Станіслаў Яроцкі

польскі маляр, пісьменьнік, пэдагог

Станіслаў Яроцкі (польск.: Stanisław Jarocki, літ.: Stanislovas Jarockis; 22 кастрычніка 1871[3][4][5][6][10], Варшава, Царства Польскае — 13 кастрычніка 1944, Вільня, Літва) — польскі, літоўскі і беларускі мастак, педагог, этнограф, асветнік, грамадскі дзеяч.

Станіслаў Яроцкі
Фатаграфія
Станіслаў Яроцкі
Дата нараджэння 22 кастрычніка 1871(1871-10-22)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 кастрычніка 1944(1944-10-13) (72 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, пісьменнік, этнограф, грамадскі дзеяч, асветнік, педагог
Жанр гістарычны жывапіс, партрэтны жывапіс[d], рэлігійны жывапіс[d] і пейзаж
Вучоба
Мастацкі кірунак постімпрэсіянізм[1], рэалізм, мадэрн[2], сімвалізм, неарамантызм
Вядомыя працы «Пейзаж Залесся» (1899), «Святая Жамойція» (1910), «Від на Вільню з Туравай гары» (1921), «Залатая восень у Беняконях» (1927), «Свіран у Беніцы» (1927), «Лугана» (1929) «Вільня — від на Антокаль» (1933)
Уплыў Войцех Герсан, Ян Матэйка, Józef Unierzyski[d], Leopold Loeffler[d], Raphaël Collin[d], Luc-Olivier Merson[d], Эдмон Аман-Жан і Шыман Холашы
Партыя
  • Нацыянальная ліга[d]
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Адукацыя

правіць

Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і Лукаша Земавіта Ігнацы Яроцкага герба «Равіч»[11] і Ванды Саламеі Альдоны Гасціцкай герба «Любіч»[12], меў малодшую сястру Зоф’ю[13]. Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Яроцкіх гербу «Равіч». Навучанне распачаў у Варшаўскай Класе Малявання ў Войцеха Герсана, працягнуў навучанне ў 1891—1894 гадах у Кракаўскай акадэміі мастацтваў у Яна Матэйка, Юзафа Унежыскага  (польск.) і Леапольда Лёфлера  (польск.)[14][15]. Вучыўся ў 1894—1895 гадах у Акадэміі Каларосі  (польск.) у Парыжы ў Рафаэля Калена  (фр.), Люка-Аліўе Мерсона  (фр.) і Эдмона Аман-Жана. У 1896 годзе пераехаў у Мюнхен, дзе вучыўся ў Шымана Холашы, пасля ў 1897 годзе пераехаў у Рыме, дзе амаль два гады навучаўся самастойна, адкуль дасылаў карціны на выстаўкі. У Мюнхене арганізаваў суполку «Сокалаў  (польск.)[16]», а ў Рыме заснаваў «Чытальню»[17][18].

Дзейнасць у Вільні

правіць

У 1898 г. пераехаў у Вільню, дзякуючы запрашэнню Баляслава Русецкага[19][20]. У Вільні працаваў выкладчыкам малярства, скульптуры і малюнку ў мастацкай школе Івана Трутнева  (руск.)[21]. Унёс у кансерватыўную сістэму акадэмічнай адукацыі свежыя павевы стылістыкі постімпрэсіянізму і сэцэсійнасці[22]. Пад уплывам моднага ў той час накірунку сэцэсійнасці малюе карціну «Мары немаўляці». Нягледзячы на на гэта, знакаміты віленскі мастацкі і тэатральны крытык Напалеон Роўба  (польск.) з 1899 г. напісаў разгромны артыкул аб творчасці Станіслава Яроцкага, дзе параіў яму, каб мастак «пакінуў на якісці час кампазіцыі і вырабленне карцінаў, і вярнуўся да цярплівага навучання»[23]. Люцыян Узембла называў Станіслава Яроцкага «прадстаўніком новай школы сімвалізму і нават містыкі», называў яго адным з завадатараў новай эпохі віленскага мастацтва, бо мастак прыўнёс у мастацкае жыццё Вільні павевы французскага сімвалізму[24][25].

У 1898 годзе Станіслаў Яроцкі быў адзным з ініцыятараў арганізацыі віленскага Таварыства аматараў старажытнасці і этнаграфіі (польск.: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, літ.: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija)[26], вядомага таксама як археалагічны гурток[27], быў пэўны час сакратаром гэтага таварыства[29][30][31][32][33]. У 1900 годзе з ініцыятывы Станіслава Яроцкага грошы з Таварыства аматараў старажытнасці і этнаграфіі былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам у жупранскім касцёле[34].

З 1899 г. Станіслаў Яроцкі кіраваў моладзевымі мастацкімі гурткамі, арганізоўваў тайныя самаадукацыйныя гурткі[36] (усяго стварыў 28), бібліятэкі[37][38][39][40]. З 1900 года выкладаў у бясплатных гуртках тэхнічнага малявання і чарчэння. у 1904 годзе пасля пераўтварэння Юзафам Монтвілам  (польск.) гэтай навучальнай установы ў класы малявання ён вёў курсы пейзажнага жывапісу[41]. у 1907 годзе пасля стварэння Таварыства сяброў віленскае навукі стаў арганізатарам яго мастацкіх збораў[42]. Арганізоўваў у Вільні выстаўкі мясцовых і польскіх мастакоў. З 1899 года праектаў касцюмы і дэкарацыі для таемных тэатраў, якія зваліся «Заўрацальнямі»[43][44].

Быў актыўным дзеячом і ўваходзіў у склад кіраўніцтва віленскага таварыства «Асвета»[46][50][51][52][53]. У 1908 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў дзве выстаўкі польскіх мастакоў у Вільні, штуршком да чаго стала серыяў выстаў літоўскіх мастакоў у 1906—1907 гадоў[54]. На выставах прысутнічалі працы ў тым ліку мастакоў з Польскага каралеўства, але асабліва мастак ацэньваў творчасць мясцовых мастакоў: Фердынанда Рушчыца, Казіміра Альхімовіча, Казіміра Стаброўскага. Планаваў пасля таксама зладзіць асобную выставу карцінаў і графікі ваколіцаў Кушлянаў са збору Казіміра Шафнагель[55], але так і не рэалізаваў гэту задумку[56]. У 1912 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў у Вільні вялікую выставу пейзажаў[57]. У 1912 годзе падчас выстаўкі ўбачыў скульптуру Петраса Рымшы  (літ.) пад назвай «Kova» (бел.: Змаганне), на якой была адлюстравана бітва паміж вершнікам (Віціс) і польскім Арлом[58]. Убачаная скульптура абурыла Станіслава Яроцкага, які быў прыхільнікам польска-літоўскага паразумення. Яроцкі паводле сведчанняў публічна разарваў каталог выстаўкі[59]. У той жа час Станіслаў Яроцкі захапляўся літоўскі мастацтвам і высока ацэньваў літоўскіх мастакоў, мастацкую тэхніку Мікалоюса Чурлёніса параўноўваў да японскай[60][61].

З 1911 года ён актыўна займаўся гарцэрствам  (польск.)[62], арганізаваў у Вільні гняздо “Сокалаў”  (польск.)[63][64]. У спартыўнай залы «Сокалаў» праводзіў мастацкія выстаўкі[65]. У 1907—1912 гадах кіраваў аддзелам выяўленчага мастацтва «Таварыства сяброў навук»[66] у палацы Пшаздзецкіх  (польск.)[67][68].

З 1931 г. член Віленскага таварыства выяўленчых мастакоў. Таксама быў сябрам Нацыянальнай лігі[69] з 1906 года[70].

Пражываў у Вільні ва ўласнай кватэры ў доме Юзафа Монтвіла[72] на Лукішках[74].

Праект Дому Адама Міцкевіча і ўдзел у рэканструкцыях

правіць
 
Праект дому «Адама Міцкевіча» ў Вільні аўтарства Станіслава Яроцкага

У 1900—1902 гадах займаўся кансервацыяй фрэсак у капліцы Св. Казіміра  (польск.) ў віленскай кафедры [75][76]. У 1906—1912 быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам рэканструкцыі касцёла Св. Міхала ў Вільні[77][78]. У 1905 годзе быў апублікаваны праект Станіслава Яроцкага па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча ў Вільні ў выглядзе «Дома Міцкевіча»[79]. Генрык Масціцкі  (польск.) пісаў пра гэты праект так:

  Мастаку-жывапісцу Станіславу Яроцкаму прыйшла ў галаву шчаслівая ідэя аб’яднаць усе ідэі і заснаваць «Дом імя Міцкевіча», у якім маглі б размясціцца бясплатная школа, бібліятэка і музей Міцкевіча. Альбо ў апсідзе будынка, альбо на фоне будынку павінна быць размешчана статуя паэта. Увесь народ павінен спрычыніцца да «Дому Міцкевіча» ў Вільні, няхай усе нашы сэрцы і розумы зліюцца тут на гонар вялікага Адама[80].  

Этнаграфічнай дзейнасць

правіць
 
Графіка «Працэсыя на Жамойці» 1878 года мастака Станіслава Віткевіча — адзін з першых прыкладаў выяўлення літоўскіх крыжоў у мастацтве

Быў актывістам Польскага краязнаўчага таварыства  (польск.), выдаў даведнік «Ваколіцы Вільні» (1925)[81], напісаў артыкулы пра народную творчасць, помнікі культуры Вільні[82]. Замалёўваў паўсядзённасць жыхароў Віленшчыны[83][84][85]. З 1931 г. удзельнічаў у дзейнасці Віленскага таварыства мастакоў. Удзельнічаў у выставах у Таварыстве заахвочвання мастацтваў  (польск.) і ў салоне Аляксандра Крывульта  (польск.) ў Варшаве, у Вільні, ў Львове і Закапанэ. Ён таксама ўдзельнічаў у выставах у Рыме (1897) і Венецыі (1932). Цікавіўся тэмай рэканструкцыі і аднаўлення Віленскага, Тракайскага, Медніцкага, Наваградскага, Мірскага замкаў[86]. Шмат вандраўваў па тэрыторыі старажытных гарадоў гістарычнай Літвы, цікавіўся і замаляўваў прадметы народнай культуры, неаднакроць наведваў Трокі, Залессе, Жупраны, Беніцу і Ашмяны, краявідамі якіх захапляўся. Адразу па прыездзе ў Вільню ў мастак на вакацыі выязжаў у палац ў Залессі[87]. Палац быў на той момант ужо занядбаны, але, тым не менш, уразіў мастака. Недалёка ад Палацу Агінскіх знаходзілася мястэчка Беніца, якое мастак часта наведваў.

У 1901 годзе Станіслаў Яроцкі напісаў артыкул аб драўляных прыдарожных крыжах на тэрыторыі Літвы і Жамойці, вылучыў стыль крыжоў у асблівы «літоўска-жамойцкі» і параўнаў гэты стыль з закапанскім[88]. У 1910 годзе мастак малюе карціну «Святая Жамойція», прысвечанай прыдарожным крыжам. Цікавасць Станіслава Яроцкага да прыдарожных крыжоў і каплічак натхніла іншых даследчыкаў на вывучэнне дадзенай з’явы[89][90], распаўсюджанай на тэрыторыі сучаснай Літвы і Заходняй Беларусі. Таксама тэма прыдарожны крыжоў натхніла літоўскіх мастакоў. Мастак Антанас Жмуйдзінавічус малюе ў 1910 годзе карціну «Dzūkų kaimelis»[91], дзе каля дрэва бачым прыдарожны крыж [92]. У 1913 годзе Антанас Жмуйдзінавічус стварыў карціну «Regėjimas»[93][94], дзе на фоне Пагоні, што ўзыходзіла нібы сонца, стаялі прыдарожныя крыжы, што сімвалізавала, як пашану традыцыям, так і адраджэнне літоўскага народа. Мікалоюс Чурлёніс стварыў у 1909 годзе асобную карціну прысвечаную прыдарожным крыжам «Žemaičių kapinės»[95][96]. Архэёлаг і этнограф Міхал Брэнштэйн  (польск.) пад уплывам Яроцкага напісаў працу: «Krzyże i kapliczki żmudzkie: materyały do sztuki ludowej na Litwie»[97][98]. Цікава, што ў мястэчку Беніца і ваколіцах, якія так часта наведваў Яроцкі, таксама распаўсюджаны прыдарожныя крыжы. Беларускі даследчык Зміцер Скварчэўскі звярнуў увагу на адну цікавую асаблівасць Беніцы:

«Варта звярнуць увагу на такую з’яву, як драўляныя прыдарожныя крыжы, якія завяршаюцца паўсферай (фактычна той жа самы „парасон“), якія сустракаюцца ў Маладзечанскім (в. Беніца, Рэдзькі) і Ашмянскім (в. Карабы, Міхайлоўшчына, Цюпішкі) раёнах. Было б цікава ўдакладніць іх геаграфію і суаднесці з арэалам камянёў з „парасонамі“»[99].

Успаміны пра мастака

правіць
 
Станіслаў Яроцкі, Аўтапартрэт, 1904

Досыць грунтоўны ўспамін аб мастаку пакінула яго вучаніца Яніна Путкамер-Жаўтоўская[100]:

  Спробы малявання гіпсаў, відаць, атрымліваліся ўдалымі, бо пасля нашага вяртання ў вёску, Яроцкі стаў прыязджаць у Бальценікі[101] кожныя два тыдні. Вечарам на «горцы» я малявала з натуры мадэлі, але толькі галовы, а калі прыходзіла вясна, выходзілі рабіць алейныя замалёўкі пейзажаў. Яроцкага лічылі мастаком, ён даваў лекцыі ў віленскіх школах, выстаўляў уласныя карціны на мясцовых выставах, лекцыі, здавалася, планаваліся з розумам і дбайнасцю, і калі б я была адорана талентам у вялікіх памерах, я абавязкова знайшла бы выхад з гэтых павярхоўных і нездавальняючых пачаткаў. Усё, што я рабіла, выклікала захапленне і хвалу, і гэта мяне яшчэ больш бянтэжыла, таму што я, вядома, не разумела, што нічому не вучуся і ніколькі не прагрэсую. Часам мая маці казала: канчай!, а для мяне гэта азначала больш-менш тое самае, што: размаўляй па-кітайску правільна. Толькі праз шмат гадоў я зразумела, што занятак гэты быў пустым дылетантызмам, а галоўная яго прывабнасць — у сядзенні на вуліцы, перад зялёным полем з калыхаючымся жытам ці пад квітнеючай яблыняй.

У Бальценіках Яроцкага заўсёды сустракалі як прыемнага госця. Сумленнасць і звычайная ветлівасць ішлі побач з няведаннем характараў, што ўжо належыла да кола традыцыйных уяўленняў, у якім загразлі ўсе. Праўда, мой бацька ніколі не абмяняўся з Яроцкім больш чым некалькімі ветлівымі словамі, але мой бацька дома выконваў ролю асобнага, таямнічага чалавека, у якім пастаянна тлела крыўда. Яроцкі клапаціўся пра мастацтва гэтак жа, як жыхары Вільні пра брахманскую рэлігію. У яго, можа, і была цяжкая маладосць, але ён пра гэта зусім не згадваў. Здаецца, у вучобе яму дапамагалі некаторыя заможныя сваякі ў Кароне, але ён пра гэта маўчаў. Ён атрымаў адукацыю ў Мюнхене, калі там квітнела плеяда польскіх жывапісцаў, такіх як Кавальскі  (польск.) і непараўнальны Брант, і ён ніколі не згадваў іх, нават вялікага Хэлмонскага  (польск.). Я наўмысна згадваю жывапісцаў сталай славы, бо венскае «мастацтва» і Кракаўская акадэмія былі яшчэ новымі. Яроцкі меў «сапліцаўскі[102]» густ, але не з першапачатковага натхнення, а са злосці і крыўды. Ён расказаў, што, калі ехаў па Швейцарыі, яму так надакучылі горы, што ён апусціў штору ў вагоне і заснуў. З хітрасцю, тыповай для людзей з невялікім талентам, але поўных самалюбства, ён стварыў тып самога сябе, і ён навязаў гэты тып з велізарнай маніяй вялікасці. Невысокага росту, з дужымі вусамі і арліным носам; апранаўся характэрна ў капялюш са светлага фільцу, укладзенага набакір, хадзіў у плашчы з закапанскай палкай для хады з сякеркай на канцы палкі. Ён высмейваў модных прэрафаэлітаў, маю слабасць да Раскіна, Тыцыян быў для яго састарэлым, у ім не было і следу добрага густу, і выгляд прыгожага прадмета яго зусім не кранаў. Ён прапаведаваў крайнія і дэмакратычныя погляды, пры гэтым падкрэсліваў, што сам паходзіў з аднаго са старэйшых родаў, прагісторыя якога сягала да Попеля[103] у Яроціне, роду Яроцкіх. Ён ганарыўся сваёй стойкасцю духу, атлетызмам, сілай і асабліва сваім уплывам на патрыятычна настроеную моладзь, даваў зразумець, што знаходзіцца ў кроку ад самай сур’ёзнай змовы, але кіраваўся асцярожнасцю і разважлівасцю. Набліжаліся часы волі, розныя навіны хадзілі па, здавалася, спарахнелай Вільні. Яроцкі расказаў, што ў яго ёсць запасы зброі і боепрыпасаў і што на фехтаванне да яго ходзіць «моладзь». Часам здаецца, што ён трымае ўсіх пад сваёй уладай пад вышэйшым і высакародным уплывам. Ён ненавідзеў кожнага багатага паніча, і ніхто з нас не падазраваў, што крыніцай гэтай нянавісці была рэўнасць. Ён працягнуў абразы і сарказм у адрас тых, хто «дзеля жарту, ездзіў брычкамі на гумах альбо перасядалі ў кабарэце Шумана». Тыя, крычаў ён, хто сядзіць у Шумана, ніколі не будуць належаць да руху. На роўні з залатой моладзю, ён пагарджаў кампаніяй, «такая пані Леска[104]», — паўтараў ён з пагардай. Вельмі спрытна ён знайшоў мішэнь для сваіх кпінаў у маладым пане Катоўскім, які быў худы, дробны і трохі кволы, насіў высокія і вузкія каўняры і, відаць, танцаваў толькі з дзяўчатамі, аб якіх ведаў, як іхніх маткі з дому. Паводле Яроцкага, пані Леска, падавала толькі два пальцы і цягнула словы. На гэтым фоне дэгенератаў вылучаўся сам Яроцкі тым, што арганізоўваў моладзевыя вандроўкі па Вільні, насіў заплечнікі, спыняўся каля вогнішча, як напамін пра паўстанцкія аддзелы. Той жа Яроцкі прывозіў у Бальценікі нелегальную літаратуру і невялікія сшыткі «Польскай нацыянальнай думкі», надрукаваныя на тонкай паперы. Каштоўнасць для яго мела толькі кантрабандная літаратура, іншая літаратура не магла будзіць духу. Праўда, у Вільні казалі, што ён не меў вялікага ўплыву на моладзь, альбо страціў яго, як толькі хлопцы выраслі і зусім перасталі яго слухаць. Разважанні такога кшталту ў Бальценіках былі блізкія да паклёпу. Я таксама ніколі не даведалася ці Яроцкі быў чалавекам тайнай арганізацыі. Я думаю, што ён належаў да «заржэўцаў  (польск.)», а можа, да ««зэтаўцаў  (польск.)», бо калі нацыянал-дэмакратыя пачала актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, ён адышоў ад яе і працягваў весці ўласную партызанку пад лозунгам «збор у лесе».

І ўсё ж, нягледзячы на некампетэнтнасць настаўніка, гэтыя лекцыі жывапісу былі напоўнены чарамі, я ніколі не магла выйсці за вузкія рамкі эскізу і самага лёгкага для перадачы ўражання. Усялякія недахопы Яроцкага кампенсаваліся дабрачыннай і вясковай прыгодай. Я сядзела з палітрай у руцэ перад мальбертам і глядзела на зменлівыя аблокі, на цёмную паласу лясоў, якія акружалі гарызонт, на ярка-зялёны веснавы луг. Кожны раз, як падказаў Раскін, я адчувала сваю маленькасць і ні з чым не параўнальную прыгажосць навакольных колераў і формаў. Мне асабліва падабаліся паездкі на досвітку, каб зафіксаваць наступствы ранішняга сонца, залатыя палосы аблокаў на ўсходзе, раптоўны бляск сонца, якое ўзыходзіць над беняконскім лесам, а таксама адлюстраванне і цішыню зямлі перад тым, як людзі дабяруцца ўверх. Седзячы на нізкім зэдліку, я патанаў у паху расы і палявых траваў. Потым я вярнулася дадому пад пякучымі промнямі сонца і моцна адчула розніцу паміж паветранай прасторай неабсяжных палёў і кампактнай шчыльнасцю і ажыўленасцю сядзібы. Я зноў занурылася ў яго арганічную адметнасць, у яго расліннае багацце, у яго гронкі дрэваў, у каштоўную смарагдавую зеляніну яго лугоў, у глыбіню яго ценяў, у пышныя формы яго кветак. Я з'ела кавалак хлебу грубага памолу, выпіла шклянку халоднага малака і заснула ў паўзмроку пакоя, фіранкі якога варушыў лёгкі вецер, прасякнуты ранішняй маладосцю, толькі каб прачнуцца ў звычайны дзень, ужо згаслы ў сваёй штодзённасці.[105].

 

У той жа час цікавыя ўспаміны, дзе ўзгадваецца Станіслаў Яроцкі пакінуў бацька знакамітага польскага гісторыка Стэфана Кеневіча  (польск.), Антоній Кеневіч, які паходзіў з вёскі Дарашэвічы. Антоній Кеневіч узгадваў, што лекцыі Яроцкага падабаліся студэнтам і «Януся» (Яніна Путкамер-Жаўтоўская) вельмі любіла гэтыя лекцыі і праяўляла дужыя здольнасці ў гэтым кірунку[106].


Мастачка і настаўніца Яўгенія Сянкевіч-Пшыялгоўская  (польск.), вучаніца Станіслава Яроцкага ўзгадвала яго лекцыі з цеплынёй:

  Пасля рэвалюцыі я хадзіла ў мастацкую класу па вуліцы С... якраз у падворку ля тэатра (раней называўся Лютняй), гэту школу стварыў віленскі дабрадзей Монтвіл. Я там тры гады была, у альбоме ёсць сведчанне. Лектарам быў улюбёнец студэнтаў Станіслаў Яроцкі. Ён так горача перадаваў нам свае веды і так прыязна ставіўся да нас, што кожны аддаў бы за яго жыццё. Першапачаткова малявала на гэтых занятках фігуры, а потым перайшла ў апошні клас малявання галоў і аголеных. Там разам працавалі хлопцы і дзяўчаты... Па нядзелях і святах у гэтай школе ўсе вучні збіраліся ў майстэрні Яроцкага і Яроцкі маляваў з намі партрэты старэйшых і маладых людзей. Там людзе супольна працавалі аж да 10... а потым Яроцкі сказаў, што ён больш не можа мяне вучыць і каб я ехала вучыцца ў Кракаў. Яшчэ Яроцкі казаў мне цэлы месяц маляваць аголеную фігуру хлопца, каб я прызвычаілася, бо ў Кракаве я магу ўпасці ад сораму на ўступным экзамене, калі нейкі дзіўны прафесар будзе правяраць маю працу. Мастакі Шэйна і Бабятынская раней вучыліся ў Яроцкага і ўжо мелі выстаўкі. Шмат хто вучыўся ў нас, але ўсіх цяжка ўспомніць. Вельмі здольнымі былі Аляксандр Жылка, Ішора, Вазніцкі, Нарэмскі, але яны сталі архітэктарамі, урачамі, але не мастакамі. Русецкая і Станкевіч былі здольнымі і, хіба, сталі мастачкамі.[107]  

Мастак Станіслаў Роліч, які навучаўся ў Станіслава Яроцкага, узгадваў, што да захаплення мастацтвам яго заахвоціў Станіслаў Яроцкі[108]. Паводле Станіслава Роліча, Яроцкі нагадваў Юзафа Пілсудскага: у яго быў востры арліны нос і густыя вусы[108]. Асацыяцыю з Пілсудскім дапаўняла форма ваенізаванай спартыўнай арганізацыі «Сокал», якую Яроцкі насіў падчас школьных экскурсій: чорная кашуля, пінжак, шорты колеру хакі, кепка з дзюбай, спартыўны абутак і шарсцяная вопратка да каленяў, шкарпэткі[108]. Яроцкі ўмеў заўважыць і заахвоціць нават самыя маленькія пробліскі мастацкіх здольнасцей, і пад яго апекай Станіслаў Роліч адчуў, што знайшоў свой шлях[108]. На працягу ўсяго жыцця ён з удзячнасцю ўспамінаў ацэнкі Яроцкага «выдатна» і дэманстраваў свае першыя спробы малявання на выставах, якія праводзіліся ў школьных калідорах[108].

Зоф’я Дэмбоўская-Ромер пакінула аб Станіславе Яроцкім такі ўспамін:

  Пару дамоў далей[109], у адным з капітульных дамоў у дзядзінцы была цудоўная мастацкая майстэрня. Калісьці арандаваў яе мастак Яроцкі, не той “вялікі” Яроцкі  (польск.) з Кракаву, але наш, віленскі, празваны “Кунігунда Яроцкі” з-за грубай палкі для хады, якую заўсёды насіў і якая называлася Кунігунда.[110]  

Чэслаў Мілаш потым узгадываў, што мянушка Яроцкага «Кунігунда» была ўсё ж «алюзіяй» да гомасексуальнасці мастака[111].

Польскі мастак Яўстах Пяткевіч[113] даваў высокую ацэнку творчасці Станіслава Яроцкага:

  «Станіслаў Яроцкі не фанатычна капіюе ўбачанае, а паэтызуе, стварае настрой, падае цікавыя моманты з насычанымі танамі, тонкімі пераходамі ад ценю да святла»[114][115].  

Творчасць

правіць

У яго жывапісе пераважаюць пейзажы. Акрамя алейнага жывапісу выкарыстоўваў пастэль. Алейнымі фарбамі і пастэллю маляваў пейзажы, партрэты, бытавыя і сімвалічныя палотны, рэлігійныя карціны[116]. Удзельнічаў у выставах у Варшаве, Кракаве, Вільні, Мінску, Пецярбургу, Львове, Закапанэ, Рыме (1897), Маскве, Познані, Венецыі (1932)[117]. Сярод найбольш ацэненых прац мастака былі палотны на італьянскую тэматыку[118] «Ля ўваходу ў катакомбы», «У садах Баргезэ»[119]. Таксама карціны на гістарычную тэматыку: «Ценям Касцюшкі»[120][121].

Найбольш вядомыя пейзажы мастака: «Цішыня», «Вячэрні настрой» (абодва 1898), «Вясна», (1900), «Пейзаж» (1903), «З ваколіцаў Ашмяны», «Святая Жамойція» (1910), татранскі цыкл[123] пейзажаў (1924—1925)[124]: Гевонт[125], Скала Сарня[126], Збуецкая Турня[127], а таксама — партрэты («Аўтапартрэт», 1904), тэматычныя кампазіцыі («Шчасце чалавека», 1909—1913).

Погляды на нацыянальнасць

правіць

Станіслаў Яроцкі паходзіў з тэрыторыі Польшчы, нарадзіўся ў Варшаве. Пасля пераезду ў Вільню доўгі час вандраваў па тэрыторыі Літвы, Жамойці. Палюбіў народную культуру літоўцаў і беларусаў. Займаўся вывучэннем народнай культуры беларусаў Віленскай губерні[128][129]. Быў знаёмы і супрацоўнічаў з Янам Луцкевічам, шанаваў Францішка Багушэвіча. Яго погляды на пытанне нацыянальнасці на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі блізкія да ідэй краёўцаў. Спрачаўся з прадстаўнікамі літоўскага нацыянальнага руху аб пытанні, паводле якога мова была фундаментальнай для ідэнтычнасці нацыі[130]. Лічыў, што польскамоўных пісьменнікаў можна лічыць сапраўднымі літоўцамі. Аб Адаме Міцкевічы выказываўся наступным чынам:

  Безумоўна, мы называем яго літоўскім мастаком, і гэта ў старым, добрым сэнсе Міцкевіча, які не саромеўся называць Літву сваёй Радзімай, хаця ў яго жылах не было ані кроплі літоўскай крыві[131].  

Галерэя

правіць

Фотагалерэя

правіць

Навуковыя артыкулы і публіцыстыка Станіслава Яроцкага

правіць
  • Stanisław Jarocki, Krzyże na Żmujdzi i Litwie, «Tygodnik Ilustrowany», 1901, nr. 18.
  • Stanisław Jarocki, Kościół św. Piotra w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1901, nr. 22, s. 435.
  • Stanisław Jarocki, Z legend wileńskich, «Tygodnik Ilustrowany», 1902, nr. 11, s. 207.
  • Stanisław Jarocki, Posąg św. Jacka w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1902, nr. 15, s. 293.
  • Stanisław Jarocki, Dziesięciolecie Szkoły rysunkowej w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 24, 1/6, 1904, nr. 6.
  • Stanisław Jarocki, Dom Mickiewicza w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1906, nr. 11, s. 218.
  • Stanisław Jarocki, Druga litewska wystawa sztuk pięknych, «Goniec wileński», 03. 14. 1908.
  • Stanisław Jarocki, Zdobnictwo ludowe w gubernii wilenskiej, «Tygodnik Ilustrowany», 1911, Nr. 35, s. 690—691.
  • Stanisław Jarocki, Okolice Wilna: z 23 ilustracjami w tekście i mapką, Wilno: nakł. i druk. Józefa Zawadzkiego, 1925.

Літаратура

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 89
  2. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907-1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 143.
  3. Stanisław Jarocki z Jaroszyna h. Rawicz
  4. Polski Słownik Biograficzny t. 10 s. 634 Jarocki Stanisław
  5. Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  6. Meno albumas «Peizažo erdvė» (I tomas). Sud. N. Tumėnienė. Vilnius, LAWIN, 2010, P. 88.
  7. Stanislovas Jarockis
  8. Stanislovas Jarockis (Stanisław Jarocki)
  9. Mieczysław Jackiewicz,. Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7.
  10. У літаратуры сустракаюцца іншыя даты нараджэння мастака: 1872[7] ці 1879[8][9] год.
  11. Łukasz Ziemowit Ignacy Jarocki z Jaroszyna h. Rawicz
  12. Wanda Salomea Aldona Gościcka z Gościc h. Lubicz
  13. Zofia Jarocka z Jaroszyna h. Rawicz
  14. Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 59
  15. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 142.
  16. Гімнастычнае таварыства «Sokół» - піянерская арганізацыя фізічнага выхавання і спорту ў Польшчы. Найстарэйшае польскае гімнастычнае таварыства, сябры якога ўнеслі, між іншым, вялікі ўнёсак у справу папулярызацыі гімнастыкі ў польскім грамадстве, заснавання шматлікіх спартыўных клубаў і Польскага скаўцкага саюза. «Sokół» дзейнічаў на тэрыторыі Расійскай, Аўстра-Венгерскай, Германскай імперыяў, пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы і на працягу ўсяго міжваеннага перыяду. Пасля Другой сусветнай вайны быў забаронены камуністамі і забаронены ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Першыя гнёзды адноўленага «Sokół» пачалі з'яўляцца толькі пасля падзення камунізму ў Польшчы ў 1989 годзе.
  17. Чытальня знаходзілася пры Caffe Grecco на Via Condotti.
  18. Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  19. Працоўня Баляслава Русецкага ў Вільні знаходзілася па вуліцы Бакшта (літ.: Bokšto gatvė).
  20. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 217.
  21. S. Jarocki, Dziesięciolecie Szkoły rysunkowej w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany» 24 1/6 n 1904, nr 6.
  22. Stanislovas Jarockis (Stanisław Jarocki)
  23. N. Rouba: Wystawa wilenska, «Prawda» 4/16 IX 1899, nr 37.
  24. Uzięblo L., Malarstwo wileńskie, Biesiada literacka, 1899, I, Nr. 15, s. 290.
  25. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 142.
  26. Гады актыўнай дзенайнасці таварыства: 1899—1907, у 1907 годзе таварыства спыніла сваё існаванне.
  27. Таварыства аматараў старажытнасці і этнаграфіі, вядомае як археалагічны гурток. Яго сябры галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных пажыткаў, а таксама іх абарону ад знішчэння альбо вывазу з Вільні. Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалагічную камісыю і музей старажытнасці, сваю арганізацыю не рэгістравалі і працавалі канспіратыўна. Рэгулярныя пасяджэнні праходзілі ў прыватных дамах членаў. Праект стварэння такой арганізацыі ўзнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864-1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасці Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872-1935), адвакат і натарый, і Станіслаў Мураўскі, горны інжынер. Кіраўніцтва было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімір Падэрня (1842-1910), гісторык і даследчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам - Людвік Чаркоўскі (1855-1928), потым працаваў бібліятэкарам універсітэта імя Стэфана Баторыя; кансерватарам помнікаў - Уладзіслаў Загорскі (1858-1927), сакратаром і скарбнікам - Люцыян Узембла. Праз шэсць месяцаў кіраўніцтва змянілася, старшынёй абралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879-1944), мастак; скарбнікам - Францішак Юрэвіч (1850-1924), бібліятэкарам - Люцыян Узембла, а пасля яго - Адам Карповіч (1842-1914). Гурток функцыянаваў да 1906 года, і на працягу гэтага часу яго сябрамі былі каля трыццаці асоб, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863-1933), купцы і інжынеры. Члены гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадскасці і з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасці падчас народных свят, эскурсіі ў гістарычныя мясціны: у Трокі, на Вілію, у Наваградак, уводзілі звычай аздаблення і асвячэння ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі і культуры. Таксама займаліся кансервацыяй могілак віленскіх прафесараў на Росе і на Бернардзінскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі і гутаркі для моладзі і навучэнцаў гімназій. У часопісе ”Пад’ём” (”Pobódka”) змяшчалі артыкулы па тэматыцы ”інвентарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны”. Прадметам клопату археалагічнага гуртка была кансервацыя жывапісу ў старых касцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Янам Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную свядомасць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касцёлаў. Члены гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўлення касцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі і Вацлаў Макоўскі (1854-1922) самі працавалі пры ачышчэнні фрэсак у капліцы Святога Казіміра. Пад уплывам старання археалагічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў з вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сігналізацыю, а знутры яе - кавярню. Адным з найважнейшых заданняў, якое рэалізоўваў археалагічны гурток, было выратаванне ад поўнага знікнення руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб’ект ператвараўся ў руіны, а цэглу з яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага наваколля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дагаворы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы даследчык згоду ад царскай Археалагічнай камісіі з Пецярбурга на вядзенне археалагічных даследаванняў у замку і на востраве, а таксама на правядзенне рамонтных прац на помніках даўніны. Старанні членаў археалагічнага гуртка выклікалі зацікаўленасць і дапамогу польскай і літоўскай грамадскасці.
  28. Anita Magowska, Działalność naukowa i oświatowa Polaków w Wilnie w latach 1899—1915 w świetle listów Elizy Orzeszkowej i Lucjana Uziębło do Władysława Zahorskiego, Acta Medicorum Polonorum — Nr 7/2017, Zeszyt 1., s. 91.
  29. Сакратаром Таварыства аматараў старажытнасці і этнаграфіі першапачаткова быў уласна адзін з галоўных ініцыятараў арганізацыі дадзенага таварыства Люцыян Узембла, які сышоў потым з пасады з-за канфлікту са Станіславам Яроцкім, пасля чаго Станіслаў Яроцкі і стаў сакратаром таварыства[28].
  30. Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010, С. 60-62.
  31. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
  32. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.
  33. Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 89-90.
  34. Kurjer Wileński 1924, nr 25 (25 lipca), L-wislaw, O Kołku Miłośników wiedzy o Kraju, s. 2
  35. Ludwіka Życka, Krótki rys dziejów tajnej oświaty polskiej na ziemi wileńskiej od 1880 do 1919, Wilno, 1932, s. 19.
  36. Арганізацыя Кол самаадукацыі польск.: organizacja Kół Samokształcenia была створана Станіславам Яроцкім у 1899 годзе і дзейнічала 18 гадоў, у яе дзейнасці сярод іншых прымаў удзел беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі[35].
  37. Stefania Walasek, Polska oświata w guberni wileńskiej w latach 1864—1915 — Kraków: Impuls, 2003. — 178 s. S. 100.
  38. Myslicki L, Zarys historii walk o oswiatą polską w Wileńszczyznie i Mińszczyznie, Warszawa 1930, s. 6.
  39. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 306.
  40. M. Zakrzewska, Jarocki Stanislaw, [w:] Słownik, t. 3, s.236-237
  41. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 31.
  42. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 326.
  43. Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509—1074, s. 28.
  44. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 308.
  45. Henryka Ilgiewicz,. Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX wieku. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszalek, 2005. — С. 39. — 468 с. — ISBN 83-7441-158-9.
  46. Віленскае таварыства «Асвета» паўстала яшчэ ў 1890 годзе дзякуючы Міхалу Венслаўскаму  (польск.)[45].
  47. Ustawa Polskiego Towarzystwa "Oświata" w Wilnie Wilno : [s.n., 1906 (Wilno : Józef Zawadzki), 1906.]
  48. Stefania Walasek, Polska oświata w guberni wileńskiej w latach 1864–1915 — Kraków: Impuls, 2003. — 178 s. S. 118-119.
  49. Myslicki L, Zarys historii walk o oswiatą polską w Wileńszczyznie i Mińszczyznie, Warszawa 1930, s. 9-10.
  50. Таварыствы «Асвета» - польскія грамадская арганізацыі, якая былі заснаваны на тэрыторыі Расійскай імперыі. Да 1907 года таварыствы дзейнічала ў канспірацыі, у 1907—1909 гадах — легальна, пазней — зноў у канспірацы. Задачай «Асветы» было выхаванне мясцовых жыхароў (асабліва дзяцей) у духу «польскасці» — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыствы ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасці, афіцыйна дэкларуючы толькі асветніцка-культурныя мэты[47], але само распаўсюджанне польскай мовы і падтрымка каталіцызму выклікалі негатыўную рэакцыю і пераслед з боку афіцыйнай расійскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчанне з неафіцыйнай (пасля ўвядзення ў 1905 годзе законаў аб верацярпімасці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай ураду па русіфікацыі Заходняга края Расійскай імперыі. Гэта стала галоўнай нагодай для самаскасавання таварыстваў у 1909 годзе і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы. Найбольш вядомыя падобныя таварыствы на тэрыторыі Беларусі былі ў Мінску, Нясвіжы  (польск.). Акрамя таго, як адзначае польская даследніца Стэфанія Валасек на тэрыторыі Віленскай губерні (сучасная тэрыторыя Беларусі і Літвы) дзеячамі «Асветы» быў створаны цэлы шэраг перадшколаў польск.: Ochronkowe Koło, у тым ліку, ў Смаргонях, Глыбокім, ў Гальшанах, ў Эйшышках, ў Панявежу, ў Кернаве, ў Косцевічах, ў Параф’янаве, ў Жалудку, ў Жослях, ў Кашадарах[48][49]. У адкрыцці дадзеных перадшколаў дзейны ўдзел прымаў Станіслаў Яроцкі, Людвіка Жыцкая, Эма Дмахоўская і іншыя дзеячы віленскай «Асветы».
  51. Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 299—300.
  52. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s.27.
  53. Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 17.
  54. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 33.
  55. U., Wystawa sztuki graficznej, Kurjer litewski, 1908, 11. 04.
  56. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 35.
  57. Zycka L., Wystawa krajobraz polski, Gazeta codzienna, 1912 05.27.
  58. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 60.
  59. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 61.
  60. Jarocki S., Druga litewska wystawa sztuk pięknych, Goniec wileński, 1908 03.14.
  61. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 77.
  62. Гарцэрства - польскі грамадска-асветніцкі і педагагічны рух, які быў часткай скаўцкага руху.
  63. Mieczysław Jackiewicz,. Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7.
  64. Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 60
  65. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 35.
  66. У Таварыстве сяброў навук Станіслаў Яроцкі супрацоўнічаў з беларускім нацыянальным дзеячом Янам Луцкевічам.
  67. Mieczysław Jackiewicz,. Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7.
  68. Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 140.
  69. Нацыянальная ліга - тайная палітычная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1893–1928 гадах, была цэнтрам нацыянальна-дэмакратычнага руху палякаў на тэрыторыі Расійскай, Аўстра-Венгерскай і Германскай імперый.
  70. Stanіsław Kozісkі, Hіstorіа Lіga Narodowa (perіоd 1887—1907), London 1964, s. 575.
  71. Montvilos kolonija Lukiškėse
  72. Дом захаваўся, сучасны адрас дому Монтвіла: Vilnius, J. Tumo-Vaižganto gatvė 6[71].
  73. D. Pocevičius, 100 istorinių Vilniaus reliktų nuo XIV a. iki 1944 m., Vilnius, 2016, p. 540–548
  74. Цікава, што дом, у якім жыў Станіслаў Яроцкі, вылучаўся ў шэрагу суседніх будынкаў архітэктурным стылем мадэрн і сваім флюгерам з выявай крылатага гусара[73].
  75. Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 96.
  76. Mieczysław Jackiewicz,. Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7.
  77. Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 160.
  78. Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 101.
  79. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 40.
  80. H. Mościcki, Pomnik Mickiewicza w Wilnie, „Tygodnik Ilustrowany” 1906, nr 11, s. 218.
  81. Stanisław Jarocki, Okolice Wilna : z 23 ilustracjami w tekście i mapką, Wilno : nakł. i druk. Józefa Zawadzkiego, 1925.
  82. Mieczysław Jackiewicz,. Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7.
  83. Prowincjusz z Wileńszczyzny
  84. Prowincjusz z Wileńszczyzny w restauracji
  85. Przerażony mężczyzna szarpany przez szlachcica i księdza
  86. Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы) // Наша слова.pdf № 37 (89), 13 верасня 2023.; № 38 (90), 20 верасня 2023.; № 39 (91)
  87. Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  88. Jarocki St., Krzyże na Żmujdzi i Litwie, «Tygodnik Ilustrowany» 1901, nr 18.
  89. Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509—1074, s. 35.
  90. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 81.
  91. Па-беларуску назва гучыць, як “Хутар у Дзукіі”, па-польску: “Przysiółek w Dzukii”.
  92. Dzūkų kaimelis
  93. Па-беларуску назва гучыць, як “Візыя” ці “Зданне”, па-польску: “Wizja”.
  94. Regėjimas
  95. Па-беларуску назва гучыць, як “Жамойцкія могілкі”, па-польску: “Cmentarz żmudzki”.
  96. Litewska opowieść Mikalojusa Konstantinasa Čiurlionisa
  97. Па-беларуску назва гучыць, як “Жамойцкія крыжы і каплічкі: матэрыялы да народнага мастацтва на Літве”.
  98. Michał Eustachy Brensztejn, Krzyże i kapliczki żmudzkie: materyały do sztuki ludowej na Litwie, Kraków, 1906.
  99. Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. — 2017. — Выпуск 4. — С. 52.
  100. Яніна была з роду Путкамераў, прыходзілася роднай унучкай каханай Адама Міцкевіча Марылі Верашчацы.
  101. Радавы маёнтак Путкамераў, роду, з якога паходзіла Яніна.
  102. Г. зн. шляхетны густ, Сапліцы - гэта маёнтак роду Сапліцаў у паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», выразам сапліцаў падкрэсліваліся шляхетныя якасці персанажаў паэмы Тадэвуша і Суддзі з роду Сапліцаў. Рэальныя Сапліцы — гэта колішняя шляхецкая ваколіца, якая ўжо не існуе. Радавы маёнтак Райца Яніны Путкамер, аўтара ўспамінаў, знаходзіўся побач Сапліцаў і належаў калісьці брату каханай Адама Міцкевіча МарыліЮзафу Верашчаку. У 1897 годзе Верашчакі прадалі маёнтак Путкамерам (унукам Марылі). У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафесарам Кракаўскага ўніверсітэта Адамам Жултоўскім.
  103. Попель II (Папелек; памёр у 843) — апошні легендарны князь палян з дынастыі Папелідаў, сын Попеля I.
  104. Ікона Маці Божай з Леска. Па легендзе, абраз Лескай Божай Маці быў створаны звышнатуральным чынам. Мяркуецца, што яго знайшоў русінскі селянін на ствале ссечанага дуба на Лескаўскіх могілках. Пра праўдзівасць гэтай легенды сведчыць той факт, што мясцовы грэка-каталіцкі святар загадаў выкапаць куфар як цудатворны і ў 1517 годзе ўклаў яго ў алтар могілкавай царквы ў Леску. Абраз знаходзіўся ў левай частцы іканастаса, а калі па невядомых прычынах была разбурана першая царква, Леская Божая Маці была перанесена ў т.зв. загарадную царкву, размешчаную ў Пасадзе Леску на беразе ракі Сан, па-за кампактнай забудовай горада, якая існавала да пасляваенных часоў.
  105. Janina z Puttkamerow Żółtowska Inne czasy, inni ludzie, Londyn 1959, s. 89.
  106. Antoni Kiniewicz Nad Prypecią, dawno temu…: wspomnienia zamierzchłej przeszłości, Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1989, 557 s., s. 233.
  107. E. Sienkiewicz‑Przyałgowska, Wspomnienia, s. 3
  108. а б в г д Nacių režimo nepabūgęs Stanisławas Roliczius: su Hitleriu kovojo savo kūriniais
  109. Маецца на ўвазе: пару дамой далей ад пачатку вуліцы ”Skopówka”  (літ.) ў Вільні.
  110. Zofia Dembowska — Romer, Wspomnienia z Wilna sprzed pierwszej wojny światowej, S.6.
  111. Czeslaw Milosz, autoportret przekorny, Rozmowy przeprowadzil A. Fiut, Krakow 1988, s. 213.
  112. Eustachy Pietkiewicz
  113. Яўстах Пяткевіч — польскі мастак і сцэнограф, апрацоўваў сцэнаграфію да пастаноўкі “Дзядоў” (1908 г.), “Жыгімонта Аўгуста  (польск.)” (1909 г.), “Баладыны  (польск.)” і інш.[112].
  114. Pietkiewicz E., Z salonu Richlinga, I, Przegląd wileński, 1914, Nr. 21-22, s. 13.
  115. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 36.
  116. Jerzy Malinowski, Wileńskie środowisko artystyczne 1919—1945 (Kultura artystyczna Wilna 1893—1945), Biuro Wystaw Artystycznych w Olsztynie, Olsztyn 1989, s.18.
  117. Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509—1074, s. 29.
  118. Vilniaus paveikslų galerijoje atidaroma paroda «Po Italijos saule. XVIII a.-XX a. I pusės Lietuvos dailininkų kūryba»
  119. «Po Italijos saule. XVIII—XX a. I pusės Lietuvos dailininkai Italijoje» Istorinė apžvalga, Katalogas, I dalis, Lietuvos dailės muziejus, Vilnius, 2019, P. 159.
  120. Карціна захоўваецца ў Літоўскім нацыянальным мастацкім музеі.
  121. Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509—1074, s. 29.
  122. Karpaty : góry Czarnogorskie
  123. Тэма горных масыў цікавіла і натхняла мастака, вядомыя таксама замалёўкі мастаком Карпатаў[122].
  124. Дадзены цыкл Станіслаў Яроцкі прадставіў на выставе ў Варшаве ў 1925 г.
  125. Гевонт (па-польску: Giewont) - горны масыў у Заходніх Татрах вышынёй 1895 м над узроўнем мора і даўжынёй 2,7 км. Яе галоўная вяршыня, Вялікі Гевонт, звычайна лічыцца найвышэйшай вяршыняй Заходніх Татраў, якая цалкам знаходзіцца ў Польшчы.
  126. Скала Сарня (па-польску: Sarnia Skała) - вяршыня ў горным поясе Заходніх Татраў, паміж далінай Бялы і далінай Стражыскай, вышынёй 1378 м. (паводле папярэдніх вымярэнняў, 1377 м.
  127. Па-польску: Zbójecka Turnia; Turnia з гуральскай гаворкі  (польск.) перакладаецца, як вострая вяршыня, скала з вельмі стромкімі альбо вертыкальнымі сценамі.
  128. Jarocki S., Zdobnictwo ludowe w gubernii wilenskiej, Tygodnik illustrowany, 1911, Nr. 35, p. 690—691.
  129. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 67.
  130. Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 54.
  131. J. Obst (1913c): Od Redakcji, Litwa i Ruś, październik–grudzień, s. 154.

Зноскі

правіць

Спасылкі

правіць

Шаблон:Станіслаў Яроцкі