Паазер’е (этнаграфічны рэгіён Беларусі)
Паазе́р'е, ці Падзві́нне — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую частку Віцебскай вобласці. На паўднёвым усходзе па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на поўдні і паўднёвым захадзе па ўмоўнай лініі на поўнач ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем.
Як гісторыка-этнаграфічны рэгіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнай Полацкай зямлі (полацкія крывічы).
Мясцовыя гаворкі Паазер'я складаюць групу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы.
Гісторыя
правіцьЭтнічная гісторыя Падзвіння налічвае больш за тысячу гадоў. На пачатку бронзавага веку (на мяжы III—II тыс. да н.э.) тэрыторыю Падзвіння засяляюць індаеўрапейцы. Адбываецца этнакультурнае ўзаемадзеянне з протабалцкім насельніцтвам, а таксама з фіна-уграмі. Паводле дадзеных археолагаў, у прыватнасці Г.В. Штыхава, ў V—XI стст. у рэгіёне адбываецца міграцыя славян і іх рассяленне сярод балцкага і фіна-ўгорскага насельніцтва[1].
У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найбольш самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-палітычнага ладу і арыгінальнай культурай. У XI ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканамічных цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і іншыя; гл. Полацкае княства).
Для Падзвіння разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэдневякоўя і да 2-й палавіны XIX ст. захавалася этнаграфічная назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі.
З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў.
Ратуючыся ад рэлігійных ганенняў і сацыяльнага ўціску, сюды перасялілася частка рускіх старавераў.
У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясцовая эканоміка і культура панеслі вялікія страты, адбыліся істотныя змены ў геаграфічным размяшчэнні і этнасацыяльнай структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў.
У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) Падзвінне было далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 г. — Беларускай, з 1802 г. — Віцебскай губерні; заходняя частка ўваходзіла ў Віленскую губерню.
Пасля 1917 г. і ўтварэння БССР усходняе Падзвінне аказалася ў складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка Падзвіння была ўз'яднана з БССР у 1939 г.
Гаспадарчыя заняткі
правіцьТрадыцыйна-бытавая культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спецыфіку мясцовых гістарычных і прыродных умоў. Народная вытворчая практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі Ураджаю і іншае з улікам мясцовых прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для Паазер'я 2-рэбравых нахільных мялках.
Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асноўнай і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытворчасці ў Віленскай губерні — Дзісенскі павет).
З развіццём капіталістычных адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Мноства сялян ішло на будаўнічыя і земляныя работы: мясцовых каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.
Паселішчы
правіцьНайбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняй Дзвіны. На Паазер'і пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вялікіх дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невялікія вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Зімою ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі.
Найбольш пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясцовым вызначэнні — комплекс гаспадарчых пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невялікі млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сялянскай гаспадаркі.
Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»). Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й палавіны 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Адзенне
правіцьДля традыцыйнага адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабеларускіх світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор'е.
Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жаночым адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набіванцы — сіні ці блакітны.
Кераміка
правіцьКераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі.
Вусная творчасць
правіцьРэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасць і традыцыйная абраднасць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў іншых рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору Паазер’я ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.
Культура беларускай дуды
правіцьЗ Паазер’ем звязаная культура беларускай дуды. Па шматлікіх этнаграфічных і літаратурных звестках, дуда — найбольш пашыраны інструмент паўночнай часткі Беларусі, звязаны з Наддзвіннем. Месцы асаблівага пашырэння — Глыбоцкі край, Полаччына, Ушаччына, Лепельшчына, Гарадоччына і Барысаўшчына. Дуда сустракаецца ў іншых этнаграфічных рэгіёнах Беларусі, але не ў такой колькасці, як на Паазер’і. З гэтага рэгіёну паходзіць большая частка захаваных дуд, фотаздымкаў дудароў, а таксама этнаграфічных, гістарычных, літаратурных і сучасных запісаў пра бытаванне дуды.
Зноскі
- ↑ Этнокультурные процессы Белорусского Подвинья (Витебщины) в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Ин-т этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы. — Минск : Беларуская навука, 2017. С.3
Літаратура
правіць- Паазер'е (Падзвінне) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 460—461.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх