Ажына
Ажы́на[3][4], Ажына шызая[5], Маліна шызая (Rubus caesius) — паўкустовая расліна з роду маліна (Rubus) сямейства ружавыя (Rosaceae)[6].
Ажына | ||||||||||||||||
Ажыны | ||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
Сінонімы | ||||||||||||||||
|
НазваПравіць
Таксама вядома пад народнымі назвамі — чо́рная малі́на, яжы́на, жа́вікі, ажавіна[7], жаві́на[8], ажы́ннік, скарбары́ха[8], ажына шызая, ажыны, чорныя маліны[9][8], жавіннік[8], ежавіны, сербаліны.
Батанічнае апісаннеПравіць
Куст ці паўкуст[10], які дасягае 60-150 см у вышыню[11]. Надземныя парасткі двухгадовыя, цыліндрычныя, ляжачыя альбо ўздымаюцца, часта дугападобна сагнутыя[10], з жоўта-зялёнымі гладкімі або апушанымі галінкамі і шматлікімі невялікімі шыпамі няправільнай формы, фіялетава-шызыя, звычайна пакрытыя шыпамі і шчацінкамі[11], пакрытыя васковым налётам[10]. Верхавіны парасткаў, прыгінаючыся да паверхні глебы, здольныя укараняцца[10].
Лісце чаргаванае, падзеленае на тры долі, з ланцэтнымі прылісткамі і пакрытымі шыпамі хвосцікамі 4-7 см даўжынёй, з зубчастымі бакамі, з абодвух бакоў апушаныя, пафарбаваны ў светла-зялёныя тоны[10]. Сярэдні лісцік буйнейшы за бакавыя, часта трохлопасцевы[11].
Кветкі двухполыя, параўнальна вялікія, дыяметрам да 3 сантыметраў[10], з лямцавымі зялёнымі чашачкамі і белымі, шырока-эліпсападобнымі пялёсткамі, у негустой шчыткападобнай гронцы на канцах сцёблаў і галінак, з’яўляюцца позна і неадначасова[10]. Кветканосы доўгія, тонкія. Завязь голая, верхняя. Тычынкі амаль роўныя па даўжыні песціку.
Карэнішча шматгадовае.
Плады (ягады) — цьмяна-чорныя, з шызым васковым налётам, сакаўныя шматкасцянкі з буйнымі пляскатымі костачкамі[6][10][11]. Ядомыя, салодкія[10].
Распаўсюджанне і экалогіяПравіць
Ажыннік у Бельгіі
|
Пашырана ў краінах Заходняй Еўропы, у Малой Азіі, Іране, Заходняй Сібіры, Каўказе, Крыме. На Беларусі трапляецца ўсюды, асабліва на Палессі[11]. Апісана з Еўропы.
Расце ў падлеску змешаных і лісцяных лясоў, у ярах, на высечках, па берагах рэк, азёр і ручаёў на заліўных лугах і палях, у хмызняках — утварае густыя непраходныя зараснікі[6][10].
Ценевынослівая расліна. Перыяд цвіцення расцягнуць з мая па жнівень, плады спеюць праз 4-6 тыдняў пасля цвіцення.
АгратэхнікаПравіць
Культура сартавой ажыны магчыма ў раёнах, дзе гадавая сума дадатных тэмператур перавышае 2200 °C, а сярэдні абсалютны мінімум не ніжэй за −28 — −29 °C. Пры −17 °C расяніна патрабуе ўкрыцця на зіму. Пад ажыну адводзяць мясціны цёплыя, якія добра праграюцца і ахаваны ад вятроў. Добры рост і плоданашэнне кустоў магчымы на вільготных, але не пераўвільготненых, урадлівых і глыбока дрэніраваных глебах лёгка- і сярэднесугліністага механічнага складу.
Догляд за раслінамі нескладаны. Глебу каля раслін трымаюць у рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Двухгадовыя парасткі, якія адпладаносілі, выразаюць. Сцелістыя і паўсцелістыя аднагадовыя парасткі прыгінаюць на зіму да зямлі і прыкрываюць, а вясной падымаюць і ставяць на шпалеру. Для прамастаячых парасткаў ажыны ўстаноўку шпалеры і прыгінанне кустоў на зіму не праводзяць.
Збор, перапрацоўка і захоўваннеПравіць
Ягады
|
Ягады ажыны паспяваюць неадначасова. Іх збіраюць у некалькі прыёмаў. Спелыя ягады лёгка аддзяляюцца ад чашачкі разам з пладаложам. Плады ажыны амаль не мнуцца пры ўборцы, адрозніваюцца добрай транспартабельнасцю і добра захоўваюцца пры нулявой тэмпературы.
Збіраюць плады уручную ў маленькія 3-5 кілаграмовыя кошыкі. Свежыя плады захоўваюць на працягу трох-пяці дзён. Сушаць іх на сонцы або ў агнявых сушылках пры тэмпературы 55-60°. Высушаныя плады працяглы перыяд не губляюць сваіх смакавых і пажыўных якасцяў. Захоўваюць іх у кардонных скрынях або папяровых мяшках.
Хімічны складПравіць
Плады ўтрымліваюць цукры (6-6,8 %), яблычную, цытрынавую, вінную і саліцылавую кіслоты, дубільныя і азоцістыя злучэнні, мінеральныя рэчывы, вітаміны С, Е і каратын. Насенне ўтрымлівае 9-12 % тлустага алею.
Гаспадарчае значэннеПравіць
Харчовая, меданосная, лекавая, кармавая, фарбавальная, таніданосная, дэкаратыўная расліна.
У медыцынеПравіць
Лекавая расліна. Ягады, карані, лісце, якія збіраюць у жніўні-верасні, з’яўляюцца слабільным і патагонным сродкам[6]. Ягады расліны багатыя цукрамі, вітамінамі, карацінам, танідамі[6].
У народнай медыцыне плады здаўна цэняцца як кровеачышчальны, супрацьгліставы сродак і сродак, які паляпшае перыстальтыку кішачніка[10][11]. Пладамі лечаць катар кішак, болі ў страўніку, крывавы панос. Яны лічацца супрацьгніласным сродкам. Лісце ажыны ў сумесі з кветкамі календулы, травой хвашчу, вярбы і дубовай карой рэкамендуюцца пры запаленнях скуры, лішаі, экзэме, грыбковых хваробах. Карані, выкапаныя вясной і звараныя з мёдам, рэкамендуюцца ад вадзянкі[10], з іх здабываюць сок, які валодае мачагоннымі ўласцівасцямі[10]. Лісце ўжываюць як патагонны і анціцынготны сродак, для паласкання горла пры ангінах[10], парашок з лісця — для засыпання ран. Адвар галін п’юць пры неўрозах і аддышцы[10].
У кулінарыіПравіць
Шафранавыя (Готландскія) бліны з ажынавым варэннем
|
Плады ажыны сакавітыя, аднак валодаюць менш высокімі смакавымі якасцямі, чым у іншых прадстаўнікоў роду. Маладое лісце ажыны выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі сурагату чаю[6].
Плады ўжываюць у ежу свежымі і сушанымі, выкарыстоўваюць таксама для гатавання варэння, сіропаў, віна, безалкагольных напояў, экстрактаў, жэле, мармеладаў[11].
ІншаеПравіць
Ажына дае пчолам багаты ўзятак нектару і пылку. Медадайнасць каля 20 кг з гектара зараснікаў. Мёд светлы, часам з жаўтлявым адценнем, празрысты з прыемным водарам[12].
Парасткі і лісце ажыны ўтрымліваюць таніды (4-7 %), прыдатныя для дублёння шкур. Сок з пладоў выкарыстоўваюць для падфарбоўкі вінаў, з кіслотамі ён дае чырвоны колер, а са шчолачамі — сіні. Ён прыдатны для афарбоўкі тканін у фіялетавы, далікатна-ружовы, карычнева-фіялетавы колеры.
У ладшафтным дызайнеПравіць
Восеньская афарбоўка лісця
|
Карэнне ажыны здольна ўмацоваць яры, таму расліна прыдатная для лесамеліярацыйнай працы[6]. Як дэкаратыўная расліна ажына прыдатная для вертыкальнага азелянення, прыкрыцця сцен і альтанак.
У культурыПравіць
Паштовая марка СССР
|
У 1964 годзе выява ажыны была выкарыстана на паштовай марцы СССР.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 113. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Merula merula
- ↑ Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
- ↑ а б в г д е ё . Г. У. Вынаеў. Ажына // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз. — С. 42
- ↑ Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
- ↑ а б в г Анненков Н. Ботанический словарь, Спб, 1878
- ↑ Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Ежевика // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 44-46. — 200 с. — 130 000 экз.
- ↑ а б в г д е ё Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
- ↑ Абрикосов Х. Н. и др. Ежевика // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 100.
ЛітаратураПравіць
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
- Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор акад. В. Л. Комаров; Редакторы тома Б. К. Шишкин и С. В. Юзепчук. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1941. — Т. X. — С. 56—57. — 673 с. — 5 000 экз.
- Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. 767. Rubus caesius L. — Ежевика сизая // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во научных изданий КМК, Ин-т технологических исследований, 2003. — Т. 2. Покрытосеменные (двудольные: раздельнолепестные). — С. 403. — ISBN 9-87317-128-9.
- В. И. Чопик , Л. Г. Дудченко , А. М. Краснова; «Дикорастущие полезные растения Украины » Справочник; Киев, Навукова думка , 1983. (руск.)
- Єлін Ю. Я., Зерова М. Я. , Лушпа В. І., Шабарова С. І. Дари лісів.. — Київ, 1979. — 440 с.
СпасылкіПравіць
- Ожина сиза Архівавана 19 ліпеня 2013. (укр.)