Свіслач (прыток Бярэзіны)

рака, прыток Бярэзіны

Сві́слач — рака ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра).

Свіслач
Рака Свіслач
Рака Свіслач
Характарыстыка
Даўжыня 327 км
Басейн 5 160 км²
Расход вады 24,3 м³/с (за 88 км ад вусця)
Вадацёк
Выток Мінскае ўзвышша і Маяк
 • Месцазнаходжанне каля в. Шапавалы
 • Каардынаты 54°02′15″ пн. ш. 27°09′49″ у. д.HGЯO
Вусце Бярэзіна
 • Месцазнаходжанне агр. Свіслач
 • Каардынаты 53°25′58″ пн. ш. 28°58′59″ у. д.HGЯO
Ухіл ракі 0,5 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Бярэзіна → Дняпро → Чорнае мора
Краіна
Рэгіёны Мінская вобласць, Магілёўская вобласць
Раёны Валожынскі раён, Мінскі раён, Пухавіцкі раён, Асіповіцкі раён
physical
Свіслач (прыток Бярэзіны)
Свіслач (прыток Бярэзіны)
Blue 0080ff pog.svg — выток, Blue pog.svg — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Даўжыня 285 км. Плошча вадазбору 5,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 40—50 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 .

НазваПравіць

Назва Свіслачы меркавана балцкага паходжання, пра гэта кажа другая аснова ў гэтай двухасноўнай назве — Ak-[1].

Корань Ak- звязаны з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе». Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *ok(e)s-)[2]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.

У двухасноўных гідронімах тыпу Свіслач ці Нарач[3] ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. ape «рака»)[4] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[5], як у гідронімах Жукопа або Грыўда.

Першая аснова Свісл- у назве Свіслачы дагэтуль адназначна не вытлумачаная ні на якім моўным матэрыяле, але прысутнасцю элемента -s-l- яна збліжаецца з такімі балцкімі гідронімамі на тэрыторыі Беларусі, як Іслач і Ясельда, у якіх другая аснова таксама значыць «рака, вада».

Асноўныя прытокіПравіць

Справа: Няміга, Цітаўка, Жалязянка, Сіняўка, Талька, Сіняя. Злева: Вяча, Волма, Балачанка, Жыцінка.

На рацэПравіць

Гарады: Мінск, Заслаўе. Гарадскія пасёлкі: Свіслач. Водзяцца: акунь звычайны, плотка, шчупак, карась, лінь (ніжэй Мінска, з-за забруджання, рыбы амаль няма).

 
Рака Свіслач у Мінску зімой

ГідраграфіяПравіць

Пачынаецца на схіле гары Маяк (Мінскае ўзвышша), на тэрыторыі садоўніцкага таварыства «Аір», ў 1,6 км на поўдзень ад вёскі Шапавалы Валожынскага раёна. Вусце знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка Свіслач Асіповіцкага раёна. Цячэ па цэнтральнай частцы Мінскага ўзвышша і па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасховішчаў (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк уплывае перапампоўка вады з ракі Віліі па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. 3 вадасховішча Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму, у перспектыве паступіць у Лошыцкую водную сістэму, што дасць магчымасць стварыць воднае кола ў Мінску агульным працягам каля 50 км.

Лядовы рэжым значна змяніўся пасля будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Да яе будаўніцтва рака замярзала ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й палове сакавіка, найбольшыя ўзроўні вады ў 1-й дэкадзе красавіка, працяг разводдзя 50 сутак; пасля будаўніцтва рэжым ракі мала вывучаны.

Даліна ў вытокавай частцы У-падобная і скрынкападобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шырыня яе ў вярхоўі 0,4—0,6 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя (вышыня 10—12 м), парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая (радзей аднабаковая), чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярацыйнымі каналамі, пераважна адкрытая. Шырыня яе 0,3—0,5 км у верхнім і 0,8—1 км у ніжнім цячэнні.

У вярхоўі ад вёскі Векшыцы, дзе рака з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, шырыня рэчышча да Заслаўскага вадасховішча 20—25 м. Рэчышча ў межах Мінска і ніжэй да вёскі Каралішчавічы Мінскага раёна на 7 невялікіх участках агульнай працягласцю 7,9 км каналізаванае.

У межах Мінска рака ўтварае 8 лукавін. У цэнтры горада берагі забетаніраваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шырынёй 25—30 м, ніжэй плаціны Асіповіцкага вадасховішча — да 50 м. Берагі ў ніжнім цячэнні вышынёй 2—3 м, месцамі 6—8 м.

У творчасціПравіць

Рацэ Свіслачы прысвечаная паэма «Свіслачанка», якую па-польску напісала менская шляхцянка Гэлена Цэпрынская. Паэма надрукаваная ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[6]. У паэме аўтарка творча перапрацавала сюжэт балады Адама Міцкевіча «Свіцязянка», перанёсшы яго на берагі Свіслачы: перад нашчадкам старалітоўскіх рыцараў Веславам са свіслацкіх водаў паказваецца дух ракі ў дзявочым абліччы, заклікаючы яго быць годным вялікіх спраў высакародных продкаў, у адказ на гэта Веслаў прызнаецца ў сваёй слабасці і «Свіслачанка» расчаравана знікае ў водах ракі.

Зноскі

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
  3. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 170—171.
  5. K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
  6. Helena Cyprinska. Świsłoczanka // Litwa. Nr. 17 (23). 1909. C. 248—251 [скразная нумарацыя].

ЛітаратураПравіць

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 265. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Свіслач // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 653. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.