Мінскія губернскія маршалкі
Губернскі прадвадзіцель дваранства (губернскі маршалак) — галава дваранскай суполкі губерні, галоўная пасада дваранскага схода губерні — органа дваранскага самакіравання губерні ў Расійскай імперыі ў 1775—1917 гадах. Пасада мінскага губернскага маршалка (мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства) існавала (з перапынкамі) з 1793 па 1920 гады як у часы існавання Расійскай імперыі, так і пасля яе знікнення.
Пасада мінскага губернскага маршалка ў Расійскай імперыі
правіцьСтварэнне пасады мінскага губернскага маршалка (1793—1796)
правіцьМінская губерня, створаная расійскімі ўладамі 13 красавіка 1793 г., указам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 3 мая 1795 г. была пераўтворана ў Мінскае намесніцтва (1795—1796) і паводле таго ж указу былі створаны мінскі намесніцкі і павятовыя дваранскія сходы па агульнарасійскаму ўзору паводле «Устанаўлення кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» (1775) і «Даравальнай граматы дваранству» («Грамата на правы, вольнасці і перавагі высакароднага расійскага дваранства», 1785), а першыя дваранскія выбары ў Мінскім намесніцтве адбыліся 27 верасня 1795 г. Першым кіраўніком дваранства Мінскага намесніцтва быў выбраны Францішак-Ксаверый Гілярыевіч Хамінскі.
Перыяд скасавання пасады губернскага маршалка (1796—1801)
правіцьПры расійскім імператары Паўле І (1796—1801) прынцыповыя пункты «Даравальнай граматы дваранству» (1785) былі адменены, а імператарскім указам ад 6 лютага 1796 г. у Маларасійскай губерні і «заходніх губернях» дваранству гэтых губерняў прадпісвалася выбраць у кожным павеце павятовага маршалка і харунжага. Указам ад 12 снежня 1796 г. Мінскае намесніцтва было пераўтворана ў Мінскую губерню. Паводле ўказу Сената Расійскай імперыі ад 20 студзеня 1799 г. павятовы маршалак і харунжы выбіраліся на 3 гады. Пасады губернскага кіраўніка дваранства (маршалка/прадвадзіцеля) па гэтым указе не прадугледжвалася, а яго абавязкі падчас дваранскіх сходаў выконваў па выбару адзін з павятовых маршалкаў. Толькі ўказам ад 1 лістапада 1800 г. выбар губернскіх маршалкаў дазваляўся ў шэрагу заходніх губерняў, у тым ліку Мінскай губерні.
Перыяд аднаўлення выбарнасці губернскага маршалка (1801—1863)
правіцьКанчаткова выбарнасць кіраўнікоў дваранства аднавілася пасля смерці расійскага імператара Паўла І (1796—1801) і аднаўлення дзенайсці «Даравальнай граматы дваранству» (1785) у поўным аб’ёме паводле маніфесту расійскага імператара Аляксандра І (1801—1825) ад 2 красавіка 1801 г. Выбарнасць губернскага і павятовых маршалкаў дваранствам Мінскай губерні працягвалася да Студзеньскага паўстання 1863—1864. Апошнім губернскім маршалкам, выбраным мясцовым дваранствам, быў Аляксандр Дамінікавіч Лапа.
Афіцыйнае найменаванне пасады ў розныя часы
правіцьУ 1796—1831 гг. у «заходніх губернях» Расійскай імперыі (Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай) такія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі як «уезд», у адрозненні ад цэнтральных расійскіх губерняў, афіцыйна менаваліся як «павет» (па-руску «повет»). Пасада ж галавы дваранскай суполкі губерні афіцыйна значылася і пісалася ў дакументах як «губернскі маршалак» (па-руску «губернский маршал»), а кіраўнік дваранства павета менаваўся як «павятовы маршалак» (па-руску «поветовый маршалок»). Права і абавязкі губернскага і павятовых маршалкаў былі аналагічны тым, што мелі прадвадзіцелі дваранства ў цэнтральных расійскіх губернях (г.зн. адрозненні былі толькі ў афіцыйных назвах). Толькі пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання ў мэтах уніфікацыі ў заходніх губернях «паветы» расійскай уладай (паводле ўказу Сената Расійскай імперыі ад 23 лютага 1831 г.) пачаліся афіцыйна менавацца «уездамі»; тытул губернскага маршалка быў афіцыйна паменаваны расійскай уладай на агульнарасійскі ўзор і пачаў пісацца як «губернскі прадвадзіцель дваранства» (па-руску «губернский предводитель дворянства»), а павятовы маршалак — як «уездны прадвадзіцель дваранства» (па-руску «уездный предводитель дворянства»). У прыватнасці, у Мінскай губерні (з прычыны ўказу Сената Расійскай імперыі ад 23 лютага 1831 г.) пасля выдання ўказу мінскага губернскага праўлення ад 28 сакавіка 1831 г. сталі менаваць «прадвадзіцелямі дваранства ўсіх асоб, якія, знаходзячыся на гэтых пасадах, маюць у некаторых губернях розныя назвы» («предводителями дворянства всех лиц, которыя, состоя в этих должностях, имеют в некоторых губернях различные названия»). У беларускай гістарыяграфіі для перыяду 1775—1917 гг. традыцыйна ўжываецца адзіная назва «губернскі маршалак» для азначэння кіраўніка дваранскай суполкі губерні, а «павятовы маршалак» для кіраўніка дваранства павета («уезда»), незалежна ад часу і афіцыйнага менавання пасады расійскімі ўладамі.
Перыяд прызначаных губернскіх маршалкаў (1863—1917)
правіцьНапярэдадні і ў ходзе Студзеньскага паўстання загадамі расійскіх улад дваранскія выбары ў «заходніх губернях» (Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай) на працягу 1862—1864 гг. былі адменены (афіцыйна «прыпынены» пастанаўленнем Заходняга камітэта (1862—1865) расійскага ўрада ад 12 красавіка 1864 г.), што працягвалася да лютага 1917 г. На выбарныя дваранскія пасады ў «нядобранадзейных» і патэнцыйна мяцежных «заходніх губернях» пачалі прызначаць асоб паводле распраджэння міністэрства ўнутраных спраў ці цара. Былі зроблены загады, каб на гэтыя пасады прызначаліся асобы з іншых губерняў і некатолікі, хоць да канца 1870-х гг. на выбарныя дваранскія пасады (з-за недахопу кадраў) расійскай уладай часта прызначаліся мясцовыя каталіцкія дваране — тыя, якія даказалі сваю адданасць расійскаму ўраду і добранадзейнасць, валодалі рускай мовай. Так, першым прызначаным мінскім губернскім маршалкам стаў Яўстах Станіслававіч Прушынскі (1797—1877), ураджэнец Мінскай губерні і дваранін-каталік. Аднак з канца 1870-х гг. на выбарных дваранскіх пасадах сустракаюцца ў падаўляльнай большасці немясцовыя ўраджэнцы і некатолікі. Такім чынам, усё гэта было парушэннем праў, дадзеных усяму дваранству Расійскай імперыі «Даравальнай граматай дваранству» (1785): абмежаванасць у праве выбару сваіх чыноўнікаў самакіравання была не толькі дыскрымінацыяй у адносінах да дваран-католікаў, але і адмовай праў дваран іншых канфесій (праваслаўных, пратэстантаў, мусульман), якія былі запісаны ў радаводныя кнігі «заходніх губерняў» і стала там пражывалі. Апошнім прызначаным расійскай царскай уладай прадвадзіцелем дваранства Мінскай губерні быў Сцяпан Мікалаевіч Сорнеў (1864—1933).
Пасада мінскага губернскага маршалка ў паімперскі час
правіцьПрыпыненне дзейнасці органаў кіравання дваранскай суполкай (1917)
правіцьКанец існавання дваранскіх суполак і пасад губернскіх маршалкаў у Расійскай імперыі (у тым ліку і Мінскай губерні) быў выкліканы наступствамі Першай сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі. У прыватнасці, на тых тэрыторыях літоўска-беларускіх губерняў, якія былі акупаваны ў верасні-кастрычніку 1915 г. войскамі Германскай імперыі ў ходзе Першай сусветнай вайны (1914—1918), дзейнасць дваранскіх суполак была спынена. А ў 1917 г. Лютаўская рэвалюцыя ў Расійскай імперыі пазбавіла дваранскія суполкі палітычнага ўплыву.
Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні (1917)
правіцьУ часы кіравання Часовага ўрада Расіі, у канцы мая 1917 г. у Мінску адбыўся сход павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Мінскай губерні. Сход стварыў часовы камітэт з 12 асоб (граф Ежы Чапскі (1861—1930), Эдвард Вайніловіч (1847—1928), Леў Ваньковіч (1872—1948), Геранім Кеневіч (1867—1925), Раман Скірмунт (1868—1939), Эдвард Горват (1866—1935) і інш.), вылучаных прысутнымі для часовага вядзення ўсіх дваранскіх спраў і апекі над рухомай і нерухомай маёмасцю дваран Мінскай губерні. Пратакол паседжання быў накіраваны мінскаму губернскаму камісару Часовага ўрада Расіі для распараджэння аб законнай перадачы маёмасці і спраў часоваму дваранскаму камітэту Мінскай губерні. Адразу пасля гэтага на агульным сходзе МТСГ была створана арганізацыя «Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні», кіраўніком якой быў выбраны граф Ежы Чапскі (бо сам Вайніловіч не захацеў узначаліць саюз), а яго намеснікам — Людвік Уняхоўскі, і быў зацверджаны яе статут[1].
Мэтай саюза была абарона інтарэсаў сярэдніх і буйных маянткоўцаў пры правядзенні аграрных рэформ у заканадаўчых установах і абарона прынцыпа прыватнай уласнасці на зямлю, бо Часовы ўрад Расіі на чале з Аляксандрам Керанскім і радыкальна настроеныя члены земстваў абкладалі празмернымі падаткамі і земскімі павіннасцямі прыватныя маёнткі для ваенных і ўласных патрэб. Радыкальныя настроі апанавалі і валасныя органы самакіравання, якія складаліся выключна з сялян, якія жадалі падзяліць зямлю маянткоўцаў[2].
Спроба ўзнаўлення дзейнасці органаў кіравання дваранскай суполкай (1917—1918)
правіць5 верасня 1917 г. Міністэрства ўнутраных спраў Часовага Ураду Расійскай дэмакратычнай рэспублікі выдала цыркуляр, у якім паведамляла пра хуткае скасаванне дваранскага саслоўя і ліквідаванне дваранскіх устаноў, хоць Часовы Урад не паспеў гэта зрабіць[3].
У кастрычніку 1917 г. у Мінскай губерні быў створаны «Саюз асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні» на чале з графам Ежы Эмерыкавічам Чапскім (1861—1930). 16 кастрычніка 1917 г. сход павятовых маршалкаў і павятовых дэпутатаў дваранства Мінскай губерні перадаў «Саюзу асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні» усю маёмасць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, а таксама будынак Мінскага губернскага дваранскага сходу і дваранскі клуб. Прыбыткі ад маёмасці і капіталаў павінны былі ісці на культурна-асветніцкую і дабрачынную дзейнасць для асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні[3].
Пасля Кастрычніцкага перавароту і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, ЦВК і Савет народных дэпутатаў Рабоча-Сялянскага ўраду сваім дэкрэтам ад 11 (24) лістапада 1917 г. скасавалі дваранскае саслоўе і дваранскія карпарацыйныя арганізацыі (дваранскія суполкі), а разам з імі і, натуральна, пасады губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства) па ўсёй Расійскай імперыі. У Мінску за сто дзён (да пачатку нямецкай ваеннай акупацыі ў лютым 1918 г.) мясцовыя органы савецкай улады на чале з бальшавікамі спынілі дзейнасць дваранскай арганізацыі, але толькі фармальна, бо на большае ў іх не хапіла часу з-за прыходу нямецкіх войск: кіраўнічыя органы дваранскай карпарацыі Мінскай губерні не былі ліквідаваны, а дваранская маёмасць не была канфіскавана. Па гэтай прычыне ў перыяд знаходжання ў Мінскай губерні войск Германскай імперыі (люты — снежань 1918) і польскіх войск арміі Юзафа Пілсудскага (чэрвень 1919 — чэрвень 1920) прадвадзіцелі дваранства Мінскай губерні зноў аднавілі сваю дзейнасць[4].
Аднаўленне дзейнасці карпарацыйнай арганізацыі дваранства Мінскай губерні (1918—1920)
правіцьТак, 16 красавіка 1918 г. у Мінску дзейнасць дваранскіх устаноў Мінскай губерні была ўзноўлена на сходзе павятовых маршалкаў і павятовых дэпутатаў дваранства на чале Міхаілам Мікалаевічам Бурнашавым (1882—1929), барысаўскім павятовым маршалкам (1915—1918), які быў рускім, літаратарам і тэатральным дзеячам, навукоўцам-археолагам і членам Віцебскай архіўнай камісіі (1909—1919), пазней святаром у Рызе (з 1925 г.) [1]. Барысаўскі павятовы маршалак Бурнашаў у красавіку — верасні 1918 г. стаў выконваць абавязкі мінскага губернскага маршалка. Прагматычная прычына аднаўлення дзейнасці органаў дваранскага кіравання і правядзення выбараў адказных асоб была пісьмова ўказана Бурнашавым нямецкім акупацыйным уладам: спачатку 14 ліпеня 1918 г. генералу ад інфантэрыі Эрыху фон Фалькенгайну (1861—1922), камандзіру 10-й арміі. Дваране Мінскай губерні тлумачылі гэта неабходнасцю вядзення спраў дваранскіх апек, дзе знаходзіліся справы і капіталы малалетніх дваран-маянткоўцаў і іншых асоб: выбарныя асобы патрэбны «для кіравання і нагляду належачай дваранству нерухомай маёмасці і капітала, складаючаму вялізную каштоўнасць», разбору існуючых і могучых узнікнуць маёмасных прэтэнзій да маёнткаў ці капіталаў. І 14 ліпеня 1918 г. генерал фон Фалькенгайн дазволіў узнавіць дзейнасць дваранскай карпарацыі Мінскай губерні і правядзення сходаў, але толькі ў справах, непасрэдна датычных дваранства. Ніякай палітычнай дзейнасці сходу дваран не было дазволена[4].
І 29 верасня 1918 г. у Мінску ва ўмовах грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі і нямецкай ваеннай акупацыі Беларусі ў ходзе Першай сусветнай вайны адбыліся надзвычайныя дваранскія выбары па Мінскай губерні, дзе ўдзельнічалі асобныя дваране з Мінскага, Слуцкага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага і Навагрудскага паветаў Мінскай губерні. Агульнай колькасцю на сходзе прысутнічала 117 чалавек. Па прычыне ваенных дзеянняў у краіне прадстаўнікі Пінскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў Мінскай губерні адсутнічалі на сходзе, але, тым не менш, удзельнічалі Раман Скірмунт (маянтковец Пінскага павета) і Геранім Кеневіч (1867—1925) (маянтковец Мазырскага павета), бо знаходзіліся ў той час у Мінску і далучыліся да кола выбаршчыкаў Бабруйскага павета. Былі выбраны новыя кіраўнічыя асобы. Па выніках галасавання мінскім губернскім прадвадзіцелем дваранства быў выбраны граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930), якому ў ходзе балаціроўкі канкурэнцыю складалі іншыя кандыдаты — Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928) і Леў Львовіч Ваньковіч (1874—1949). Галасы сярод трох кандыдатур размеркаваліся наступным чынам: 1) граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі атрымаў 86 абіральных і 22 неабіральныя балы (быў выбраны маршалкам); 2) Эдвард Адамавіч Вайніловіч атрымаў 54 абіральныя і 54 неабіральныя балы (выбраны першым кандыдатам на пасаду); 3) Леў Львовіч Ваньковіч атрымаў 22 абіральныя і 86 неабіральных балаў[4]. Акрамя таго, пасля правядзення выбараў дваране звярнуліся да вярхоўнай улады (нямецкага ваеннага камандавання) з просьбай зацвердзіць выбраных асоб на пасады дваранскага кіравання, бо ў адваротным выпадку гэта было б незаконна. Дзейнасць дваранскай арганізацыі Мінскай губерні была зноў спынена ў снежні 1918 г., пасля адыходу нямецкіх войск і ўзнаўлення савецкай улады ў Мінску.
Але пасля заняцця ў жніўні 1919 г. большай часткі тэрыторыі Мінскай губерні польскімі войскамі ў ходзе польска-савецкай вайны (1919—1920) дваранскія ўстановы Мінскай губерні на чале з графам Ежы Чапскім зноў пачалі дзейнічаць[4].
Канчатковая ліквідацыя пасады кіраўніка дваранства Мінскай губерні
правіцьАднак ужо восенню 1920 г. у Польшчу пераехала частка кіраўнічых членаў былой Мінскай дваранскай суполкі з-за немагчымасці і немэтазгоднасці далейшай дзейнасці дваранскіх устаноў на тэрыторыі былой Мінскай губерні, падзеленай у ходзе Рыжскай дамовы паміж Польшчай і бальшавісцкай Расіяй. Ежы Чапскі летам 1920 г., перад наступленнем Чырвонай арміі і канчатковым ўсталяваннем савецкай улады ў Мінску, назаўжды пакінуў свой маёнтак Прылукі і пераехаў у Польшчу[3]. Канчаткова пасады прадвадзіцеляў дваранства (губерні і павета) былі скасаваны ў ліпені 1920 г., а Мінскі губернскі дваранскі сход быў фармальна самараспушчаны пасля падпісання Рыжскай дамовы ў сакавіку 1921 г. паміж Польшчай і бальшавісцкай Расіяй.
Спіс губернскіх прадвадзіцеляў (маршалкаў) дваранства Мінскай губерні
правіцьІмя Прозвішча | Тэрмін кіравання | Пасады і Чыны | Узнагароды |
---|---|---|---|
Францішак-Ксаверый Гілярыевіч Хамінскі (пам.1809) | 1795—1797 | маршалак Літоўскага Трыбунала (1786), пінскі судовы староста (1782—1792), брыгадзір пяцігорскай харугвы ВКЛ (1779—1785), мсціслаўскі ваявода (1788—1795), генерал-маёр войск ВКЛ (1788—1795), тайны саветнік (1796) | ордэн Белага Арла, ордэн Святога Станіслава (з 1782) |
Францішак Аляксандравіч Сапега (1772—1829) | 1797 (прызначаны імператарам Паўлам І) | тайны саветнік (з 1797) | ордэн Белага Арла (з 1793), ордэн Святога Станіслава (з 1793) |
Міхал Ежавіч Бярновіч (1734—пасля 1810) | 1797—1799 (выконваў абавязкі) | слуцкі павятовы маршалак (1795—1802), сапраўдны стацкі саветнік (з 1796) | ордэн Святога Станіслава, |
Юзаф Матэвушавіч Ваньковіч | 1800—1802 (выконваў абавязкі) | мінскі павятовы маршалак (1795—1800, 1802—1808) | ордэн Святой Ганны 2 ступені, ордэн Святога Станіслава |
Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (пам.1812) | 1802—1806 | мінскі чашнік (1766—1774), харунжы пяцігорскай харугвы (1780—1784), мінскі гродскі рэгент (з 1786), сянажацкі староста (з 1788), цывільна-вайсковы камісар Мінскага ваяводства (1790—1795), барысаўскі павятовы маршалак (1797—1802) | ордэн Святой Ганны 2 ступені |
Юзаф Міхалавіч Валадковіч (1765—1822) | 1806—1811 | ротмістар Народнай кавалерыі ВКЛ (1788), вілейскі павятовы маршалак (1802—1806) | ордэн Святога Станіслава (1790), ордэн Святой Ганны 2 ступені |
Людвік Міхалавіч Ракіцкі (1775—1829-?) | 1811—1814 | рэчыцкі павятовы маршалак (1802—1811), стацкі саветнік (з 1812) | Ордэн Святога Іаана Іерусалімскага, ордэн Святой Ганны 2 ступені |
Міхал Антонавіч Зяновіч | 1814—1823 | докшыцкі павятовы маршалак (1795—1797), барысаўскі павятовы падкаморы (1799—1802), барысаўскі павятовы маршалак (1811—1814) | ордэн Святой Ганны 2 ступені (1816), ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1816) |
Леў Францавіч Оштарп (1785—1851) | 1823—1847 | ігуменскі павятовы маршалак (1808—1817), стацкі саветнік (з 1829), сапраўдны стацкі саветнік (з 1832) | ордэн Святой Ганны 2 ступені (з 1825) і 1 ступені (з 1834),
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1829), ордэн Святога Станіслава 1 ступені (1834), камандор ордэна Святога Іаана Іерусалімскага (з 1807) |
Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) | 1847—1853 | калежскі рэгістратар (з 1831), губернскі сакратар (з 1840), калежскі сакратар (з 1846) | ордэн Святой Ганны 2 ступені |
Людвік Антонавіч Слатвінскі (каля 1800—1859-?) | 1853—1859 | камер-юнкер (з 1854), калежскі саветнік (з 1854), стацкі саветнік (з 1856), сапраўдны стацкі саветнік (з 1858), ігуменскі павятовы маршалак (1826—1832, 1838—1850) | ордэн Святой Ганны 2 ступені, ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені, бронзавы медаль «У памяць вайны 1853—1856 гг.» |
Аляксандр Дамінікавіч Лапа (1802—1869) | 1859—1863 | калежскі асэсар, бабруйскі павятовы маршалак (1844—1859) | ордэн Святога Станіслава 3 ступені,
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені, бронзавы медаль «У памяць вайны 1853—1856 гг.» |
Яўстах Станіслававіч Прушынскі (Прашынскі) (1797—1877) | 14.09.1863—1877 | калежскі асэсар, стацкі саветнік (з 1866), сапраўдны стацкі саветнік (з 1868) | ордэн Святога Станіслава 2 ступені і 1 ступені (1870),
ордэн Святой Ганны 2 ступені, ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені, медаль «У памяць вайны 1853—1856 гг.», медаль «За здушэнне польскага мяцяжу 1863—1864 гг.» (1867), знак адрознення, ўстаноўлены «За паспяховае ўвядзенне ў дзеянне Палажэння 19 лютага 1861 г.», знак адрознення, ўстаноўлены 24 лістапада 1866 г. «За пазямельнае ўладкаванне дзяржаўных сялян» |
Васіль Іванавіч Паўлаў | 27.03.1877—1897 | палкоўнік, сапраўдны стацкі саветнік (з 1868) | ордэн Святога Станіслава 2 ступені,
ордэн Святой Ганны 3 ступені, медаль «У памяць вайны 1853—1856 гг.», медаль «За здушэнне польскага мяцяжу 1863—1864 гг.» (1867), знак Чырвонага крыжа |
Аляксандр Генадзьевіч Рацькоў-Ражноў (1858—1930) | 13.01.1897—08.07.1904 | стацкі саветнік (з 1894), сапраўдны стацкі саветнік (з 1899) | ордэн Святога Станіслава 2 ступені (1891), ордэн Святой Ганны 2 ступені (1894), срэбны медаль на Аляксандраўскай стужцы ў памяць царавання імператара Аляксандра ІІІ (1896), ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1896), срэбны медаль для нашэння ў пятліцы Андрэеўскай стужкі ў памяць свячэннага каранавання расійскага імператара Мікалая ІІ (1896), цёмнабронзавы медаль на стужцы з дзяржаўных кветак за працу па першым усеагульным перапісу народанасельніцтва Расійскай імперыі (1897), ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені (1902), знак адрознення «24 лістапада 1866 года» за пазямельнае ўладкаванне былых дзяржаўных сялян (1903), ордэн Святога Станіслава 1 ступені (1911), уласна падараваны імператарскі партрэт Мікалая ІІ (1911), медаль «У памяць 100-годдзя Айчынай вайны 1812 года» (1912), медаль «У памяць 300-годдзя царавання дома Раманавых» (1913), ордэн Святой Ганны 1 ступені (1914), медаль расійскага таварыства Чырвонага крыжа |
Аляксандр Сяргеевіч Далгаво-Сабураў (1851—пасля 1917) | 09.10.1904—1917 | камер-юнкер (з 1904), камергер, гафмейстар (з 1913), сапраўдны стацкі саветнік (з 1897) | цёмнабронзавы медаль у памяць свячэннага каранавання расійскага імператара Аляксандра ІІІ (1885), ордэн Святога Станіслава 3 ступені (1890), ордэн Святой Ганны 3 ступені (1893), срэбны медаль у памяць царавання імператара Аляксандра ІІІ (1897), цёмнабронзавы медаль за працу па першым усеагульным перапісу народанасельніцтва Расійскай імперыі (1897), ордэн Бухарскай Залатой зоркі 1 ступені, знак адрознення «24 лістапада 1866 года» за пазямельнае ўладкаванне былых дзяржаўных сялян (1898), ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені (1899), знак і медаль Чырвонага крыжа Расійскага таварыства Чырвонага крыжа (1907), ордэн Святога Станіслава 1 ступені (1907), ордэн Святой Ганны 1 ступені (1910) |
Сцяпан Мікалаевіч Сорнеў (1864—1933) | 1917—1917 | мазырскі павятовы маршалак (1905—1907), мінскі павятовы маршалак (1907—1912) | ордэн Святой Ганны 3 ступені, ордэн Святой Ганны 2 ступені, ордэн Святога Станіслава 3 ступені, ордэн Святога Станіслава 2 ступені, ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені, ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені, |
Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930) | 18.09.1918—1920 (па факту, з перапынкам) |
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
- Жытко, А. П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму. 1861—1914 гг. / А. П. Жытко. — Мінск : БДПУ, 2003. — 233 с.
- Корелин, А. П. Дворянство в пореформенной России 1861—1904 гг. Состав, численность, корпоративная организация / А. П. Корелин. — Москва : Наука, 1979. — 304 с.
- Минская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1793—1917) / Сост. Т. Е. Леонтьева. — Мн : Бел НИИДАД, 2006. — 392 с.
- Луговцова, С. Л. Политика российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. / С. Л. Луговцова. — Минск : БГПУ, 1997. — 79 с.
- Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917: биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. — Минск : Беларусь, 2016. — 396 с.
- Памятная книжка Минской губернии на 1860, 1861, 1865—1865, 1867, 1870, 1872—1875, 1878, 1880—1881, 1883—1885, 1887—1899, 1905, 1907—1910, 1912—1915, 1917 год.
- Раюк, А. Р. Вакантнасць пасады маршалка Мазырскага павета Мінскай губерні ў першай палове XIX ст. / А. Р. Раюк // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : материалы IV Междунар. науч.-теорет. конф., Минск, 22 апр. 2013 г. / Бел. гос. пед. ун-т им. М. Танка; редкол. В. В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. — Минск : БГПУ, 2013. — С. 194—196.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- Раюк, А. Р. Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894): адміністратар і гаспадар / А. Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28.
- Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Романович-Славатинский, А. В. Дворянство в России от начала XVIII века до отмены крепостного права / А. В. Романович-Славатинский. — СПб. : Типография Министерства внутренних дел, 1870. — 564 с.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Списки Губернских Предводителей Дворянств Российской империи 1785—1895. Составлены и изданы Черниговским Губернским Предводителем дворянства графом Милорадовичем. — Чернигов : Типография Губернского земства, 1895.
- Уласавец, Я. В. Павятовыя прадвадзіцелі дваранства ў Беларусі ў 60—90-я гг. XIX стагоддзя / Я. В. Уласавец // Сборник работ 65-ой научной конференции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета : В 3 ч. — ч.1 — Минск : БГУ, 2008. — С. 46—50. [2] Архівавана 6 сакавіка 2016.
- Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.