Паазер’е (этнаграфічны рэгіён Беларусі)

Паазе́р'е, ці Падзві́нне — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую частку Віцебскай вобласці. На паўднёвым усходзе па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на поўдні і паўднёвым захадзе па ўмоўнай лініі на поўнач ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем.

Рэгіёны Беларусі (XIX-пач. XX ст.):
     Панямонне      Паазер'е      Падняпроўе      Заходняе Палессе      Усходняе Палессе      Цэнтральная Беларусь
Паазер'е, паштовая марка Беларусі

Як гісторыка-этнаграфічны рэгіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнай Полацкай зямлі (полацкія крывічы).

Мясцовыя гаворкі Паазер'я складаюць групу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы.

Гісторыя правіць

Этнічная гісторыя Падзвіння налічвае больш за тысячу гадоў. На пачатку бронзавага веку (на мяжы III—II тыс. да н.э.) тэрыторыю Падзвіння засяляюць індаеўрапейцы. Адбываецца этнакультурнае ўзаемадзеянне з протабалцкім насельніцтвам, а таксама з фіна-уграмі. Паводле дадзеных археолагаў, у прыватнасці Г.В. Штыхава, ў V—XI стст. у рэгіёне адбываецца міграцыя славян і іх рассяленне сярод балцкага і фіна-ўгорскага насельніцтва[1].

У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найбольш самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-палітычнага ладу і арыгінальнай культурай. У XI ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканамічных цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і іншыя; гл. Полацкае княства).

Для Падзвіння разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэдневякоўя і да 2-й палавіны XIX ст. захавалася этнаграфічная назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі.

З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў.

Ратуючыся ад рэлігійных ганенняў і сацыяльнага ўціску, сюды перасялілася частка рускіх старавераў.

У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясцовая эканоміка і культура панеслі вялікія страты, адбыліся істотныя змены ў геаграфічным размяшчэнні і этнасацыяльнай структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) Падзвінне было далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 г. — Беларускай, з 1802 г. — Віцебскай губерні; заходняя частка ўваходзіла ў Віленскую губерню.

Пасля 1917 г. і ўтварэння БССР усходняе Падзвінне аказалася ў складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка Падзвіння была ўз'яднана з БССР у 1939 г.

Гаспадарчыя заняткі правіць

Традыцыйна-бытавая культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спецыфіку мясцовых гістарычных і прыродных умоў. Народная вытворчая практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі Ураджаю і іншае з улікам мясцовых прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для Паазер'я 2-рэбравых нахільных мялках.

Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асноўнай і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытворчасці ў Віленскай губерніДзісенскі павет).

З развіццём капіталістычных адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Мноства сялян ішло на будаўнічыя і земляныя работы: мясцовых каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.

Паселішчы правіць

Найбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняй Дзвіны. На Паазер'і пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вялікіх дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невялікія вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Зімою ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі.

Найбольш пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясцовым вызначэнні — комплекс гаспадарчых пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невялікі млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сялянскай гаспадаркі.

Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»). Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й палавіны 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Адзенне правіць

Для традыцыйнага адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабеларускіх світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор'е.

Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жаночым адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набіванцы — сіні ці блакітны.

Кераміка правіць

Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі.

Вусная творчасць правіць

Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасць і традыцыйная абраднасць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў іншых рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору Паазер'я ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.

Культура беларускай дуды правіць

 
Беларускі дудар з Дзісенскага павета.

З Паазер’ем звязаная культура беларускай дуды. Па шматлікіх этнаграфічных і літаратурных звестках, дуда — найбольш пашыраны інструмент паўночнай часткі Беларусі, звязаны з Наддзвіннем. Месцы асаблівага пашырэння — Глыбоцкі край, Полаччына, Ушаччына, Лепельшчына, Гарадоччына і Барысаўшчына. Дуда сустракаецца ў іншых этнаграфічных рэгіёнах Беларусі, але не ў такой колькасці, як на Паазер’і. З гэтага рэгіёну паходзіць большая частка захаваных дуд, фотаздымкаў дудароў, а таксама этнаграфічных, гістарычных, літаратурных і сучасных запісаў пра бытаванне дуды.

Зноскі

  1. Этнокультурные процессы Белорусского Подвинья (Витебщины) в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Ин-т этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы. — Минск : Беларуская навука, 2017. С.3

Літаратура правіць


Спасылкі правіць