Пётр Пятровіч Шарыпа
Пётр Пятровіч Шарыпа (11 красавіка 1942, в. Арашкі Аршанскага раёна Віцебскай вобласці — 3 лістапада 2013, Мінск) — беларускі жывапісец, педагог.
Пётр Пятровіч Шарыпа | |
---|---|
Дата нараджэння | 11 красавіка 1942 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 лістапада 2013 (71 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Род дзейнасці | мастак |
Месца працы | |
Жанр | пейзаж, нацюрморт, партрэт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Вядомыя працы | «Нясвіж» (1976), «Светлы дзень» (1982), «Свіцязянская балада. Адам Міцкевіч» (2000) |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1965), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1974). Сябар Беларускага саюза мастакоў (з 1984).
Біяграфія
правіцьДзяцінства
правіцьПётр Шарыпа нарадзіўся 21 красавіка 1942 года ў вёсцы Арашкі на Віцебшчыне. Бацька будучага мастака загінуў на фронце. Маці працавала ў калгасе даяркай. У Арашках Пётр скончыў пачатковую школу.
У сярэднюю школу пайшоў у гарадскім пасёлку Арэхаўск, куды яго ўзялі да сябе дзядзька з цёткай. Настаўніцай малявання там была Ніна Дзям'янаўна Афанасьева, паходжаннем са старажытнага рускага дваранскага роду, у 1930-я гады высланая з Ленінграда. Мастак пісаў ва ўспамінах:
Яе кватэра была па суседству з намі… На сценах — фотаздымкі людзей у даўняй афіцэрскай форме, з тварамі, так непадобнымі да нашых сучаснікаў. Але галоўнае — кнігі, неверагодна шмат кніг — у шафах, у скрынях, кнігі старыя, дзевятнаццатага стагоддзя, і выдадзеныя нядаўна, дарэвалюцыйныя часопісы… У той час я многа хварэў, увесь дзевяты клас праляжаў у ложку, і кнігі былі маім жыццём.
Некаторы час захапляўся капіраваннем алейнымі фарбамі каляровых рэпрадукцый з часопісу «Огонёк». Да школьных гадоў адносяцца таксама першыя малюнкі з натуры алоўкам, эцюды акварэллю.
Маладосць
правіцьУ 1960-м годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Загадчыкам кафедры тады быў Валянцін Дзежыц, курсам кіраваў Іван Сталяроў. Скончыўшы інстытут ў 1965-м годзе, Пётр Шарыпа нядоўгі час настаўнічаў у вёсцы. У 1966 годзе прыехаў у Мінск. З 1966 па 1968 год выкладаў у школе № 24, у Мінскім педагагічным вучылішчы.
У 1968 годзе Пётр Шарыпа паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковага жывапісу. Там яго педагогамі былі такія прызнаныя майстры, як Хаім Ліўшыц, Натан Воранаў, Пётр Крохалеў. Дыпломнай працай маладога мастака кіраваў Май Данцыг.
Сталасць
правіцьУ 1972 годзе ажаніўся з будучай настаўніцай матэматыкі, Лазарук Людмілай Анатольеўнай, пляменніцай доктара філалагічных навук, прафесара М. А. Лазарука. У 1973 годзе нарадзілася дачка Алена.
У 1974 годзе скончыў інстытут. Пачаў браць актыўны ўдзел у выставах. У 1984 годзе ўступіў у Саюз мастакоў СССР.
У 1990 годзе стаў сябрам суполкі «Пагоня», што была створана ў тым жа годзе пры Беларускім саюзе мастакоў.
З 1974 па 2012 год Пётр Шарыпа выкладаў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя I. В. Ахрэмчыка (цяпер ДУА «Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка»). Пад яго кіраўніцтвам на мастацкім аддзяленні школы выходзіла газета «Спадчына», якая апавядала пра найбольш значныя падзеі і знакамітых асоб беларускай гісторыі.
Вучнямі Пятра Шарыпы былі такія вядомыя мастакі, як Алесь Пушкін, Аляксандр Сільвановіч, Уладзімір Лавецкі, Наталля Белавокая, Ларыса Журавовіч. У 1990 годзе Алесь Пушкін намаляваў партрэт настаўніка разам з іншымі выкладчыкамі ў сваёй дыпломнай працы — роспісу фае актавай залы Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.
Памёр 3 лістапада 2013 года ў Мінску. Пахаваны на могілках гарадскога пасёлку Арэхаўск.
Творчасць
правіцьПрацаваў у розных жанрах станковага жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, пейзаж, нацюрморт.
У пейзажным жанры працягваў і развіваў лепшыя традыцыі беларускага пленэрнага жывапісу. Для твораў Пятра Шарыпы характэрны абвостранае пачуццё колеру, дакладная перадача стану прыроды, які імкліва мяняецца. Стварыў серыі краявідаў роднай Аршаншчыны, Браслаўшчыны, пейзажы з помнікамі архітэктуры Полацка, Гальшан, Пінска, Мядзеля. Па матэрыялах эцюдаў былі напісаны палотны лірыка-эпічнага і гістарычнага гучання, такія як «Нясвіж» (1976), «Вясна» (1985), «Старыя дрэвы» (1986), «Браслаўшчына» (1986), «Гальшаны. З вякоў мінулых» (1990).
Мікола Паграноўскі, мастацтвазнавец, крытык:
Пейзажы Пятра Шарыпы — гэта не толькі партрэты мясцовасці (Аршаншчына, Крэва, Браслаў, Гальшаны), а яшчэ і своеасаблівая формула канкрэтнага краявіду, якая дае нам магчымасць спасцігнуць таямніцы нашай багатай гісторыі і культуры.
Стварыў шэраг партрэтаў блізкіх: «Люда (Партрэт жонкі)» (1973), «Маці» (1980), «Алёнка» (1985).
-
«Партрэт жонкі», 1973 Палатно, алей, 93 х 71 см
-
«Людміла», 1973. Палатно, алей, 105,5 х 66,5 см
-
«Маці», 1980. Палатно, алей, 127 х 85 см
-
«Алёнка», 1981. Палатно, алей, 119 х 90 см
-
«Алёнка», 1985. Палатно, алей, 86 х 57 см
У тэматычнай карціне Пётр Шарыпа часта выкарыстоўваў этнаграфічна-фальклорныя матывы («Светлы дзень» (1982), «Ля вакна» (1982), «Ядвіся» (1980-я)). Такія палотны, як «Песня маці» (1982), «Развітанне з роднай вёскай» (1992) нясуць у сабе лірыка-філасофскі змест, роздум пра лёс Радзімы. Перажыванні, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, знайшлі ўвасабленне ў творах «Лісты бацькі» (1977), «Цяжкія гады» (1985).
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.
Нацюрморт
правіцьВыстаўкі
правіцьУдзельнічаў у мастацкіх выстаўках з 1974 года.
З 8 па 26 чэрвеня 2022 года ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працавала персанальная выстаўка жывапісу Пятра Шарыпы, прымеркаваная да 80–годдзя з дня нараджэння мастака[1].
Зноскі
Спасылкі
правіць- «Родныя вобразы». Пётр Шарыпа Архівавана 24 лютага 2015.