Фіджы́йцы (саманазва iTaukei) — меланезійскі народ, карэннае насельніцтва Фіджы. У выніку эміграцыі сталыя абшчыны фіджыйцаў таксама ўзніклі ў Аўстраліі, ЗША, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Саламонавых Астравах і г. д. Агульная колькасць (2022 г.) — 437 400 чал.[1]

Фіджыйцы
(iTaukei)
Агульная колькасць 437400 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Фіджы
Мова фіджыйская мова
Рэлігія татэмізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы канакі Новай Каледоніі, ратума

Паходжанне правіць

У XIX ст. еўрапейскія місіянеры стварылі міф аб афрыканскай прарадзіме фіджыйцаў[2]. Ён шырока прадстаўлены ў нашы дні, нават выкладаецца ў фіджыйскіх падручніках па гісторыі, аднак не адпавядае навуковым звесткам.

Найбольш старажытнае сведчанне прысутнасці чалавека на Фіджы было выяўлена ў 2007 г., калі на ўзбярэжжы вострава Віці-Леву археолагі знайшлі паселішча 1100 г. да н. э. — 550 г. да н. э., заснаванае носьбітамі культуры Лапіта. Мяркуецца, што першапасяленцы прыбылі з архіпелага Бісмарка. За перыяд існавання іх паселішча адбылося 2 хвалі міграцыі[3]. Раней, да 2000 гг. археолагі выявілі 14 дагістарычных паселішчаў, самыя старажытныя з якіх таксама былі заснаваны ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э.[4]

Лічыцца, што прадстаўнікі культуры Лапіта дамінавалі на астравах Фіджы да канца 1 тысячагоддзя да н. э. Дакладна не вядома, ці было знікненне культуры выклікана міграцыяй меланезійцаў, прамых продкаў сучасных фіджыйцаў. Меланезійцы маглі перасяліцца на астравы яшчэ ў перыяд росквіту Лапіта і паступова асіміляваць старажытнае насельніцтва. Дакладна невядома, адкуль ішло перасяленне меланезійцаў. Згодна паданням саміх фіджыйцаў, іх продкі прыбылі з захаду на адзіным каноэ «Каўнітоні» і спярша спыніліся на Віці-Леву[5].

У перыяд сярэднявечча на Фіджы склалася стракатае грамадства, якое падзялялася на мноства плямён, мела свае культурныя асаблівасці і размаўляла на розных мовах. Яны актыўна кантактавалі з палінезійцамі. Да сярэдзіны XIX ст. Фіджы з’яўляліся адным з цэнтраў экспансіі танганцаў. Узаемадзеянне з палінезійцамі аказала значны ўплыў. Даследаванні сведчаць, што фіджыйцы маюць прыкладна роўную прапорцыю генаў меланезійцаў і палінезійцаў[6]. Прычым, палінезійская генетычная спадчына часам пераважае, асабліва сярод жыхароў астравоў Лау, якія бліжэй да танганцаў, чым да астатніх фіджыйцаў.

Гісторыя правіць

 
Сува, каля 1900 г.

Еўрапейскім першаадкрывальнікам астравоў Фіджы лічыцца Абел Янсзан Тасман, які ў 1643 г. выявіў месцазнаходжанне некалькіх астравоў. Еўрапейскія даследаванні працягваліся да пачатку XIX ст.[7] і часцяком сканчаліся ўзаемнымі ваеннымі сутычкамі. Насельнікі Фіджы ўспрымаліся еўрапейскімі мараплаўцамі як ваяўнічыя дзікуны і людаеды. Палітычная раз’яднанасць вяла да сталых войн і ўмяшанню з боку Тонга, якая кантралявала частку ўсходніх астравоў.

Сітуацыя змянілася ў першай палове XIX ст. У 1801 г. на Фіджы еўрапейскімі даследчыкамі былі адкрыты сандалавыя лясы. Сандалавая драўніна дорага каштавала ў краінах Азіі, і гэта прыцягнула еўрапейскіх гандляроў. Пасля хуткага знішчэння сандалавых лясоў гандляры пераарыентаваліся на вываз жэмчугу, кітовага вусу, копры і г. д. Некаторыя еўрапейцы сяліліся на астравах, заключалі пагадненні з мясцовымі правадырамі, аказвалі дапамогу ў канфліктах, пастаўлялі агнястрэльную зброю. Галоўным ганлёвым цэнтрам стаў востраў Авалау. З 1830 г. на Фіджы працавалі пратэстанцкія місіянеры.

Аднымі з найбольш паспяховых у заваяванні іншых тэрыторый сталі правадыры невялікага вострава Мбау, якія дзякуючы брытанскаму авантурысту шведскага паходжання Чарльзу Сэвіджу атрымалі зброю для вайны супраць суседзяў. Вярхоўны правадыр Мбау, Сэру Эпеніса Такамбау (18151883 гг.), быў вымушаны прытрымлівацца саюзу з танганцамі і еўрапейцамі для заваявання заходняй часткі астравоў. У 1857 г. у выніку ваенных паражэнняў і ціску з боку ўжо хрысціянізаваных танганцаў ён прыняў пратэстантызм і адмовіўся ад канібалізму. У 1865 г. па ініцыятыве брытанцаў была створана Тавата, канфедэрацыя правадыроў Фіджы на чале Такамбау[8]. У 1867 г. у процівагу Тавата пад эгідай танганцаў была створана канфедэрацыя правадыроў поўначы і ўсходу Фіджы. У 1871 г. Такамбау быў афіцыйна абвешчаны каралём Фіджы[9]. Парадкаванне ўлады дазволіла еўрапейцам пачаць стварэнне плантацый бавоўніку і цукровага трыснягу, а таксама ўвоз іншаземнай рабочай сілы. Цікавасць еўрапейцаў да астравоў таксама ўзмацнілася ў сувязі з адкрыццём радовішчаў золата.

У 1874 г. Такамбау падпісаў акт аб перадачы сваіх валоданняў Вялікабрытаніі[10]. Былы кароль наведаў разам з прадстаўнікамі сваёй сям’і Аўстралію, дзе ў той перыяд знаходзілася брытанская адміністрацыя. Падчас візіту некалькі яго сыноў заразіліся адзёрным вірусам. Эпідэмія распаўсюдзілася на Фіджы і прывяла да паўстанняў правадыроў супраць улад. У выніку, захворванне і ваенныя сутычкі прывялі да смерці каля 50 тысяч чалавек, трэці ўсіх насельнікаў краіны[11]. Брытанская каланіяльная адміністрацыя была вымушана правесці рэформы, якія стваралі абшчынныя землеўладанні і абмежавалі продаж зямлі некарэнным жыхарам. Пры адміністрацыі быў сфарміраваны дарадчы орган, што складаўся з правадыроў. Гэта ў значнай ступені кансервавала фіджыйскае грамадства. На Фіджы ствараліся буйныя плантацыі цукровага трыснягу[12]. Недахоп таннай працоўнай сілы прывёў да ўвозу закантрактаваных рабочых з Індыі. У 18791916 гг. на Фіджы прыбыло каля 60 тысяч індыйцаў. Акрамя таго, існавала міграцыя з іншых краін Азіі[13]. На працягу XX ст. індыйская абшчына хутка расла і пашырала свой эканамічны ўплыў[14]. Да 1996 г. колькасць індыйцаў дасягнула 338 818 чал., калі колькасць карэнных фіджыйцаў і ратума склала 393 575 чал. Прычым, у гарадах індыйцаў было больш, чым фіджыйцаў[15]. У 1989 г. сітуацыя была яшчэ больш складанай. Згодна заявам тагачаснага ўрада, індыйскае насельніцтва нават перавышала індыйскае.

У эпоху каланіялізму фіджыйская і індыйская абшчыны існавалі ў розных умовах, не былі пазбаўлены кантактаў, аднак каланіяльная адміністрацыя выступала ў якасці распарадчыка ўзаемных адносін. У 1960-ых гг., калі ўзнік рух за незалежнасць Фіджы, ён з самога пачатку не меў адзінства, бо розныя па паходжанню лідары арыентаваліся на розныя этнічныя групы[16]. 10 кастрычніка 1970 г. Фіджы набылі незалежнасць. Хаця палітычныя лідары дзвюх абшчын намагаліся знайсці згоду, міжэтнічны канфлікт прывёў да канстытуцыйнага крызіса 1977 г. і ваенных пераваротаў 1987 г. У 19871989 гг. каля 12 тысяч чалавек, пераважна індыйцаў, былі вымушаны пакінуць Фіджы. Складаныя міжэтнічныя стасункі аказвалі непасрэдны ўплыў на палітычныя крызісы 2000 г. і 2006 г.[17]

Культура правіць

Гаспадарка правіць

 
Фіджыйскі катамаран

Адным з галоўных традыцыйных заняткаў фіджыйцаў з’яўляецца земляробства. У мінулым практыкавалася апрацоўка надзелаў, якія вызвалялі ад лесу шляхам рубкі або выпальвання. Іх выкарыстоўвалі некалькі гадоў, а потым пакідалі. У канцы XIX ст. брытанская адміністрацыя прыняла акт аб так званых нацыянальных землях. Імі могуць карыстацца толькі карэнныя жыхары Фіджы. Да нашых дзён каля 82 % тэрыторыі краіны ўваходзяць у склад нацыянальных[18]. Далёка не ўсе яны прыдатны для культывацыі, аднак гарантуюць адсутнасць недахопу сельскагаспадарчых надзелаў. Больш за тое, фідждыйцы маюць магчымасць здаваць значную частку сваіх валоданняў у арэнду мясцовым індыйцам.

Здаўна падрыхтоўка надзела і апрацоўка глебы лічылася мужчынскім заняткам. Зямлю апрацоўвалі завостранымі каламі, вырошчвалі клубневыя культуры, бананы, какосы, хлебныя дрэвы. У другой палове XIX ст. з’явіліся таварныя плантацыі бавоўны, цукровага трыснягу, кавы, тытуню. Фіджыйцы звычайна не працавалі на плантацыях, аднак таксама былі вымушаны саджаць гэтыя расліны ў камерцыйных мэтах. У наші дні папулярнымі культурамі сталі рыс, проса, кукуруза. На многіх астравах працягваюць вырошчваць какосавую пальму для атрымання копры.

Нават на буйных астравах большасць фіджыйцаў аддаюць перавагу жыццю каля мора. З аднаго боку, гэта садзейнічае захаванню горных лясоў і традыцыйнага палявання. З другога, робіць важным здабычу марской рыбы і малюскаў. У адрозненні ад большасці меланезійцаў, фіджыйцы ў мінулым былі выдатнымі караблебудаўнікамі. Еўрапейскія мараплаўцы са здзіўленнем пісалі, што фіджыйскія судны дасягалі 33 метраў у даўжыню і змяшчалі некалькі дзесяткаў чалавек. Для далёкіх вандровак і ваеннай справы будавалі катамараны. Яны складаліся з дзвюх лодак, адна з якіх была меншай па даўжыні, паміж лодкамі перакідвалі дашчаны масток, у якасці ветразяў выкарыстоўвалі плеценыя саламяныя цыноўкі[19]. Фіджыйскія караблебудаўнікі складалі асобы пласт насельніцтва са сваімі правадырамі. Іх паслугамі ахвотна карысталіся танганцы.

Распаўсюджанымі рамёствамі былі таксама апрацоўка драўніны, пляценне цыновак і кошыкаў, выраб керамікі і тапы. Калі разьбярства па дрэве лічылася мужчынскай справай, то астатнія — чыста жаночымі. Асаблівага майстэрства дасягнула вытворчасць драўляных булаў. Вылучаліся выцягнутыя цяжкія булавы баваі і вака, якімі ламалі косткі праціўнікаў, малыя кідальныя булавы і ўла і булавы талі з завостранымі навершамі. Усе яны багата ўпрыгожваліся арнаментам[20]. Ганчарства развівалася толькі ў асобных раёнах, дзе меліся радовішчы гліны. Жанчыны-ганчары здабывалі гліну, змешвалі яе з пяском, апрацоўвалі без ганчарнага кола на шырокіх камянях з дапамогай драўлянага мяла і какосавых валокнаў[21].

Жытло правіць

 
Фіджыйская вёска

Традыцыйны тып паселішча — вялікая вёска, якая складалася з хацін вале і бурэ[22][23]. Бурэ звычайна называлі сямейныя хаціны, ля якіх выкопвалі яму для прыгатавання ежы, а вале — грамадскія пабудовы для сустрэч дарослых мужчын і прэстыжныя хаты. Асновай пабудовы з’яўляўся драўляны каркас. Яго абвязвалі пукамі саломы, галля або трыснягу. У нашы дні можна бачыць традыцыйныя хаціны, абмазаныя сумессю гліны і вапны. Знутры хацін на падлогу клалі цыноўкі. Спалі на бамбукавых ложках, прычым гаспадар размяшчаўся на самім высокім ложку асобна ад жонак і дзяцей, якія спалі на нізкіх ложках або нават цыноўках.

Фіджыйскія вёскі будаваліся ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі[24]. Афіцыйным уваходам лічыўся навес лалі, пад якім знаходзіўся сродак для абвестак вясковай абшчыны — гонг, барабан або звычайная ракавіна. На бачных месцах знаходзіліся хаціны бурэ калоў, вале леву, валі ні босэ і вале ні касе. Бурэ калоў (літаральна "хаціна духаў) з’яўлялася вясковым храмам, заўсёды мела самы высокі дах, уваход простым абшчыннікам сюды забараняўся. У вале леву жыў правадыр з сям’ёй, але яна таксама магла служыць для ваенных збораў. Вялікая хаціна валі ні босэ выкарыстоўвалася для супольных рэлігійных абрадаў. У вале ні касе бавілі сумесны час дарослыя мужчыны.

Кухня правіць

Традыцыйная кухня фіджыйцаў характарызуецца ўжываннем пераважна свежых садавіны і гародніны, а таксама мяса і рыбы[25]. Пад уплывам індыйцаў на Фіджы шырока распаўсюдзіліся спецыі і рыс[26]. Папулярныя фіджыйскія стравы — какода (сырая рыба з какосавай падлівай), лова (гародніна, запечаная з мясам і рыбай у земляной пячы) і палусамі (гародніна, запечаная з мясам і рыбай у лісці тара).

Да прыняцця хрысціянства фіджыйцы практыкавалі рытуальны канібалізм.

Вопратка і ўпрыгожванні цела правіць

 
Фіджыйская паліцыя ў сулу

Фіджыйская традыцыйная вопратка рабілася з тапы, пукоў сухой травы або валасяных плеценых цыновак кута[27]. Мужчыны і жанчыны апраналі саронг сулу[28]. У мужчын і дарослых жанчын без сям’і ён быў кароткі, а ў замужніх жанчын — доўгі. Маладыя дзяўчыны затулялі толькі лабок, вакол якога наносілі татуіроўку. Татуіроўка з’яўлялася ўпрыгожваннем выключна жанчын, рабілася таксама жанчынамі. Працэс нанясення татуіроўкі быў дастаткова доўгім і суправаджаўся рознымі рытуаламі[29]. Вопратка правадыра магла ўключаць травяныя повязі на руках і іншых частках цела. Ён упрыгожваўся складанай высокай прычоскай, абсыпаў валасы духмяным сандалавым пылам.

У нашы дні пераважае еўрапейскі тып адзення, хаця пасля падзей 1987 г. сулу зноў набыў папулярнасць. Старыя жанчыны імкнуцца апранаць доўгія спадніцы. Фіджыйцы-мужчыны не носяць шорты.

Грамадства правіць

Традыцыйнае фіджыйскае грамадства не ведала роўнасці і было заснавана на жорсткай іерархічнай сістэме, калі правы кожнага чальца вызначаліся яго рангам. Асновай гэтага грамадства была пашыраная сям’я. Пасля жаніцьбы маладыя фіджыйцы прыводзілі жонку ў дом свайго бацькі. Да прыняцця хрысціянства шырока практыкавалася палігінія, прычым мець некалькі жонак дазвалялася ў першую чаргу людзям з высокім рангам. Главой сям’і заўсёды з’яўляўся старэйшы мужчына, але ў пэўных выпадках яго аўтарытэт мог аспрэчваецца больш спрытным маладым сваяком. Пашыраная сям’я мела ўнутраную іерархію, што добра бачна на прыкладзе ўжывання ежы. Першымі сняданак пачыналі старэйшыя, ніхто не маў права есці страву, якую пакуль не паспрабаваў вышэйшы па рангу.

Жонка лічылася залежнай ад мужа, аднак на Фіджы адносна лёгка арганізоўваліся разводы. Калі жонка паходзіла з сям’і вышэйшага рангу, то магла абараніць свае правы праз сваякоў, асабліва родных братоў, і нават браць на сябе рэчаіснае кіраўніцтва сямейнымі справамі. Бацькі амаль не займаліся выхаваннем дзяцей, бо працавалі ў полі. Гэты клопат пераносіўся на дзядуль і бабуль[30].

Сем’і ўваходзілі ў склад вясковай абшчыны. Абшчыны існуюць да нашых дзён і адыгрываюць вельмі вялікую ролю ў жыцці фіджыйцаў, паколькі з’яўляюцца карыстальнікамі і размеркавальнікамі нацыянальнага зямельнага фонду (каля 82 % усіх тэрыторый Фіджы). Сем’і знутры абшчыны таксама не маюць роўнасці, кожнай належыць пэўны статус. Адметнымі асобамі ў абшчыне здаўна былі правадыры і святары. Іх грамадскае становішча ахоўваецца верай ў ману, якая перадаецца па спадчыне, таму і статус лідара звычайна вызначаецца яго паходжаннем. Правадыры мелі права накладваць табу, судзіць і караць іншых. Падвышэнне маны пэўнай асобы і ўсёй сям’і было магчыма праз спаборніцтва з прадстаўнікамі іншых родаў, галоўным чынам на вайне. На ўсходзе Фіджы многія правадыры паходзілі з Тонга. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы.

У XVIII — XIX стст. ствараліся сваяцкія саюзы матаніту[31]. Яны высоўвалі сваіх правадыроў і захоплівалі тэрыторыі, што ў выніку прывяло да з’яўлення першых дзяржаўных супольнасцяў. Паміж правадырамі матаніту таксама ішла жорсткая барацьба, ўзаемныя дынастычныя шлюбы і забойствы. Пераход Фіджы пад кантроль Вялікабрытаніі ў канцы XIX ст. спыніў ваенную актыўнасць правадыроў. Спробы выступаць супраць каланіяльнай адміністрацыі прыводзілі да рэпрэсій у адказ. Але брытанскія ўлады захавалі інстытут правадыроў, а стварэнне нацыянальнага зямельнага фонда, якім распараджаліся абшчыны, нават садзейнічала іх эканамічнаму ўплыву, бо менавіта правадыры канчаткова вырашалі як размяркоўваць зямлю паміж сем’ямі, здачу зямлі ў арэнду і выдаткоўванне абшчынных фінансаў. Пасля набыцця незалежнасці Фіджы правадыры таксама атрымалі адмысловыя палітычныя правы.

У наш час сярод фіджыйцаў, нават тых, хто жыве за межамі Фіджы, акрамя традыцыйнага падзелу на рангі, існуе падзел на карэнных жыхароў таўкеі і нашчадкаў імігрантаў вулагі[32]. Статус таўкеі ў грамадскай адзнацы заўсёды перавышае статус вулагі.

Фальклор правіць

Фіджыйскі фальклор надзвычай багаты міфамі, легендамі, казкамі і гістарычнымі паданнямі, прысвечанымі розным бакам жыцця. Адметным з’яўляецца танец меке, які суправаджаецца легендарнымі апавяданнямі і музыкай[33]. Распаўсюджаныя традыцыйныя музычныя інструменты — насавыя флейты і барабаны. Жыхары вострава Мбенга вядомы хаджэннем басанож па распаленым камяням. У мінулым гэта быў рэлігійны абрад, але ў нашы дні ён арганізуецца разам з танцамі для забаў турыстаў.

Мова правіць

Здаўна на Фіджы былі пашыраны 2 групы меланезійскіх моў аўстранезійскай сям’і — усходнія фіджыйскія мовы і заходнія фіджыйскія мовы, якія ў сваю чаргу падзяляліся на шматлікія дыялекты. У XIX ст. брытанскі місіянер Дэвід Каргіл распрацаваў граматыку на аснове ўсходнефіджыйскага дыялекта вострава Мбау. Яна легла ў аснову сучаснай фіджыйскай мовы, што мае афіцыйны статус на Фіджы. Некалькі тысяч чалавек працягваюць размаўляць на розных дыялектах заходнефіджыйскай мовы.

Зноскі правіць

  1. Fijian
  2. FIJI HISTORY Архівавана 14 лютага 2022.
  3. Migration period Lapita settlement found in Fiji
  4. Geoffrey Richard Clark, Atholl Anderson, Site chronology and a review of radiocarbon dates from Fiji. // The Early Prehistory of Fiji. — ANU E Press, 2009. P. 153—182
  5. The Kaunitoni Migration
  6. Diana A. Taylor, Mitochondrial DNA variation in the Fijian Archipelago Архівавана 23 мая 2022.
  7. History of Fiji Архівавана 10 сакавіка 2016.
  8. FIJI
  9. Photographs from «King of the Cannibal Isles» by A.B.Brewster
  10. CESSION OF FIJI TO GREAT BRITAIN
  11. Carla Garnett, NLM History Lecture Examines 'Death in the Cannibal Islands'
  12. John Fischer, Fiji Islands. A look at the history and culture of the Fiji Islands Архівавана 10 ліпеня 2014.
  13. The changing nature of labour migration in Fiji
  14. Rakesh Krishnan Simha, Fiji Indians — Trapped In The Gulag Of The Pacific
  15. statsfiji.gov.fj
  16. SANJAY RAMESH, History of Inter-Group Conflict and Violence in Modern Fiji
  17. Fiji’s history of coups
  18. everyculture.com
  19. CANOES OF FIJI
  20. Fiji: Village Life
  21. R. R. C. MACLACHLAN, THE NATIVE POTTERY OF THE FIJI ISLANDS(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2018. Праверана 22 верасня 2014.
  22. Fijian Bure: A Modern Interpretation — LivingMini Архівавана 28 кастрычніка 2014.
  23. Status and Fijian houses
  24. Fiji: Fijian Houses
  25. FIJI FOOD: DELICIOUS AND NATURAL TRADITIONAL ISLAND CUISINE(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 лістапада 2014. Праверана 22 верасня 2014.
  26. ifood.tv
  27. People & Culture of Fiji Islands Архівавана 3 лістапада 2013.
  28. Clothing and dress in Fiji(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2011. Праверана 23 верасня 2014.
  29. The Art of Nature: Tattoo History of Western Oceania
  30. The traditional Fijian Архівавана 8 кастрычніка 2018.
  31. Sanjay Ramesh, TRADITIONAL CHIEFS REMAIN CORNERSTONE IN CHANGING FIJI Архівавана 7 мая 2016.
  32. The history of Fiji — to date Архівавана 5 верасня 2006.
  33. Fiji Dances(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2014. Праверана 25 верасня 2014.

Спасылкі правіць