Беларусь у Першай сусветнай вайне

Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа.

Фронт на лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск

Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданэлы.

Мабілізацыя правіць

На расійска-нямецкім фронце вайна пачалася баямі ва Усходняй Прусіі, Польшчы, Галіцыі. Літоўска-беларускія губерні, якія знаходзіліся паблізу тэатра ваенных дзеянняў, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. Тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Дзвінскай і Мінскай ваенных акруг, і ў адпаведнасці з указам Мікалая II ад 20 ліпеня 1914 г. уся мясцовая цывільная адміністрацыя мусіла падпарадкоўвацца іх начальнікам[1]. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. 29 ліпеня паводле яго загаду начальнікам ваенных акруг была разаслана дырэктыва «аказваць ваеннай сілай самае энергічнае садзеянне цывільным уладам, каб поўным яднаннем на месцах ваеннага і цывільнага начальства выкараніць адразу ўсялякую спробу да смуты»[2].

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 000 палоннымі, забітымі і параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў.

 
Германскія салдаты на Саборнай плошчы ў Мінску

Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачаўся нямецкі наступ у кірунку Коўна-Вільня-Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй.

У сувязі з наступленнем германскіх войскаў на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек).На захопленай Германіяй тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя вайсковыя павіннасці. На абаронныя працы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб'ектаў і г.д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. У Віцебскай губерні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5%.

Рэквізіцыі і прымусовыя працы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Сельская гаспадарка правіць

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта — на 18,7%, пшаніцы — на 22,1%, бульбы — на 34,2%. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы — тыф, халера і інш.

Пачынаючы з 1915 г., на Беларусі назіраецца нарастанне рабочага руху. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

Сялянскія хваляванні правіць

Значна ўзраслі сялянскія хваляванні ў 1915 г. У сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый сярод сялян поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. Аднак у 19161917 гг. іх колькасць значна зменшылася. У 1916 г. іх было 60, а ў студзені — лютым 1917 г. толькі 7.

Ваенныя паразы расійскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія страты выклікалі нездаволенасць жаўнераў. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні жаўнераў. Павялічвалася дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часткі і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод жаўнераў.

22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся ператрусамі. Паўстанцы былі жорстка пакараны. Да суда было прыцягнута 16 чалавек. З іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.

Обер-Ост правіць

Пасля ўстанаўлення ў кастрычніку 1915 года лініі фронту ДзвінскБраслаўПаставыСмаргоньБаранавічыПінскЛуцк паміж нямецкімі і расійскімі войскамі некаторыя беларускія землі апынуліся пад акупацыяй. На частцы занятых нямецкімі 8-й, 9-й i 12-й арміямі было створана вайсковае адміністрацыйнае ведамства Обер-Ост з агульнай плошчай 108,8 тыс. км2. Афіцыйная назва «Обер Ост» (Ober Ost) узнікла ад скарачэння нямецкай назвы вайсковай пасады фельдмаршала Гіндэнбурга — Вярхоўнага Галоўнакамандуючага на Усходзе (ням.: Oberbefehlshaber Ost). Пазней так сталі называць усю мясцовую нямецкую адміністрацыю, а таксама тэрыторыі, што знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Беларускі нацыянальны рух правіць

У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета «Наша ніва», рэдактарам якой з’яўляўся Я. Купала. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы браты І. і А. Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Беларусі ў форме Вялікага Княства Літоўскага з мэтай аднаўлення агульнай літоўска-беларускай дзяржавы на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі. У лютым 1916 г. была распаўсюджана адозва «Грамадзяне!», у якой намячалася стварэнне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.

Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупаваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца «Польскай Кароне». У сувязі з гэтым польскія памешчыкі, ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай «злучнасці». Гвалтоўная паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта і прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», якая ставіла сабе за мэту стварэнне незалежнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

Германія, стараючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупаванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, па-першае, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а па-другое, прадухіліць поўнае польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах акупаванага краю абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і габрэйскай мовамі. Нягледзячы на супрацьдзеянне польскіх памешчыкаў і ксяндзоў, беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета «Гоман». У Вільні былі створаны «Беларускі клуб», згуртаванне «Золак», «Навуковае таварыства», «Беларускі вучыцельскі саюз» і інш. Кіраваў усёй гэтай працай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. У красавіку 1916 г. камітэт прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме, а таксама ў міжнароднай канферэнцыі ў Лазане ў чэрвені 1916 г. Дэлегацыя беларусаў звярнулася да ўсіх цывілізаваных людзей свету з просьбай дапамагчы беларускаму народу свабодна развіваць свае «інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы», стаць гаспадаром на сваёй уласнай зямлі.

Зноскі

  1. Авербах, О. И. Законодательные акты, вызванные войною 1914 года с Германиею, АВстро-Венгриею и Турциею: законы, манифесты, рескрипты, указы, положения Совета Министров, Военного и Адмиралтейств-Советов, распоряжения и постановления министров и др.: [в 5 т.]. [Т. 1] / О. И. Авербах. — Вильна: Типография А. Г. Сыркина, 1915. — С. 15 — 16; Якупов, Н. М. Борьба за армию в 1917 году: (Деятельность большевиков в прифронтовых округах). — М.: Мысль, 1975. — 294 с. — С. 21 — 22.
  2. Беркевич, А. Б. Крестьянство и всеобщая мобилизация в июле 1914 г. // Исторические записки. — 1947. — Т. 23. — С. 11.

Літаратура правіць

  • Беларусь у Першай Сусветнай вайне: Гіст. нарыс / Юры Весялкоўскі; [Рэд. А.Мірановіч]. — Беласток; Лондан, 1996. — 361 с. (Бібліяграфія: С. 359—361).

Спасылкі правіць