Руская мова

усходнеславянская мова
(Пасля перасылкі з Руская)

Ру́ская мова (саманазва: русский язык, таксама ўжываюцца назвы расійская і расейская мова[3]) — усходнеславянская мова славянскае галіны ў складзе індаеўрапейскай моўнай сям’і.

Руская мова
Саманазва Русский язык
Краіны Расія, краіны былога СССР, дыяспара Еўропы, Ізраіля, ЗША, Канады
Рэгіёны першапачаткова — цэнтр еўрапейскай Расіі,
цяпер — Расія, а таксама дыяспара краін былога СССР і краін Захаду
Афіцыйны статус
Арганізацыя, якая рэгулюе Інстытут рускай мовы РАН
Агульная колькасць носьбітаў 167 млн.[1]
Рэйтынг 8[1]
Статус у бяспецы[d][2]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Балта-славянская галіна (гіпотэза)
Славянская група
Усходнеславянская падгрупа
Руская мова
Пісьменнасць кірыліца (рускі алфавіт)
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 рус 570
ISO 639-1 ru
ISO 639-2 rus
ISO 639-3 rus
WALS rus
Ethnologue rus
Linguasphere 53-AAA-ea
ABS ASCL 3402
IETF ru
Glottolog russ1263
Вікіпедыя на гэтай мове

Руская мова родная для 167 мільёнаў чалавек, з якіх каля 137 мільёнаў жыве ў Расіі. Мае статус дзяржаўнай у Расіі, Беларусі (разам з беларускай мовай), афіцыйнай у Казахстанеказахскай мовай як дзяржаўнай), Кыргызстанекыргызскай мовай як дзяржаўнай), у аўтаномнай Гагаузіі (Малдова). Руская мова таксама афіцыйная ў непрызнаных дзяржаўных утварэннях Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі.

Арфаграфія

Рускі алфавіт
Аа Бб Вв Гг Дд Ее Ёё
Жж Зз Ии Йй Кк Лл Мм
Нн Оо Пп Рр Сс Тт Уу
Фф Хх Цц Чч Шш Щщ Ъъ
Ыы Ьь Ээ Юю Яя

З часоў апошняй рэформыberu рускае арфаграфіі ў 1918 годзе рускі алфавіт складзены з 33 літар. З іх 10 літар выкарыстоўваюцца для перадачы галосных гукаў: а, е, ё, и, о, у, ы, э, ю і я (пры гэтым дадзеных літар менш у параўнанні з колькасцю ўласна галосных). Астатнія 23 літары перадаюць зычныя гукі, пры гэтым літары ъ і ь выкарыстоўваюцца не для адлюстравання асобных самастойных гукаў, а з’яўляюцца індыкатарамі цвёрдасці альбо мяккасці наяўных зычных (больш падрабязная інфармацыя ў артыкуле: руская фанетыка). Арфаграфія рускае мовы мае досыць архаічны характар (не адлюстроўваюцца змены ненаціскных галосных, аглушэнне фінальных зычных, выпадзенне зычных і г.д.), яе гісторыя налічвае некалькі стагоддзяў, сама арфаграфія засноўваецца пераважна на этымалагічным прынцыпе.

Акрамя набору літар, у часы савецкае ўлады руская мова зведала іншыя істотныя змены ў арфаграфіі (напрыклад, скарачэнне ўжывання злучка, прыбіранне кропак з абрэвіятур). У 1920—1930-я гады ў межах усесавецкай палітыкі лацінізацыі моў народаў СССР выказваліся прапановы па пераводзе рускага алфавіта на лацінскую аснову, але самі падобныя праекты існавалі яшчэ з часоў Расійскай імперыі. Змены ў арфаграфіі і арфаэпіі (прытым даволі значныя) працягваюцца і дагэтуль (змены тапонімаў, варыятыўнасць ужывання націску, роду і г.д., засваенне інтэрнацыяналізмаў).

Асноўныя рысы

Руская мова адносіцца да індаеўрапейскае сям’і моў. Унутры гэтай сям’і яна ўваходзіць у славянскую галіну. Руская мова традыцыйна адносіцца да ўсходнеславянскай групы моў і ўтварае з беларускай і ўкраінскай мовамі дыялектны кантынуум.

Гісторыя рускае мовы прасочваецца прынамсі з канца першага тысячагоддзя н.э., калі славянскія плямёны Усходняй Еўропы пачалі засяленне сучасных паўднёва-заходніх рэгіёнаў Расіі. Праз пэўны час з праславянскае мовы вылучаецца сукупнасць дыялектаў, на аснове якіх развіваецца літаратурная мова, вядомая ў лінгвістыцы і гістарыяграфіі пад тэрмінам старажытнаруская мова. Славянскія гаворкі Маскоўскага княства і некаторых іншых суседніх пазней пачынаюць развівацца ў рускую мову, у той час як прыкладна з ХІІІ ст. на землях ВКЛ развіваецца ўласная народная мова і яе літаратурны стандарт (гл. старабеларуская мова).

Лексіка

Кантакты насельніцтва цэнтральнай Расіі з грэчаскамоўнай літаратурай і суседнімі цюркскімі дзяржавамі становяцца прычынай узбагачэння рускай лексікі элінізмамі і цюркізмамі (якія часам пранікалі і на ўзровень карэннай лексікі, але іх уплыў неістотны). Нягледзячы на частае асвятленне ў публіцыстыцы, а таксама гістарычныя кантакты, доля запазычанняў фіна-ўгорскага паходжання вельмі малая і адносіцца найперш да дыялектызмаў або да спецыфічных культурных паняццяў (тайга, тундра). З XVIIIХІХ стст. у рускую мову пранікае вялікая колькасць галіцызмаў (французскія запазычанні) і германізмаў (з нямецкай мовы), частата іх тагачаснага выкарыстання залежала ад функцыянальнага стылю мовы ці адукаванасці носьбіта. Вядомы запазычанні з іншых славянскіх моў, але іх уплыў адносіцца ў асноўным толькі да адпаведных культурных рэалій. Як і ў іншых шматлікіх славянскіх мовах, у лексіку рускай мовы ўваходзяць інтэрнацыяналізмы англійскага, лацінскага і грэчаскага паходжання.

Урэшце, абсалютная большасць лексікі сучаснай рускай мовы мае славянскую этымалогію.

Фанетыка, фаналогія

Гукавы лад рускай мовы вылучаецца наяўнасцю сінкопы (выпадзення) галосных, леніцыі (аслабленне вымаўлення зычнага) і апакопы (выпадзенне якіх-небудзь канчатковых гукаў ці спалучэнняў). Распаўсюджаны пераход ненаціскнога о, а і многіх іншых галосных у шваberu (/ə/) або /i/, што амаль не распаўсюджана ў іншых усходнеславянскіх. Як і ў іншых усходнеславянскіх, адзначаецца аглушэнне фінальных зычных і сэнсаадрознівальная роля палаталізацыі зычных (напрыклад, плот, але плоть). З прычыны архаічнасці рускай арфаграфіі ўсе дадзеныя рысы, акрамя апошняй, не адлюстроўваюцца на пісьме (напрыклад, шва пазначаецца як о або а ў залежнасці ад паходжання ў корані слова, напрыклад, молоко).

Ужо ў часы старажытнарускае мовы вядомыя пераходы некаторых груп зычных, дакладней, змена іх становішча ў слове, што адбылося гэтак жа, як у будучых украінскай і беларускай мовах.

Марфалогія, сінтаксіс

Марфалогія ў цэлым блізкая іншым усходнеславянскім мовам, хоць і мае свае адметнасці. Сінтаксіс праяўляе значна большае падабенства.

Дыялекты

 
     Краіны, дзе руская мова з'яўляецца афіцыйнай або адной з афіцыйных     Прыкметная колькасць рускамоўнага насельніцтва
 
Дыялекталагічная карта рускай мовы (у т.л. дыялекты захаду, якія раней лічыліся дыялектамі беларускай мовы, а таксама дыялекты ўкраінскай мовы на поўдні). Жоўтыя, аранжавыя адценні — паўднёвыя дыялекты, зялёныя — паўночныя, ружовыя — пераходныя. На карте бачна гістарычнае перамяшчэнне некаторых цэнтральных гаворак далей, на поўдзень і ўсход.

Традыцыйна ў складзе рускае мовы вылучаюць дзве дыялектныя групы — паўднёвую і паўночную, якія дзеляцца на дыялекты, дыялекты, у сваю чаргу, распадаюцца на асобныя гаворкі, арэал якіх абмежаваны групай вёсак ці паселішчаў. У расійскім мовазнаўстве дасавецкага перыяду пераважалі погляды, згодна з якімі ўласна руская мова складала т.зв. вялікарускую гаворку «рускае мовы», сам жа тэрмін руская мова (руск.: русскій языкъ) уключаў у сябе не толькі ўласна рускую мову (вялікарускую гаворку), а таксама беларускую ды ўкраінскую мовы, якія зніжаліся да статуса гаворак рускае мовы (у шырокім паняцці). Падобных канцэпцый таксама прытрымліваліся мовазнаўчыя школы заходніх краін, але з развіццём мовазнаўства і гістарыяграфіі такія погляды былі прызнаны састарэлымі.

У мовазнаўстве СССР існавала тэндэнцыя вызначэння меж дыялектаў рускае мовы з дыялектамі іншых усходнеславянскіх моў на аснове выключна меж саюзных рэспублік, БССР і УССР з РСФСР; такая практыка захоўваецца і ў сучасных рускіх даследаваннях па рускай мове. У часы Расійскай імперыі дыялекты захаду і поўдня сучаснай Расіі практычна паўсюдна адносіліся да беларускіх і ўкраінскіх дыялектаў (то бок, дыялекты Смаленшчыны, Браншчыны, Туда, Кубані і г.д.). У цяперашняй рускай мовазнаўчай практыцы гэтыя дыялекты, як і ў часы СССР, лічацца дыялектамі рускай мовы, ва Украіне, краінах Захаду і (часам) у Беларусі — адпаведна дыялектамі беларускае ці ўкраінскае моў.

Дыялекты рускае мовы, за выключэннем дыялектаў беларускае мовы на захадзе Расіі і дыялектаў украінскае мовы на поўдні, умоўна дзеляцца на гаворкі ранняга і позняга фарміравання. Першыя ўключаюць у сябе дыялекты цэнтральнай Расіі, на аснове якіх спрадвеку фарміравалася руская мова, другія — дыялекты паўночнай Расіі, Каўказа, Сібіры, Далёкага Усходу і дыяспары, якія фарміраваліся па засяленні этнічнымі велікарусамі тых ці іншых тэрыторый. Усе дыялекты рускае мовы з’яўляюцца ўзаемназразумелымі.

Некаторыя гаворкі на захадзе і поўдні Расіі дэманструюць пэўныя пераходныя рысы між беларускай і ўкраінскай мовамі адпаведна.

Літаратурная руская мова заснавана на гаворках цэнтральнае Расіі, якія належаць да паўднёвых дыялектаў. Асобным чынам вылучаюць таксама маўленне жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія адрозніваюцца галоўным чынам у лексіцы, радзей — у фанетыцы.

Гл. таксама

Заўвагі

  1. а б Рэйтынг моў па колькасці носьбітаў // Этналог (англ.)
  2. UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger
  3. Назвы «расійская» або «расейская» мова пераважаюць у беларускамоўнай лінгвістычнай літаратуры пачатку ХХ ст. Сёння гэтыя формы таксама часта ўжываюцца носьбітамі беларускай мовы ў маўленні і публікацыях. Мовазнавец Вінцук Вячорка аргументуе гэта неабходнасцю адрозніваць расійскую мову ад мовы Вялікага Княства Літоўскага (старабеларускай), што мела саманазву «руская мова». Мовазнавец Павел Сцяцко ўважае, што слова «рускі» не акрэслівае сутнасць паняцця, бо ўтворана ад назвы рэгіёну Русі, а не ад сучаснай краіны Расіі.

Літаратура

Спасылкі

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на рускай мове