад’яўленыя Людовікам XIV ад імя сваёй нявесткі, Лізаветы-Шарлоты герцагіні Арлеанскай, якая была сваячкай памерламу незадоўга перад тым курфюрсту Карлу-Людвігу. Заключыўшы саюз з курфюрстам Кёльнскім, Карлам-Эганам Фюрстэмбергам, Людовік загадаў сваім войскам заняць Бон і напасці на Пфальц, Бадэн, Вюртэмберг і Трыр.
У пачатку 1689 года французскія войскі жудасным чынам спустошылі ўвесь Ніжні Пфальц. Супраць Францыі ўтварыўся саюз з Англіі, якая толькі што скінула Сцюартаў, Нідэрландаў, Іспаніі, Аўстрыі і нямецкіх пратэстанцкіх дзяржаў. Маршал Францыі герцаг Люксембург разбіў саюзнікаў 1 ліпеня 1690 года пры Флёрусе; маршал Каціна заваяваў Савою, маршал Турвіль разбіў брытанска-нідэрландскі флот пры мысе Бічы-Хэд, такім чынам французы на кароткі час мелі перавагу нават на моры.
У 1692 годзе французы аблажылі Намюр, Люксембург атрымаў перамогу ў бітве пры Стэнкеркені; затое 28 траўня французскаму флоту было нанесена паражэнне ля мыса Ла-Уг. У 1693—1695 гадах перавага стала схіляцца на бок саюзнікаў; у 1695 годзе памёр герцаг дэ Люксембург, вучань Цюрэна; у тым жа годзе спатрэбіўся велізарны ваенны падатак, і мір стаў неабходнасцю для Людовіка. Ён быў заключаны ў Рысвіку ў 1697 годзе, прычым у першы раз Людовіку XIV прыйшлося абмежавацца status quo.
Вайна за іспанскую спадчыну
правіцьФранцыя была зусім знясілена, калі нямногімі гадамі пазней смерць Карла II Іспанскага прывяла Людовіка да вайны з еўрапейскай кааліцыяй. Вайна за іспанскую спадчыну, у якой Людовік хацеў адваяваць усю іспанскую манархію для свайго ўнука Філіпа Анжу, нанесла невылечныя раны яго магутнасці. Стары кароль асабіста кіраваў барацьбой, трымаўся ў самых цяжкіх абставінах з дзівоснымі годнасцю і цвёрдасцю. Паводле міру, які быў складзены ва Утрэхце і Раштаце ў 1713 і 1714 гадах, ён ўтрымаў за унукам уласна Іспанію, аднак італьянскія і нідэрландскія валоданні іспанскай кароны былі страчаны, а Англія, дзякуючы знішчэнню франка-іспанскага флоту і заваяванню рада калоній, заклала падмурак свайго марскога валадарства. Французская манархія ўжо ніколі не ачуняла ад паражэнняў пры Гёхштаце і Турыне, Рамільі і Мальплаку. Краіна знемагала пад цяжарам вялізных даўгоў да 2 мільярдаў франкаў і падаткаў, якія выклікалі мясцовыя ўспышкі незадавальнення.
Апошнія гады. Пытанне аб пераемніку
правіцьТакім чынам, вынікам усёй сістэмы Людовіка стала эканамічнае спусташэнне, галеча Францыі. Іншым наступствам быў рост апазіцыйнай літаратуры, якая асабліва развілася пры пераемніку «вялікага» Людовіка.
Сямейнае жыццё састарэлага караля прадстаўляла сабой не зусім добрую карціну. 13 красавіка 1711 году памёр яго сын, Вялікі Дафін Людовік (нарадзіўся ў 1661 годзе); ў лютым 1712 года за ім рушыў услед старэйшы сын дафіна, герцаг Бургундыі, а 8 сакавіка таго ж года і старэйшы сын апошняга, малалетні герцаг Брэтонскі. 4 сакавіка 1714 года ўпаў з каня і забіўся малодшы брат герцага бургундскага, герцаг Берыйскі, так што, акрамя Філіпа V Іспанскага, заставаўся толькі адзіны спадчыннік — чатырохгадовы праўнук караля, другі сын герцага бургундскага Людовік.
Яшчэ раней Людовік узаконіў двух сваіх сыноў ад мадам дэ Мантэспан, герцага Мэнскага і графа Тулузскага, і даў ім прозвішча Бурбонаў. Пасля гэтага ён у сваім тэстаменце прызначыў іх членамі савета рэгенцтва і аб’явіў за імі эвентуальное права на пасаду ў спадчыну. Сам Людовік да канца жыцця заставаўся дзейным, цвёрда падтрымліваючы прыдворны этыкет. Ён памёр 1 верасня 1715 года. У 1822 годзе яму была ўзведзена конная статуя па мадэлі Базіё ў Парыжы, на плошчы Перамог.
Паходжанне мянушкі Кароль-Сонца
правіцьУ дванаццаць гадоў Людовік XIV дэбютаваў у так званых «балетах тэатра Пале-Раяль», якія штогод ставіліся падчас карнавалаў.
Карнавал эпохі барока — гэта не проста свята і забавы, а магчымасць пагуляць у такі «перавернуты свет». Напрыклад, кароль на некалькі гадзін станавіўся блазнам, артыстам або фігляром, у той жа час блазан цалкам мог сабе дазволіць з’явіцца ў вобразе караля. У адной з балетных пастановак, якая называлася «Балетам ночы», юнаму Людовіку і давялося ўпершыню паўстаць перад сваімі падданымі ў вобразе Узыходзячага сонца (1653), а затым і Апалона — сонечнага бога (1654).
Калі ж Людовік XIV пачаў правіць самастойна (1661), жанр прыдворнага балета быў пастаўлены на службу дзяржаўным інтарэсам, дапамагаючы каралю не толькі ствараць яго рэпрэзентатыўны вобраз, але і кіраваць прыдворным грамадствам (зрэшты, як і іншыя мастацтвы). Ролі ў гэтых пастаноўках размяркоўвалі толькі кароль і яго сябар — граф дэ Сент-Эньян. Прынцы крыві і прыдворныя, танцуючы побач са сваім каралём, адлюстроўвалі розныя стыхіі, планеты і іншыя падуладныя Сонцу істоты і з’явы. Сам жа Людовік працягваў паўставаць перад падданымі ў вобразе Сонца, Апалона і іншых багоў і герояў старажытнасці. Кароль сышоў са сцэны толькі ў 1670 годзе.
Але ўзнікненню мянушкі Караля-Сонца папярэднічала яшчэ адна важна культурная падзея эпохі барока — карусель Цюільры 1662 года. Гэта святочна-карнавальная кавалькада, якая ўяўляе сабой нешта сярэдняе паміж спартыўным святам і маскарадам. У XVII жа стагоддзі карусель называлі «конным балетам», бо гэта дзейства больш нагадвала спектакль з музыкай, багатымі касцюмамі і досыць паслядоўным сцэнарыем. На каруселі 1662 года, дадзенай у гонар нараджэння першынца каралеўскай пары, Людовік XIV гарцаваў перад гледачамі на кані ў касцюме рымскага імператара. У руцэ ў караля быў залаты шчыт з выявай Сонца. Гэта сімвалізавала тое, што гэтае свяціла абараняе караля і разам з ім і ўсю Францыю.
На думку гісторыка французскага барока Басана, «іменна на Вялікай каруселі 1662 года ў некаторым родзе і нарадзіўся Кароль-Сонца. Імя яму далі не палітыка і не перамогі яго армій, а конны балет».
Шлюбы і дзеці
правіць- (з 9 чэрвеня 1660, Сен-Жан дэ Люц) Марыя-Тэрэзія (1638—1683), інфанта Іспанская
- Людовік Вялікі Дафін (1661—1711)
- Ганна-Елізавета (1662—1662)
- Марыя-Ганна (1664—1664)
- Марыя-Тэрэза (1667—1672)
- Філіп (1668—1671)
- Луі-Франсуа (1672—1672)
- (з 12 чэрвеня 1684, Версаль) Франсуаза д’Абінье (1635—1719), маркіза дэ Ментэнон
- Пазаш. сувязь Луіза дэ Ла Бом Ле Блан (1644—1710), герцагіня дэ Лавальер
- Шарль дэ Ла Бом Ле Блан (1663—1665)
- Філіп дэ Ла Бом Ле Блан (1665—1666)
- Марыя-Ганна дэ Бурбон (1666—1739), Мадэмуазель дэ Блуа
- Людовік дэ Бурбон (1667—1683), граф дэ Вермандуа
- Пазаш. сувязь Франсуаза-Атэнаіс дэ Рашэшуар дэ Мартэмар (1641—1707), маркіза дэ Мантэспан (7 дзяцей):
- Луіза-Франсуаза дэ Бурбон (1669—1672)
- Луі-Агюст дэ Бурбон, Герцаг Мэнскі (1670—1736)
- Луі-Сезар дэ Бурбон (1672—1683)
- Луіза-Франсуаза дэ Бурбон (1673—1743), Мадэмуазель дэ Нант
- Луіза-Марыя-Ганна дэ Бурбон (1674—1681), Мадэмуазель дэ Тур
- Франсуаза-Марыя дэ Бурбон (1677—1749), Мадэмуазель дэ Блуа
- Луі-Аляксандр дэ Бурбон, Граф Тулузскі (1678—1737)
- Пазаш. сувязь (1678—1680) Марыя-Анжаліка дэ Скарай дэ Русіль (1661—1681), герцагіня дэ Фантанж
- N (1679—1679), дзіця нарадзілася мёртвым
- Пазаш. сувязь Клод дэ Вен (каля 1638 — 8 верасня 1686), Мадэмуазель дэз Ае
- Луіза дэ Мезанбланш (1676—1718)
Зноскі
- ↑ Encyclopédie Larousse en ligne Праверана 31 жніўня 2015.
- ↑ а б Erlanger P. Louis XIV // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.chateauversailles.fr/decouvrir/histoire/grands-personnages/louis-xiv Праверана 29 лістапада 2024.
- ↑ Louis XIV de France // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д Kindred Britain
- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в г д е ё ж Lundy D. R. The Peerage
Літаратура
правіць- Saint-Simon, «Mémoires complets et authentiques sur le siècle de Louis XIV et la régence» (П., 1829—1830; нов. изд., 1873—1881);
- Depping, «Correspondance administrative sous le règne de Louis XIV» (1850—1855);
- Moret, «Quinze ans du règne de Louis XIV, 1700—1715»(1851—1859); Chéruel, «Saint-Simon considéré comme historien de Louis XIV» (1865);
- Noorden, «Europä ische Geschichte im XVIII Jahrh.» (Дюссельд. и Лпц., 1870—1882);
- Gaillardin, «Histoire du règne de Louis XIV» (П., 1871—1878);
- Ranke, «Franz. Geschichte» (т. III и IV, Лпц., 1876);
- Philippson, «Das Zeitalter Ludwigs XIV» (Б., 1879);
- Chéruel, «Histoire de France pendant la minorité de Louis XIV» (П., 1879-80);
- «Mémoires du Marquis de Sourches sur le règne de Louis XIV» (I—XII, П., 1882—1892);
- de Mony, «Louis XIV et le Saint-Siège» (1893);
- Koch, «Das unumschränkte Königthum Ludwigs XIV» (с обширной библиогр., В., 1888);
- Кох Г."Очерки по истории политических идей и государственного управления" С.-Петербург, издание С. Скирмунта, 1906 г.
- Гуревич Я. «Значение царствования Л. XIV и его личности»;
- Ле Мао К. Людовик XIV и парламент Бордо: весьма умеренный абсолютизм // Французский ежегодник 2005. М., 2005. С. 174—194.
- Трачевский А. «Международная политика в эпоху Людовика XIV» ("Ж. М. Н. Пр., 1888, № 1-2).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Людовік XIV
- Войны Людовіка XIV на Militerra.com Архівавана 29 жніўня 2017.
- Людовік XIV у Instagram
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||