Нарачанскі (нацыянальны парк)

нацыянальны парк у Беларусі
(Пасля перасылкі з Нарачанскі нацыянальны парк)

Нарача́нскі — нацыянальны парк, створаны ў 1999 годзе ў мэтах захавання ўнікальных прыродных комплексаў, а таксама больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцяў прыродных рэсурсаў Нарачанскага рэгіёну і прылеглых да яго тэрыторыяў.

Нарачанскі нацыянальны парк
Катэгорыя МСАП — II (Нацыянальны парк)
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 97 300 га
Дата заснавання 1999
physical
Нарачанскі нацыянальны парк
Нарачанскі нацыянальны парк
Паштовая марка Беларусі, прысвечаная нацыянальнаму парку

Агульныя звесткі

правіць

Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, Швакцінскай групы азёр (Вялікія Швакшты) і Свірскай групы азёр (Свір) і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў.

Нацыянальны парк «Нарачанскі» знаходзіцца пераважна ў Мядзельскім раёне (96 % плошчы), а таксама часткова на тэрыторыі Вілейскага (2 % плошчы), Пастаўскага Віцебская вобласць (1,7 % плошчы) і Смаргонскага Гродзенская вобласць (0,3 % плошчы) раёнаў. Працягласць Нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень складае 34 км, з усходу на захад — 59 км. Адміністрацыя парку знаходзіцца ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Агульная плошча Нацыянальнага парку складае 97,3 тыс. га (0,973 тыс. км²). 66,8 тыс. га (68,7 %) гэтых земляў (у асноўным, лясы і вадаёмы) перададзеныя ў склад парку. Астатнія землі ў межах Нацыянальнага парку знаходзяцца ў падпарадкаванні іншых землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў. Тэрыторыя парку займае 60 % плошчы тэрыторыі Мядзельскага раёна.

Гісторыя

правіць

Здаўна навакольная мясцовасць Нарачы прываблівала аматараў адпачынку, палявання і рыбалкі, даследчыкаў і падарожнікаў. У пачатку ХХ ст. на беразе возера Нарач былі пабудаваны прыватныя вілы, рэстаран, яхт-клуб, прыстань для парусных лодак, тут курсіравалі дачныя паязды.

У 1946 годзе ў ходзе першай навуковай экспедыцыі былі знойдзены крыніцы мінеральных вод і лячэбныя гразі (сапрапелі) у азёрах Кузьмічы, Швакшты і Дзягілі. Гэта было падставай для стварэння кліматабальнеалагічнага курорта.

У канцы 1950-х гадоў пачалося актыўнае будаўніцтва турыстычных баз і дамоў адпачынку на ўзбярэжжы Нарачы. Ужо ў 1963 годзе адкрыўся санаторый «Нарач», пазней — дом адпачынку «Нарач», дзіцячы аздараўленчы лагер «Зубраня». У 1960-70-я гады на тэрыторыі Нарачанскага рэгіёна ўзнікла вялікая курортна-аздараўленчая зона краіны.

Нацыянальны парк «Нарачанскі» быў утвораны ў 1999 годзе для захавання ландшафтаў, біялагічнага багацця і генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету.

Прырода

правіць

На тэрыторыі парку больш за 30 азёр агульнай плошчай больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырвоную кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т.л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т.л. бяроза карлікавая, кураслел лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырвоную кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграліпьная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, трапляюцца толькі ў возеры Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі уздутай і інш.

На тэрыторыі парка шмат помнікаў прыроды, у т.л. ўчасткі ландшафтаў — паўвостраў Дубовая гара (возера Мядзел), Сцепянёўскі берагавы ўступ (возера Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геалагічнае агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінеральныя крыніцы.

Помнікі архітэктуры

правіць

Помнікі архітэктуры на тэрыторыі нацыянальнага парку прадстаўлены культавымі збудаваннямі (Касцёл Маці Божай Шкаплернай ў горадзе Мядзел, Андрэеўскі касцёл і царква ў аграгарадку Нарач, Нікалаеўскі касцёл і драўляная царква ў гарадскім пасёлку Свір, кляштар кармелітаў XVIII стагоддзя ў вёсцы Засвір, касцёл XIX стагоддзя ў вёсцы Канстанцінава, касцёл Маці Божай у гарадскім пасёлку Крывічы і інш.), сядзібнымі комплексамі і старадаўнімі паркамі (курортны пасёлак Нарач, гарадскі пасёлак Свір, вёскі Канстанцінава, Камарова, Альшэва і інш.).

Курортная гаспадарка

правіць

Тут размешчаны курортны пасёлак Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі. На тэрыторыі парку размешчана самая вялікая курортная зона Беларусі, якая аб’ядноўвае 11 санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў.

Турызм

правіць

У нацыянальным парку для турыстаў распрацавана каля 30 экскурсійных маршрутаў, арганізуюцца шматдзённыя пешыя, веласіпедныя і водныя паходы. На ўзбярэжжы 9 азёр абсталявана 16 турыстычных стаянак. Летам можна зрабіць падарожжа на верталёце. Таксама ў парку арганізуюцца паляўнічыя і рыбалоўныя туры, падводнае паляванне, дайвінг. На тэрыторыі парку пракладзены экалагічныя маршруты, якія ўключаюць Блакітныя азёры і паўвостраў Чараўкі.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць